BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Юрый Чавусаў: Як выбіралі адзінага кандыдата-2006: стратэгія, тактыка, планаванне

11.12.2012 Юрый Чавусаў, Агенцтва палітычнай экспертызы - апублікавана на "Нашем мнении"
Юрый Чавусаў: Як выбіралі адзінага кандыдата-2006: стратэгія, тактыка, планаванне
Аналитика и исследования
У час падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі асноўная ўвага АДС была сканцэнтравана на ўмацаванні кааліцыі і на ўзгадненні працэдуры вызначэння адзінага кандыдата ад кааліцыі.

У пэўны перыяд пытанне пра тое, хто ж будзе вылучаны ад АДС у якасці кандыдата ў прэзідэнты, зрабілася ці не найважнейшым у перадвыбарных спрэчках у межах кааліцыі. Гэта было аб'ектыўна абумоўлена наяўным станам у беларускай апазіцыі і канкурэнцыяй паміж рознымі сіламі ў межах дэмакратычнага лагера. Аднак пры гэтым відавочна ў баку засталіся надзвычай важныя пытанні - пытанні стратэгічнага характару, якія мусілі быць вырашаны да пачатку кампаніі. Сканцэнтраваўшыся на спрэчках "адзін кандыдат ад АДС альбо некалькі", "левы альбо правы кандыдат" і засяродзіўшыся пасля на механізме вызначэння персоны гэтага адзінага кандыдата, АДС пакінулі ў баку задачу выпрацоўкі будучай перадвыбарнай стратэгіі. Пытанні развіцця кааліцыі і планы абрання адзінага кандыдата былі аддзелены ад стратэгіі перамогі гэтага кааліцыйнага кандыдата на выбарах. Замест распрацоўкі стратэгіі перамогі мелі месца толькі некаторыя прынцыповыя дапушчэнні, якія аднак не былі кадыфікаваны і, часцей за ўсё, не былі ўзгоднены. Як такога плана будучага захопу ўлады ў апазіцыі не было.

Уступаючы ў перыяд дзейснай падрыхтоўкі да перадвыбарнай кампаніі, удзельнікі АДС грунтаваліся на пэўных дапушчэннях стратэгічнага характару. Гэтыя тэзісы мелі характар аксіём, на якіх мусіла будавацца геаметрыя будучай кампаніі.

Бадай што галоўнай з гэтых аксіём быў негалосны тэзіс пра немагчымасць правядзення ў сучаснай Беларусі сумленных і справядлівых выбараў. Ніхто ў АДС не чакаў ад Лідзіі Ярмошынай сумленнага падліку галасоў - пасля досведу парламенцкіх выбараў і рэферэндума 2004 года амаль усіх партыйных дзеячоў яднала думка, што выбараў у Беларусі не будзе. У такім выпадку, выбарчая кампанія павінна была стаць усяго толькі нагодай для перахопу ўлады. Такі тэзіс памяшчаў беларускі апазіцыйны праект 2005-2006 гадоў у адзін шэраг з так званымі "каляровымі рэвалюцыямі", якія сталіся ў апошнія гады распаўсюджанай мадэллю пераходу ад постсавецкага аўтарытарызму да дэмакратычнага шляху развіцця. Зыходзячы з гэтага неартыкуляванага тэзіса, адбылася нестыкоўка стратэгічных падыходаў АДС: ішлі-та сапраўды на выбары, але ўслых разважалі пры гэтым пра рэвалюцыю. Але ж - ішлі на выбары, і рыхтаваліся - да выбараў.

На гэтым фоне вялікі ўплыў меў досвед украінскіх падзей падчас прэзідэнцкіх выбараў 2004 года, калі абураны фальсіфікацыямі народ выйшаў на вуліцы і прымусіў палітычныя эліты збочыць з аўтарытарнага шляху (паводле мадэлі "пераемнік") на карысць дэмакратычнага парадку вызначэння кіраўніка дзяржавы. Падзеі ва Украіне ў лістападзе-снежні 2004 года сталіся для беларускіх дэмакратаў узорам грамадзянскага дзеяння на карысць свабоды і народаўладдзя. Шмат хто з дзеячоў беларускай апазіцыі пабываў на кіеўскім Майдане Незалежнасьці і прынёс адтуль захапленне падобным сцэнарыям захопу ўлады. З іншага боку, і беларускі рэжым быў відавочна напалоханы магчымасцю перакідвання рэвалюцыйнага пажару з поўдня на тэрыторыю Беларусі.

Цягам 2005 года амаль агульнапрынятым было меркаванне, што будучая беларуская рэвалюцыя будзе рабіцца паводле ўкраінскага ўзору. Але гэта вымагала пабудовы ў Беларусі гэтак званай "інфраструктуры надзеі", без якой мадэль "каляровай рэвалюцыі" была б немагчыма: трэба было вызначыць моцнага і агульнапрызнанага альтэрнатыўнага лідэра, стварыць сістэму альтэрнатыўнага падліку галасоў, ініцыяваць шырокія грамадскія рухі супраць несправядлівых і сфальсіфікаваных выбараў.

Усё гэта магло працаваць толькі пры наяўнасці эфэктыўных каналаў камунікацыі палітычнай альтэрнатывы з грамадствам, у першую чаргу, праз незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Аднак беларускія дэмакратычныя сілы былі сканцэнтраваны толькі на стварэнні першай з гэтых перадумоў - на вызначэнні легітымнага кандыдата ад аб'яднанай апазіцыі. Механізмы забеспячэння перамогі гэтага кандыдата засталіся на перыферыі ўвагі: сістэма незалежнага назірання за падлікам галасоў апынулася па-за ўплывам АДС (а пасля яе разгрому сіламі КДБ, альтэрнатыўная сетка партыйнага назірання так і засталася фікцыяй), грамадзянскія рухі, здольныя ініцыяваць масавыя пратэсты, успрымаліся АДС як канкуруючыя палітычныя структуры (у тым ліку, АДС спрабавалі пазбавіць іх фінансавання ад замежных донараў), а пытанне пра альтэрнатыўныя медыі (асабліва электронныя, няхай сабе і з-за мяжы) так і не было вырашана ажно да самых выбараў. У гэтых умовах кандыдату ад аб'яднанай апазіцыі нельга было разлічваць на электаральную перамогу, але, нават атрымаўшы большасць галасоў, ён не меў бы механізму, каб адстойваць сваё права на ўладу. Нягледзчы на гэта, АДС зрабілі стаўку на здабыццё электаральнай перамогі і абарону гэтай перамогі шляхам грамадскіх пратэстаў.

Крытыкі мадэлі "каляровай рэвалюцыі" ўказвалі на надзвычай жорсткі характар рэжыму Лукашэнкі: шырыня і інтэнсіўнасць рэпрэсій у Беларусі значна пераўзыходзіла тое, што мела месца ў іншых краінах, дзе адбыліся "каляровая рэвалюцыя". Да таго ж была відавочна запалоханасць рэжыма пагрозай рэвалюцыі (выбараў рэжым не баяўся), з-за якой на парасткі згаданай "інфраструктуры надзеі" абрынуліся жорскія рэспрэсіі. Адсутнасць хоць нейкага асяродку свабоды не давала магчымасці рэвалюцыйным сілам замацавацца на нейкім плацдарме для падрыхтоўкі рэвалюцыйнага выступу падчас выбараў. Не было сістэмы, якая была б гатова сапраўды даць альтэрнатыўныя вынікі падліку галасоў, вартыя хоць нейкага даверу, бо магчымасці назірання і здабыцця вынікаў падліку галасоў ужо даўно былі зведзены ў Беларусі да нуля. Адсутнічала незалежная прэса ў хоць-якім значным выглядзе, а абяцанае радыё- і тэлевяшчанне з-за мяжы так і не сталася значным фактарам. Але быццам бы "самы галоўны" аргумент супраць мадэлі класічнай "каляровай рэвалюцыі" - Лукашэнка сапраўды можа набраць большасць галасоў выбаршчыкаў. Апошні тэзіс разбураў усе электаральныя стратэгіі апазіцыі: прызнаючы немагчымасць чэсных выбараў і не абапіраючыся пры гэым на большасць выбаршчыкаў, АДС самі сябе заганялі б у кут.

Таму другое прынцыповае дапушчэнне, якім цешыла сябе апазіцыя, - гэта падтрымка дэмакратычыных перамен большасцю выбаршыкаў. Толькі перамога дэмакратычнага кандыдата праз здабыццё большасці галасоў разглядалася аб'яднанымі дэмакратамі як легітымная нагода для змены ўлады. Зразумела, гэта не стасавалася з тэзісам пра немагчымасць чэснага падліку галасоў і з адсутнасцю сістэмы эфектыўнага назірання. Тым не меньш, дэмакратычныя сілы бесперапынна паўтаралі пра тое, што іх дэмакратычныя праекты падтрымлівае ці не большасць насельніцтва. Маўляў, маючы падтрымку большасці насельніцтва, варта толькі арганізавацца, сабраць адзін мільён подпісаў у падтрымку дэмакратычнага кандыдата, вывесці сто тысяч чалавек на плошчу і далей механізм "каляровай рэвалюцыі" будзе запушчаны. Дэмакраты ўжо адчувалі сябе большасцю - трэба было толькі гэтую большасць прадэманстраваць, зрабіць яе яўнай. Пры гэтым сама апазіцыя цуралася слова "рэвалюцыя", ужываючы замест яго разнастайныя эўфемізмы.

Тут назіралася несупадзенне са стратэгіяй грамадзянскіх структур, некаторыя з якіх дзейнічалі ў сугуба рэвалюцыйным ключы. Дэкларуючы немагчымасць прыходу да ўлады ў Беларусі электаральным шляхам, палітычная апазіцыя быццам бы ўзяла на ўзбраенне стратэгію "каляровай рэвалюцыі", аднак на тактычным узроўні засталася ў межах звычайнага выбарчага працэсу. Была пастаўлена тактычная задача дасягнуць электаральнай перамогі (большасці галасоў выбаршчыкаў) для дэмакратычнага кандыдата, што павінна было быць палітычнай нагодай для пачатку рэвалюцыі.

