BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Уладзімір Мацкевіч: У мяне ніколі не было пісталета, таму няма за што хапацца пры слове "культура"

02.07.2015 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Уладзімір Мацкевіч: У мяне ніколі не было пісталета, таму няма за што хапацца пры слове "культура"
budzma.org
Калі не клапаціцца пра культуру на градках, тыя зарастуць пустазеллем. Так лічылі рымляне, што ўвялі панятак "культура". Пры якіх умовах забуяе далікатны беларускі "агародзік" - распавядае філосаф.

Мішэнню для крытыкі і прадметам для спрэчак сярод экспертаў сталі вынікі маніторынгу "Культура як фактар развіцця", прэзентацыя якога адбылася ў Мінску днямі. Нагадаем, што супольнае даследванне зладзіў і прадставіў грамадскасці Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі. Навукоўцы высвятлялі, якім чынам у Беларусі адбываецца рэалізацыя Канвенцыі ЮНЕСКА "Аб ахове і падтрымцы разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення".

Вынікі даследвання далёка не вясёлкавыя: сістэмы ўяўленняў пра культуру ў беларускай дзяржавы і ў Канвенцыі ЮНЕСКА значна разыходзяцца. Агульны ўзровень сферы нашай культуры адносна нормаў Канвенцыі нізкі. Нешматлікія пазітыўныя зрухі і патэнцыйныя накірункі развіцця не выбудоўваюцца ў сістэму. То бок, няма нейкай адмысловай стратэгіі развіцця культуры.

Трэба адзначыць, што пасля публічнага абмеркавання, крытыкі і дапрацоўкі маніторынга ЦЭТ плануе прапанаваць гэтую мадэль для больш шырокага выкарыстання краінам Усходняга партнёрства. Навукоўцы лічаць, што гэта дазволіць паралельна ладзіць даследванні і праз каардынацыйную працу весці "мягкае кіраванне" культурамі краінаў.

Наколькі жыццяздольнай будзе распрацаваная мадэль - пакажа час. А пакуль сваім меркаваннем датычна вынікаў маніторынгу і гледзішчам на культуру дзеліцца кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюму "ЕўраБеларусь", філосаф і метадалог Уладзімір Мацкевіч.

- Тое, чым я займаюся, я называю "культурнай палітыкай". Але ж яна вельмі мала адпавядае таму, што гавораць пра палітыку ў галіне культуры ў афіцыйных, дзяржаўных, міжнародных інстытуцыях, якія бяруцца кіраваць культурай, ці неяк на яе ўплываць. У гэтым сэнсе, пакуль я слухаў меркаванні іншых экспертаў, сфармуляваў для сябе жартаўлівую максімуму. У мяне ніколі не было пісталета (і зараз няма), таму мне няма за што хапацца, калі чую слова "культура". І мне даводзіцца хапацца за галаву.

Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

На жаль, далікатная сфера, далікатны свет культуры вельмі дрэнна трывае і пераносіць умяшальніцтва і ўздзеянне на яе, і патрабуе (ў сілу сваёй тонкасці і складанасці) вельмі ашчаднага стаўлення. Любыя грувасткія і грубыя крокі, меры выклікаюць у культуры такія хвалі, што потым невядома, як з гэтым разбірацца. А, ўсё ж ткі, эканоміка, палітыка, культуралогія як спробы навуковага асэнсавання культуры маюць значна больш грубыя метады ўздзеяння на культуру, чым яна сама можа трываць.

Андрэй Ягораў распавядаў пра тое, што у Еўропе толькі ў апошнія дзесяцігоддзі з’явіліся дзяржаўныя ўтварэнні кшталту міністэрстваў культуры ці адпаведных інстытутаў, а да гэтага кіраваннем культуры займаліся пераважна ў Савецкім Саюзе - як вы памятаеце, яшчэ з ленінскіх часоў цягнецца трыада "індустрыялізацыя, калектывізацыя і культурная рэвалюцыя". Паколькі адной з задачаў савецкай улады было выхаванне новага чалавека, то культура разглядалася як накірунак, як зброя і ўплывовы механізм на фарміраванне гэтага новага чалавека.

І найбольш прынцыповыя пытанні да гэтага - не толькі да савецкага кіравання культураю, але і да згаданай сённяшней моды на Захадзе, - можна сфармуляваць такім чынам: а ці не лепш культуру пакінуць у спакоі? Па прынцыпу, які калісьці прапаноўваў Адам Сміт для кіравання гаспадаркай: нябачная рука рынку з пункту гледжання ліберальнага падыходу - гэта найлепшы кіраўнік сферы.

І гэта, можа, нават у большай ступені тычыцца культуры, чым эканомікі, гаспадаркі. Але ж двойчы немагчыма ўвайсці ў адну і тую ж раку. І калі ўжо дзяржавы ўзяліся за культуру з поўнай сур’ёзнасцю, то назад шляху, на жаль, няма.

Калі мы заклапочаныя культурай як персаналізаванай каштоўнасцю (для каго культура штосьці значыць), то не можам проста сказаць: "кіньце кіраваць, нам лягчэй жыць будзе!" Ужо так не адбудзецца. Мы самі павінны стаць удзельнікамі гэтага кіравання. Інакш нічога не атрымаецца.

Сёння беларуская праблематыка тычыцца таго, што найбольш зацікаўленыя ва ўладкаванні сферы людзі адхіленыя ад кіравання культурай. І калі разгарнулася дыскусія пра тэндэнцыйнасць, аднабаковасць прадстаўленага маніторынгу, то, ведаеце, гэта як і па ўсіх праблемах Беларусі: пэўная прыціснутая меньшасць выказвае свой погляд і сустракае - нават ад самых лаяльных і аб’ектыўных людзей - пярэчанні.

А як можа быць меньшасць не тэндэнцыйнай? Калі вы хочаце, каб яна не была гэткай, то павінны знайсці ў сваіх прапановах, канцэпцыях, праграмах, стратэгіях месца для меньшасцяў. А калі гэтага месца ў вас не ўтворана, то меньшасць абавязкова будзе тэндэнцыйнай і апазіцыйнай, інакш не бывае.

Яшчэ адзін момант - ужо як ад метадалога, для якога культурная палітыка ёсць форма сучаснага існавання самой метадалогіі і філасофіі. Я не буду распавядаць пра сваё стаўленне да культуры, што яна - у маргінальным стане, пра гэта шмат ужо напісана. Падкрэслю толькі два істотныя бакі культуры: слова "культура", у адрозненне ад шмат якіх словаў і паняткаў, прыйшло да нас не ад грэкаў, а ад рымлянаў. Яны першымі сталі выкарыстоўваць гэты панятак з нагоды штучнага стаўлення да раслінаў: культура - гэта тое, што расце на градках, пэўным чынам адабранае, што з’яўляецца прадуктам адпаведнага клопату, бо, калі даць свабоду, градкі зарастуць пустазеллем.

Культура - гэта адабраная па пэўных якасцях расліна, аброненая ад пустазелля. Вельмі архаічныя рымляне гэта прыдумалі, і іхні здабытак увайшоў у цывілізацыю. А потым, на апошнім этапе развіцця Рымскай імперыі, паўстала іншае ўяўленне пра культуру. Рымляне, якія адчувалі сябе на вяршыні цывілізацыі свету, распаўсюджавалі сваю палітычную ўладу на заваяваныя тэрыторыі і неслі туды таксама даброты цывілізацыі: дарогі, тэатры, талерантнае стаўленне да рэлігіі са шматлікімі багамі і шмат чаго яшчэ. Дык вось рымляне імкнуліся дзяліцца гэтымі дабротамі з заваяванымі народамі. А народы не бяруць! Кажуць: "нам не трэба". А некаторыя яшчэ са зброяй у руках адстойваюць традыцыйныя каштоўнасці. У іх - свая, іншая культура. Таму разумную цывілізацыю можна знайсці ў космасе па слядах гэтага штучанага ўздзеяння на прыроду.

І другое: ужо ў множным ліку выкарыстоўваецца - не толькі культура, а культуры, якія не падобныя адна на адну і знаходзяцца, як казаў Акудовіч, у перманентным стане вайны. Культура - гэта тое, што супраціўляецца чамусьці вонкаваму і іншаму. І ў гэтым сэнсе мы не маем сёння інструментаў - і ў маніторынгу, і ў афіцыйнай статыстыцы, - сродкаў схапіць гэтую ўласцівасць культуры супраціўляцца іншаму і захоўваць аўтэнтычнасць.

Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Мы можам параўноўваць стан беларускай культуры з нашымі краінамі-суседзямі па Еўропе ці па Азіі. У нас менш тэатраў на душу насельніцтва, кінематограф занядбаны, галерэяў мала - недахоп усяго, што не возьмем, у параўнанні з тым, што падлічваецца сёння па розных міжнародных стандартах. Але ж глядзіце: мы з даўных часоў супраціўляемся розным плыням звонку. Мы, беларусы, негледзячы на тое, што саступаем іншым культурам па колькасці прадметаў гонару, супраціўляемся інавацыям (якія не заўсёды добрыя).

Гэтую ўласцівасць супраціўляцца таксама трэба пэўным чынам вымяраць. Бо гэта штосцьі вельмі наша. Таму я, напрыклад, не маю адказу на пытанне: наша культура лепшая за культуру суседзяў ці горшая? З аднаго боку падыходзячы, мы горшыя: тэатраў мала, наклады кніжак малыя, шмат паэтаў, але іх ніхто не чытае і гэтак далей. З другога боку, я бачу, што наша культура мацнейшая за шмат якія суседнія.

Каб рэальна на ўсё гэта глядзець, не трэба адмаўляцца ад таго, што дзяржаўныя інстытуты і навукоўцы гавораць пра культуру, але немагчыма ігнараваць тое, што кажуць незалежныя даследчыкі. Апошнія ствараюць і спажываюць культуру, таму да іх меркаванняў трэба прыслухоўвацца больш, чым да прафесароў культуралогіі.

Што да ацэнкі маніторынга: не трэба пасыпаць галаву попелам, маўляў, мы чагосьці не маем, штосьці згубілі і гэтак далей. Трэба разумець: калі інавацыі тут не прыжываюцца, гэты сведчыць пра тое, што тут культывуецца нешта іншае. І яно не заўсёды ўсвядомленае. Бо не сяляне - носьбіты культуры, не гараджане - носьбіты іншай культуры, - не ёсць адмыслоўцы. Яны не абавязаны канцэптуалізаваць тое, што скаладае іх культурны бэкграунд.

Гэта можа зрабіць толькі чалавек звонку - навуковец, той, хто рэфлексуе, маніторыць гэтыя рэчы. То бок, гэта справа не носьбітаў, а назіральнікаў культуры. Але ж калі назіральнікі не маюць пэўных канцэпутальных схемаў, каб схапіць гэта, яно застаецца невядомым і для носьбіта культуры, і для вонкавага іншаземнага назіральніка, і для нібыта навукоўца, які думае пра беларускую культуру не ўласнаю галавой, а запазачыўшы ўяўленні з модных плыняў сённяшняй цывілізацыі.

Недарэмна ў адных краінах культуралогію як галіну асэнсавання культуры забараняюць, у другіх - культывуюць. Пакуль што навукі пра культуру ў нас - у стадыі калекцыянавання матылькоў.  

Пунктамі гледжання на беларускую культуру як фактар развіцця з EuroBelarus.Info хутка падзеляцца старшыня ТБМ, гісторык Алег Трусаў, архітэктар і рэстаўратар Ігар Раханскі і арт-дырэктар кнігарні "ЛогвінаЎ" Павел Касцюкевіч.

Гл. справаздачу па выніках маніторынгу выканання Рэспублікай Беларусь канвенцыі ЮНЕСКА 

Гл. відэазапіс прэзентацыі маніторынгу:

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео