BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Актывісты сабралі каля тысячы подпісаў, патрабуючы спыніць будоўлю ля Курапатаў (ФОТА)

24.02.2017 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Актывісты сабралі каля тысячы подпісаў, патрабуючы спыніць будоўлю ля Курапатаў (ФОТА)
Акции / Фото
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Учора на сход ля скандальнай будоўлі прыйшло больш за 200 чалавек, у тым ліку мясцовыя жыхары, палітыкі і грамадскія актывісты.

Увечары 23 лютага каля будпляцоўкі бізнес-цэнтра, узвядзенню якога ўжо каторы дзень запар супрацьстаяць актывісты арганізацыі “Малады фронт”, быў прызначаны сход мясцовых жыхароў. Напярэдадні ўначы на лагер абаронцаў Курапатаў нечакана напалі паўтара дзясятка чалавек з закрытымі тварамі, завостранымі палкамі і крыкамі “Белая раса”. Некалькіх актывістаў моцна збілі. Разбураныя намёты і бочку для вогнішча паставілі наноў, неабыякавыя людзі ўсё гэтак жа прыносяць актывістам гарачае пітво, ежу, лекі, адзенне, аднак начное здарэнне яўна ўнесла карэктывы ў далейшую курапацкую вахту.

Пра тое, што збіраюцца рабіць абаронцы мемарыялу пасля начнога нападу, Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” спытала ў лідара “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча, які прыехаў на месца ў пяць гадзін раніцы і заставаўся ў лагеры ўвесь дзень.

– Канешне, уначы бдзем больш пільнымі, будзем выстаўляць пасты. Можа быць некалькі варыянтаў развіцця далейшай абароны. Першы варыянт – згортвацца. Мы выказалі свой пратэст. Другі варыянт – блакаваць тэхніку, будоўлю, але для гэтага трэба, каб у працоўны час прысутнічала мінімум 10 чалавек. Восем – дзевяць раніцы – самы крытычны час. Калі пачынае ехаць тэхніка, мы пад яе становімся, і выскокваюць дзесяць будаўнікоў, кідаюцца, валяюць [нас] у брудзе. І трэці варыянт – проста стаяць і сведчыць гэтым сваю маральную пазіцыю і паралельна падключаць юрыдычныя механізмы, – распавёў Зміцер.

Тым часам грамадскія актывісткі Ганна Шапуцька і Святлана Каваленка распачалі ў лагеры збор подпісаў пад зваротам з патрабаваннем неадкладна спыніць незаконнае будаўніцтва, вызначыць вінаватых у ім, аднавіць межы ахоўнай зоны мемарыяла. Зварот збіраюцца даслаць у Генеральную пракуратуру, Мінгарвыканкам і ў Міністэрства культуры.

Ля будоўлі паступова збіраюцца мясцовыя жыхары. Яны разважаюць пра карупцыю, пра тое, што замест пяціпавярховага бізнес-цэнтра лёгка могуць пабудаваць пятнаццаціпавярховы гмах. Днём раней намеснік старшыні Мінгарвыканкама Віктар Лапцеў, на прыём да якога хадзілі актывісты, паабяцаў прыпыніць будоўлю для таго, каб правесці разбіральніцтва. Па словах маладафронтаўцаў, працы ніхто не прыпыняў, хоць вяліся яны не так актыўна, як раней. Аднак мясцовыя жыхары з верхніх паверхаў бачылі, што будоўля ўсё ж спынілася.

– Без дзесяці дзесяць раніцы былі пару рабочых, але актыўна працаваць яны пачалі гадзін з трох. Тэхнікі не было ўвогуле. Але мне не спадбалася, як гаспадар “Белрэканструкцыі” выказаўся пра мясцовых жыхароў, што іх можна ў разлік не браць, – гаворыць жанчына сярэдніх гадоў.

Нарэшце ля высокага зялёнага плоту з металапрофілю, што цалкам закрыў будпляцоўку за апошнія два дні, з’яўляецца сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец з гукаўзмацняльнікам у руках. Ужо час пачынаць сход, але палітык просіць людзей пачакаць некалькі хвілін, каб сабралося больш народу. Зрэшты, малалюдным сход не назавеш: каля зялёнага плота сабралася больш за 200 чалавек. Павел Севярынец заклікае людзей падпісвацца пад зваротамі ў дзяржорганы. Нарэшце пачынае прамаўляць:

– Мы, беларусы, – мірныя людзі, як кажуць. Жывем у сваіх дамах. Але раптам прыходзяць абсалютна чужыя людзі (“Жулікі!” – падказвае кабета ў натоўпе. – ЕўраБеларусь.) і ў гэтым двары пачынаюць будаваць невядома што, дратаваць зялёную зону, дзе гулялі цэлыя пакаленні мінчан, і ўсё гэта адбываецца вельмі хутка і нахабна. Тых, хто не згодны – выштурхоўваюць, тых, хто хоча спыніць гэтую будоўлю, валяюць у брудзе. Тут ёсць дзве праблемы. Адна – праблема людзей, з якімі не лічацца і трымаюць за быдла (прамову палітыка слухачы падмацоўваюць воклічамі згоды і воплескамі. – ЕўраБеларусь.), другая – што тут ёсь Курапаты.

Павел Севярынец нагадаў, што да 2014 года пляцоўка, на якой цяпер ідзе будоўля, уваходзіла ў ахоўную зону помніка першай катэгорыі, дзе нельга праводзіць ніякіх работ. У 2013 годзе гэтую зямлю на аўкцыёне прадалі “Белрэканструкцыі”. Паколькі ў аснове здзелкі ляжыць парушэнне закона, то будоўля тут незаконная. Таксама палітык распавёў, што актывісты жо перадалі некаторыя звароты ў Мінгарвыканкам, Міністэрства культуры і Генпракуратуру з патрабаваннем спыніць будаўніцтва.

– Людзі з “Зелянбуда” пайшлі ў Курапацкі лес, спілавалі дрэвы, якія раслі на пахаваннях, і выкарысталі іх як слупы для гэтага плоту, – палітык паказвае на зялёную металапрофільную сцяну. – Гэты крывавы плот вельмі нагадвае той, які быў тут у 1930-х гадах, за якім расстрэльвалі людзей. Навошта яго пабудавалі тут? Каб не было бачна, што там адбываецца? Нашае патрабаванне – гэтую будоўлю спыніць!

“Спыніць!”, “Так!” – выбухваюць апладысментамі жыхары.

Севярынец заклікае людзей пісаць розныя тыпы зваротаў – і пра ахоўную зону Курапатаў, і пра тое, што пяціпавярховы будынак перакрые краявід, што значна знізіць кошт арэнды ці продажу жылля – а кампенсацыю забудоўшчык плаціць не збіраецца.

Наступным слова бярэ кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён распавядае, што Добраахвотнае Таварыства аховы помнікаў звярнулася ў КДБ з просьбай распачаць расследванне, чаму зямля незаконным чынам была аддадзеная пад будаўніцтва.

– Жыхары таксама могуць дзейнічаць са свайго боку, – зазначае ў сваю чаргу Зміцер Дашкевіч. – Мы бачым будаўнікоў, якія ходзяць без касак, праз аднаго (“П’яныя!” – апярэджвае выступоўцу хор жанчын. – ЕўраБеларусь.) – вы можаце звяртаць на гэта ўвагу. Тэхніка ездзіць па зялёнай зоне, рые па-за межамі будоўлі. Калі мы будзем з гэтым звяртацца, то будоўлю, як мінімум, запаволім.

Мегафон зоў бярэ Павел Севярынец і заклікае жыхароў 1 сакавіка запісацца на прыём да старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца. Некалькі чалавек у натоўпе выказваюць гатоўнасць гэта зрабіць.

Далей пачалі выказвацца самі людзі. Першай выступіла жыхарка дома №49 па вуліцы Мірашнічэнкі.

– Мы звярталіся ў пракуратуру Савецкага раёна, у Адміністрацыю прэзідэнта, да нашага дэпутата Сокала яшчэ ў снежні. Пра тое, што тут будзе будаўніцтва, ніхто з жыхароў не ведаў, бо не было ніякіх аб’яў. Гэты маленькі кавалачак зямлі, што належаў Савецкаму раёну, чамусьці перайшоў да Першамайскага раёна. На ўсе нашыя запыты не прыйшло ніводнага адказу. Мы сабралі 800 подпісаў з нашых чатырох дамоў. Давайце разам ахоўваць нашу тэрыторыю!

– Насупраць “Віталюра” стаіць вялікі бзнес-цэнтр. Але ён заняты толькі на 25%. Ну тут пабудуюць бізнес-цэнтр, але ў прадпрымальнікаў сёння няма грошай плаціць за памяшканні, – кажа мужчына сталага веку ў акулярах. – У мяне дзевяць унукаў, мы хадзілі з імі сюды гуляць і з вялікай павагай ставімся да Курапатаў, бо ведаем, што тут былі масавыя расстрэлы. Нам тут такое будаўніцтва не трэба. Я сёння прыйду і за ноч магу напісаць дзве – тры скаргі, і вы ўсе можаце гэта зрабіць. Будзьце актыўнымі!

– Я жыхар 49-га дома. Хацеў сказаць: дэпутат на каго працуе? Звярніце ўвагу: мэр кажа, што было грамадскае абмеркаванне, а яго не было! Дык як да яго звяртацца, калі ён усё гэта “крышуе”? Трэба звяртацца ў Адміністрацыю прэзідэнта!

Наступная выступоўца, 79-гадовая Таццяна Іванаўна, нарадзілася ў даваенным Мінску. Яна распавяла, што яе дзядзька быў расстраляны ў сталіцы.

– Я вельмі супраць, калі чапаюць нашы могілкі. Сёння карупцыя ў нас прысутнічае!

Апошні ахвотны выказацца – не мясцовы жыхар, ён прыйшоў падтрмаць “калег па няшчасці” з Сельгаспасёлка.

– Мы свой сквер абаранілі, бо “зялёныя” прысутнічалі і ўсе людзі выйшлі. Я вас заклікаю: прыходзьце ўсе сюды. Чым больш нас будзе, тым хутчэй мы адстаім! Паверце мне, нават уначы прыязджаў начальнік Мінгарвыканкама, і пасля таго, як людзі з ім паразмаўлялі, будаўніцтва адмянілі. Дапамагайце адзін аднаму, стойце адзін за аднаго, і ў вас усё атрымаецца!

Напрыканцы сустрэчы Павел Севярынец яшчэ раз заклікаў людзей падтрымліваць актывістаў кругласуткавай вахты, пасля чаго ўвесь сход праскандаваў “Салідарнасць!” і “Жыве Беларусь!”.

Пасля сходу людзі яшчэ доўга не разыходзіліся, абмяркоўвалі вынікі сустрэчы, збіралі подпісы – іх па выніку атрымалася больш за 200. Калі з-за зялёнага плоту выходзілі будаўнікі, іх праважалі гучнымі крыкамі “Ганьба!”. Нарэшце ля лагеру засталіся з паўсотні заўсёдных грамадскіх актывістаў, якія грэліся каля вогнішча, частаваліся прынесенымі маладафронтаўцам прысмакамі, спявалі пад гітару. Сённшнюю ноч у Курапатах правялі бард Зміцер Захарэвіч, самы вядомы паляшук Андрусь Горват, літаратар Стась Карпаў і многія іншыя. Мясцовыя ж разыйшліся па хатах – мабыць, пісаць звароты да чыноўнікаў.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео