BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Калі “Аватар” становіцца важнейшым за Біблію ў размове пра дабро і зло

14.02.2017 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Калі “Аватар” становіцца важнейшым за Біблію ў размове пра дабро і зло
flickr.com
2016 год для многіх прынёс перамены, якіх большасць людзей не чакала. Brexit, выбары Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША, росквіт правага папулізму ў Еўропе – што ў гэтых выпадках кіруе грамадствам?

Напрыканцы 2016 года Оксфардскі слоўнік словам года абраў “постпраўду”. Постпраўда – гэта сітуацыі, у якіх грамадства матывуецца не праўдай, аргументамі, развагамі, а нечым ішым, найперш – эмоцыямі. Менавіта гэтай з’яве, а дакладней, літаратуры ў эпоху постпраўды была прысвечаная традыцыйная публічная дыскусія Беларускага Калегіюму ў межах міжнароднага паэтычнага фестывалю памяці Міхася Стральцова “Вершы на асфальце”, што прайшоў у Мінску на мінулым тыдні. Цяпер праўда не змагаецца з няпраўдай, яна перастае быць арыентырам. Сітуацыя змяняецца і для літаратуры.

Па словах мадэратара дыскусіі акадэмічнага дырэктара Беларускага Калегіюма Ірыны Дубянецкай, патрэба ў ёй вынікла менавіта цяпер, бо 2016 год для многіх прынёс надзвычай значныя перамены, якія не маглі адбыцца ў адначассе, большасць людзей іх не чакала. Brexit, выбары Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША, росквіт правага папулізму ў Еўропе – што ў гэтых выпадках кіруе грамадствам?

На думку старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча, у сітуацыі пострпаўды беларусы жывуць з 90-х гадоў, з першых прэзідэнцкіх выбараў.

– Калі казаць пра літаратуру, постпраўда (ці паўпраўда) – гэта ўся літаратура сацрэалізму. Калі паперадзе ішла ідэалогія, то літаратура пераўтваралася ў літаратуру постпраўды. Гэта пачалося з рамана Горкага “Маці”. Уся партызанская літаратура пісалася на аснове ідэалогіі, – зазначыў Барыс Пятровіч.

Увогуле, на яго думку, праўды ніколі не было ні ў палітыцы, ні ў літаратуры – яна заўжды падладжвалася пад патрэбы грамадства.

Львоўская паэтка Марыяна Кіяноўская кажа, што “канон сацрэалізму парваў уласны канон”. Раней быў тэкст – Святое Пісанне, якое ўспрымалася як неаспрэчная ісціна. Дарэчы, досыць распаўсюджаная думка пра тое, што камунізм шмат запазычыў з анталогіі хрысціянства – у яго таксама трэба было верыць. Пры камуністычным рэжыме існаваў кодэкс тэкстаў, які ўспрымаўся як ісціна.

– Цяпер галоўная рэч, якая змянілася з 1980-х – знік канон. Тэкст перастаў успрымацца як ісціна ў апошняй інстанцыі, іх стала вельмі шмат. Кожны цяпер апелюе да тэксту, ісціны, якой іншыя людзі не ведаюць. Таварыства пісьменнікаў і ПЭН-цэнтр ва Украіне ігнаруюць адно аднаго. Каштоўнасці ў літаратуры зводзяцца да ўспрымання, да адчування. І калі цяпер пачаць шукаць агульны тэкст – гэта будзе не Біблія, гэта будзе Галівуд, масавая культура. Умоўна кажучы, “Аватар” становіцца важнейшым за Біблію ў размове падлеткаў пра тое, што ёсць дабро, а што зло. Бо да Бібліі не апелююць. Ва Украіне яшчэ ёсць Шаўчэнка, у Расіі Пушкін, але гэта знікае.

Па словах Марыяны Кіяноўскай, цяпер адбываецца структураванне ў маленькія гета. Людзі выбіраюць кнігі не для таго, каб пашырыць светапогляд, а каб сказаць тое, што яны хочуь.

– Тыя, з кім я стасуюся ў Беларусі – маленькае гета. І гэта дрэнная з’ява, бо знікае ўменне разумець іншага, якое фармуе культуру.

Філосаф Валянцін Акудовіч параўнаў выбар Оксфардскага слоўніка з казкай пра голага караля.

– За 150 год да гэтай оксфардскай падзеі Фрыдрых Ніцшэ сказаў тое самае: усе вялікія ўніверсаліі – пустыя фікцыі. Усё ХХ стагоддзе еўрапейская філасофія даводзіла, што Ніцшэ меў рацыю. Гэта добра, бо даўно трэба мяняць слоўнік. Але літаратура адвеку мела сваім дэвізам “праўдай адзінай”. Сваё галоўнае апірышча літаратура згубіла. Я не ўпэўнены, што праўда вернецца ў той ролі і значэнні, у якім яна існавала тысячагоддзі.

Кожныя ўніверсаліі, гаворыць Акудовіч, магчымыя не таму, што яны насамрэч ёсць, а калі мы верым, што недзе існуе штосьці непадлеглае нашаму ўплыву.

– Калі ёсць Бог – ёсць праўда. Для ўсіх сапраўдных вернікаў свету Оксфардскі слоўнік татальна хлусіць.

А вось філосаф Міхаіл Баярын глядзіць на постпраўду як на канструкцыю.

– Мы жывем у свеце, дзе ўсё канструюецца. Была эпоха праўды, дадалі прыстаўку пост- – і стала постпраўда. Гэта вынік дзейнасці прафесійных каманд, якія праграмуюць эліты. Праўда заўсёды была канструктам. Адзінае, праўда як анталагічная ісціна і праўда як маральная катэгорыя адрозніваюцца.

Яшчэ адзін мысляр Ігар Бабкоў бачыць у эпосе постпраўды для літаратуры толькі станоўчае.

– Ад літаратуры перастануць патрабаваць гаварыць праўду і пагодзяцца, што мы (літаратары. - ЕўраБеларусь.) ствараем штосьці іншае. Нам не хапае не столькі супольнага тэксту, які б размяшчаўся на ўзроўні канона, колькі супольнай утопіі – альтэрнатывы будучыні, якая была б для нас прывабнай і адкрытай. Гэтым займаецца літаратура. Яшчэ Ніцшэ пытаўся, чаму мы так апантаныя праўдай? Гэта найменшае, што патрэбна чалавеку для выжывання.

Самае страшнае, лічыць філосаф, што людзі перастаюць самастойна думаць. На яго думку, мы ўступаем у эпоху комікса. Замест таго, каб чытаць кнігі, думаць, ставіць пытанні, людзі абмяжоўваюцца “прыдумваннем подпісаў пад карцінкамі гэтага комікса”.

–Так што фантастычныя перспектывы адкрываюцца для літаратуры і мыслення: мы ўступаем у эпоху хаоса, які, як казаў Джойс, патрэбны, каб стварыць сусвет, – падсумаваў Ігар Бабкоў.

На гэта Мар’яна Кіяноўская зазначыла, што ў хаосе можна вызначыць мемы – роля героя (раней) і маргінала (цяпер). Герой становіцца маргіналам, а маргінал – героем, пра якога гавораць. Здаецца, у гэтым няма нічога страшнага, але гэта па-іншаму мадэлюе рэчаіснасць.

Сваім бачаннем эпохі постпраўды ў роднай Швецыі падзялілася паэтка Мары Лундквіст. Па яе словах, у Швецыі цяпер назіраецца палярызацыя грамадства, яго сегрэгацыя па розных прыкметах. Усё спрашчаецца, распаўсюджваецца папулізм, факты ў СМІ выцясняюцца эмоцыямі. У розных газетах друкуюцца розныя праўды. Але Мары Лундквіст спадзяецца, што літаратура ўсё ж знаходзіцца па-над усімі межамі і праўдамі. І менавіта наша адрозненне – гэта тая рэч, якая можа нас аб’яднаць. Трэба ствараць прастору, дзе розныя меркаванні могуць суіснаваць побач.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео