BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Самая вялікая складанасць у тым, што людзі не хочуць браць на сябе адказнасць”

09.11.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
“Самая вялікая складанасць у тым, што людзі не хочуць браць на сябе адказнасць”
citydog.by
“Агенты зменаў”, што ствараюць крэатыўныя праекты для нашага горада, расказалі, як яны гэта робяць.

Яшчэ некалькі гадоў таму Мінск не мог нават мроіць пра ўласную “барную мілю”, фестываль стрыт-арту і шэраг крэатыўных прастораў. Але нешта здарылася, і раптам пайшлі асцярожныя размовы, маўляў, наш горад становіцца падобным на еўрапейскую сталіцу, і каб патусіць ужо не трэба ехаць у Вільню. Улада не змянілася, эканамічны крызіс паглыбляецца, а цікавых месцаў і падзей становіцца ўсё больш. Патлумачыць гэты парадокс паспрабавалі людзі, якія насуперак адвечнаму ныццю, што ў нас нічога зрабіць немагчыма, проста бяруць і робяць.

На адпаведную дыскусію анлайн-часопіс “Ідэя” запрасіў куратарку фестывалю вулічнага мастацтва Vulica Brasil, супрацоўніцу Амбасады Бразіліі ў Беларусі Мілу Котку, саўладальніка бара El Pushka, настаўніка школы барменаў Splash & Dash Дэніса Вальдэса і журналістку анлайн-часопіса CityDog.by Ясю Каралевіч-Картэль.

– Нельга сказаць, што гэта здарылася праз лібералізацыю, – тлумачыць падставы для ўзнікнення гарадскога крэатыву Яся, – але ў той жа час нельга адмаўляць, што за апошнія тры гады культурная сфера Беларусі стала крыху больш свабоднай. Ва ўлады ёсць праблемы, і яна, хутчэй, будзе займацца іх вырашэннем, чым забаронай стрыт-арт-фестывалю.

Журналістка заўважае, што ў Мінску з’явіліся людзі, якія паглядзелі, якім культурнае жыццё бывае за мяжой, і ў іх з’явілася патрэба ў гэтым на радзіме.

Дэніс Вальдэс зрабіў выснову, што “дзеткі падраслі”: большасць тых, хто стварае ў Мінску “двіж”, ужо набілі гузакоў і спрабуюць рабіць свае праекты. Гэтыя людзі яшчэ маладыя, у іх хапае энергіі і ідэй і яны не баяцца спрабаваць.

Міла Котка дадае, што нельга забывацца і на развіццё камунікацыйных сродкаў: калі 10 год таму ёй было складана камунікаваць з мастаком з Бразіліі, то цяпер у Фэйсбуку ён адказвае праз колькі хвілін: “О, крута, Беларусь – дзе гэта?”

– Я лічу, што ў Мінску заўсёды нешта адбывалася, людзі тусілі, будавалі горад пасля вайны. У гэтага горада вялікая гісторыя, і тое, што мы цяпер яго робім, – выпадак часу.

З Мілай пагаджаецца Яся Каралевіч-Картэль, якая звяртае ўвагу, што першыя незвычайныя рэчы сталі з’яўляцца даволі даўно.

– Мы нешта робім, і разам з тым прывучаем беларускія ўлады і бізнес да таго, што гэта можна рабіць. Калі мы пісалі пра “Гарызонт”, дзе размяшчаюцца “Корпус 8” і “Корпус 6” і дасылалі ім матэрыял, у адказ прыйшоў тэкст з каментарыямі. Чыноўнік піша: “У вас тут напісана “крэатыўная зона”, але “зона” – такое кепскае слова, давайце напішам “крэатыўны кластар”. І мы разумеем, што калі мы пісалі “кластар” чатыры гады таму, гэта выклікала хваляванне ў чытачоў, а цяпер чыноўнік кажа “крэатыўны кластар”.

Вядома, да гэтага трэба было прыйсці, і шлях быў зусім не лёгкі.

– Фразу “гэта немагчыма” тры гады таму мы чулі ад усіх, каго спрабавалі прыцягнуць у праект Vulica Brasil, бо нам казалі, што Мінск непрабіўны, – распавядае Міла Котка. – Але насамрэч усюды ёсць людзі. Самая вялікая складанасць у тым, што на ўсіх узроўнях яны не хочуць браць на сябе адказнасць ні за што.

Цяпер у мінчан ёсць некалькі хабаў і прынамсі дзве “жывыя” вуліцы – Кастрычніцкая і Зыбіцкая. Нягледзячы на наяўнасць шэрагу бараў і часам адной і той жа публікі, яны розныя адпачатку. Першая з яе крэатыўнымі прасторамі, мураламі, цаглянымі сценамі і барамі як бы прызначаная для таго, каб людзі прыходзілі сюды нешта зрабіць – пафатаграфаваць, наведаць івэнт і інш. Зыбіцкая ж настройвае наведнікаў на тое, што для іх нешта зробяць, напрыклад, прапануюць адпачынак у барах, створаць свята тут і цяпер. Ад пачатку Зыбіцкая была сэрцам горада, тут віравалі людзі, і цяпер яе аднаўлялі з разлікам на натоўпы турыстаў. Кастрычніцкую ж стваралі як прамысловы цэнтр, месца працы – цяпер інтэлектуальнай.

– Дывідэнды ад руху, які адбываецца на гэтых вуліцах, атрымлівае бізнес, які там знаходзіцца. І я часам думаю: “Навошта гэта ўсё мне?” Але калі бачыш, што гэта натхняе, мабыць, яно і ёсць тваёй місіяй, – кажа Міла Котка.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео