BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Мацей Радзівіл: Я грамадзянін Вялікага княства Літоўскага

08.07.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Мацей Радзівіл: Я грамадзянін Вялікага княства Літоўскага
Нашчадкі славутага роду прыехалі ў Мінск, каб дамовіцца перапахаваць тут парэшткі вядомай мецэнаткі Магдалены Радзівіл.

Сучасныя Радзівілы жывуць па ўсім свеце: ёсць прадстаўнікі гэтага роду і ў Перу, і ў Канадзе, і ў Польшчы, і ў іншых краінах.  Многія з іх пяшчотна захоўваюць памяць пра сваіх продкаў і нават  цяпер бяруць шлюбы з нашчадкамі старажытных фамілій. Напрыклад, прадстаўнік роду па лініі Паланэчкі (вёска ў Баранавіцкім раёне, якой валодалі Радзівілы) князь Мацей Радзівіл, які прыехаў днямі ў Мінск з Польшчы, жанаты са спадчынніцай нясвіжскай лініі, маці ж яго паходзіць з Чартарыйскіх, а бабуля – з Сапегаў.

– Калі мяне запытваюць беларусы, літоўцы, да якой нацыянальнасці я сябе адношу, заўсёды адказваю: “Я грамадзянін Вялікага княства Літоўскага”, хоць гэтай дзяржавы ўжо няма. У нас не было магчымасці жыць у Савецкім Саюзе, у Польшчы камунізм не быў такім цяжкім, таму мае продкі захавалі род там, а тут не было такой магчымасці. Я быў першы Радзівіл, які прыехаў у Нясвіж у 1988 годзе. Ці вернемся мы на Беларусь? Мы вельмі часта прыязджаем сюды, калі ёсць нейкія канферэнцыі ці культурныя падзеі, я сёлета ўжо чацвёрты раз тут. Так што мы ўжо вярнуліся сюды. У мяне ёсць сям’я, маленькі сын, таму цяжка прыехаць сюды жыць, – распавёў Мацей Радзівіл Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі”.

Ён і яшчэ адзін нашчадак роду – Мікалай Радзівіл, прыехалі ў Мінск, каб паўдзельнічаць у перамовах з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам пра магчымасць перанясення праха беларускай мецэнаткі Марыі Магдалены Радзівіл з Швейцарскага Фрыбурга ў Мінск.

– Магдалена лічыла сябе беларускай. Яна хацела, каб Беларусь была незалежнай рэспублікай. Гэта не было проста для яе, бо не было вельмі папулярным у коле польскай і літоўскай арыстакратыі, якая думала аб уваскрасенні Рэчы Паспалітай. Мы хацелі б перанесці яе косткі з Фрыбурга ў Мінск, калі ў Беларусі пагодзяцца. Мы будзем размаўляць з арцыбіскупам і ксяндзом Чырвонага касцёла, каб яе пахаваць у Мінску, – паведаміў князь Мацей.

Калі гэта будзе, пакуль невядома, але нашчаткі роду спадзяюцца зрабіць усё да канца года.

Марыя Магдалена Радзівіл вядомая тым, што фінансавала беларускія школы, выхад газеты “Наша Ніва”, першыя кнігі Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Канстанцыі Буйло ды іншыя выданні суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Плаціла стыпендыю студэнтам-беларусам, якія навучаліся ў Пецярбургу, апекавалася тамтэйшай беларускай бібліятэкай. У 1918 годзе горача падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля заняцця Мінска бальшавікамі выехала ў Варшаву. У 1919 спрабавала вярнуцца ў Мінск, але атрымала адмову новых уладаў. Змяніўшы некалькі месцаў жыхарства, у 1932 годзе прыехала ў Фрыбург (Швейцарыя), адкуль працягвала падтрымліваць некаторыя беларускія суполкі.

– Магдалена Радзівіл была самай “беларускай” у коле Радзівілаў. Але нясвіжскі ардынат Альбрэхт Радзівіл таксама цікавіўся магчымасцю беларускай незалежнасці гэтага часу. Калі ў 1920-х гадах адзін журналіст спытаў яго, ці ён паляк, ці германец, князь адказаў: “Я тутэйшы”. Гэта вельмі добра паказвае дух нашай сям’і.

Па словах Мацея Радзівіла, нягледзячы на складаны час, ужо тады былі людзі, якія “марылі аб незалежнай дэмакратычнай Беларусі”.

– Мне здаецца, што Магдалена Радзівіл – гэта жанчына-сімвал гэтай мары аб свабоднай Беларусі. Яна марыла жыць у Мінску, але не мела такой магчымасці. Яна не вельмі добра адчувала сябе ў Польшчы ў 1930-х. Пасля яна з’ехала ў Літву, бо яе сям’я Кежгайла-Завішаў была літоўская, можна сказаць, жмудская. А пасля яна з’ехала ў Швейцарыю і там памерла. У мяне ёсць яе тэстамент, там няма ніякай інструкцыі, дзе б яна хацела быць пахаванай. Тэстамент быў напісаны ў 1943 годзе, і ў той час яна не думала пра тое, каб быць пахаванай у Мінску ці Нясвіжы, бо гэта быў час Другой Сусветнай вайны.

Калі першы муж Магдалены Людвік Юзаф Красінскі быў амаль на 30 год старэйшы за яе, то другі, Мікалай Вацлаў Радзівіл, быў маладзейшы за жонку на 20 год. Ён вельмі цікавіўся беларускай культурай і фальклорам, і гэта пераняла Магдалена.

Славутая мецэнатка ўсё ж паспела пажыць у Мінску, яе дом знаходзіўся побач з Чырвоным касцёлам, захаваўся ён і цяпер – там размяшчаецца камітэт па архітэктуры. Нашчадкі Радзівілаў спадзяюцца, што імя гэтай жанчыны не створыць палітычнага канфлікту, і беларускія ўлады не будуць супраць перазахавання Магдалены ў сталіцы.

– Яна памерла ў Швейцарыі, бо гэта было самае бяспечнае месца ў Еўропе падчас вайны, у яе былі грошы і магчымасці, каб туды ўцячы.

Князь Мацей патлумачыў, што гаворка пра перазахаванне пайшла толькі цяпер таму, што ён проста не ведаў, дзе пахавана мецэнатка. Але ці значыць жаданне перанесці прах Магдалены і жаданне адрадзіць яе справу, апекавацца беларускай культурай, маёнткамі?

 – Як вы ведаеце, мы страцілі гэтыя вялікія маёнткі, якія давалі магчымасць для розных культурных і фінансавых актыўнасцяў. Але мне здаецца, што мы ўжо прымаем удзел у развіцці культуры Беларусі. Вядома, мы займаемся перадусім радзівілаўскімі помнікамі ў Нясвіжы, Паланэчцы. За апошнія гады я прывёз каля 20 розных прадметаў для музея ў Нясвіжы. Мы бралі ўдзел у рэканструкцыі замкавай вежы, касцёла ў Паланэчцы. Гэта вельмі прыемна – прыязджаць сюды і падтрымліваць беларускую спадчыну. Для мяне важная традыцыя Вялікага княства Літоўскага, бо яна вельмі моцна звязаная з нашай сям’ёй. Дух Вялікага княства – гэта дух плюралізму. Кожны мог верыць у Бога, як хацеў, і размаўляць на той мове, якая яму падабаецца: па-польску, па-беларуску, па-руску, па-ўкраінску, па-літоўску, на ідыш і нават па-армянску.

Па словах Мацея Радзівіла, была гаворка і пра тое, каб перазахаваць прах Магдалены ў касцёле ў Нясвіжы, але тамтэйшы ксёндз не зацікавіўся такой ідэяй. Таму абралі Чырвоны касцёл у Мінску, да таго ж з гэтым месцам было звязана жыццё славутай фундатаркі.

 – Айцец Уладзіслаў Завальнюк па папярэдніх размовах вельмі цёпла паставіўся да гэтай ідэі. Некалькі гадоў таму ён перанёс прах Эдварда Вайніловіча, таму ў айца Завальнюка ёсць не толькі жаданне, але і досвед. Таксама прах Гая Пікарды, вядомага даследчыка з Лондана, перанесены ў Чырвоны касцёл, – паведаміў журналіст Глеб Лабадзенка, які арганізаваў сустрэчу Радзівілаў з прэсай. – Але ўсё гэта будзе вядома пасля сустрэчы з арцыбіскупам. Пакуль што гэтая справа ляжыць у сямейна-касцёльнай плоскасці. Калі Касцёлу трэба атрымаць дазвол ад дзяржавы, то, натуральна, ён будзе гэта рабіць. Таму сям’я просіць Касцёл, а Касцёл ведае, што рабіць.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео