BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Уладзімір Мацкевіч: Калі свету штосьці пагражае, то адзінае спадзяванне на розум

14.05.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Уладзімір Мацкевіч: Калі свету штосьці пагражае, то адзінае спадзяванне на розум
Сёння Уладзімір Мацкевіч, кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», заснавальнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій і Лятучага ўніверсітэта, святкуе 60-годдзе.

Напярэдадні юбілея Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» пагутарыла з філосафам і метадолагам, грамадскім дзеячам пра поспех, сяброўства, жыццё і смерць.

— Уладзімір Уладзіміравіч, як вы ставіцеся да юбілеяў?

— Ніяк не стаўлюся. Для мяне гэта, хутчэй, асэнсаванне перыядызацыі жыцця. 60 гадоў — гэта дата, спалучаная з пераходам у іншы сацыяльны статус. Як у 18 гадоў чалавек атрымлівае атэстат сталасці, становіцца ваеннаабавязаным і г.д., так і для мяне: я станаўлюся чалавекам сталага ўзросту. Ведаеце, гэта не так проста (усміхаецца).

Насамрэч, я заўсёды адчуваў сябе старэйшым за свой узрост. Таму зараз справа больш у фізіялогіі, чым у самаадчуванні. Хаця час ад часу сталі з’яўляцца планы, якія тычацца, хутчэй, не таго, каб нешта пачаць, а таго, каб нешта скончыць, падсумаваць, давесці да больш-менш дасканалай формы. Нарэшце напісаць тое, што яшчэ не напісаў, давесці Лятучы ўніверсітэт да формы, якая забяспечыць яму няспыннасць развіцця, у палітыцы дапамагчы камусьці зрабіць тое, чаго я ўжо не здолею зрабіць.

— Ці задаволеныя вы тым, як склалася ваша жыццё і ў плане асабістага камфорту, і ў плане грамадскай дзейнасці?

— Цяжка сказаць. У мяне ніколі не было памкненняў да заможнасці, набыцця вілы...

— Тым не менш, можаце назваць сябе паспяховым чалавекам?

— Ну, я не магу паскардзіцца. Па сваіх асабістых крытэрах і ўлічваючы ўмовы, у якіх я вымушаны жыць і працаваць — так, я лічу сябе дастаткова паспяховым чалавекам.

— Можа, дасцё парады, што трэба рабіць і як сябе паводзіць, каб дасягнуць поспеху?

— Я заўсёды ўстрымліваўся ад таго, каб камусьці штосьці раіць. Магу распавесці, што я рабіў і што лічу правільным і няправільным у сваіх паводзінах.

Я ніколі не шкадаваў часу на самаадукацыю і самаразвіццё. Маё навучанне працягвалася амаль 40 гадоў. 20 гадоў свайго жыцця я жыў не ў Беларусі. Два гады, што быў у войску, можна выкрэсліць з жыцця. Пасля я паступіў ва ўніверсітэт, і з гэтага часу вучыўся. Стаў адмыслоўцам у пэўных галінах. У 38 гадоў я вярнуўся на Беларусь і распачаў тут выбудоўваць сваю дзейнасць. Таму не трэба спяшацца. Да 40 гадоў сучасны чалавек можа вучыцца, набываць досвед і сацыяльны капітал. Адчуванне ўпэўненасці ў тым, што ты робіш, трэба стрымліваць, каб яно не наступіла раней, чым ты сапраўды нешта зможаш.

Трэба дасягнуць высокай ступені ўпэўненасці кшталту напалеонаўскага імпэту, калі імператар казаў пра свае ваенныя планы: «Увяжамся ў бойку, а там паглядзім». То бок ён ведаў, што нават у непрадказальнай сітуацыі можа на сябе спадзявацца. І калі такое набываецца, тут ужо варта пачаць спяшацца: не губляць шанцы, якія адкрываюцца перад табой, не баяцца хаўрусаў, дэлегаваць мэты, задачы, абавязкі іншым людзям. Добра і з павагаю ставіцца да сяброў. Не баяцца складаных задач, працаваць і змагацца. Мне вельмі падабаецца гэты перыяд жыцця, росквіту — акмэ (акмеалогія ў псіхалогіі — гэта вывучэнне чалавека ў росквіце яго магчымасцей). Росквіт не бывае ў 20 гадоў. І ў 30 не бывае, калі казаць пра палітыку, гуманітарныя навукі. Каб займацца імі, трэба набыць багаты жыццёвы досвед і не шкадаваць часу і высілкаў. А калі наступіць перыяд акмэ — трэба спяшацца, бо ён цягнецца не доўга. І напоўніцу карыстацца назапашаным сацыяльным капіталам — сяброўствам, аўтарытэтам.

Ну а цяпер для мяне настае новы перыяд, калі трэба пачаць асэнсаванне, зборку, каб тым, што даведаўся, падзяліцца з іншымі. І кожны перыяд жыцця мае сваю прывабнасць і прыгажосць.

— А ці ёсць рэчы, аб якіх вы шкадуеце і якіх бы не зрабілі з цяперашняга пункту гледжання?

— Складана наўпрост так сказаць. Чымсьці я займаўся занадта доўга і патраціў больш часу, чым было варта. А так — не магу сказаць. У мяне ёсць дрэнныя звычкі: я палю, магу выпіць ці правесці шмат часу за гутаркамі з сябрамі. Але, ведаеце, шкадаваць пра тое, што бавіш час з сябрамі...

Можа, паленне будзе каштаваць мне некалькіх гадоў жыцця. Ну і што? Смерць з’яўляецца непазбежнай, і трэба ставіцца да яе як да каштоўнасці. Не варта адцягваць яе ўсімі сродкамі. Да смерці трэба ставіцца як да таго, што прымушае нас каштаваць жыццё, чым да таго, чаго трэба пазбягаць. Таму мяне не палохаюць наступствы маіх дурных звычак. Часам людзі перабольшваюць каштоўнасць жыцця як такога. Жыццё мае сэнс дзеля чагосьці. Ну а дзеля чаго можна жыць... О-о-о! Так, шмат усяго. Дзеля дзяцей. Дзеля кахання, здзяйснення мар, вынаходніцтва, стварэння чагосьці, чаго яшчэ не існуе...

— Ці ёсць такі падарунак, які б вы хацелі атрымаць на дзень нараджэння?

— Не ведаю. Праявы сяброўства, любові, павагі, кахання — гэта для мяне каштоўна. Да мяне на дзень народзінаў прыйдуць мае сябры. І я магу сказаць, што, напэўна, гэта і ёсць паказчык поспеху — калі колькасць сяброў з гадамі не памяншаецца, а павялічваецца. І са мной такое адбываецца. Хтосьці сыходзіць, і гэтага вельмі шкада. Ёсць людзі, якія паміраюць, а ёсць чыннікі, якія разводзяць сяброў. Напрыклад, украінска-расійская вайна перапыніла сяброўства, як мінімум, з двума-трыма людзьмі, якія сталі ватнікамі. І гэта яшчэ больш балюча, чым смерць. Але ўсё роўна ў мяне колькасць сяброў павялічваецца, хоць іх лік не ідзе на сотні і з імі не звязана нейкіх сентыментальных гісторый.

— То, па-вашаму, свет выратуе сяброўства?

— Тут у мяне, так бы мовіць, свая рэлігія. З аднаго боку, я хрысціянін, і з дабротаў хрысціянства я вызначаю і Веру, і Надзею, і Любоў, але ж ёсць яшчэ і Сафія — іх маці. І для мяне Бог у першую чаргу — гэта мысленне і розум. І калі свету штосьці пагражае, то адзінае спадзяванне на розум. Але ж чаго вартае мысленне, калі няма Веры, Надзеі, Любові?..

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео