BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Матэматык Якаў Радына: Прыбіральшчыца ў вялікай краме атрымоўвае больш за прафесара ўніверсітэта

07.04.2014 Глеб Лабадзенка - спецыяльна для TUT.BY, фота і відэа аўтара
Матэматык Якаў Радына: Прыбіральшчыца ў вялікай краме атрымоўвае больш за прафесара ўніверсітэта
Личности
11 красавіка 2014 года Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум "ЕўраБеларусь" запрашаюць на чарговую лекцыю з цыкла "Urbi et Orbi". З прамовай да "Горада і Свету" звернецца матэматык Якаў Радына.

"Прыбіральшчыца ў вялікай краме атрымоўвае больш за прафесара ўніверсітэта", - кажа матэматык Якаў Радына.

І гэта - не прыгожа кінутая фраза. У часе інтэрв’ю Якаў Валянцінавіч дастаў і паказаў разліковы лісток. Прызнаюся, у мяне быў шок, асабліва зважаючы на рэгаліі і рэпутацыю гэтага шаноўнага навукоўца. Прафесар, доктар навук, загадчык кафедры, лаўрэат дзяржпрэміі, член-карэспандэнт Акадэміі навук...

А ўвогуле, інтэрв’ю было не з гэтай нагоды.

11 красавіка 2014 года Якаў Радына прачытае публічную лекцыю "Поспехі і крызісы матэматыкі" ў межах цыкла "Urbi et Orbi" ("Гораду і Свету") Лятучага ўніверсітэта і Міжнароднага кансорцыуму "ЕўраБеларусь". Месца правядзення: Галерэя "Ў" (Мінск, прасп. Незалежнасці, 37а, ст.м. “Плошча Перамогі”). Пачатак у 18.30. Уваход вольны!

Спадар Якаў абяцае, што на лекцыі "не будзе ніводнай формулы", і яна будзе цікавая нават далёкім ад матэматыкі людзям. Пэўна, што так яно і будзе. Гутарка ж напярэдадні лекцыі можа быць цікавай, бадай, для кожнага чытача. Бо сталася яна не толькі і не столькі пра поспехі і крызісы матэматыкі...

"Нельга знайсці цэглу золата. Калі нехта шукае самародкі, то не будзе мець золата, бо золата мыюць, ашчадна збіраюць..."

Глеб Лабадзенка: Спадар Якаў, тэма лекцыі - "Поспехі і крызісы матэматыкі" - гучыць проста ўсеабдымна. Нібыта як лекцыя пра Космас! Як вы плануеце змясціць выклад такой тэмы ў адну гадзіну?

Якаў Радына: Мяркую, што буду казаць толькі пра самыя асноўныя вехі, якія адбыліся ў матэматыцы, куды яна далей ідзе... Мяркую, што гэта за гадзіну раскажу, а калі не раскажу, то нешта застанецца на другую лекцыю. (Усміхаецца.)

- Ці будзеце казаць пра тое, наколькі беларуская матэматычная навука звязаная з еўрапейскай ды сусветнай, ці не адстаем мы?

- Я зусім пра гэта не буду расказваць: ні пра беларускую, ні пра расійскую, ні пра польскую... Хоць мог бы. Толькі пра асноўныя вехі сусветнай матэматыкі! Таму што даваць нейкія ацэнкі... Не хачу.

- Добра, калі не будзеце казаць на лекцыі, то спытаюся ў вас, як у спецыяліста, гэта проста цяпер: на якім узроўні знаходзіцца сёння матэматыка ў Беларусі?

(Доўгая паўза.)

- ...Вось тут у панядзелак, 30 сакавіка, было паседжанне ў Акадэміі навук разам з прэзідэнтам краіны, прэм’ер-міністрам, увесь урад сядзеў... Абмяркоўвалі становішча навукі ў Беларусі, і як яго палепшыць... І там неаднойчы прагучала, што ў моладзі няма цікавасці, няма матывацыі... А чаму няма? Прыбіральшчыца ў вялікай краме - безумоўна, гэта патрэбная парфесія - яна атрымоўвае больш за прафесара ўніверсітэта.

- Дык справа толькі ў грошах?

- Не толькі. Але калі мой сусед-дальнабойшчык атрымоўвае ў разы болей, чым я... Якая цікавасць маладому чалавеку ісці сюды? Такі чалавек, які захапляецца фізікай, матэматыкай, спачатку думае, што будзе вялікім навукоўцам... А пасля ён бачыць, што нічога не заробіць.

- З боку ўладаў неаднойчы гучалі контраргументы: дайце нам вялікія адкрыцці, распрацоўкі, навацыі, і мы вас азалацім. Як з пісьменнікамі: "Прынясіце "Вайну і мір"...

- На згаданым паседжанні былі вельмі талковыя выступленні і Шымава, і Сямашкі, і Радзькова. Прэзідэнт казаў: канешне, не ўсе робяць адкрыцці, але дайце нам алмаз, і мы з яго зробім дыямент. Але нельга ўзяць і прынесці вялікую цэглу золата. Калі нехта шукае самародкі, то не будзе мець золата, бо золата мыюць, ашчадна збіраюць... Дацэнты, прафесары матэматыкі, фізікі - безумоўна, не ўсе робяць адкрыцці! Але ж гэта ўзровень навукі! Напрыклад, у Амерыцы цяпер самая высокааплатная прафесія - гэта інжынер. А хто гэтага інжынера будзе вучыць матэматыцы? Толькі матэматык адпаведнага ўзроўню, а не той, хто ведае табліцу множання і пару формул. Грыбы не збіраюць на асфальце, яны растуць у лесе! Патрэбны ўдзел у семінарах, канферэнцыях, бо чалавек не можа адзін усе прачытаць і даведацца, трэба абмеркаванні, даклады, сумесныя пошукі. Часам чытаеш і думаеш: як жа ён да гэтага дадумаўся? А на канферэнцыі можна падыйсці і спытаць!

"Аклад 3,3 мільёна, з усімі надбаўкамі атрымліваю на рукі 4 мільёны 820 тысяч"

- Якаў Валянцінавіч, даруйце за правакацыйную аналогію: хакей. Укідваюцца мільёны даляраў, а вынікі смешныя. Тут так не будзе, калі пачаць годна фінансаваць навуку? Маем патэнцыял?

- Опа!.. Я таксама чамусці часам думаю пра хакей... Без трэнераў ніхто нічога не зробіць. А тут - без прафесароў. Алмаз у матэматыцы нельга знайсці абы-дзе - яго можна толькі выгадаваць ва ўніверсітэцкай аўдыторыі пры наяўнасці высокакласных настаўнікаў. Я нядаўна прачытаў класнае параўнанне аднаго расійскага матэматыка, які падрахаваў, што кошт аднаго танка дазволіць цэлы год плаціць грошы ўсім расійскім матэматыкам. У нас - тое самае. Дайце нам хоць трошку грошай, каб у моладзі была зацікаўленасць! Матэматыкаў і ўвогуле навукоўцаў не так шмат, тут не вядзецца пра астранамічныя сумы!

- Спадар Якаў, раз ужо вы не першы раз кажаце пра праблему галечы, то ці сакрэт: колькі вы зарабляеце?

- Не, не сакрэт! (Дастае з партфеля разліковы лісток.) Вось, глядзіце... Аклад - 3 мільёна 300 тысяч. Так, тут усякія прэміі, надбаўкі, тут падаткі, адлічэнні... А, вось сума, якая выдаецца на рукі: 4 мільёны 820 тысяч.

- Спадар Якаў, тут самы час нагадаць вашыя рэгаліі...

- Член-карэспандэнт Акадэміі навук, лаўрэат дзяржпрэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі, прафесар БДУ, ганаровы прафесар Гарадзенскага і Брэсцкага ўніверсітэтаў, запрошаны прафесар некаторых замежных універсітэтаў, ужо 39 гадоў загадчык кафедры функцыянальнага аналізу ў БДУ...

- Калі такі заслужаны чалавек, як вы, не мае нават 500 даляраў, што ж маюць маладыя спецыялісты?

- А нічога не маюць! Аспірант атрымоўвае стыпендыю больш, чым ён як абароніцца будзе атрымоўваць ужо на працы. Пры такой сітуацыі чым можна прывабіць моладзь у навуку? Таму ў нас усе ўжо з трэцяга курса ідуць у праграмісты і атрымоўваюць, безумоўна, болей грошай, чым я... Дарэчы, тут яшчэ ёсць і іншы момант, на які звярнуў увагу і прэзідэнт на тым паседжанні. Ён спытаў: а колькі там людзей працуе ўва ўсёй Акадэміі? Выявілася, што 17 тысяч чалавек. А колькі з іх займаюцца ўласна даследваннямі? 6 тысяч чалавек. Толькі траціна! А рэшта, 11 тысяч - гэта чыноўнікі, якія паперкі перакладаюць! Паглядзіце, у нас ва ўніверсітэце: тры корпусы набітыя гэтымі чыноўнікамі! А потым нам на Радзе ўніверсітэта расказваюць, што сярэдні заробак - 800 даляраў, ці колькі там. Я кажу: дык як жа так?! Калі я ніжэй сярэдняга заробку, то тады хто ўжо вышэй?! Безумоўна, чыноўнікі!

- Якія наступствы гэтага? Людзі сыходзяць у іншыя сферы? З’яжджаюць за мяжу?..

- Хто хоча - той з'едзе. Хто не з’яжджае - асноўная частка матэматыкаў ідзе ў праграмісты. Я б зрабіў па-іншаму. Хочаце быць праграмістамі - вось вам два гады, навучыліся на клавішы націскаць і рабіцеся праграмістамі. Нашто людзей столькі тут трымаць? Нашто ў нашай краіне ўвогуле столькі ўніверсітэтаў нарабілі? Баранавіцкі, Палескі, Мазырскі... універсітэт, і ніводнага прафесара! Але ж "універсітэт" - нароўні з нашым. Як так? Іх жа не падцягнеш да нашага ўзроўню, лягчэй жа нас да іхнага апусціць...

- Якаў Валянцінавіч, дык якая сапраўдная сітуацыя, які рэальны ўзровень нашай навукі - у прыватнасці, матэматычнай - на тле ўсяго, што вы распавялі? Ці не ўсе разбегліся, ці ёсць, каго заахвочваць?

- На маёй кафедры яшчэ не самая кепская сітуацыя, ёсць маладыя. Алег, якому 37 гадоў, збіраецца абараняць доктарскую. Жэнька - 32 гады... А так жа ва ўніверсітэце сярэдні ўзрост прафесароў - 76 гадоў... Ведаеце, мяне запрашалі ў Ізраіль. Казалі: "Якаў Валянцінавіч, адно ваша слова, і заўтра ж вы маеце двухузроўневую кватэру ў цэнтры Тэль-Авіва і працу да самай смерці". Жонка плакала, хацела, каб мы ехалі... Але не магу я... Была магчымасць і ў Швейцарыі застацца... Не хачу.

- Таму што позна ўжо ўсё кідаць і зрывацца?

- Каб быў малады і не думаў бы нават! І моладзь так часцей за ўсё і робіць. Мяне спыняла толькі тое, што калі перасадзіць вялікае дрэва, вядома, што будзе.

"У Беларусі няма ніводнага матэматычнага часопіса"

- Назва лекцыі - "Поспехі і крызісы матэматыкі" - у цікавай форме ажывае ў вашых словах. З крызісамі, здаецца, усё ясна. А поспехі ёсць? Чым вымяраецца кваліфікацыя матэматыка?

- Натуральна, па публікацыях у навуковых часопісах, па кнігах. Фокус у тым, што ў Беларусі такіх часопісаў у галіне матэматыкі няма. Ніводнага. І ніколі не было, дарэчы. На гэта нам раяць: публікуйцеся ў замежных рэйтынгавых часопісах. То бок варыянта стварыць свой і зрабіць яго рэйтынгавым няма. Напрыклад, у Літве ёсць "Літоўскі матэматычны часопіс", створаны яшчэ за савецкім часам. Яны яго захавалі пасля здабыцця незалежнасці, і не проста захавалі, а зрабілі рэйтынгавым, прэстыжным

- Дзе ж вы з калегамі друкуецеся?

- "Веснік БДУ", "Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі"... Усё! Далей ідуць замежныя часопісы, дзе нашыя матэматыкі, безумоўна, таксама друкуюцца.

- Шмат у нас матэматыкаў, якія "падтрымліваюць форму"?

- Усіх прафесароў матыматыкі ўвогуле пералічыць не цяжка, бо іх усяго некалькі дзясяткаў. Я заўжды кажу, што я - матэматык № 2 у Беларусі. А хто № 1? Такіх шмат. У асноўным, прафесары матэматыкі засяроджаныя ў нас у БДУ ды ў Інстытуце матэматыкі... А, напрыклад, у Педынстытуце, дзе я таксама выкладаю, свайго няма ніводнага.

"Будучыя настаўнікі матэматыкі атрымалі па гэтым прадмеце 10 балаў на тэставанні і паступілі"

- Вы вучыце там будучых настаўнікаў матэматыкі?

(Сумна ўсміхаецца, трымае доўгую паўзу.)

- Жах. Ведаеце, калі максімум можна набраць на тэставанні 100 балаў, то перада мной сядзяць будучыя настаўнікі матэматыкі, якія атрымалі 10 балаў па гэтым прадмеце і паступілі.

- Поўнае балота?

- Поўнае. З шасцідзесяці чалавек ёсць адзін талковы хлопец. Я не ведаю, чаму яны будуць вучыць дзяцей у школах...

- А гэты адзін як туды прыбіўся?

- Ведаеце, і мне зрабілася цікава!.. Я стаў яго распытваць. Аказалася, ехаў падаваць заяву і не ў тое метро выйшаў. А ўжо час падачы сканчаўся, хвіліны проста заставаліся. Кажа, не паспеў бы да БДУ дабегчы і падаў у Пед на матэматыку. (Смяецца.)

- Гэтая праблема, што праходзяць людзі з нізкімі "профільнымі" баламі з тэставання. Як яе вырашыць?

- А адкуль яна ўзнікла? На Расію глядзелі. Карупцыю ва ўніверсітэтах выкаранялі. Разумееце, галоўныя карупцыянеры ў нас у ВНУ атабарыліся! Мы казалі: добра, калі вы так баіцеся, што мы тут будзем за хабары прымаць, давайце зробім іначай. Дазвольце нам правесці па ўсёй Беларусі алімпіяды і выбраць 200 ці нават 100 самых здольных у матэматыцы вучняў. А потым вы самі - каб мы карупцыю не разводзілі - з гэтых 100 адбераце нам 30. Па якіх хочаце прыкметах: па вазе, па росту, па колеру вачэй, па даўжыні ступні... Чаму так не зрабіць?.. Чаму не зрабіць так, як мы, спецыялісты ў матэматыцы, лічым найлепей?..

- Якаў Валянцінавіч, на тле ўсяго расказанага, можа і дзіўнае пытанне пры канцы: ці бачна хоць трошачку святло ў канцы тунэля?

- У мяне два сыны. Абодва матэматыкі, адзін на гэтым факультэце, другі на іншым. Я калісьці, як яны былі студэнтамі, казаў ім: "Вучыцеся, абараняйцеся. Ні пры якой уладзе прафесар не прападзе". Яны мне цяпер часта ўзгадваюць гэтыя словы.

ТАКІМ ЧЫНАМ

Публічная лекцыя матэматыка Якава Радыны
"Поспехі і крызісы матэматыкі"
з цыкла лекцый "Urbi et Orbi"
адбудзецца 11 красавіка (пятніца) у 18.30
у Галерэі "Ў" (Мінск, прасп. Незалежнасці, 37а).

Уваход вольны!

UPD.: Відэазапіс публічнай лекцыі:

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео