BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ігар Мельнікаў: Выстава пра беларусаў-андэрсаўцаў выклікала неверагодную хвалю зваротнай сувязі

12.10.2016
Ігар Мельнікаў: Выстава пра беларусаў-андэрсаўцаў выклікала неверагодную хвалю зваротнай сувязі
Фота: Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Больш за сотню тэлефанаванняў і сустрэч з нашчадкамі беларусаў, што ваявалі ў шэрагах ІІ Польскага корпуса, - сведчанне запатрабаванасці ў вяртанні сцёртага Саветамі кавалку беларускай памяці.

Праца выставы «Беларусы ў II польскім корпусе. Невядомыя старонкі Другой сусветнай вайны», што адкрылася 1 верасня ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, працягнута па 14 кастрычніка. І ў першую чаргу – з-за вялікай цікавасці да экспазіцыі ў наведвальнікаў музея.

Да размовы карэспандэнта Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» з гісторыкам Ігарам Мельнікавым, чыя калекцыя стала крыніцай для беларускай часткі выставы, час ад часу далучаюцца супрацоўніцы музея Вялікай Айчыннай вайны. Кажуць, што шмат хто з наведнікаў пытае нумар тэлефона Мельнікава, хтосьці пакідае свае каардынаты разам з падзякамі за тое, што ўпершыню ды яшчэ ў галоўным дзяржаўным ваенным музеі ўспомнілі пра жаўнераў, якіх нібыта і не было паводле савецкай дзяржавы. «Дзякуй і ад нас, бо мы самі нават не ведалі, што з нашымі такое было», - кажа адна з супрацоўніц музея ВАВ.

Тэлефанавалі і падчас гадзіннай размовы-экскурсіі. Адзін чалавек нават вярнуўся ў музей з пачкам дакументаў і фатагарафій, даведаўшыся, што Ігар Мельнікаў зараз знаходзіцца тут. Але пра гэта пазней. Што да самой выставы, то яна складаецца з трох частак: «Першая – гэта банэры, якія былі зроблены Радай аховы памяці польскай у 2012 годзе для музея ў Санкт-Пецярбургу, другая частка – некалькі банэраў, зробленых музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, бо, на жаль, у музея не так шмат арыгінальных экспанатаў. А трэцяя частка – гэта непасрэдна артэфакты з маёй калекцыі. У асноўным – арыгінальныя рэчы, ёсць і копіі, якія расказваюць менавіта пра ўдзел беларусаў у складзе Арміі Андэрса ў барацьбе з нацызмам. Вось у гэтай польскай частцы выставы, што ладзілася нядаўна ў Расіі, украінскага і беларускага бакоў няма, таму разам з амбасадай Польшчы вырашылі дадаць беларускі складнік. Выстава рыхтавалася пры падтрымцы і ўдзеле польскай дыпмісіі, музея ВАВ і маёй».

Нагадаем, што сёлета ў ліпені Ігар Мельнікаў з дапамогай польскай амбасады прадставіў у Нацыянальным гістарычным музеі выставу, прысвечаную ўдзелу беларусаў у Другой Сусветнай вайне. «Экспазіцыі вельмі адрозныя. Тая была ўвогуле па перыяду з 1939-га па 1945 год, а тут мы робім акцэнт непасрэдна на ўдзел беларусаў у барацьбе з нацызмам на заходнім тэатры вайсковых дзеянняў – гэта і Блізкі Усход, і Афрыка, і, зразумела, кульмінацыя – Монтэ-Касіна ў Італіі», - кажа Ігар Мельнікаў.

«Армія Андэрса – яна ж пазней афіцыйна вядомая як Другі Польскі корпус Брытанскай арміі – была сфармаваная ўлетку 1941 года, калі паводле дамовы Сікорскага-Майскага на тэрыторыі Савецкага Саюза пачалося стварэнне з польскіх ваеннапалонных польскага войска. Насамрэч, яшчэ ў 1940-м у савецкіх улад быў план зрабіць польскае фарміраванне з тых, каго ўзялі ў палон у 1939 годзе, але ў 1941 годзе, па зразумелых прычынах, Саветы пачалі займацца гэтым больш актыўна – спачатку пад Масквой фармавалася гэта войска, пазней у Туркестане праца працягвалася, - распавядае гісторык. - Зазначу, што з самага пачатку Уладзіслаў Андэрс падкрэсліваў, што жадае бачыць у шэрагах сваёй арміі як мага больш беларусаў. Сталін сказаў, што навошта польскаму генералу беларусы, украінцы, габрэі, бо палякі ж лепшыя за іх жаўнеры, на што Андэрс адказаў, што ведае якасці беларусаў яшчэ з верасня 1939 года. Ён сапраўды падчас абароны Млавы ў складзе Навагрудскай кавалерыйскай брыгады бачыў шмат беларусаў у справе. Таму, пэўна, шмат нашых суайчыннікаў і трапіла ў новаствораную армію. У 1942 годзе Армія Андэрса была эвакуявана ў Іран, потым – змаганне ў Афрыцы з Ромелем, 1944 год – Італія, і там жа лёсавызначальная бітва пад Монтэ-Касіна (вясна-лета 1944 года), дзе шмат беларусаў палегла».

Пасляваенны лёс быў пакручасты ў ветэранаў Другога корпуса: «Шмат хто вырашыў вярнуцца на Радзіму, шмат хто застаўся ў Вялікабрытаніі, з'ехаў у ЗША. Тыя, хто вярнулія, у 1945-49 гадах жылі спакойна, а ўвесну 1951 года былі дэпартаваныя ў Сібір, усе іхныя ўзнагароды рэквізаваліся, у Сібіры, у асноўным у Іркуцкай вобласці, гэтыя людзі знаходзіліся да канца 50-х, пазней далі магчымасць вярнуцца. Іх трагедыя працягвалася: калі яны атрымалі савецкія вайсковыя білеты, там было напісана: «В Велікой Отечественной войне не участвовал». Фармальна нібыта правільна: яны ж удзельнічалі ў Другой Сусветнай, а такой катэгорыі ветэранаў у Савецкім Саюзе не існавала».

Нагадаем, што на адкрыцці выставы прысутнічала ўпаўнаважаная ў пытаннях міжнароднага дыялогу канцылярыі старшыні Рады міністраў Польшчы, сенатарка, дачка генерала Андэрса Ганна-Марыя Андэрс. У сваім выступе яна падкрэсліла, што для многіх беларусаў войска Андэрса стала выратаваннем ад сталінскага ГУЛАГу, дачка генерала падзякавала нашчадкам жаўнераў і прыгадала наступныя словы з песні «Чырвоныя макі Монтэ-Касіна»: «Bo wolność krzyżami się mierzy» («Бо свабода вымяраецца крыжамі»). Дарэчы, плануецца, што днямі выставу наведае яшчэ адзін высокі госць – прадстаўнік брытанскай каралеўскай сям'і прынц Майкл Кенцкі, які прыедзе ў Беларусь з працоўным візітам.

Самае ж важнае, паводле Ігара Мельнікава, гэта наймацнейшая зваротная сувязь: «Дзякуй Богу, супрацоўнікі музея перадаюць мой нумар тэлефона ўсім, хто зацікавіўся. Шмат людзей прыходзіць – гэта ж яшчэ і галоўны вайсковы музей. Тэлефануюць людзі, якія нічога не ведаюць пра Армію Андэрса, але ўбачылі беларускі складнік гэтай гісторыі, таксама тэлефануюць нашчадкі тых, хто ваяваў у гэтай арміі. Нехта, прыкладам, не ведае нічога, але мае здымкі нейкія. Прынамсі, для кагосьці вельмі важна тое, што на дзяржаўным узроўні ўпершыню паказалі, што іх сваякі, продкі былі героямі вайны. Ну і мне, як даследчыку, таксама гэта важна, бо я знаходжу праз такіх наведвальнікаў шмат матэрыялу: багата ўспамінаў, здымкаў, нават сёння мне перадалі здымкі. Гэта вельмі важна – сустракацца з такімі людзьмі».

На заканчэнне размовы ў музеі з'явіўся сівы мужчына, які адразу стаў паказваць Мельнікаву дакументы, фатаграфіі і нават сшытачак, у які яго бацька ўжо ў 90-х запісваў свае ўспаміны. У апошнім абзацы Аляксандр Акуліч піша, што яму крыўдна, што ён ваяваў і мае баявыя ўзнагароды, але не лічыцца ветэранам вайны. Што праўда, паспеў яшчэ атрымаць дакумент аб рэабілітацыі – з афіцыйнай тады яшчэ Пагоняй. «Я аж не паверыў, калі пачуў, што выстава пра андэрсаўцаў у музеі Вялікай Айчыннай. Шкада, што бацька не дажыў, але ўдзячныя мы, дзеці», - сказаў сын Аляксандра Акуліча.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео