BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Леанід Каліценя: Trixter – новае беларускае медыя, якое парушае правілы і выходзіць за рамкі

02.11.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Леанід Каліценя: Trixter – новае беларускае медыя, якое парушае правілы і выходзіць за рамкі
mspring.online
Крыху больш за тыдзень таму беларуская медыя-прастора папоўнілася абсалютна новым паводле фармату праектам – “Blog-TV Trixter”.

“Па форме – гэта эксперымент на мяжы сацыяльных сетак, журналістыкі, візуальных камунікацый, тэатра і нашага з вамі жыцця. А па сутнасці – гэта гульня ў Беларусь, у якую мы запрашаем усіх ахвотных!”, – гаворыцца ў апісанні праекта на фэйсбуку.

На першы погляд тут мала што зразумела. Але варта глянуць глыбей, як раптам ва ўсім знаходзіцца свой сэнс – ад зместу да лагатыпа (над якім працаваў, між іншым, сам Уладзімір Цэслер) і назвы. Трыкстар – гэта міфалагічны герой, які парушае агульнапрынятыя нормы і правілы. Прычым неабавязкова на сваю карысць. Трыкстар можа выйграць, а можа і прайграць. Найбольш вядомыя прыклады трыкстараў – Праметэй, які даў агонь людзям, парушыўшы забарону багоў, ці скандынаўскі Локі.

У спадзяванні хоць крыху прыадкрыць заслону таямніцы, Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” паразмаўляла з адным з прадзюсараў праекту Леанідам Каліценем.

– Леанід, што такое Trixter і што значыць “гульня ў Беларусь”?

Тэлеканал Trixter – гэта блог-ТБ. То бок гэта ў нечым блог, які вяшчаецца ў кароткім фармаце інтэрнэт-тэлебачання. Гэта эксперыментальны праект, у якім мы спрабуем новыя фарматы, у тым ліку і ўзаемадзеяння з аўдыторыяй на складаныя тэмы пры дапамозе сучасных метадаў. У падручніках пра гэта не прачытаеш, бо новыя медыя ствараюцца літаральна сёння. Таму Trixter – чарговы крок у развіцці беларускай медыя-сферы. Ідэю мы прыдумалі самі, хаця прыглядаліся да “Арзамаса”, “Громадського ТБ”, іншых праектаў, якія нам падабаюцца, і камбінавалі на аснове існуючых прататыпаў новы фармат.

– А што ўсярэдзіне? Па сутнасці?

– Калі медыя-сфера недастаткова развітая і фармат невядомы, многія рэчы нам даводзіцца рабіць крыху несур’ёзна – без сурова ссунутых броваў і нудных справаздач. То бок мы крыху пагуляем, будзем вольнымі, гнуткімі, будзем трансфармавацца па ходзе. Гульня – гэта доля іроніі ў тых сур’ёзных тэмах, якія мы бярэм.

– А як варта ствіцца да Trixter’а – сур’ёзна?

 – Так. Забаўлянка – гэта коцікаў перапошчваць ці выказванні Далай-ламы на ўсе выпадкі жыцця. Мы гуляем усур’ёз, прынамсі, імкнемся да гэтага. Напрыклад, першы выпуск быў пра імя. Гэта нешта філасофскае, нават метафізічнае, хоць і ў побытавым плане таксама важнае: паглядзіце, як доўга выбіраюць імя дзіцяці.

– Але гэта не першасныя праблемы, якія хвалююць грамадства.

– А што хвалюе грамадства?

– Эканоміка, зарплаты, беспрацоўе, дэкрэт аб дармаедах…

– Гэта хвалюе сацыяльныя сеткі. Не трэба глядзець туды, як у люстэрка, думаючы, што гэтыя тэмы хвалююць грамадства. Гэта тое, пра што людзі любяць казаць у сацыяльных сетках. А пра грамадства я не ўзяў бы на сябе смеласць сказаць. Спытайце ў любога сацыёлага: існуе пэўны маятнік інтарэсаў. Цікаўнасць да эканомікі звычайна праяўляецца ў нейкіх дзеяннях. Але я не бачу чэргаў, бунтаў з каструлямі. Іншая справа, што СМІ знемагаюць на гэтыя тэмы – гэта я бачу. Паглядзіце ў стужцы фэйсбука, як людзі посцяць свае вандроўкі – іх менш не стала. Таму я ў гэта ўсё не веру і лічу, што гэта частка замбавання. Я жыў у 1990-ыя і бачыў, як бурліла грамадства: як тысячы прадпрымальнікаў у Асіповічах ці Стоўбцах блакавалі выканкамы і патрабавалі адмяніць пэўны падатак. А цяпер напружваюцца хіба што лініі перадачы інтэрнэт-сігналаў.

Крызіс існуе, але ён складаны і простых рашэнняў у ім быць не можа. Але такога, як у Маскве, дзе нехта зарабляе мільярды, а нехта памірае ад голаду, няма. Адзінае, бясчынства міліцыі – гэта ёсць і яго нельга пакідаць па-за ўвагай, але пра гэта ўжо гавораць.

– Пра што тады будзе казаць Trixter?

– Ён будзе казаць пра тое, што людзям трэба, на нашую думку. Мы трымаемся таго меркавання, што людзі жывуць сэнсамі. І калі ўсё ў жыцці ёсць, а сэнсу няма – тады адчуваеш сябе кепска. А калі сэнс ёсць, то ты альбо не звяртаеш увагу на адсутнасць пэўных рэсурсаў, альбо яны самі праз пэўны час з’яўляюцца. Таму Trixter – гэта пра мэты, мроі, будучыню, сэнсы і рэчы, веданне якіх робіць жыццё цікавым. 

– Для каго ваш праект?

–Я вельмі доўга думаў, для каго праект. І прыйшоў да высновы, што Trixter – ТБ для разумных, якія хочуць падумаць пра такое, пра што нават не ўяўлялі думаць такім чынам. Для людзей, якія хочуць далучыцца да даволі цяжкіх рэчаў, але ў досыць кароткай форме. Яны, магчыма, атрымаюць навядзенне на тэму, якая выкліча інтарэс і прымусіць прагугліць і прачытаць па ёй некалькі артыкулаў.

– Для гэтага павінна быць моцная матывацыя.

– Калі чалавеку цікава – яму цікава. Я ведаю людзей, якія маюць інтарэс у ратаванні сабак. У іх няма лішніх сродкаў, але частку заробка яны аддаюць у прытулак для сабак. Цяпер адбываецца вялікі рост дабрачыннасці ў краіне. Паглядзіце, колькі праектаў! Гуманітарны маршрут “Беларусь – АТО”, дабрачынны фонд “Шанц”, які сабраў дзевяць (сёлета, мабыць, будзе дзесяць) мільёнаў долараў за восем год на розныя праекты. Гэта сведчыць, што людзі знайшлі інтарэс у жыцці, раз гэтым займаюцца. Таму я не веру ў штучную матывацыю.

– Хто робіць Trixter?

– У нас вельмі разнастайная і цікавая каманда, хоць гэта і не сведчыць пра тое, што ўсё з праектам будзе добра. Наадварот, нам цяжка працаваць, калі шмат таленавітых людзей, таму ўсё ідзе так марудна. Што датычна “кухні”, пакуль скажу толькі наступнае: Trixter робіцца не як стандартнае медыя з галоўрэдам, карэспандэнтамі і інш. Гэта, хутчэй, калектыў мікраблогераў, якія збіраюцца стварыць мегаблог.

– Якім тэмам будуць прысвечаны бліжэйшыя выпускі?

– Ёсць такое азначэнне як адмоўнае багаслоўе, калі не кажуць, кім ёсць Бог, але кажуць, кім Ён не ёсць. Калі мы канструявалі Trixter, каб не заганяць яго ў жорсткія рамкі, мы акрэслілі, чаго ён не можа. Ён не можа быць сумным, правакаваць агрэсію, гвалт і падобнае, чаго хапае ў інтэрнэце. Але гэта не значыць, што ён будзе “летуценнікам”, мы павінны быць прывязаныя да актуальнасці. Паколькі актуальнасць – гэта кінафестываль “Лістапад”, які адбудзецца неўзабаве і на які было пададзена 84 беларускія працы, а перад гэтым быў Bulbamovie, высветлілася, што нам давядзецца пагаварыць пра беларускае кіно. Таму ў чацвер аб 11-ай гадзіне ў нас будзе дастаткова цікавы анлайн з адным з самых эрудзіраваных і грунтоўных беларускіх кінакрытыкаў Антонам Сідарэнкам. Гэта будзе размова не столькі пра само кіно, колькі пра беларускую мрою – якая яна? Таму дзве бліжэйшыя перадачы ў гэты і наступны чацвер будуць вельмі цікавымі і нечаканымі.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео