BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Сцяпан Стурэйка: Сыйсці ад фальшу ў прасторы можна стымулюючы незалежныя культурныя ініцыятывы

17.08.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Сцяпан Стурэйка: Сыйсці ад фальшу ў прасторы можна стымулюючы незалежныя культурныя ініцыятывы
TUT.BY
Чаго не хапае Мінску, каб стаць па-сапраўднаму ўтульным?

За апошнія некалькі гадоў культурнае жыццё беларускай сталіцы значна ўзбагацілася. Выхадныя ўжо складана ўявіць без музычных вечароў, сувенірнага кірмашу і пешаходнай зоны ў Верхнім горадзе, калісьці закінутыя і мала каму вядомыя вуліцы Зыбіцкая і Кастрычніцкая пераўтварыліся ў сапраўдныя цэнтры моладзевай тусоўкі. “Як у Еўропе!” – спачатку шэптам, а цяпер і голасна заяўляюць мінчукі. Вядома ж, не абыходзіцца без, так бы мовіць, беларускіх  “нацыянальных асаблівасцяў”: ініцыятыву з канцэртамі ля Ратушы ледзь была не зарубіла турнікетна-прапускная сістэма з АМАПам, а маладзёнаў, што выпівалі на Зыбіцкай, затрымала міліцыя. Ці магчыма такое ў Еўропе? Пра гэта ў інтэрв’ю Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” разважае гісторык, культурны антраполаг, выкладчык ЕГУ Сцяпан Стурэйка.

– Сцяпан, вы ўжо два гады стала жывеце ў Вільні, шмат падарожнічаеце. Ці можна параўноўаваць культурнае жыццё Мінска з жыццём краін Еўропы?

– Калі мяне просяць ахарактарызаваць тутэйшае культурнае жыццё, я кажу пра паралельнасць існавання афіцыйнай дзяржаўнай версіі культуры і культуры незалежнай, якая, на мой погляд, нашмат цікавейшая і больш канкурэнтаздольная. За “дзяржаўнай” культурай пакуль што перавага ў яе інстытуцыяналізаванасці, стабільным фінансаванні, прастаце вырашэння нейкіх арганізацыйных пытанняў. Незалежная культура прабіваецца, расце пасля пэўнага застою. Такія культурніцкія ініцыятывы лёгкія, надзённыя, па-сапраўднаму цікавыя і, што мяне радуе, іх становіцца ўсё больш нават у крызісны час.

– А што не так з “афіцыйнай” культурай? Усё, што цяпер робіцца ў тым жа Верхнім горадзе, адбываецца на дзяржаўным узроўні.

– А што такое “дзяржаўны ўзровень”? Незалежныя культурныя ініцыятывы таксама ўзгадняюцца ў той ці іншай ступені і форме. Але хто спансуе тыя ж музычныя вечары? Прыватны бізнес. Таму я не казаў бы, што канцэрты ля Ратушы – гэта дзяржаўная палітыка, гэта ўсё прыватныя ініцыятывы.

– Дзяржаўны ўзровень – гэта яшчэ і кантроль. У той жа Вільні магчыма ўявіць, каб моладзь увечары затрымлівала каля бараў паліцыя?

– Абсалютна магчыма. Я не ведаю, як той затрыманы сябе паводзіў і што гэта былі за АМАПаўцы. Ідыётаў хапае паўсюль, і ў Вільні, і з боку паліцыі, і з супрацьлеглага боку. Але мне нават нецікава пра гэта чытаць і я не бачу падставы, каб яно так абмяркоўвалася.

– Журналістка Ірына Халіп нядаўна назвала гэтую тусовачную прастору “алкагольным гета”. Ці згодны вы з такім азначэннем?

– Я згодны з тым, што ў пэўнай ступені гэта гета, але катэгарычна не згодны з абвінаваўчым пафасам. Што з гэтым рабіць? Нічога. Альбо ўдзельнічаць, альбо не. Ці вам гэта падабаецца, прыцягвае, вы там сябе ўтульна адчуваеце, ці не. Гэта ваш выбар і абсалютна нармальная гарадская з’ява, такое адбываецца паўсюль.

Я нядаўна быў у Палерма, там увогуле небяспечна хадзіць. Людзі гуляюць па цэнтральнай вуліцы, на якой літаральна не прасунуцца. Яна так-сяк асвятляецца, на ёй кавярні. Паліцыя ходзіць у бронекамізэльках, з аўтаматамі. І гэтая вуліца неверагодна бурліць. А ад яе адыходзяць іншыя вуліцы, цямнейшыя, і туды ніхто не заходзіць.

У нас зусім іншае асяроддзе. Калі я думаў, як яно ўплывае на наша самаадчуванне, прыйшоў да парадаксальнай высновы: адзіна-важнае – аўтэнтычнасць, а зусім не абстрактныя параметры камфорту. Прывяду прыклад. Я люблю ездзіць у Нідэрланды. Аднойчы, ідучы ўздоўж каналаў у Амстэрдаме, раптам зразумеў, чаму мне гэта ўсё падабаецца. Там моцнае заканадаўства па ахове культурнай спадчыны, і ахоўваюць не проста будынкі, а фактуру паверхняў. Калі будынак калісьці фарбаваўся пэндзлем пэўнага памеру зялёнай фарбай, ён і надалей фарбуецца выключна такім пэндзлем і колерам з абмежаванай палітры. І там немагчыма паставіць дзверы, пафарбаваныя машынным спосабам. Бо фактура будзе не тая. Але пры гэтым яно ўсё абсалютна новае. Ёсць адчуванне ўтульнасці і натуральнасці асяроддзя, бо яно ёсць лагічным працягам мясцовай пратэстанцкай культуры. А на Сіцыліі – наадварот, усё развальваецца. 90 % будынкаў у цэнтры Катаніі выглядаюць як руіны, і вельмі натуральна, бо зразумела што гэта таксама працяг культуры і так яны жывуць ужо некалькі стагоддзяў.

У нас праблема культурнай прасторы ў тым, што яна ўяўляе сабой сумесь савецкага, постсавецкага, нібыта еўрапейскага. То бок відавочная няўстойлівасць. Ідзе капіяванне знешніх прыкметаў, таго што нехта дзесьці падгледзеў, без разумення сутнасці той ці іншай з’явы. Мусіць прайсці нейкі час, так ці інакш яно “ўстаканіцца”. Мінск развіваецца вельмі хутка. Узгадайце 2006 год – ужо амаль і не пазнаць.

– Развіваецца – так, але разам з тым знікаюць і гістарычныя аб’екты, якія маглі б захоўваць тую самую культурную сувязь.

– Справа не толькі ў аб’ектах. Нядаўна завершылася міжнародная летняя школа, якая ладзілася Брэменскім, Віленскім універсітэтамі і ЕГУ. Школа праходзіла ў Вільні, Мядзінінкаі, Гальшанах і Мінску, я быў арганізатарам беларускай часткі. І вельмі цікава было назіраць за рэакцыяй замежнікаў, якія чатыры дні правялі ў Гальшанах і два ў Мінску. Наколькі чыталася іх захапленне Гальшанамі – і зусім не замкам, а арганічнасцю асяроддзя: драўляныя хаты, каровы, дзеці, якія з усімі вітаюцца на вуліцы… А калі мы прыехалі ў Мінск, яны адчулі фальш.

– Як сыйсці ад гэтага фальшу?

– Дапамагаючы культурным ініцыятывам. Незалежная культура праяўляецца не толькі ў спевах на вуліцы, але і ў архітэктурных праектах, шрыфтах на шыльдах, прабіваецца ў аздабленні вітрын, кавярняў. Больш за тое, у сферы інтэлектуальнага жыцця, з якім я знаёмы, незалежныя культурныя праекты абсалютна дамінуюць.

З пазіцыі, на якой я знаходжуся (палітык ці дызайнер казалі б зусім іншыя рэчы), адзінае, што застаецца – гэта аналізаваць, фіксаваць працэсы, якія адбываюцца, часам супакойваць, часам выказваць занепакоенасць. Мне б хацелася ў сваім Еўрапейскім Гуманітарным Універсітэце налета запусціць праграму, прысвечаную крытычным даследванням спадчыны, дзе б аналізавалася не столькі методыка захавання камянёў, а, хутчэй, адносіны людзей вакол гэтых камянёў. Мне б хацелася, каб з’яўлялася больш людзей, здольных з дапамогай рознага інструментара аналізаваць тое, што адбываецца на вуліцы Зыбіцкай. З розных падыходаў, культурных, камунікатыўных, сацыялагічных працэсаў. Тое, што там адбываецца з дызайнам гарадскога асяроддзя, якое – тут я на 100% пагаджуся і з Віктарам Марціновічам, і з пафасам Ірыны Халіп – “хавайся ў бульбу”. Я адчуваю ў сабе моц развіваць гэты кірунак і стымуляваць такога кшталту даследванні. Ёсць ідэя моцна рэфармаваць існуючую праграму па культурнай спадчыне ў турызме, каб зрабіць яе крытычны і аналітычны патэнцыял нашмат большым. Каб яе выпускнікі маглі не толькі вадзіць экскурсіі і крытыкаваць знос помнікаў, а разбірацца ў працэсах, у межах якіх гэтыя помнікі зносяцца альбо, наадварот, будуюцца.

– Для чаго гэта трэба?

– Для таго, каб рабіць пісьменна ўпісаныя ў навакольнае асяроддзе новыя культурніцкія сацыяльныя праекты ў самым шырокім сэнсе. Я хачу, каб чалавек, які скончыць гэтую праграму, разумеў, як ствараць гэтае асяроддзе, як карыстацца наяўнымі рэсурсамі, рабіць гэта арганічна і злабадзённа.

– І як новая, змененая, утульная культурная прастора можа ўплываць на людзей?

– Багацце культуры – у яе ўстойлівасці. Калі вы чыталі тоўстую папяровую кніжку? А паедзьце, скажам, у Францыю, і пабачце колькасць кніжных крам, колькі людзей чытаюць папяровыя кніжкі – і гэта далёка не пенсіянеры. Колькі людзей па-ранейшаму разгортваюць ранішнія газеты – паверце, у іх таксама ёсць айпэды. Гэта іншая культура. І гэта таксама частка дызайну асяроддзя.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео