BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Украінскія паэты: Беларусам цяжка заставацца сабой

24.08.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Украінскія паэты: Беларусам цяжка заставацца сабой
В Украине
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Украінскія паэты сустрэліся з чытачамі ў Мінску і распавялі, чаму быць беларусам у Беларусі складаней, чым украінцам – ва Украіне.

Сёлета ў Беларусі ўпершыню адбыўся літаратурны оpen-air фестываль "Каптаруны", які голасна абвешчаны міжнародным. Пакуль што ён аб’яднаў тры краіны: акрамя беларускіх і ўкраінскіх творцаў яго наведалі нямецкія журналісты, якія цікавяцца нашай краінай. Тым часам два ўдзельнікі фестывалю з Украіны Аляксандр (Сашко) Ірванец і Люба Якімчук на завяршэнне фестываю завіталі ў сталічную кнігарню “логвінаЎ”, дзе чыталі свае вершы і адказалі на пытанні прысутных.

– Для мяне гэта зоркі не толькі ўкраінскай, але і еўрапейскай велічыні, і ў іх сёння выйшаў вельмі ўдалы тандэм, хоць яны прадстаўляюць паэзію розных пакаленняў, гендэраў, стылістык, – прызнаўся Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. – Вядома ж, я цікаўлюся літаратурай суседзяў, тым болей, што мы гэтым суседзям вельмі спачуваем і вельмі за іх пераймаемся. Але ж не толькі таму. Перадусім, я перакладаю і стараюся запрашаць да нас аўтараў цікавых, аўтараў, якія не маюць беларускіх аналагаў, а таму ў іх можна чамусьці павучыцца. Яны перакладзеныя ўжо на дзясяткі моваў, п’есы Сашка Ірванца ідуць у Нямеччыне, Польшчы, Украіне, а Люба сёлета цікава дэбютавала як драматург. Кожны з іх па-свойму мудры і па-свойму віртуозны, у кожнага свая паэтыка, свае “лісты шчасця”, якія па-рознаму спрацоўваюць, знаходзяць месца для надзеі сярод, здавалася б, безнадзейнасці, месца для смеху там, дзе, здавалася б, маглі быць толькі слёзы. Яны ўмеюць быць нечакана смешнымі і неспадзявана сур’ёзнымі. Яны – як і цэлы шэраг выбітных украінскіх сучасных літаратараў – адчуваюць (і робяць фактам літаратуры) тыя ж працэсы, што і мы, але знаходзяць крышачку іншыя рэцэпты. Яны дасягаюць сваіх мэтаў – перадусім свабоды – часам вельмі дарагой цаной. Давайце вучыцца на іх памылках і радавацца іх удачам і перамогам.

“Там, дзе не растуць абрыкосы, пачынаецца Расія”

Мадэравалі сустрэчу, якая адбывалася ў межах “Году ўкраінскай літаратуры з кнігарняй Логвінаў", Андрэй Хадановіч і філосаф, паэт, перакладчык Ігар Бабкоў. Госці спачатку прачыталі слухачам некалькі сваіх твораў. Люба Якімчук пачала з урыўка з паэмы “Абрыкосы Данбасу”. Твор, як і большасць вершаў у аднайменным зборніку, быў напісаны яшчэ да вайны, але цяпер кніга, якая стала "аж занадта актуальнай", чытаецца як суцэльны тэкст. Паэма – пра шахцёрскую гісторыю. Эпіграф да яе – “Там, дзе не растуць абрыкосы, пачынаецца Расія”. І праўду, на Данеччыне і Луганшчыне, адкуль родам Люба Якімчук, расло шмат абракосаў, і яны былі ў літаральным сэнсе хлебам штодзённым для мясцовых жыхароў. З абракосаў рабілі ўсё:  сушылі, варылі сочыва, гналі самагон, здавалі на маскоўскі цягнік, які праходзіў…

– У 2010 годзе паэт і празаік Юрый Андруховіч сказаў такую рэч: “Давайце дамо Данбасу і Крыму магчымасць аддзяліцца”. Гэта мяне вельмі моцна зачапіла, я была ўражана і абражана гэтым выказваннем і стала думаць, што магу зрабіць. Тэрыторыя, з якой я паходжу, не вельмі добра апісаная ў літаратуры, і я вырашыла, што магу праводзіць межы нарацыі, бо нацыя – гэта нарацыя, як мы гаворым пра нашу зямлю, такой яна і будзе, – распавяла паэтка. – Тады ў 2012 годзе я напісала паэму “Абрыкосы Данбасу”, якая была апублікаваная ў часопісе “Шо”.  

Як прызналася Люба Якімчук, яна не хацела ўжываць у назве зборніка слова “Данбас”, бо яно асацыюецца з машынамі, шахтамі, заводамі, але не з людзьмі.

– Я вырашыла папрацаваць з гэтым словам і паказаць, што там ёсць не толькі машыны, але і людзі з іх эмоцыямі, перажываннямі, любоўю. І абрыкосы вынесены ў загаловак, бо гэта штосьці прыемнае, пяшчотнае.

Калі пачалася вайна, паэтка стала шукаць новую мову, каб казаць пра яе. Для яе было дзіўна, што людзі працягваюць пісаць тымі ж “кучаравымі” словамі, метафарамі, “прыгожымі, як вышыванка”.

– Мая хата стаіць у 300 метрах ад лініі фронту, там жыве баявік. Мой тата часта парываецца сабраць рэчы і вярнуцца, кажа, што адчувае сябе, як у турме. Я не адчуваю сябе, як у турме, мне камфортна, і я лічу, што гэта нармальна, – падзялілася пісьменніца, якая жыве цяпер у Кіеве. – Вядома, я перажываю, асабліва напачатку я вельмі балюча ўспрымала навіны з Усходу. Але я навучылася з гэтым псіхалагічна спраўляцца. Я не хачу заганяць сябе ў няўрозы, хачу жыць і радавацца жыццю. Я пастаянна працую, у мяне няма часу на дэпрэсію, я пішу вершы не толькі пра вайну, але і пра каханне.

Ігар Бабкоў зазначыў, што Люба Якімчук “апынулася ў патрэбным месцы ў патрэбны час”, і запытаўся, ці не баіцца яна трапіць у каньюктурную пастку і казаць тое, што ад яе хочуць пачуць.

– Я ніколі не арыентуюся на чытача. Пішу для людзей, перадусім для ўкраінцаў, але ніколі не спрашчаю свае вершы для таго, каб яны былі даступныя большай колькасці людзей. 

“Сяргей Нігаян, Міхаіл Жызнеўскі - ужо нашы святыя”

Калі Любу Якімчук толькі пачынаюць перакладаць на беларускую, то вершы “з’едлівага саціра” Сашка Ірванца ўжо даўно знаёмыя беларускім чытачам, у тым ліку дзякуючы пісьменніку Уладзіміру Арлову. І першы верш, які паэт прачытаў у кнігарні, быў прысвечаны менавіта яму. Увогуле, беларуская тэматыка вельмі блізкая паэту з Роўна. Ён амаль бездакорна гаворыць на беларускай мове, часта бывае тут, перакладае беларускіх аўтараў  і нават прысвяціў нашай краіне паэму, якая называецца “Беларусь”.

Аляксандр Ірванец прадставіў і сваю кніжку “Пісні війни”, якая, зрэшты, больш не пра вайну на Усходзе, а пра Рэвалюцыю Годнасці.

– Я сам быў на Майдане, я ведаю, што людзі там стаялі не за грошы, а, наадварот, прыносілі свае грошы, бабулькі прыносілі піражкі, каву – людзі, толькі стойце, толькі скіньце гэты рэжым! Мне ўдалося перакінуцца парай словаў з нашым першым святым, героем, гэта быў хлопчык-украінец, толькі з армянскім прозвішчам, Сяргей Нігаян, там жа і Міхаіл Жызнеўскі – і як з гэтага смяяцца, гэта ўжо нашыя святыя! А вось з тых беркутаўцаў, якія хаваліся ў шаломах, каб не паказваць свае твары, трэба смяяцца, іх трэба нішчыць.

Аднойчы Аляксандр Ірванец выказаўся, што заняткі літаратурай вымагаюць ад беларускіх пісьменнікаў не толькі талентаў, але і мужнасці. Ён патлумачыў, што гэта значыць:

– Пісьменнікі ў вас вельмі шмат цяпер робяць для фармавання нацыі, народа. Хадановіч спяваў падчас Плошчы і яго пасля вялі мамы вучняў, каб не загрэблі ў “варанок”. Арлоў хадзіў на дэманстрацыі… Я таксама хадзіў. Але ва Украіне лягчэй быць у апазіцыі, быць нязгодным. Ментальнасць беларусаў такая, што вам цяжка заставацца сабой. І за гэта ў мяне вялізарны рэспект да беларускіх аўтараў. Я вельмі шаную вас, бо быць беларусам сёння складаней, чым быць украінцам ва Украіне.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео