BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Веганская ежа, “Зялёны дазор” і экашкола

07.02.2016 Яўгенія Бурштын, "ЕўраБеларусь"
Веганская ежа, “Зялёны дазор” і экашкола
У Мінску экалагічныя актывісты правялі “дзень адчыненых дзвярэй”.

Такіх людзей нярэдка называюць дзівакамі: ім “баліць галава” за асушэнне балот і знішчэнне лясоў, шкодныя выкіды і звалкі. А яны проста хочуць жыць здаровым жыццём, не наносячы шкоды наваколлю і сабе. І апошнім часам яны нават знаходзяць падтрымку: справы “зялёных” актывістаў набіраюць усё большы грамадскі рэзананс. Летась у сталіцы адбыўся Форум экалагічных арганізацый краіны. На слыху такія гучныя працэсы як захаванне возера Балдук, пратэсты супраць прыняцця новага Ляснога кодэксу і будаўніцтва свінакомплексу на Маладзечаншчыне, і многія іншыя. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” наведала “дзень адчыненых дзвярэй”, які праводзіла таварыства “Зялёная сетка”, і даведалася, чым жывуць абаронцы прыроды. 

Зроблена ў "Школе экалагічнага актывіста"

Мерапрыемства праходзіла ў адным з памяшканняў сталічнага бізнес-клуба Imaguru. Тут сабраліся прадстаўнікі розных экалагічных кірункаў: ад арганізацыі ў абарону балот “Багна” да “Мінскага роварнага таварыства”.

Увагу прыцягваў малады чалавек, апрануты ў ільняны строй з арнаментам. На стале перад ім стаялі гліняныя збанкі і кубачкі, а сам хлопец… мясіў цеста.

– Я буду пячы “жывы” хлеб. Гэта робіцца вельмі хутка, што надзвычай важна ў сучасным жыцці, - расказаў хлопец, які аказаўся актывістам з Брэста. – А яшчэ правяду беларускую чайную цырымонію: буду заварваць зёлкавую гарбату.

Аднак гэтым кулінарныя сюрпрызы не скончыліся. Журналістка Хрысціна Чарняўская падрыхтавала экалагічную віктарыну, за правільныя адказы ў якой можна было пакаштаваць веганскія “мінібродзікі” – маленечкія бутэрброды.

Хрысціна робіць "мінібродзікі" з хумусам

– У веганскай ежы няма ні мяса, ні малака, ні рыбы, - распавядае Хрысціна. – Нашы “мінібродзікі” зроблены з тоставага хлеба, намазанага хумусам і дапоўненыя памідорам ці агурком і рукалай.

Хрысціна гаворыць, што быць веганам у Беларусі даволі проста. У многіх кавярнях абсалютна адэкватна рэагуюць на просьбу не класці смятану ў суп, а на ўсіх цэнтральных рынках можна знайсці вегетарыянскія прадукты.

Апроч сакрэтаў “зялёнай” кухні на імпрэзе было падрабязна даведацца аб прававым баку прыродаахоўнага руху і аб тым, як самастойна рабіць жыццё навокал больш экалагічным.

Бавіць час не толькі карысна, але і прыемна дапамаглі майстар-класы ад “Школы экалагічнага актывіста”, тэматычная фотазона і выступ гурта NAVI.

Усе прадстаўленыя ініцыятывы (насамрэч іх значна больш, некалькі дзясяткаў, і яшчэ каля сотні экспертаў) аб’яднала таварыства “Зялёная сетка”. Арганізацыя ставіць перад сабой тры мэты: абарона прыроды, удзел грамадскасці ў прыняцці экалагічных рашэнняў і развіццё зялёнага руха, распавёў “ЕўраБеларусі” каардынатар “Зялёнай сеткі” Яраслаў Бекіш.

Яраслаў Бекіш

– Калі казаць пра ахову наваколля, у нас ёсць шэраг кампаній. Напрыклад, кампанія ў абарону балот летась пераўтварылася ў кампанію па абароне дзікай прыроды ў цэлым. Цяпер яна займаецца кантролем і паляпшэннем кіравання тэрыторыямі запаведнікаў і нацыянальных паркаў.

“Зялёная сетка” праводзіць даследаванні і маніторынгі ўдзелу грамадскасці ў прыняцці экалагічна важных рашэнняў, прапануе змены ў заканадаўстве ў гэтай сферы і, уласна, ініцыюе актыўнасць грамадзян.

– Калі мы бачым, што дзесьці людзі скардзяцца на тое, што іх меркаванне не ўлічана, напрыклад, пры нейкім будаўніцтве, стараемся ім дапамагаць. У нас ёсць цэлая каманда юрыстаў, і пры іх дапамозе ў палове выпадкаў нам удаецца адстаяць права грамадскасці на ўдзел у прыняцці экалагічна важных рашэнняў. Часта гэта адбываецца праз суды. Але самыя гучныя справы, на жаль, мы пакуль праігрываем, - канстатуе Яраслаў Бекіш.

Летась у краіне шырока разгарнулася кампанія “Зялёны дазор”. Падчас яе валанцёры самастойна вырашаюць дробныя побытавыя парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства на месцах.

Яшчэ адзін прарыў мінулага года – удзел Беларусі ў Міжнароднай канферэнцыі па клімаце ў Парыжы, дзе экалагічныя актывісты змаглі эфектыўна пасупрацоўнічаць з Міністэрствам прыродных рэсурсаў. “Зялёная сетка” ўжо пяць гадоў вядзе кліматычную кампанію, накіраваную на тое, каб Беларусь узяла на сябе абавязацельствы па скарачэнні шкодных выкідаў у атмасферу, і на канферэнцыі краіна далучылася да прыняцця доўгачаканых рамачных пагадненняў. 

Калі вярнуцца да лакальнага погляду на экалогію, то, па словах Яраслава Бекіша, зялёны рух усё больш актыўна развіваецца ў рэгіёнах.

– Мы шукаем арганізацыі, якім гэта цікава, і дапамагаем дзейнічаць самастойна. Спачатку баяліся, што не знойдзем партнёраў у рэгіёнах, але, напрыклад, на “Зялёны дазор” у нас проста вал заявак. Далучаюцца людзі, арганізацыі, нават сельсаветы, выканкамы і адміністрацыі лясгасаў! Аказваецца, ёсць пільная патрэба ў атрыманні і выкарыстанні простых, не палітычных інструментаў удзелу ў экалагічным руху. Прычым не на ўзроўні адміністрацый, а па простых бытавых пытаннях: несанкцыянаваныя звалкі, паркоўка на зялёных зонах…

Часам сіламі экаактывістаў вырашаюцца праблемы, да якіх у грамадскасці і дзяржавы рукі не даходзяць гадамі. Напрыклад, падчас конкурсу “чыста-славутасцяў” ад смецця ачысцілі многія аб’екты культуры. А яшчэ сумесна з прафесіяналамі знялі некалькі экалагічных кароткаметражных фільмаў, якія будуць удзельнічаць у фестывалях.

У гэтым годзе “Зялёная сетка” збіраецца выйсці на больш шырокі ўзровень дзейнасці і пазбавіцца залежнасці ад знешняга фінансавання.  

– Па назіраннях, экалагічная тэма стала займаць у грамадстве больш важнае месца, чым раней, - адзначае каардынатар таварыства. – Нават павярхоўны кантэнт-аналіз СМІ паказвае, як моцна нават за мінулы год узрос аб’ём экалагічных публікацый. Ён усё яшчэ малы, але дынаміка відавочная. І мы можам казаць пра істотную змену стаўлення дзяржорганаў да экалагічных грамадскіх арганізацый. Калі раней гэта было халоднае непрыняцце, то цяпер, праз некалькі гадоў працы, цэлая плеяда арганізацый карыстаецца павагай у пытаннях клімата, аховы прыроды, праваабароны. На жаль, гэта ўсё пакуль трымаецца ў звязцы “НДА – Мінпрыроды” і вельмі рэдка выходзіць за межы гэтага ведамства ў іншыя вобласці дзяржаўнай машыны. Але я думаю, што з часам мы зможам “азеляніць” яе ўсю.

    

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео