BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Павел Каралёў: Чалавечая цеплыня і мастацтва могуць дапамагчы пераадолець хваробу

05.11.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Павел Каралёў: Чалавечая цеплыня і мастацтва могуць дапамагчы пераадолець хваробу
Сем гадоў таму экскурсавод і навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Павел Каралёў распачаў акцыю, якая робіць наш свет крышачку лепшым.

Кожны год падчас свята Раства гурт вясёлых калядоўшчыкаў ходзіць па бальніцах, паказвае тэатралізаваныя старажытныя беларускія абрады і дорыць малюнкі, якія ўпрыгожваюць сцены медычных устаноў. Ад гэтага яны пачынаюць выглядаць крыху весялей. А яшчэ здараецца, што людзі пасля такога візіту хутчэй ідуць на папраўку. Хочацца верыць, што гэта адбываецца і дзякуючы чароўным калядным персанажам, якія наведваюць пацыентаў і дораць ім станоўчыя эмоцыі, і дзякуючы той пазітыўнай энергетыцы, якую ўкладваюць у свае малюнкі мастакі (хоць званне гэта вельмі ўмоўнае – намаляваць творы і перадаць іх арганізатарам акцыі “Малюнак да сэрца” можа любы ахвотны).

А натхніла на такую прыгожую ініцыятыву Паўла не такая ўжо прыгожая асабістая гісторыя.

– У мяне бабуля была інвалідам без абедзвюх ног, іх ампутавалі па чарзе. Яна знаходзілася ў аддзяленні гнойнай хірургіі ў другой бальніцы. Я запомніў тыя белыя і сінія памяшканні без нічога. Яны не тое што не натхнялі, а выглядалі як лазарэт ці як карцар. І я падумаў, што можна іх упрыгожыць, каб сцены не былі такімі жахлівымі. І з’явілася ідэя зрабіць такую акцыю, – распавядае Павел Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі”.

Прыгажосць выратуе свет, і гэта не проста высокія словы: мастацтва можа рэальна дапамагчы людзям у змаганні з хваробамі, перакананы Павел.

 – Звычайна мы абыякавыя да людзей. Пакуль самога штосьці не закране, мы вельмі апасродкавана дапамагаем іншым, для нас гэта як паралельны свет. Але так быць не павінна.

Амаль кожны год валанцёры перадаюць малюнкі ў Мінскі гарадскі анкалагічны дыспансер і іншыя ўстановы медыцыны.

 – Людзі чакаюць калядоўшчыкаў, для іх гэта важна. У нас ёсць персанаж – Анёл, які носіць мяшэчак з чароўнымі пажаданнямі, кожны чалавек выцягвае іх і чакае, што яны здзейсняцца. Аднойчы нехта выцягнуў пажаданне, звязанае са з’яўленнем новага аўтамабіля, і пазней нам паведамілі, што той пацыент паправіўся. Дзеля такіх момантаў і варта рабіць акцыю.

Вядома, Павел не перабольшвае значэнне дабрачынных акцый і разумее, што хваробы, асабліва такія, як анкалогія, лечацца пакутліва і не заўсёды ўдала. І ўсё ж верыць: калі б людзі былі больш уважлівымі адзін да аднаго і часцей прыходзілі на дапамогу, магчыма, захворванняў было б менш.

– Мы ладзім акцыю на святы Раства і Новага года, бо яны “прабіваюць” усе сцены, нават бальнічныя. Навіну пра нараджэнне Хрыста прыносяць калядоўшчыкі. Праўда, нашы калядоўшчыкі не бяруць пачастункі, а, наадварот, дораць малюнкі. Хаця для людзей, якія памятаюць традыцыі, усё роўна важна падарыць якую мандарынку ці нават грошы, хоць мы і адмаўляемся. Многія спяваюць з намі калядныя песні, плачуць.

Павел распавядае, што такія выпадкі асабліва ўражваюць. Хоць самім бывае псіхалагічна няпроста, асабліва ў “цяжкіх” аддзяленнях, і адпаведныя думкі яшчэ пэўны час не адпускаюць. Але ўсё гэта па сілах удзельнікам акцыі, гаворыць хлопец.

Калядоўшчыкі завітваюць у розныя ўстановы: бывалі і ў аддзяленні дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах, і ў 10-ай клінічнай бальніцы, і ў Доме-інтэрнаце для інвалідаў і пенсіянераў. Акцыю “Малюнак да сэрца” падтрымліваюць грамадскія арганізацыі Беларускі фонд культуры і Беларускі саюз мастакоў. Дзякуючы ім атрымлівалася сабраць творы не толькі звычайных неабыякавых людзей, а і вядомых беларускіх мастакоў.

– З улікам таго, што акцыю мы абвяшчаем за пару месяцаў да пачатку, атрымліваем некалькі дзясяткаў малюнкаў. Звычайна іх з вялікай радасцю перадаюць студэнты мастацкіх навучальных устаноў. Пастаянна нам дапамагае работамі мастачка Ніна Маргаева, якая сама бывала ў анкалагічным аддзяленні і ведае сітуацыю “з сярэдзіны”. Аднойчы, праходзячы лячэнне, яна ўбачыла на сценах свае творы і распавядала, што далёка не адразу вырашыла падыйсці да іх – настолькі гэта яе ўразіла.

Калі мы абвяшчалі акцыю ў адзін з першых разоў, мне патэлефанаваў чалавек, папрасіў сустрэцца, перадаў мне некалькі твораў свайго дзіцяці і грошы на рамкі. Заўжды з’яўляюцца людзі, якім гэта важна.

Каб паўдзельнічаць у акцыі, неабавязкова быць прафесійным мастаком. Галоўнае – жаданне дапамагчы іншым, зрабіць іх нялёгкую штодзённасць крышачку ярчэйшай. Арганізатары з задавальненнем прымаюць і далёка не акадэмічныя творы, прасякнутыя шчырасцю, радасцю і цеплынёй.

– Мы хочам, каб людзі не былі абыякавымі і самі перадавалі малюнкі, не толькі праз нас, – дадае на развітанне Павел.

Праўда, існуюць усё ж пэўныя патрабаванні да малюнкаў згодна з санітарнымі нормамі бальніц. Па-першае, усе творы будуць змешчаны ў рамы пад шкло, таму для стварэння свайго малюнка варта абіраць адпаведны гэтаму патрабаванню матэрыял і тэхніку. Памер малюнка таксама мае значэння, аптымальны варыянт – работы да  памера фармату А1. І, безумоўна, радасны святочны настрой твораў толькі вітаецца. Малюнкі можна перадаць арганізатарам акцыі да 25 снежня, звярнуўшыся па кантактах: Павел Каралёў 8 (029) 776 24 35 ([email protected]), Марыя Каралёва 8 (029) 779 85 15 ([email protected]).
 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео