BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Bulbamovie-2016: Цікавы і моцны канцэнтрат беларускага кіно за пару дзён

14.10.2016
Bulbamovie-2016: Цікавы і моцны канцэнтрат беларускага кіно за пару дзён
Акции / Фото
Фота: аргкамітэт Bulbamovie2016
На кінафэст, які другі год запар адбудзецца ў Мінску, пададзена 64 заяўкі. Журы адабрала 24 фільмы на конкурс 12 мастацкіх, 5 дакументальных і 7 анімацыйных.

21 кастрычніка стартуе шосты фестываль новага беларускага кіно Bulbamovie, які з мінулага года праходзіць адначасова ў Беларусі і Польшчы. Фестываль у Мінску пройдзе ў арт-кінатэатры «Тытан».

«Bulbamovie» - фестываль, які ўзнік па ініцыятыве польскага журналіста і кінарэжысэра Януша Гаўрылюка пры падтрымцы групы польскіх і беларускіх кінарэжысэраў і кінакрытыкаў. Першапачаткова праходзіў у Варшаве (2011-2014), з 2015 года - паралельна ў Варшаве і Мінску. Фестываль на дзве краіны, як лічаць арганізатары, стымулюе экранны пошук беларускіх аўтараў і пашырае міжнародныя кантакты кінематаграфістаў.

«Bulbamovie» другі год запар адбываецца ў Мінску, раней гэта была выключна варшаўская імпрэза – і ў гэтым было штосьці, пагадзіцеся, не надта правільнае, бо трэба было ехаць у Польшчу, каб убачыць беларускае кіно, - з тлумачэння пераезду ці падзелу фэста на дзве часткі пачаў прэзентацыю «Bulbamovie-2016» праграмны дырэктар з беларускага боку Максім Жбанкоў. - У гэтым годзе, як спадзяемся, робім справу на якасна іншым узроўні. У 2015-м гэта была ў пэўным сэнсе імправізацыйная падзея, нас прыняў Цэнтр сучаснага мастацтва, але шмат хто, па-першае, не здолеў трапіць у залю, а па-другое, тыя, хто трапіў, сядзелі на падлозе, што не надта зручна і камфортна. Адна з мэтаў сёлетняга фэсту – давесці, што беларускае кіно вартае глядацкай увагі і што беларускі глядач заслугоўвае таго, каб беларускае кіно глядзець у камфорце. У гэтым новым фармаце мы спадзяемся захаваць нашу творчую бескампраміснасць і крэатыўны імпэт».

Што абяцаюць

«Калі паглядзець на конкурсную праграму, то яна мяне здзівіла ў гэтым годзе. Выбух, я так гэта называю, што здарыўся сёлета ў анімацыі, стаўся для мяне сапраўды нечаканым. Шэсць месяцаў працы над фэстам вартыя такіх прыемных сюрпрызаў», - зазначыў прадусар фестывалю Леанід Каліценя.

На ўдзел у фэсце былі пададзеныя 64 заяўкі. Журы адабрала 24 фільмы на конкурс: 12 мастацкіх, 5 дакументальных і 7 анімацыйных. Акрамя конкурсных фільмаў, плануецца дзве пазаконкурсныя прэм’еры: дакументальная стужка «Беларускія песні: традыцыя адлегласці» (рэжысёр Арцём Лобач) і мастацкі кінаальманах «Хранатоп. Танатас і Эрас». Поўны конкурсны спіс - ніжэй.

Чаго не пакажуць на вялікім экране

Фільм «Яечня па-беларуску» Валерыі Целяшэўскай адабраны ў конкурсную праграму, але гледачы ў кінатэатары яго не пабачаць. Міністэрства культуры пабачыла ў стужцы «многочисленные сцены жестокости», «одномерную антигуманную жизненную позицию», таму - «демонстрация запрещена». Максім Жбанкоў падкрэслівае: «Гэта стужка, якую мы абралі, то бок яна ёсць часткай нашай праграмы. Мы залежныя ад рашэння міністэрства, якое распаўсюджваецца на экранныя паказы ў кінатэатрах Беларусі. Усе іншыя магчымасці атрымаць гэтую відэаінфармацыю, як можна здагадацца, папера Мінкульта не абмяжоўвае. Мы лічым, што глядач усё ж такі мае права сам вырашаць, што яму глядзець, аргументацыя Мінкульта, мякка кажучы, дзіўнаватая, таму, натуральна, на экране стужку не ўбачым, але з гэтага не вынікае, што мы не зможам данесці да гледача пра магчымасці пазнаёміцца з гэтым фільмам па-за межамі нашай экраннай праецыі. Такім чынам, не парушаючы законаў, мы абараняем правы гледачоў і правы аўтара. Што да рашэння журы, то гэта – справа журы».

Чым узнагародзяць

Узнагароды прысуджаюцца ў трох намінацыях: мастацкае кіно, дакументальнае кіно і анімацыя. Асобна будзе прысуджаны прыз за найлепшы гук і прыз глядацкіх сімпатый. Паводле Леаніда Каліцені, адна са стужак атрымае прыз глядацкіх сімпатый – і ён будзе мець матэрыяльную вагу. Што праўда, пакуль невядома якую: колькі атрымаецца сабраць за тыдзень на адной з краўдфандынгавых платформ.

Адмыслова для фэсту мастак Руслан Вашкевіч стварыў статуэтку, якая спалучае сімвал перамогі і тарку для бульбы. «Мне сімпатычныя любыя творчыя актыўнасці, незалежна на якім полі яны адбываюцца. Я сябе доўга не ўгаворваў да ўдзелу. Мы аднымі сцежкамі ходзім, толькі з рознымі праектамі», - сказаў Вашкевіч, напаўжартам дадаўшы, што, магчыма, будзе браць удзел у конкурсе кіно ў наступным годзе.

Прыярытэты і перамены

«Гэта – падтрымка творчай моладзі, падтрымка творчага эксперыменту, падтрымка смеласці кранаць балючыя і не надта зручныя для нашага грамадства тэмы, вырашаць іх на мастацкім узроўні, - падкрэсліў Максім Жбанкоў. - У гэтым годзе праграма выглядае цікава і моцна, бо такой канцэнтрацыі нацыянальнага кіно ў адной залі ў пару дзён – няма нідзе болей у Беларусі. І гэта наш асабісты гонар».

Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў, сябра журы «Bulbamovie-2016» і пераможца «Bulbamovie-2015», зазначае: «Фэст расце – і гэта ўжо бачна. Далей будзе больш і больш заявак, адпаведна працэс будзе бачны. Галоўнае: убачыць, як мысляць маладыя аўтары, пра што яны кажуць, пра што мы мыслім самі – бо ў пэўным сэнсе гэта адбітак нашай рэчаіснасці, нашага стаўлення да жыцця».

Мінулы фэст, кажа Максім Жбанкоў, «рабіў сам, як здолеў – так і выцягнуў»: «Зараз бачу, што было шмат «касякоў», бачу, што можна рабіць лепш. І менавіта тое, што адбываецца ў гэтым годзе, гэта ў пэўным сэнсе спроба пераадольвання, ведаеце, такога вось патаснага андэрграўнду, кшталту: сыйдзем мы ўсе ў піўніцу і паглядзім нашае падпольнае кіно. Па-першае, нашае кіно ўжо далёка не падпольнае – ані па якасці, ані па статусу, па-другое, калі можна зрабіць лепш – навошта рабіць горш? І гэта было б немагчымым без каманды, якая склалася да гэтага фэсту».

Канкурэнцыя

Нагадаем, хутка пачынаецца міжнародны, найстарэйшы ў Беларусі кінафестываль «Лістапад». «Фэстаў мусіць быць шмат. Мяне дагэтуль бянтэжыць, што на «Лістападзе» беларускае кіно вынесенае ў асобны конкурс, як на мяне, гэта ўсё ж такі нейкая несправядлівасць. Альбо мы канкурэнтаздольныя, альбо не, калі не, то трэба расці, не трэба гуляцца на агульнай пляцоўцы. Мы – не канкурэнты Лістападу, у нас іншая мэта. Мы – адзіны ў гэтай краіне фэст, які працуе выключна з беларускім кіно, гэта наша падставовая ідэя. Мы займаемся прамоцыяй нацыянальнага кіно, больш дакладна, новай генерацыяй беларускага кіно. Нам няма што дзяліць з «Лістападам». Хтосьці любіць Rolling Stones, хтосьці — electroclash», - падкрэсліў Максім Жбанкоў.

«Каб жа быў толькі «Лістапад», - зазначыў Леанід Каліценя. - Нядаўна скончыліся «Татошка» і «Кіназмена». Падкрэслю, што менавіта ў гэтым годзе ідзе не тое, каб выбух, але сур'ёзнае пашырэнне фестывальнага руху. І зразумела, што гэта адбываецца не проста вось так – значыць, ёсць попыт. І тут яшчэ трэба заўважыць, што для беларускага незалежнага кіно праката як такога няма. Адпаведна, фэсты – гэта пляцоўкі, дзе беларускае кіно становіцца дасяжным для масавага гледача. Фэсты даюць магчымасць хоць нейкага праката для айчыннага кіно. Магчыма, гэта пераўтворыцца ў нейкую форму рэгулярнага праката. Пэўная прамоцыя можа быць. Канкурэнцыі як такой пакуль не бачу, ёсць, я б сказаў, партнёрства ў пэўным сэнсе». Максім Жбанкоў дадае: «Мы выбудоўваем інфраструктуру некамерцыйнага пракату, у тым ліку сферу камунікацыі новых адмыслоўцаў – гэта, мяркую, вельмі карысна».

Конкурсная праграма «Bulbamovie2016»

Мастацкае кіно:

1. Эстафета, реж. Міхаіл Пархоменка, 12’42 хв.

2. Адамаў яблык, рэж. Алена Ясінская, 14’40 хв.

3. Душы мертвыя, рэж.Віктар Красоўскі, 27’58 хв.

4. Ума – Муму, рэж. Станіслаў Турко, 10 хв.

5. Праверка на дарозе, рэж. Аляксандр Дзебалюк, 5’15 хв.

6. Яечня па-беларуску, рэж. Валерыя Целешэўская, 7’28 хв (Забаронена да паказу Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці, экспертнае пасведчанне № 864 ад 06.10.2016)

7. Травень (Май), рэж. Аляксей Свірскі, 29 хв.

8. Тут быў Саша, рэж. Андрэй Кашперскі, 6 хв.

9. Халасцяк, рэж. Васіль Цыбулька, 4 хв

10. Дваццацьшаснаццаць, рэж. Андрэй Крывіцкі, Зміцер Рахоўскі, 15 хв.

11. Вянок, рэж. Павал Недзведзь, 15 хв.

12. Сцены ля мора, рэж. Кірыл Захараў, 26 хв.

Дакументальнае кіно

13. Над сістэмай, рэж. Марыя Булавінская, 15’45 хв.

14. 200 000 абаротаў, рэж. Кацярына Маркавец, 28’23 хв.

15. Цытуй сваё, рэж. Алена Верашчагіна, 10’40 хв.

16. Друя, рэж. Ілля Бажко, 13 хв.

17. Mузыка пад Брaйлeм, рэж. Вольга Пятровa, 17’30 хв.

Анімацыя

18. ЛЭТ ЗЭ БУЛЬБА ХIT ЗЭ ФЛО, рэж. Сяргей Сакаль, 3’51 хв.

19. Ламберсек і даярка, рэж. Анатоль Тадорскі, 3’44 хв.

20. Незвычайны дзіцячы садок, рэж. Руслан Сінкевіч, Марына Лук’янава, 15 хв.

21. Жыццё дома, рэж. Марыя Булавінская, 1’14 хв

22. Дзецi будучага спяць, рэж. Іван Гапіенка, 9’48 хв

23. Я памерла... Ну і што я скажу маме?!, рэж. Соф’я Набок, 5’20 хв.

24. Якія сны сніць мядзьведзь, рэж. Руслан Сінкевіч, 6’30 хв.

Па-законкурсны паказ

25. Беларускія песні: традыцыя адлегласці, рэж.Арцем Лобач, 41 хв.

26. Хранатопь. Танатас і Эрас, кінаальманах, маст.кіраўнік Андрэй Кудзіненка, 45 хв.

Журы

Пётр Чаркаўскі (Piotr Czerkawski)

Кінакрытык. Аўтар шматлікіх рэцэнзіяў, артыкулаў і інтэрв'ю. Стваральнік блога "Кіно Enchante", двойчы (2014, 2015) намінаванага на ўзнагароду Польскага інстытута кінамастацтва. Адзін з вядоўцаў праграмы Weekendowy Magazyn Filmowy на TVP 1. У наступным увасабленні марыць быць ружовым фламінга з фільма Джона Ўотэрса.

Вольга Дашук

Рэжысэрка, сцэнарыстка, кінакрытык. Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм» з 1995 года. Удзельніца і прызёр міжнародных кінафестываляў, у тым ліку IDFA, LeipzigDok, Cinema du Reel (Парыж), Silverdocs (Вашынгтон), Rotterdam IFF, HotDocs (Таронта), Prix Europa (Берлін), Krakow IFF (Польшча).

Паўлюк Канавальчык

Рэжысэр, журналіст, відэа-эксперыментатар. Сузаснавальнік І галоўны рэдактар ​​газэты "Навінкі" (1998-2003). Пасля закрыцця газэты займаецца эксперыментамі на памежжы мас-мэдыяў і відэа-арту. Прадусар незалежнай студыі "Navinki Home Video".

Лідзія Міхеева

Даследчыца візуальнай культуры. Яе артыкулы публікаваліся ў часопісе "Топас", на сайтах «Новая Эўропа» і «Беларусский журнал». Навуковыя інтарэсы: сацыялогія кіно, сацыялогія медыя, структурны псіхааналіз, сацыялогія эмоцыяў, крытычная тэорыя, візуальныя даследаванні, культура дзяцінства.

Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў

Кінарэжысёр, кліпмэйкер, сцэнарыст. У 2011 скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “актор драматычнага тэатра і кіно”. У 2013 паступіў у ВГIК па спецыяльнасці “кінарэжысура і кінадраматургія”. Уладальнік гран-пры фестывалю Bulbamovie-2015 за фільм "Адной крыві".

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео