BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Андрэй Канечанкоў: У Беларусі няма палітычнай волі, каб развіваць ветраэнергетыку

18.06.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Андрэй Канечанкоў: У Беларусі няма палітычнай волі, каб развіваць ветраэнергетыку
radima.by
Наша краіна мае ўсе перспектывы для развіцця “чыстай” энергетыкі, але мы ўпарта працягваем будаваць АЭС.

Летась пры дапамозе ветру Украіна выпрацавала 1млрд 250 млн кВт/г электраэнергіі. Калі падзяліць гэтую лічбу на 300 кВт спажывання звычайнай кватэры, атрымаецца каля 4 млн хатніх гаспадарак, якія ўжо цяпер забяспечвае энергіяй вецер. Пры гэтым краіна часткова залежыць ад паставак імпартных энергарэсурсаў, якія моцна ўплываюць на тарыфную палітыку. Адпаведна, аплата за імпартныя энергарэсурсы азначае інвестыцыі ў краіну, якая іх прадае. А калі ўкладваць грошы ў энергію сонца, ветру, вады, біямасаў, інвестыцыі ідуць ва ўласную краіну, ствараюцца новыя працоўныя месцы. І гэта адзін са складнікаў незалежнасці. Нават вайна Украіны з Расіяй – наступства, хутчэй, энергетычнай, чым палітычнай праблемы, перакананы віцэ-прэзідэнт Сусветнай ветраэнергетычнай асацыяцыі, кіраўнік Камітэту СНД пры СВЭА, кіраўнік праўлення Украінскай ветраэнергетычнай асацыяцыі Андрэй Канечанкоў.

 У Беларусі сапраўды ідзе шмат дыскусій пра тое, ці выгадна развіваць ветраэнергетыку. У якасці пазітыўнага прыкладу Андрэй Канечанкоў прыводзіць адну з нямецкіх кампаній, якая правяла шэраг вымярэнняў ветру ў нашай краіне і прыйшла да высновы, што гэта рэальна.

– Сярэдняя хуткасць ветру 6,5 м/с на вышыні 80 м адпавядае нармальнай працы ветратурбін трэцяга класа – гэта турбіны, якія могуць эфектыўна (з каэфіцыентам на ўзроўні 40%) выпрацоўваць электраэнергію на дадзенай тэрыторыі, – зазначае эксперт.

Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” пацікавілася ў яго, ці мае ветраэнергетыка негатыўныя бакі.

– Будаўніцтва – незалежна ад таго, узводзіце вы будынак ці ветрастанцыю – так ці інакш уплывае на наваколле. І вы ўсё роўна мусіце праходзіць праз такую рэч, як ацэнка ўплыву на навакольнае асяроддзе. Аднак калі вы нічога не будзеце будаваць – не будзе развівацца краіна. Па-другое, адносна шуму, птушак і іншых рэчаў – усё гэта цяпер прадугледжваюць вытворцы ветратурбін. Сучасная ветраэнергетыка адрозніваецца ад той, што была 20 гадоў таму. Я памятаю 1991 год, калі абслуговы персанал хадзіў каля ветраку ў навушніках – такі моцны быў шум. Цяпер вы можаце спакойна стаяць каля яго. Калі б усё было так кепска, то такія краіны, як Данія, Швецыя, Германія, якія ў першую чаргу звяртаюць увагу на экалогію, не будавалі б ветрастанцый. Сёння ветраэнергетыка, як і энергія сонца, стала таннейшай за традыцыйныя энергарэсурсы, і гэта той станоўчы момант, які дае магчымасць развіваць яе па ўсім свеце. Ну і, вядома, пасля будаўніцтва ветрастанцыі вы мусіце аднавіць тэрыторыю, якую парушылі – гэта прадугледжваецца пры распрацоўцы праекту.

Па словах кіраўніка праўлення УВЭА, ёсць пэўныя правілы рэалізацыі ветраэнергетычных праектаў, пры гэтым яны – як і атамная энергетыка, і любая іншая – не могуць быць панацэяй. Тым не менш, у нашай краіне ёсць шэраг патэнцыйных пляцовак, дзе можна развіваць ветраэнергетыку. Але пытанне ўзнікае ў іншым: сярод краін былога Савецкага Саюза ёсць толькі дзве, у якіх быў прыняты так званы зялёны тарыф (эканамічны і палітычны механізм, прызначаны для прыцягнення інвестыцый у тэхналогіі выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі) – гэта Украіна і Казахстан. Апроч таго ёсць краіны, дзе актыўна інвестуюць у ветраэнергетыку – гэта Азербайджан, Узбекістан, Грузія. І там развіццё ветраэнергетыкі на розных этапах сапраўды бачна. Справа ў тым, лічыць эксперт, што калі дзяржава не бачыць перспектывы развіцця ветраэнергетыкі – не таму, што няма ветру ці патэнцыялу, – ставяцца мэты для развіцця іншага віду энергетыкі. Напрыклад, у Беларусі цяпер будуюцца атамныя блокі, у той час як у той жа Францыі да 2025 года ідзе скарачэнне атамнай энергетыкі на 25%. Злучаныя Штаты Амерыкі, з’яўляючыся звышатамнай дзяржавай, апошнія 20 гадоў увогуле не развіваюць атамную энергетыку, а да 2050 года паводле ўрадавай праграмы развіцця 35% энергіі там павінна скласці менавіта энергія ветру. Тая ж Украіна, якая пакуль не выключае атамную энергетыку, ужо думае пра вывад з эксплуатацыі атамных блокаў у будучыні.

У тым, што Беларусь значна адстае ў гэтым плане ад іншых дзяржаў, вінаватая перадусім інвестыцыйная непрывабнасць нашай краіны ў галіне экалагічнай энергетыкі.

– У першую чаргу, у вас няма адпаведнага заканадаўства, якое б прыцягвала інвестара прыходзіць у гэты рэгіён. У вас няма сёння дастаткова палітычнай волі, каб заявіць пра гатоўнасць развіваць ветраэнергетыку і ствараць пэўныя ўмовы для інвестараў. Але ў той жа час у вас ёсць досыць вялікая актыўнасць з боку прыватнага нацыянальнага бізнесу, які бачыць, што ветраэнергетыку можна гэтак жа, як у еўрапейскіх краінах, развіваць. Нават пры існуючым тарыфе гэта больш выгадна, чым выкарыстоўваць нейкі іншы энергарэсурс, – мяркуе Андрэй Канечанкоў.

Сусветныя тэндэнцыі – тая ж Парыжская канферэнцыя па клімаце, калі 175 краін падпісалі пагадненне аб скарачэнні выкідаў парніковых газаў – скіраваныя на змяншэнне выкарыстання вугалю, нафты і іншага выкапнёвага паліва для вытворчасці энергіі, і ўсе робяць стаўку на “зялёную” энергетыку. Беларусь не будзе выключэннем з гэтай тэндэнцыі, лічыць эксперт. І чым раней мы пачнем развіваць гэты сектар, тым хутчэй у нас палепшыцца не толькі энергетыка краіны, але і ўмовы для бізнесу.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео