BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ігар Кузняцоў: Калі чалавек на свабодзе, але паводзіць сябе, як раб - гэта сіндром 37-га года

19.01.2017 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Ігар Кузняцоў: Калі чалавек на свабодзе, але паводзіць сябе, як раб - гэта сіндром 37-га года
Кадр з фільма "Чэкіст"
У Мінску абвясцілі 2017-ты Годам Памяці ахвяр савецкіх рэпрэсій у Беларусі.

Свята рэвалюцыі ці гадавіна тэрору?

Учора ў Мінску прайшоў брыфінг аргкамітэту па стварэнні гісторыка-асветніцкага аб’яднання “Вяртанне памяці”, прысвечаны 80-годдзю Вялікага тэрору. Упершыню былі прадстаўлены абагульненыя статыстычныя дадзеныя аб рэпрэсіях у Беларусі, сабраныя на аснове афіцыйных крыніц. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” даведалася, якія катэгорыі беларусаў знішчала сталінская машына катаванняў.

Даследчык рэпрэсій 1920 – 1950-х гадоў Ігар Кузняцоў пачаў з таго, што грамадскія актывісты вырашылі абвясціць 2017-ты Годам 80-годдзя Вялікага тэрору (Годам Памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій).

“Сёлета ж у нашай краіне будзе адзначацца як свята 100-годдзе Кастрычніцкага перавароту. Мы будзем жыць у дзвюх рэальнасцях. Гэта будзе неадназначны год, будзе раздзяленне грамадства”, – зазначыў гісторык.

Ён узгадаў, што 10 год таму 2007-мы таксама аб’явілі Годам Памяці. Але за гэты час амаль нічога не змянілася, усё, што было зроблена па ўвекавечанні памяці, на 100% зроблена грамадскасцю. Наша краіна – адзіны выпадак на ўсёй постсавецкай прасторы, калі дзяржава не толькі не займаецца гэтым пытаннем, але і ставіць перашкоды для грамадскіх актывістаў.

Між тым 28 гадоў таму была прынятая пастанова Савета міністраў БССР “Увекавечанне памяці ахвяр масавых рэпрэсій 1937 – 1941 гг. у лясным масіве Курапаты” (1989г.). Але яе выніку таксама няма. Тым не менш, Ігар Кузняцоў нагадаў, што 28 кастрычніка мінулага года быў вынесены вердыкт грамадскага трыбуналу над сталінізмам.

1937 – год гіганцкіх рэпрэсій, якія ахапілі ўвесь Савецкі Саюз. Ледзь не больш за ўсіх ад іх пацярпела Беларусь – памежная рэспубліка. Гэта год сфальсіфікаваных абвінавачанняў, закрытых судовых працэсаў, даносаў, знішчэння нацыянальнай інтэлігенцыі.

Паводле падлікаў Ігара Кузняцова, заснаваных на розных крыніцах, агулам на тэрыторыі Беларусі было рэпрэсавана каля 1,5 млн чалавек. На думку даследчыка, больш дакладных лічбаў мы ўжо ніколі не даведаемся. У той час афіцыйныя дадзеныя сведчаць, што з 1917 да 1953 гг. у Беларусі было рэпрэсавана 600 тысяч чалавек. Загадкавымі выглядаюць наступныя афіцыйныя звесткі: за ўвесь час у Беларусі рэабілітавалі 200 тысяч чалавек. Але ў 1999 годзе ўказам прэзідэнта працэс рэабілітацыі быў скончаны “ў сувязі з поўным завяршэннем перагляду спраў”. А дзе тады яшчэ 400 тысяч толькі паводле афіцыйнай статыстыкі?

“Сціпла заявіць, што ў нас было 600 тысяч рэпрэсаваных і 22 гады маўчаць пра гэта – злачынства. Кожны мусіць зрабіць нешта, каб гэтага больш не адбылося”, – перакананы эксперт.

 “Нават нацысты не спраўляліся з такімі тэмпамі”

Па словах гісторыка, 60% высланых з краіны ў аддаленыя раёны СССР беларусаў расстралялі. У адну толькі Томскую вобласць выслалі 32 тысячы нашых суайчыннікаў, з іх у 1937 годзе расстралялі 18 тысяч. Ніводзін з іх у нашых базах не значыцца. А былі яшчэ іншыя рэгіёны, куды высылалі людзей…

“Гамадзянская супольнасць маўчыць. А вы думаеце, у 37-м годзе было іначай? Калі чалавек на свабодзе, а ён паводзіць сябе, як раб, усяго баіцца – што звольняць, што пазбавяць прэміі – гэта сіндром 37-га года”, – дадаў Ігар Кузняцоў.

Ён прывёў статыстыку пра склад ахвяр рэпрэсій у Беларусі. Сярод іх 90% складалі мужчыны, 8% - жанчыны, 2% - непаўнагадовыя. Сярэдні ўзрост – ад 18 да 50 гадоў. Паводле нацыянальнасці 65,7% былі беларусамі, 20,7% палякамі, 4,5% - яўрэямі. Паводле сацыяльнага паходжання 78,5% з’яўляліся сялянамі, 8,4% - працоўнымі, больш за 60% мелі толькі пачатковую ці няскончаную адукацыю, а то былі і зусім непісьменнымі. Таму памылкова думаць, што рэпрэсіі 1937 года датычацца толькі інтэлігенцыі.

Пік арыштаў даводзіцца на 1931 – 1940 гады. Абвінавачвалі часцей за ўсё ў антысавецкай агітацыі, шпіянажы і працы на замежныя выведкі (прычым маглі аднолькава “прышыць” як супрацоўніцтва з польскай выведкай, так і з японскай). На тэрыторыі нашай краіны былі “раскрыты” ажно 34 контррэвалюцыйныя арганізацыі, але ніводнай з іх насамрэч не існавала.

Паводле афіцыйных дадзеных з ліку рэпрэсаваных расстраляна 44%. Пры гэтым судовымі органамі з іх асуджана толькі 9,6%, усё астатняе – пазасудовыя прысуды, што выносіліся “двойкамі”, “тройкамі” і іншымі органамі.

 “Вось канвеер. Нават нацысты не спраўляліся з такімі тэмпамі”, – пракаментаваў Ігар Кузняцоў.

“Унутраны стан грамадства засмучае”

Праз 80 гадоў усё яшчэ застаецца адкрытай і праблема месцаў масавых пахаванняў і расстрэлаў. Афіцыйна прызнаным з’яўляецца толькі ўрочышча Курапаты. Між тым па ўсёй краіне такіх месцаў 112, 12 з іх толькі ў Мінску. На тэрыторыі Мінска расстраляна каля 210 тысяч чалавек, усяго ў Беларусі – 370 тысяч. Пры гэтым афіцыйная версія пртрымліваецца лічбы 28 тысяч.

“Мы выйшлі за межы ўшанавання памяці ахвяр курапацкіх рэпрэсій і вырашылі стварыць ініцыятыву – вярнуць людзям памяць пра рэпрэсаваных продкаў. У ініцыятыве працюць валанцёры, якія праводзяць талаку ў Курапатах, вечарыны, круглыя сталы”, – распавяла сябра аргкамітэту па стварэнні гісторыка-асветніцкага аб’яднання “Вяртанне памяці” Ганна Шапуцька.

Па яе словах, у 2017-тым годзе аб’яднанне збіраецца надаць увагу ўшанаванню памяці закатаваных жанчын і дзяцей. У рамках акцыі “Зніч памяці” адбудуцца культурныя мерапрыемствы, вечарыны па ўшанаванні памяці, тэматычныя кінапрагляды. Працягнецца “Марафон памяці” – штомесяц 29 чысла неабыякавыя людзі будуць наведваць месцы масавых расстрэлаў у Мінску. Не спыніцца талака ў Курапатах: аб’яднанне плануе паставіць сёлета 100 крыжоў ва ўрочышчы. Асобны пункт – Дзень памяці ахвяр камуністычных рэпрэсій 29 кастрычніка. Ён па традыцыі будзе адзначаны запальваннем знічоў і малітвай у Курапатах.

Сябра аргкамітэту Уладзімір Раманоўскі звярнуў увагу на неабходнасць стварыць вучэбны дапаможнік па рэпрэсіях у Беларусі.

“Унутраны стан грамадства засмучае. Мы яўна раздробленыя. Таму заяўляю, што мы гатовы забяспечыць аб’яднанне на ўсіх пляцоўках”, – паведаміў ён.

Падчас брыфінгу прысутныя падпісалі зварот да грамадзян Беларусі, беларусаў замежжа і органаў улады з прапановай абвясціць 2017-ты Годам Памяці ахвяр сталінізму ў Беларусі.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео