За вырубку парка ў цэнтры Мінска эколагі гатовыя падаць у суд
17.02.2012
У пятніцу, 17 лютага, Экалагічнае таварыства “Зялёная сетка” і Грамадскае аб’яднанне “Экадом” правялі прэс-канфернцыю з нагоды вырубкі Парка 40-годдзя Кастрычніка ў Мінску.
Мерапрыемства праходзіла ў самім парку - на месцы падзеяў. Супрацоўнікі камунальных арганізацый у форме якраз загружалі зрубленыя галіны ў трактар.
“Учора гарадскія ўлады ў абліччы Мінгарвыканкама, Адміністрацыі Ленінскага раёна і падпарадкаваных ім структур парушылі дамоўленасці, дасягнутыя на сустрэчы 13 студзеня, і аддалі загад аднавіць вырубку парка”, - паведамілі эколагі.
Па іх словах, працы аднавіліся ўвечары 16 лютага, калі было ўжо цёмна. “Відавочна, гэту тактыку выбралі адмыслова, каб людзі не бачылі, што тут творыцца, - перакананыя абаронцы парка. - А спілаваныя дрэвы адразу ж вывозяць, каб іх не фатаграфавалі. Яны шмат не напружваліся - звезлі бярвенні на тэрыторыю завода Кірава, што тут побач”.
Раней кіраўніцтва горада абяцала не вырубаць дрэвы, пакуль не аформяць да канца праектную дакументацыю на гатэлевы комплекс “Пекін”, які збіраюцца будаваць у парку, і пры гэтым будуць улічваць неабходнасць максімальнага захавання зялёнай тэрыторыі.
Аднак 16 лютага намеснік кіраўніка Адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Дзмітрый Табакін паведаміў, што вырубка будзе праходзіць у запланаваным аб’ёме. “Гэта супярэчыць і беларускім законам, і Орхускай канвенцыі, паколькі падобныя дзеянні трэба абмяркоўваць з насельніцтвам, улічваць меркаванне грамадзянскай супольнасці”, - сказала кіраўніца “Экадома” Ірына Сухій.
Эколаг і журналіст Валер Дранчук звярнуў увагу на тое, што дадзеная сітуацыя можа паўтарыцца ў любым іншым горадзе. “Сёння ўлады дэманструюць сілавы метад. Гэта ж ланцуговая рэакцыя: сёння парушаюць правы жыхароў Мінска, а заўтра тое сама будзе ў Гродне, Магілёве, дзе заўгодна! І робяць яны гэта таму, што баяцца іншай ланцуговай рэакцыі - адстойвання грамадзянамі сваіх правоў. Баяцца, што калі мы пераможам зараз, дык пачнем перамагаць паўсюль”, - заявіў ён.
Эколагі не разумеюць, чаму “Пекін” вырашылі пабудаваць менавіта на месцы парка, хаця побач знаходзяцца больш прыдатныя для гэтага тэрыторыі. “Мы рашуча пратэстуем супраць знішчэння найпрыгажэйшага месца дзеля цьмяных абяцанняў кітайскага інвестара. Гатэль трэба будаваць у іншым месцы - гэта, напрыклад, завод Кірава, гаражы і бліжэйшая да іх занядбалая прастора”, - кажуць яны.
Кіраўніцтва экалагічных арганізацый плануе звярнуцца ў суд, калі ўлады зараз іх не пачуюць.
“Мы патрабуем супыніць вырубку, вярнуцца за стол перамоваў і абмеркаваць з грамадскасцю іншыя варыянты гатэлевага комплекса. Калі дыялога з гарадскімі ўладамі не выйдзе, грамадскасць будзе вымушана звярнуцца па судовую абарону сваіх правоў, паколькі прычыняецца шкода навакольнаму асяродку”, - зазначылі эколагі.
Яны перакананыя, што ні будаўніцтва гатэля, ні звязаная з ім вырубка парка ніякім чынам не палепшаць экалагічнае становішча горада.
У канферэнцыі таксама прымаў удзел святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ацец Леанід Акаловіч, які правёў малітву ў абарону парка.
Як раней паведамляла Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі”, мінскія ўлады вырашылі знішчыць 174 дрэва ў цэнтральнай частцы парку восенню мінулага года. На думку эколагаў, гэта раўнасільна яго знішчэнню.














.png)







