BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Касцёл у Лучаі адзначыў 250-годдзе (фота)

24.07.2016
Касцёл у Лучаі адзначыў 250-годдзе (фота)
Акции / Фото
Фота: Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Храм Св. Тадэвуша за апошнія шэсць год стаў сапраўдным цэнтрам беларускасці – штомесяц тут ладзяцца фэсты, удзел у якіх – гонар як для мясцовых, так і сталічных артыстаў.

Пробашч Лучайскага касцёла, ксёндз Мікалай Ліпскі, можна сказаць, мясцовы – ён паходзіць з суседняй з Паставамі Шаркоўшчыны. Імша, зразумела, на мове, але, акрамя гэтага, ксёндз ужо некалькі год запар ладзіць фэсты з розных нагод, якія пакрысе пераўтварылі вёсачку Лучай у стрыжань мясцовага культурніцкага жыцця. 23 ліпеня, у дзень Св. Ганны, касцёл святкаваў 250-годдзе заснавання.

Тутэйшы маёнтак у 1731 годзе набыла Эльжбета Агінская-Пузыня, блізкім сваяк якой - знакаміты кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. Хоць і не пацверджана дакументальна, але ўсе ў Лучаі ўпэўнены, што аўтара знакамітых паланэзаў часта бываў тут. Дык і як не бываць у сваячкі, якая так апекавалася культурай ды навукамі, што згадваецца самім Адамам Міцкевічам у паэме "Пан Тадэвуш". Вось што кажа адзін з герояў пан Падкаморы:

«...Я сам у курсе

Астранамічных ведаў быў у бурсе

Галоўнай школы ў Вільні. Там за сродкі

Пузынінай, багатай патрыёткі,

Мы мелі тэлескоп (усе выдаткі

Былі збалянсаваны за падаткі

З двухсот двароў халопскіх — з рук у рукі),

Падтрымлівала пані храм навукі».

Каменны двухвежавы езуіцкі касцёл у Лучаі заснаваны ў 1766 годзе. Канчаткова ён быў пабудаваны ў 1776 годзе пры Тадэвушу Агінскім па праекце італьянскага архітэктара Карла Спампані.

Храм уяўляе сабой традыцыйную для езуіцкага храма крыжовую базыліку са «схаваным» купалам (звонку купал цалкам схаваны пад двухсхільным дахам). У 1811 годзе ў касцёле быў усталяваны арган, які дзейнічае і зараз.

Унутры касцёла захаваліся фрагменты арыгінальнага роспісу ў стылі грызайль (імітацыя скульптурных кампазіцый), выкананага вядомым мастаком таго часу, Казімірам Анташэўскім. Гэты ж мастак выканаў роспіс касцёла ў Будславе і Кафедральнага касцёла ў Менску.

Лічыцца, што касцёл святога апостал Тадэвуша ў Лучаі пабудаваны ў стылі «барочнага класіцызму». Гэты храм – апошні помнік езуіцкага манументальнага дойлідства, узвядзенне якога было завершана ўжо пасля выгнання ордэна езуітаў з Вялікага Княства Літоўскага.

Касцёл дзейнічаў і пасля Другой Сусветнай вайны. У 1971 годзе Саветы пераўтварылі касцёл у калгасны склад. Адрадзіў Лучайскі касцёл у 1985 годзе старшыня калгаса імя Суворава (да якога далучылі Лучай) – Алег Валадзько. Ім было аддадзена распараджэнне спыніць функцыянаванне склада, ён жа дамогся прызнання касцёла помнікам архітэктуры з наступнай рэстаўрацыяй. У 1990 годзе Рыма-Каталіцкі Касцёл на Беларусі атрымаў ужо адрэстаўраваную святыню.

Фэсты, што ладзіць пробашч Мікалай Ліпскі, хутка набылі папулярнасць. На нумарах машын, што запаўняюць падчас святаў невялічкі Лучай, прадстаўлены амаль усе рэгіёны Беларусі.

«Атрымоўваецца тое, што робіцца ад сэрца. З Божай дапамогай і дапамогай тых людзей, што падтрымліваюць – можна зрабіць шмат, - кажа ксёндз Мікалай Ліпскі. - Змены ёсць і ў мысленні людзей, і ў стаўленні да сваёй культуры, да сваёй тоеснасці. Малымі крокамі, але ідзецца наперад».

Паводле пробашча, прозвішча даўнейшых уладальнікаў Лучая – Агінскіх - «накладае адказнасць: каб захаваць такую спадчыну і перадаць яе далей таксама».

На Лучайскіх фэстах праблем з выступамі, як у сталіцы, Лявон Вольскі не мае. Гэтым разам публіка пачула лепшае з «Народнага альбому», хіты «Крамбамбулі» і культавую «Тры чарапахі». «У нас песні нічога супраціўнага з Касцёлам не маюць, шчыра кажучы. Так што мы можам любую песню сваю спяваць – і не думаю, што для Касцёла гэта будзе вельмі кепска», - Лявон Вольскі не бачыць супярэчнасцяў паміж рок-канцэртам і фэстам пры касцёле.

Ён задаволены: «Па-першае, тут з кожным годам усё болей і болей людзей, гэта вельмі цікава і добра, нам нават няма дзе запаркавацца. Па-другое, публіка вельмі цёплая, па-добраму правінцыйная: напрыклад, я на апошнім канцэрце таксама запрашаў дзяўчат рабіць падпеўкі на сцэне – і было досыць цяжкавата ў сталіцы, а тут яны адразу ж уключыліся ў тэму і спакойна ўсё гэта адбылося».

Вольскі з камандай патрапіў у Лучай адразу з «Басовішча», што ладзіцца пад Беластокам. Дух «Народнага альбома» як ніколі пасаваў да маршрута: «Мы праехаліся ад Бераставіцы вось да Лучая – і паўсюль было гэта заходнебеларускае мястэчка. Вельмі цікавы досвед – паездка да паўночнага захаду, безумоўна, дух гэты тут застаўся, ён адчуваецца, ды і відаць гэта ўсё адразу па людзях, якія прыйшлі сюды».

Лідэр гурта «Рэха» Андрусь Такінданг тут часты госць: «У Лучаі адбываюцца фэсты штомесяц – і гэта вельмі добра, бо людзі ўжо ведаюць, што будзе Імша святая, будзе канцэрт, будзе беларуская мова. Чалавек прызвычайваецца да музыкі, спадзяюся, добрай, да таго, што ёсць куды выйсці, жыць не толькі нейкімі паўсядзённымі клопатамі і праблемамі, але раз на месяц атрымаць свята. Гэта – цудоўна. Пераважная колькасць выканаўцаў – беларускамоўныя, і ксёндз Мікалай, наколькі я ведаю, звяртаецца да артыстаў, каб яны ўключалі ў рэпертуар беларускія песні. І таму свята набывае не толькі рэлігійнае, але і важнае агульнакультурнае значэнне».

Ухваляе традыцыю, якой ужо шэсць год, і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі: «Я належу да манаскай супольнасці, якую заснаваў Св.Ян Боска (ордэн салезіянцаў - «ЕўраБеларусь».), ён прысвяціў усё сваё жыццё моладзі, і ён асабліва любіў прыдумляць розныя святы, фэсты дзеля таго, каб маладога чалавека навучыць добра бавіць свой час. Ён казаў: рабіце ўсё – толькі не грашыце. Таму я лічу, што калі мы ўмеем ствараць з парафіі сям'ю, якая збіраецца на малітве, на эўхарыстыі, а таксама потым можа падзяляць такі вось момант як канцэрт, фэст, размову паміж сабой – гэта ўсё служыць толькі для супольнага абагачэння, да аб'яднання людзей. Гэта вельмі добрая ініцыятыва».

Наступны фэст у Лучаі адбудзецца ў жніўні. Нагода – пачатак новага навучальнага года.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео