BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ніна Стужынская: Незалежнасць Беларусі – гэта вялікі шлях змагання папярэдніх генерацый

09.02.2017 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Ніна Стужынская: Незалежнасць Беларусі – гэта вялікі шлях змагання папярэдніх генерацый
istpravda.ru
Гісторыя беларускага антысавецкага супраціву ўшчэнт разбівае міф, што беларусы – пакорлівыя людзі.

Тэмай беларускага антыбальшавіцкага супраціву гісторык Ніна Стужынская займаецца каля 30 гадоў, пачалося ўсё яшчэ на пятым курсе ўніверсітэта. У рэчышчы тагачасных ідэалагічных патрабаванняў студэнтка пісала дыплом на тэму “палітычнага бандытызму” на Беларусі. Паводле савецкіх стэрэатыпаў, у антыбальшавіцкіх паўстаннях удзельнічалі выключна злачынцы. І тут у даследчыцы з’явілася падазрэнне: няўжо ўсе гэтыя тысячы людзей  былі бандытамі? З часам суразмоўца Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі” пераканалася: на супраціў Саветам уздымаліся лепшыя людзі вёсак, гарадоў і мястэчак.

– Гэтая тэма дае новы погляд на наша мінулае. Наколькі нецікавая застылая савецкая гістарыяграфія! Яна тоўстым слоем закрывае сапраўдную беларускую гісторыю. Мы настолькі сытыя бязлюднай гісторыяй пра масы, пра лозунгі. Калі я прыйшла ў архіў КДБ і натрапіла на матэрыялы пра слуцкіх паўстанцаў, балахоўцаў, доўга не магла паверыць, што такі маштабны супраціў разгарнуўся ў Беларусі. Нават следчым  моладзь не баялася кідаць у вочы антысавецкія адозвы!.. Тыя маладыя людзі, якія паклалі жыццё за нацыянальную ідэю засталіся ў “схаванай” гісторыі.  Афіцыйна палітыка нацыянальнай памяці такая, што за рамкамі школьнага падручніка, афіцыйный гістарыяграфіі засталіся сапраўдныя нацыянальныя гісторыі. Чаму мы такія няўдзячныя? Пытанне з серыіі рытарычных. Незалежнасць Беларусі – гэта вялікі шлях змагання папярэдніх генерацый. Гэта адзін вялікі зневажлівы для беларусаў  міф, што яна на нас звалілася “з неба”.

Грамадзянская вайна не сціхала да калектывізацыі

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі бальшавікі жалезнай рукою пачалі ізноў аднаўляць імперыю ў новым савецкім фармаце. Савецкая ўлада ўсталёўвалася падчас няспыннай вайны. Асноўную сілу ў вайне супраць Саветаў складала сялянства з яго радыкальным неўспрыманнем новай улады. Цяпер ідуць спрэчкі – ці з’яўляецца сялянскі фронт часткай грамадзянскай вайны? На думку Ніны Стужынскай, гэта яе асноўная сутнасць. Савецкая канцэпцыя заканчвала падзеі грамадзянскай вайны 1920 -м годам, хоць на Беларусі моцныя хвалі сялянскіх паўстанняў былі  ў 1919, і ў 1920 годзе, працяг супраціву меў месца ў фармаце партызанкі. Пік хваляванняў прыйшоўся на другую палову 1920 – га.  Слуцкае паўстанне (Слуцкі збройны чын) - найбольш яскравая і пераканаўчая падзея ў гэтым ланцугу.

У 1921 годзе адбываецца змена фармату супраціву: адкрытыя паўстанні пераходзяць у партызанскую вайну, якая ў вялікіх памерах працягваецца і ў 1922-ім. Пасля фармат змагання зноў мяняецца – гэтым разам на атаманшчыну. Барацьбу вядуць адзіночкі і невялікія групы, развіваецца агентурная праца супраць савецкай улады, якая не сціхала да 1930-х гг. Але Ніна Стужынская лічыць, што можна цягнуць лінію супраціву да “зялёных братоў”, якія дзейнічалі падчас і пасля Другой сусветнай вайны. Такі падзел дастаткова ўмоўны, рамкі выкарыстання розных метадаў змагання, безумоўна,  рухомыя.

Атаманшчына на Беларусі

Антысавецкі рух уяўляў сабой шырокі сялянскі фронт. Сялянства выступіла супраць харчразвёрсткі, бараніла сваю маёмасць. Масавасць і ўпартасць, велічыня ахопленых партызанкай тэрыторый дазваляе прымяніць да гэтых падзей тэрмін малой вайны.  Напрыклад, у атамана Мяфодзія Караткевіча  баявая групоўка  на Магілёўшчыне  дасягала 800 шабель, у Янкі Галака на Гомельшчыне  ў асобныя часы – да 1000. Партызанка была даволі канкрэтна структураванай і арганізаванай як па вертыкалі, так і па гарызанталі. Тайная  дыверсійная арганізацыя “Зялёны Дуб” выконвала ролю каардынатара  партызанскага руху. Агулам на тэрыторыі Беларусі дзейнічала каля 200 атаманаў розных поглядаў і скіраванасцяў.  І не ўсіх іх аб’ядноўвала нацыянальная ідэя. Тое, што кожны быў сам сабе гаспадар на сваёй тэрыторыі, не дазваляла скансалідавацца паўстанцкім сілам.

Сярэдняя фігура важака партызан выглядае так: атаманамі часцей за ўсё станавіліся харызматычныя хлопцы, моцныя целам і духам. Як правіла,  лідар паходзіў з тутэйшых мясцінаў, меў аўтарытэт сярод сваіх аднавяскоўцаў і падтрымку вясковай грамады. Менавіта на сваёй малой радзіме баевікі  знаходзілі прытулак, ежу, вопратку, зброю. Некаторыя атаманы ў мэтах канспірацыі мелі па некалькі імёнаў і нават двайнікоў.  Сярод кіраўнікоў узброенай апазіцыі сустракаюцца творчыя асобы. Атаманы пісалі вершы,  прозу, добра спявалі, удзельнічалі ў тэатральных пастаноўках (напрыклад, атаманы  Дзяргач, Аберон). Выклікае зразумелае пачуццё здзіўлення і глыбокай павагі мужнасць і адказнасць за  лёс краіны 20-гадовых (і нават маладзейшых) юнакоў - удзельнікаў паўстанцкага руху.  Яны былі  вельмі маладыя, але ў той жа час такія сталыя паводле таго, як ацэньвалі сітуацыю, якія праграмныя дакументы стваралі, якія рашэнні прымалі.  Па словах Ніны Стужынскай, у параўнанні з імі апошнія пакаленні, нават у сталым узросце, застаюцца інфантыльнымі.

“Зялёны Дуб”

Беларуская сялянская партыя “Зялёны Дуб” у якасці баявой арганізацыі паўстала спачатку як асветніцкая арганізацыя, падчас Слуцкага паўстання аформілася пры Беларускім палітычным камітэце (цывільны ўрад пры штабе генерала Станіслава Булак-Балаховіча). Камітэт ствараўся па ініцыятыве бацькі і сына Адамовічаў. Вячаслаў Адамовіч-старэйшы – палітык паланафільскіх поглядаў з сям’і святара з Відзаў, адзін аўтараў Статута “Зялёнага Дуба”. Яго сын, Вячаслаў Адамовіч-малодшы, вядомы таксама як атаман Дзяргач, быў непасрэдным кіраўніком  баявой арганізацыі. Зялёнадубцы ў справаводстве карысталіся пячаткай з Пагоняй і чэрапам са скрыжаванымі касцьмі – гэта была пячатка Балаховіча, саюзнікамі якога лічылі сябе сябры арганізацыі. Гэта сапраўды была не шайка крымінальшчыкаў, як доўгі час падавала іх савецкая гістарыяграфія:  “Зялёны  Дуб” меў ідэйную платформу, праграмныя  дакументы, і партыя нават удзельнічала ў выбарах у 1922 годзе. Як адзначае Ніна Стужынская, сярод тых, хто ў яе ўваходзіў, былі людзі вельмі пабожныя, цікава, што адзін з першых баявых аддзелаў “Зялёнага дуба” складаўся з семінарыстаў Мінскай духоўнай семінарыі. Менавіта пад дахам “Зялёнага Дуба” ў Беларусі вялася арганізаваная партызанка. З пункту гледжання мэнэджменту яна была надзвычай добра арганізаваная.

Ад селяніна да шляхціца

У змагарным руху існавала некалькі, так бы мовіць, карпаратываў. Адна плынь імкнулася да вяртання манархіі, другая – да аднаўлення буржуазна-дэмакратычных свабод і падтрымлівала ідэі лютаўскай рэвалюцыі, трэцяя мела за мэту нацыянальнае вызваленне. Агульнай платформай, на якой паўстаў антысавецкі рух, быў антыбальшавізм.

Што прымусіла сялян ваяваць супраць бальшавікоў? Эканамічны авантурызм, нацыянальны нігілізм, нелігітымнасць новай улады ў вачах большасці насельніцтва. Безгаспадарлівасць і сумна вядомая харчразвёрстка  моцна ўразіла беларусаў. Першая сусветная вайна добра падкарэктавала светапогляды сялян. Для многіх яна стала сацыяльным ліфтам, спрыяла змене сацыяльнага статусу: простыя сяляне пабачылі  свет, набылі палітычныя і нацыянальныя пераканні і афіцэрскія пагоны.

– Уявіце: ён вяртаецца капітанам ці паручнікам, а тут яго назад – у гной. Але ў іх ужо быў досвед ваявання і кіравання, ды і зброі пасля вайны хапала, – зазначае Ніна Стужынская.

Тыповы беларускі атаман – Данііл Іваноў, які спачатку ўзначаліў адзін з паўстанцкіх аддзелаў падчас Гарадзішчанскага паўстання, потым кіраваў партызанскім атрадам на Магілёўшчыне. Тагачасныя Горкі далі прыклад гарадскога паўстання ў 1918 годзе, а таксама ўдзелу яўрэйскага насельніцтва ў паўстанцкім руху. Цікава, што адзін з кіраўнікоў горацкага паўстання – начальнік мясцовай міліцыі, правізар са шляхты Казімір Падзерскі, вытворца знакамітага крэма “Метамарфоза”, якім карысталася не адно пакаленне савецкіх жанчын.

Увогуле, партызанскія аддзелы былі вельмі мабільныя.  За ноч яны маглі праходзіць да 40 – 50  і болей кіламетраў. Часам дасягалі поспеху ў сутычках з чырвонымі, чонаўскімі і асобымі аддзеламі ЧК-ГПУ. Дарэчы, аддзелы паўстанцаў стараліся мець ваенізаваную форму. Выкарыстоўвалі і польскую форму, і любую іншую, якая засталася пасля Першай сусветнай. У лясах пасля 1921 года знаходзілі парэшткі людзей, у якіх на форме захаваліся бел-чырвона-белыя павязкі.

Пошукі саюзнікаў і параза ў барацьбе

Рэсурс у антысавецкх рухаў быў вельмі невялікі, бо яны не атрымалі фінансавання: Еўропа не паверыла ў моц нацыянальных ускраін Расіі, іх магчымасці стварыць эфектыўны антысавецкі фронт. Асноўныя рэсурсы атрымалі белыя арміі і антысавецкія расійскія арганізацыі (напрыклад, вядомы Народны Саюз абароны радзімы і свабоды Барыса Савінкава). Часта антысавецкі супраціў міжваеннага часу крытыкуюць за тое, што ён “працаваў на польскія грошы”. Па-першае, гэта не зусім справядліва: мясцовыя як маглі падтрымлівалі сваіх паўстанцаў. Былыя ўладальнікі маёнткаў, што страцілі іх з прыходам Саветаў, – Вайніловіч, Кяневіч з Мазыршчыны, Барысевіч – выдаткоўвалі  грошы на рух. Уласных сродкаў на вядзенне барацьбы, сапраўды, было мала, таму лагічным быў пошук саюзнікаў, якія маглі б яе фінансаваць. Гэтыя саюзнікі мяняліся ўвесь час.

Супраць паўстанцаў разгортваліся жорсткія рэпрэсіі – значыць, гэта была моцная палітычная сіла, робіць выснову Ніна Стужынская. Была задзейнічана рэгулярная армія, выведка, памежныя службы. Сілы былі вельмі няроўныя. Стратэгіі паўстанцаў будаваліся на чаканні вайны, міжнароднага канфлікту, але спадзяванні не апраўдаліся.  Камунікацыя паміж паўстанцамі была кепская, дзеянні нязладжаныя... Усе гэтыя чыннікі прывялі да таго, што мроя пра нацыянальную незалежнасць Беларусі адсунулася яшчэ на 70 гадоў…

Зрэшты, сёння нашчадкі не дужа ўдзячныя тым, хто спрабаваў змагацца з бальшавізмам на самым яго пачатку. Для даследванняў гэтая тэма ўжо не такая закрытая, як у савецкія часы, але ж развіваць яе на афіцыйным узроўні не заахвочваюць. Тая ж мемарыялізацыя, бадай, самага вядомага Слуцкага паўстання – выключна грамадская ініцыятыва.

Не знайшоўшы запатрабаванасці на Радзіме, Ніна Стужынская і яе калегі прасоўваюць  тэму антысавецкага змагання беларусаў у Расіі. Да апошняга часу тэматычныя артыкулы друкаваліся без купюр. Даследчыцца прызнаецца: крыўдна і шкада аддаваць такі матэрыял суседзям. Праўда, і калегі ў Расіі на фоне антыўкраінскай рыторыкі апошніх гадоў сталі больш асцярожна ставіцца да гэтай тэмы.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео