Мінскую моладзь цікавіць праблема “іншых”
20.02.2012
Маладыя беларусы выказалі захапленне героямі кароткамятражных фільмаў на тэму сацыяльнай выключанасці, якія зняла Мінская кінашкола-студыя.
Пра гэта сведчаць выказванні моладзі, што прымала ўдзел у прэм’еры стужак сцэнарыста Влады Сеньковай і рэжысэра Андрэя Палупанава “Жыццё ў краткаванай торбе” і “Жыццё ў мініяцюры”. Паказ фільмаў адбыўся ў нядзелю, 19 лютага, у сталічным Loft Cafe. Таксама дэманстраваліся найлепшыя працы студэнтаў-фільмэйкераў.
Прысутны тут выканаўчы дырэктар кінашколы Міхаіл Шпілеўскі прапанаваў удзельнікам мерапрыемства самім ацэньваць фільмы. “Мы выпусцілі прадукт, ацаніць яго - гэта задача гледача”, - зазначыў ён.
А гледачоў, як вынікае з водгукаў, больш захапіла “Жыццё ў краткаванай торбе”:
Жыхарка Мінска не патрэбная свайму атачэнню, таму едзе да... сабак, дзе знаходзіць любоў і сяброўства. Яны ахвотна прымаюць у зграю сям’ю жанчыну, якая збіральніцтвам бутэлек зарабляе на мяса жывёлам і крыху батона для сябе самой.
“На вочы наварочваліся слёзы, і я ледзь не плакала. Цалкам рэалістычная карціна, ніякага пафаса”, - кажа дзяўчына год 20-ці.
Другой больш за ўсё спадабалася дабрыня галоўнай гераіні: “Яна не азлобілася на ўвесь свет, а засталася адкрытай і знаходзіць, каму дарыць радасць”.
“Тут няма нейкіх натацый - клапаціся пра знямоглых. Гэта напрошваецца само”, - дадала яе сяброўка.
Праўда, дзяўчаты не заўважылі галоўнага: гераіня засталасяся сціплай і ветлівай, але больш не хоча кантактаваць з людзьмі. Яна перастала змагацца за права быць у грамадстве і не прыкладае ніякіх намаганняў, каб перадолець мур паміж сабой і іншымі. Жанчына магла бы аб’яднаць асобаў з падобнымі праблемамі, але пазбягае нават лішняй размовы з суседкай. Жыве ва ўласным свеце: здзіўляе мінакаў ранішнім абліваннем каля пад’езда, праседжвае ноч каля вакна, цэніць жывёлаў больш за сябе. Ці ўсведамляе яна ўсё гэта?
У сваю чаргу “Жыцьцё ў мініяцюры” ўразіла прысутных нечаканым фіналам і незвыклым ракурсам камеры:
Ён - сталічны хлопец, яго дзень пачынаецца так, як і любога іншага жыхара горада. Галоўны герой нават мае пэўную перавагу: дзеці ахвотна прымаюць дарослага ў свае гульні на паводворку. Праўда, іх хутка паклічуць дадому, і чалавек зноў застанецца сам насам. Хто ён? Чаму не мае пропуска ў свет астатніх?
Кіраўнік праэкта па пераадоленню сацыяльнай выключанасці Леанід Каліценя падсумаваў, чаго ўдалося дасягнуць створцам фільмаў.
“У кароткіх стужках атрымалася паказаць сацыяльную самоту, а ў нас адной з абавязковай умоваў было не чытаць мараляў. Часцяком беларуская сацыяльная рэклама робіцца па шаблону. У гэтых жа двух працах аўтары пазбеглі шаблоннасці”, - зазначыў ён.
Як паведамлялася раней, у 2011 годзе Мінская кінашкола-студыя пры супрацоўнітве з еўропейскімі партнэрами пачала ствараць серыял "Гэтак дзіўнае жыццё", прысвечаны тэме сацыяльнай выключанасці. "Жыццё ў краткаванай торбе" і "Жыццё ў мініяцюры" сталі першымі яго часткамі.














.png)