З-за такога разыходжання стратэгічных мэт і тактычных задач адбыліся супярэчанні ў паслявыбарных дзеяннях: настроеныя на рэвалюцыйнае развіццё падзей масы сутыкнуліся з адсутнасцю рэвалюцыйнага плана дзеянняў у палітычных структур і ў рэшце рэшт з прызнаннем апазіцыяй электаральнай паразы. Але гэтая параза не проста была лёгка прагназавана - яна была папросту непазбежная. Палітычны цэнтр паставіў задачу дасягнення электаральнай большасці для дэмакратычнага кандыдата, і гэтая невыканальная тактычная задача зрабіла неактуальнай стратэгічную мэту рэвалюцыйнага захопу ўлады. У выніку такой карэкцыі мэт дзейнасць грамадзянскіх структур, нават падпарадкаваных палітыкам, апынулася як быццам бы непатрэбнай для палітычнай апазіцыі. Усе структуры павінны былі збіраць подпісы і агітаваць за адзінага дэмакратычнага кандыдата, а пытанні мабілізацыі людзей да негвалтоўнага пратэсту, выкрыццё фальсіфікацый і мірны супраціў фальсіфікацыям адыходзілі ў далёкую перспектыву. Гэтыя пытанні належыла разглядаць толькі пасля здабыцця электаральнай большасці.

Адзначым, што процідзеянне ўладаў электаральным памкненням АДС было экстэнсіўным, заснаваным на ранейшых адпрацаваных мехзанізмах маніпуляцыі вынікамі выбараў і абмежавання агітацыйных магчымасцей, а супраць рэвалюцыйных праектаў яны змагаліся творча, выкарыстоўваючы невядомыя раней прыёмы і адчувальна ўзмацніўшы ўзровень рэпрэсій. Менавіта ў рэвалюцыйным праекце рэжым бачыў для сябе галоўную небяспеку.

Такім чынам, дэмакратычныя сілы Беларусі па-сутнасці імкнуліся паўтарыць сцэнарый 2001 года, але пры гэтым не дапусціць зробленых тады памылак і скарыстацца найноўшым досведам паспяховых рэвалюцыйных праектаў. Для апазіцыйных палітычных партый галоўнай задачай было вылучэнне легітымнага кандыдата ад АДС. І для поспеху пераўтварэнняў не важна, хто ім стане, важна проста даць адказ на банальнае пытанне: "Хто замест Лукашэнкі?". Асноўныя спрэчкі стратэгічнага характару палягалі менавіта ў гэтай сферы. Вядомыя беспартыйныя грамадскія дзеячы і некаторыя з "малых" суб'ектаў АДС, якія мелі ўласныя прэзідэнцкія амбіцыі, крытыкавалі ідэю аб вылучэнні аднаго кандыдата ад апазіцыйных сіл. Уся гэтая крытыка палягала не проста ў рэчышчы электаральнага праекта, а мела на ўвазе прынцыповую магчымасць у Беларусі звычайнага выбарчага працэсу.

Крытыкі адзначалі, што некалькі апазіцыйных кандыдатаў рознай ідэялагічнай скіраванасці здолеюць больш актыўна разбурыць электаральную базу Лукашэнкі, трэба толькі, каб падчас агітацыйнай кампаніі гэтыя кандыдаты не канкуравалі паміж сабою, а канцэнтравалі свае атакі выключна на дзеючым прэзідэнце. Да таго ж, наяўнасць ідэалагічна адрозных кандыдатаў дазволіць усім ідэялагічным сегментам беларускага грамадства знайсці выяўляльніка сваіх інтарэсаў, прыцягнуць больш новых актывістаў і матэрыяльных рэсурсаў, а пры вылучэнні аднаго "сярэдняга" кандыдата яго праграма непазбежна будзе дэідэялагізаванай, уясрэдненай, што ў выніку адштурхне ідэялагічна настроеных выбаршчыкаў. Адзначалася, што наяўнасць двух кандыдатаў можа пры пэўных абставінах дапамагчы дамагчыся другога тура. Таксама ў пэўных колах дыскутавалася ўяўная перавага беспартыйнага кандыдата над партыйным і наадварот. Гэтыя спрэчкі не мелі аніякага сэнсу ў сілу прыняцця тэзіса пра немагчымасць у Беларусі звычайнага выбарчага працэсу і падліку галасоў увогуле, але для іх пераадолення АДС спатрэбілася шмат часу, гэтая справа заняла прыктычна увесь перыяд з вясны па восень 2005 года. Пытанне пра тое, якім чынам дэмакратычны кандыдат будзе перамагаць, засталося нявырашаным.

Стратэгічныя пытанні будучай кампаніі былі закрануты яшчэ адной грамадска-палітычнай групоўкай, якая разгарнула бурную дзейнасць напрыканцы 2005 года - напачатку 2006 года. Свае прапановы адносна дзеянняў у часе будучай палітычнай кампаніі высунулі грамадскія актывісты, аб'яднаныя ў Грамадзянскую ініцыятыву "Разам" (у розны час у яе ўваходзіла да дваццаці лідэраў беларускіх няўарадавых арганізацый, якія, збольшага, раней не супрацоўнічалі з палітычнымі партыямі ў межах палітычных кампаній, у тым ліку маладзёжныя, адукацыйныя, сацыяльныя, экалагічныя арганізацыі). Гэтая група прапанавала пры дапамозе метада арганізацыйна-дзейнаснай гульні (выкананай Агенцтвам гуманітарных тэхналогій на чале з Уладзімірам Мацкевічам) дасягнуць адзінага бачання і разумення ролі апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх арганізацый у будучай палітычнай кампаніі. Гульня адбылася ў сакавіку-красавіку 2005 года, і выпрацаваная па яе выніках стратэгія сталася спробай узгаднення розных падыходаў адносна кампаніі ў выглядзе несупярэчлівага паслядоўнага плана дзеянняў па актывізацыі грамадства і ажыццяўленні негвалтоўнай змены палітычнага рэжыму. Гэты план не супярэчыў тагачасным устаноўкам АДС, паколькі быў разлічаны на час пасля вызначэння адзінага кандыдата ад кааліцыі, пра што тады ў АДС асабліва не задумваліся. Гэты падыход мог бы зрабіцца падставай для выпрацоўкі скаардынаваных супольных дзеянняў грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый у межах будучай кампаніі. Але АДС як кааліцыя ўхіліліся ад супрацы з гэтым суб'ектам і выпрацаваным ім планам, хоць асобныя партыі і палітычныя лідэры ўзаемадзейнічалі з групай "Разам", спрабаваў карыстацца здабыткамі гульні і Аляксандр Мілінкевіч. Пазней перамовы адносна выкарыстання напрацовак гэтай стратэгіі вяліся ўжо ў час утварэння штаба адзінага кандыдата, але таксама скончыліся безвынікова. Напэўна, гэта было выкліканае насцярожаным стаўленьнем дзеячоў АДС да асобы Уладзіміра Мацкевіча, паколькі прыняццё стратэгіі аўтаматычна азначала далучэнне да яе рэалізацыі галоўнага яе распрацоўшчыка. Да таго ж, шмат хто з палітыкаў успрыняў літаральна правакатыўную заяву Мацкевіча адносна таго, што ў выпадку адсутнасці прагрэсу ў стратэгічных напрацоўках АДС ён гатовы сам выставіць сваю кандыдатуру ў прэзідэнты, маўляў, яго шанцы ў гэтым выпадку будуць не меншыя, чым у адзінага кандыдата без эфектыўнай стратэгіі.

Як бы там ні было, да пачатку выбарчай кампаніі стратэгіі перамогі АДС не абвесцілі: не прагучала нічога акрамя рашучых заклікаў ісці да канца, да перамогі. Пазней нястача стратэгічных ідэй, неабходнасць у бягучым рэжыме прымаць вызначальныя рашэнні і супярэчанні ў падыходах адбіліся і на самім ходзе кампаніі адзінага кандыдата, якой бракавала мэтаскіраванасці. Кампанія адзінага кандыдата была вымушана часцей рэагаваць на падзеі, чым вызначаць іх ход. Але трэба прызнаць, што галоўнай тактычнай пасылкі - адзіны каныдыдат ад усёй апазіцыйнай кааліцыі, які легітымна прадстаўляе ўсе дэмакратычныя сілы, - АДС трымаліся цвёрда. У выніку, план па вызначэнні гэткага кааліцыйнага кандыдата быў распрацаваны і паспяхова рэалізаваны, а плана па дасягненні перамогі гэтага кандыдата так і не было створана. На момант вызначэння адзінага кандыдата сведчаннем наяўнасці стратэгіі перамогі былі выключна словы саміх прэтэндэнтаў на месца адзінага кандыдата пра тое, што яны ведаюць, як перамагаць.

Такім чынам, замест стратэгічных задач планавая дзейнасць АДС была сканцэнтравана збольшага на вырашэнні тактычнай задачы, якую трэба было вырашыць да пачатку кампаніі: якім чынам вызначыць легітымнага адзінага кандыдата ад кааліцыі? Метад вызначэння адзінага кандыдата мусіў забяспечыць легітымную перамогу аднаго з наяўных моцных прэтэндэнтаў ад буйных суб'ектаў кааліцыі. Гэта было неабходнай умовай далейшага эфэктыўнага ўдзелу АДС у кампаніі. З іншага боку, ён не павінны быў адштурхнуць ад працэсу дробных і слабейшых кандыдатаў, якім нічога не свяціла. Важнасць прапрацоўкі гэтага пытання была ўзмоцнена тым негатыўным досведам, якім суправаджалася вызначэнне адзінага кандыдата ад аб'яднанай апазіцыі ў 2001 годзе. АДС былі поўныя рашучасці не паўтарыць ранейшых памылак, таму працэдуры вызначэння адзінага кааліцыйнага кандыдата надавалася самая вялікая ўвага.

Рознаскіраваныя і часам супярэчлівыя зацікаўленасці суб'ектаў кааліцыі і іншых палітычных актараў апазіцыйнага поля ускладнялі працэс распрацоўкі гэтага плана. Відавочна, што нават пры адсутнасці стратэгічнага плана вызначыць адзінага кандыдата ад аб'яднанай апазіцыі трэба было як мага хутчэй. Але не ўсе сілы ў межах кааліцыі былі зацікаўлены ў хуткім працяканні гэтага працэсу. Некаторыя імкнуліся выйграць час, здабыць падтрымку, скласці канкурэнцыю прызнаным лідэрам прэтэндэнцкай гонкі. Для іншых удзел у самім працэсе і маніпуляванне ўласнымі прэзідэнцкімі амбіцыямі зрабілася галоўным палітычным рэсурсам.

Распрацоўка плана вызначэння адзінага кандыдата ад АДС пачалася напрыканцы 2004 года, адразу пасля афармлення кааліцыі "дзесяткі". Асноўным органам, які выконваў гэтую задачу, была Планава-аналітычная група АДС. Пазней на яе былі ўскладзены і некаторыя функцыі па рэалізаацыі выпрацаванага плана ў межах грамадзянскай кампаніі па вылучэнні адзінага кандыдата і арганізацыйнага камітэта Нацыянальнага Кангрэса дэмакратычных сіла.

Спачатку паўстала мадэль вызначэння адзінага кандыдата праз працэдуру сваеасаблівых праймерыз, папярэдніх выбараў. Гэтая ідэя была высунута прадстаўнікамі АГП і падавалася дзейснай: яна магла бы забяспечыць дэмакратызм і адкрытасць працэсу вылучэння адзінага кандыдата, дапамагчы далучыць да дэмакратычнага працэсу шырокія колы грамадскасці. Падабалася гэтая ідэя і замежным партнёрам АДС, паколькі ўкладалася ў амерыканскую мадэль вызначэння найбольш прыймальнага сярод некалькіх прэтэндэнтаў. Але рэалізваць такую працу ў беларускіх умовах было б вельмі складана па тэхнічных прычынах, і недзе ў лютым 2005 года яна перастала гучаць. Праект праймерыз так і застаўся на ўзроўні палітычных дэкларацый, не падмацаваных прапановай канкрэтнага плана дзеянняў. Потым гэтая гісторыя паўторыцца і напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

У якасці кампраміснай схемы была прынята мадэль трохступенёвай грамадскай кампаніі па вылучэнні адзінага кандыдата, якая б не была ўнутрыкааліцыйнай і закрытай ад грамадства, але і магла быць рэалізавана наяўнымі сіламі і сродкамі. Мэтамі грамадскай кампаніі па вылучэнні адзінага кандыдата былі: вылучэнне адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад АДС, кансалідацыя дэмакратычных сіл і мабілізацыя ўсіх рэсурсаў у падтрымку адзінага кандыдата, прадстаўленне грамадству прывабнай альтэрнатывы ў выглядзе адзінай праграмы адзінага кандыдата ад адзінай дэмакратычнай кааліцыі. Асновай для правядзення грамадскай кампаніі былі праграмныя прынцыпы АДС: забеспячэнне годнага ўзроўню жыцця для ўсіх грамадзян Беларусі; захаванне незалежнасці і ўмацаванне суверэнітэта Беларусі; вяртанне Беларусі на шлях дэмакратычнага развіцця, забеспячэнне захавання правоў чалавека; аднаўленне ў Беларусі вяршэнства закона, падзелу ўлады, незалежнасці судовай сістэмы, паўнамоцтваў парламента і ўрада, сістэмы мясцовага самакіравання; аднаўленне павагі да Беларусі ў свеце і дабрасуседскіх адносін з усімі замежнымі краінамі, інтэграцыя Беларусі ў еўрапейскую супольнасць.

На першым этапе грамадскай кампаніі прадугледжвалася вылучэнне прэтэндэнтаў у адзіныя кандыдаты. Правам вылучэння валодалі вышэйшыя органы партый і партыйных аб'яднанняў, а таксама абласныя і Мінская гарадская канферэнцыі дэмакратычных сіл. Апошні орган склікаўся структурамі кааліцыі ў рэгіёне з ліку абласных структур партый-удзельніц СНДС, грамадскіх аб'яднанняў, якія прымалі ўдзел у выбарчых кампаніях 2001-2004 гадоў, а таксама незалежных прафсаюзаў. Да таго ж, пры жаданні ў канферэнцыі мог прыняць удзел любы паўнагадовы грамадзянін Беларусі, які падтрымліваў праграмныя прынцыпы АДС. Абласныя канферэнцыі мусілі праходзіць галосна і публічна, яны мусілі прыцягваць да АДС максімальную колькасць рэгіянальных і грамадскіх арганізацый, незалежных прафсаюзаў і мясцовай прэсы. Фактычна вынесці сваю кандыдатуру на разгляд абласной канферэнцыі мог любы грамадзянін Беларусі, які па сваім прававым статусе мог быць кандыдатам у прэзідэнты - дастаткова было толькі падпісаць заяву ўдзельніка кампаніі, у якой прызнаваліся праграмныя прынцыпы АДС, парадак вызначэння адзінага кандыдата ад АДС і прымаўся абавязак актыўна падтрымліваць адзінага кандыдата пасля яго вызначэння. Тыя, хто падаў падобныя заявы ў Сакратарыят грамадзянскай кампаніі, уключаліся ў бюлетэні для галасавання на абласных канферэнцыях і карысталіся падтрымкай кааліцыі ў арганізацыі сходаў з сябрамі дэмакратычнага актыву рэгіёну. Вылучынымі лічыліся прэтэндэнты, якія набралі больш за 50% галасоў удзельнікаў любой з сямі канферэнцый, пры гэтым мінімальная колькасць удзельнікаў канферэнцыі складала 75 чалавек, а галасаваць можна было за неабмежаваную колькасць прапанаваных кандыдатураў. Не выключалася таксама падвойнае вылучэнне: вылучаная партыяй альбо партыйным аб'яднаннем кандыдатура магла таксама быць вынесена на разгляд абласной канферэнцыі прэтэндэнтам асабіста альбо праз упаўнаважанага прадстаўніка. Вылучаныя такім чынам кандыдаты мелі падтрымку АДС для рэалізацыі інфармацыйна-агітацыйнай кампаніі праз сумесныя і індывідуальныя рэгіянальныя паездкі прэтэндэнтаў, сумесныя і індывідуальныя улёткі, публікацыі ў медыях.

На наступным этапе грамадзянскай кампаніі мусілі быць праведзены сходы ў кожным з раёнаў і гарадоў Беларусі для абрання дэлегатаў на Нацыянальны Кангрэс дэмакратычных сіл. Разам, згодна з адміністратыўным падзелам краіны, прадугледжвалася правядзенне 150 сходаў у тэрмін не пазней чым за 15 дзён да меркаванай даты правядзення Нацыянальнага Кангрэса дэмакратычных сіл. У сходах мелі права прымаць удзел прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і ініцыятыў, а таксама мог прыняць удзел любы паўнагадовы грамадзянін Беларусі, які падтрымліваў праграмныя прынцыпы АДС. Раённы сход рэйтынгавым галасаваннем мусіў выбраць двух дэлегатаў на Нацыянальны Кангрэс дэмакратычных сіл, пры гэтым сход не мог накласці на дэлегата абавязак галасаваць на Кангрэсе за канкрэтнага кандыдата. Мінімальная колькасць удзельнікаў сходу была вызначана ў 25 чалавек, але пазней для некаторых раёнаў чарнобыльскай зоны ў Гомельскай вобласьці і іншых дэпрэсіўных мясцінаў гэты цэнз быў зніжаны да 15 і нават да 12 удзельнікаў, якія маглі вылучыць аднаго дэлегата.

На завяршальным этапе грамадзянскай кампаніі прадугледжвалася правядзенне Нацыянальнага Кангрэса дэмакратычных сіл, на якім былі б прадстаўлены ўсе дэлегаты раённых сходаў, а таксама прадстаўнікі суб'ектаў кааліцыі і грамадскіх аб'яднанняў, прафсаюзаў, кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 2004 года (зарэгістраваныя або тыя, хто сабраў і падаў неабходную колькасць подпісаў), а таксама асабіста запрошаныя ганаровыя госці. Падрабязны падзел па квотах не быў уключаны ў агульны парадак грамадзянскай кампаніі і быў прыняты асобна напярэдадні Кангрэса яго Аргкамітэтам, які быў створаны СНДС. Папярэдне толькі было вызначана, што ў Кангрэсе павінны прыняць удзел прыблізна 750 дэлегатаў. Мэтай правядзення Кангрэса мусіла быць абранне адзінага кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь ад АДС, далейшая кансалідацыя дэмакратычных сіл Беларусі, дэманстрацыя народу і міжнароднай супольнасці адзінства дэмакратычных сіл Беларусі і іх рашучасці ісці па шляху дэмакратызацыі краіны. Было прадугледжана, што галасаванне па выбарах адзінага кандыдата будзе праводзіцца таемным галасаваннем пры кворуме ў палову ад агульнай колькасці ўдзельнікаў (дэлегатаў) Кангрэса. Кожны з дэлегатаў Кангрэса меў адзін голас, які не мог быць перададзены іншаму дэлегату альбо іншай асобе.

Накіроўваць увесь гэты працэс мусіў Арганізацыйны камітэт Кангрэса, створаны СНДС пасля вызначэння спісу кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у грамадскай кампаніі па вылучэнні адзінага кандыдата ад АДС. У гэты орган уваходзілі не толькі прадстаўнікі партый-удзельніц кааліцыі, але таксама і прадстаўнікі непартыйных кандыдатаў. У яго кампетэнцыю ўваходзіла распрацоўка сцэнарыя Кангрэса і плана звязаных з ім мерапрыемстваў, запрашэнне, згодна з квотамі і рашэннямі рэгіянальных сходаў, дэлегатаў і гасцей, а таксама стварэнне часовых рабочых груп для вырашэння бягучых пытанняў. Пасяджэнні Арганізацыйнага камітэта Кангрэса адбываліся не радзей чам раз на тыдзень, старшынстваваў на іх кіраўнік Арганізацыйнага камітэта, лідэр БПП Аляксандр Бухвостаў, яго намеснікамі былі абраныя Віктар Івашкевіч (БНФ) і Аляксандр Дабравольскі (АГП).

Таксама быў створаны Сакратарыят у складзе трох чалавек, які збіраў і сістэматызаваў дакументы па правядзенні грамадскай кампаніі. Кіраваў Сакратарыятам іншы прадстаўнік БПП - Уладзімір Страх. Планава-аналітычная група са сваяго боку мусіла забяспечваць бягучае планаванне кампаніі, экспертную ацэнку, распрацоўку праектаў інфармацыйных і агітацыйных матэрыялаў, планаванне інфармацыйных і агітацыйных мерапрыемстваў. Таксама на планава-аналітычную групу ўскладалася функцыя ўзгаднення сацыялагічных даследаванняў для патрэбаў АДС і грамадзянскай кампаніі. Для вырашэння спрэчных пытанняў прадугледжвалася стварэнне ўзгадняльнай камісіі. Для вырашэння канкрэтных задач, што могуць паўстаць падчас ажыццяўлення грамадскай кампаніі прадугледжвалася стварэнне адмысловых арганізацыйных груп. Гэты механізм быў зацверджаны рашэннем СНДС 21 сакавіка 2005 года і паказаў сябе дзейсным і рэальна ажыццяўляльным. Пры зацвярджэнні гэтага парадку гучала крытыка з боку суб'ектаў былой "Еўрапейскай кааліцыі "Свабодная Беларусь", але рашэнне было прынята.

У зацверджаным парадку не быў вызначаны час правядзення Кангрэса, таму да грамадзянскай кампаніі прыступілі, яшчэ дакладна не ведаючы, якім чынам і калі яна скончыцца. Папярэдне было вырашана, што да восені 2006 года Нацыянальны Кангрэс дэмакратычных сіл не адбудзецца, а працэс грамадзянскай кампаніі будзе пачаты з красавіка 2005 года. Зразумела, некаторыя суб'екты патрабавалі як мага хутчэйшага правядзення Кангрэса: ПБНФ і Аляксандр Мілінкевіч казалі пра патрэбу вызначэння адзінага кандыдата ўжо ў траўні-чэрвені 2005 года. Таксама і Асамблея дэмакратычных дэпутатаў мясцовых саветаў, якая яднала каля 100 дэпутатаў па усёй краіне, звярнулася з заклікам да кіраўніцтва дэмакратычных сіл правесці абранне адзінага кандыдата напрыканцы траўня. Але рэалізацыя запланаванай грамадскай кампаніі вылучэння і тэхнічная падрыхтоўка Кангрэса рабілі такое прыспешванне немагчымым. З іншага боку, некаторыя з слабых прэтэндэнтаў (напрыклад, Мікола Статкевіч) заяўлялі пра мэтазгоднасць правядзення Кангрэса ўвесну 2006 года: у такім выпадку падобнага развіцця падзей апазіцыя магла бы прызначыць вызначэнне сваяго адзінага кандыдата на час пасля рэальнай рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі альбо нават пасля выбараў. Аднак гэтыя пазіцыі не знайшлі паразумення ў іншых удзельнікаў кааліцыі, якія былі зацікаўлены правесці рэальную кампанію ў яго падтрымку. Праблема часу правядзення Кангрэса дэмакратычных сіл таксама звязаная і са стратэгічнай нявызначанасцю: некаторыя назіральнікі адзначалі, што ў выпадку правядзенння Кангрэса ў траўні 2005 года абранаму адзінаму кандыдату папросту не застанецца чаго рабіць да восені, маўляў, "мы пакуль не вызначыліся, што будзем рабіць пасля Кангрэса, таму лепей бы зацягнуць працэс абрання адзінага падолей і правесці Кангрэс недзе ў верасні-кастрычніку 2005 года".

Ідэя пра тое, што час правядзення Кангрэса павінны быць звязаны не толькі з завяршэннем галоснага працэсу вылучэння прэтэндэнтаў і наяўнасцю тэхнічных і рэсурсовых магчымасцей, але і з выпрацоўкай стратэгічных палажэнняў праграмы дзеянняў будучага адзінага кандыдата, не знаходзіла падтрымкі ў колах палітычных дзячоў. Такім чынам, правядзенне Кангрэса вымагала падрыхтоўкі па трох вымярэннях: палітычным, тэхнічным і стратэгічным. Калі палітычная падрыхтоўка была праведзена шляхам грамадзянскай кампаніі па вылучэнні кандыдатаў і дэлегатаў Кангрэса, а тэхнічная падрыхтоўка была здзейсненая сіламі Арганізацыйнага камітэта, то стратэгічная падрыхтоўка апынулася па-за ўвагай дэмакратычных сіл і засталася не рэалізаванай.

Нягледзчы на тое, што шэраг прынцыповых момантаў не знайшоў сваяго адлюстравання ў парадку правядзення грамадскай кампаніі па вылучэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, прыняццё гэтага дакумента мела не толькі тэхнічнае, але і вялікае палітычнае значэнне. Суб'екты дэмакратычнай кааліцыі здолелі ўзняцца над палітычнымі амбіцыямі лідэраў, ахвяравалі прыватнымі інтарэсамі асобных партый і заключылі пагадненне адносна прынцыаў працэдуры важнага палітычнага працэсу. Яны не пабаяліся запрасіць да гэтага працэсу ўсе астанія сілы, што яшчэ пакуль не былі далучаны да кааліцыі: дзверы да аб'яднаўчага працэсу заставаліся адчыненымі да самага яго завяршэння. Прапанова далучыцца да праграмных прынцыпаў АДС і падпісаць заяву аб згодзе зняць сваю кандыдатуру на карысць найлепшага з прэтэндэнтаў, якая была зробленая кааліцыяй усім патэнцыйным прэтэндэнтам, стала для гэтых асоб тэстам на палітычную сталасць. Тэст гэты пацвердзіў, што не ўсе тыя, хто заяўляў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, на самой справе палітычна дараслі да такой ролі. Тыя з патэнцыйных кандыдатаў, хто не далучыўся да кааліцыі, збольшага так альбо інакш былі вымушаны падтрымаць у выніку яе кандыдата. Нажаль, для дасягнення гэткага выніку прыйшлося выдаткваць шмат часу і высілкаў, якія маглі бы быць выкарыстаны іншым, больш рацыянальным чынам.

Прэтэндэнты

Прадстаўнікоў дэмакратычнага лагера, што заяўлялі пра свой намер браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах альбо разглядаліся ў гэтай якасці грамадскасцю, можна падзяліць на тры класа, у залежнасці ад іх дачынення да працэсу вызначэння адзінага кандыдата ад АДС.

Да першага класа можна аднесці лідэраў, высунутых палітычнымі партыямі былой Народнай каліцыі "Пяцёрка плюс". Яны безумоўна ўдзельнічалі ў працэсе вызначэння адзінага кандыдата ад АДС і гралі ў ім вызначальную ролю. Гэта палітычныя цяжкавагавікі, ініцыятары і ў вялікай ступені распрацоўшчыкі працэдуры вызначэння адзінага кандыдата. Іх крытыкавалі за тое, што сама гэтая працэдура была быццам бы пабудавана з разлікам на гэтыя асобы. Аднак хутчэй за ўсё такое абвінавачванне не зусім справядлівае: працэдура была сканструявана для вызначэння наймацнейшага сярод кандыдатаў, які карыстаўся б найбольшай падтрымкай дэмакратычнай супольнасці і мог зрэалізаваць агульнанацыянальную кампанію сумесна з іншымі палітычнымі суб'ектамі АДС. Гэта значыць сярод важных крытэрыяў была не толькі персанальная "абіральнасць" прэтэндэнта, якая ва ўмовах інфармацыйнай блакады апазіцыі была ва ўсіх суб'ектаў прыкладна аднолькава мізэрная, але і здольнасць прэтэндэнта аб'яднаць вакол сябе розныя палітычныя сілы, з'яднаць усе арганізацыйныя рэсурсы апазіцыі. Натуральна, што такі кандыдат верагодна мусіў з'явіцца ў асяроддзі сталых удзельнікаў дэмакратычнай кааліцыі, якія мелі досвед узаемадзеяння паміж сабой і былі гатовыя да далейшай супрацы.

Такім чынам, да гэтай страты належылі вылучэнцы партый-удзельніц АДС:

Сяргей Калякін - 53-гадовы першы скратар ПКБ, вылучаны гэтай партыяй. Шмат хто казаў пра малаверагоднасць абрання камуніста адзіным кандыдатам ад АДС, хоць рэальныя праграмныя прынцыпы ўзначаленай ім партыі сталі цяпер блізкія да сацыял-дэмакратыі. З гэтай прычыны ён меў мала шанцаў вылучыцца у межах схемы з адзіным дэмакратычным кандыдатам. Аднак у межах згаданага трыумвірата кіруючых у кааліцыі партый ПКБ іграла прынцыповую ролю, дазваляючы падтрымліваць баланс паміж АГП і ПБНФ. Таксама і вылучэнне Калякіна мусіла быць сродкам дасягнення раўнавагі паміж іншымі асноўнымі кандыдатамі, вылучанымі ад гэтых партый. Да таго ж, удзел кіраўніка ПКБ у прэтэндэнцкай гонцы і надалей у кампаніі быў залогам ідэялагічнай збалансаванасці дэмакратычнага праекта, дэманстрацыяй таго, што супраць Лукашэнкі з'ядналіся ўсе здаровыя сілы грамадства. Такім чынам, фігура Калякіна займала прынцыпова важнае месца ў працэсе вылучэння адзінага кандыдата, хоць яе наўрадці можна было лічыць рэальна прахадной кандыдатурай. У далейшым падчас кампаніі палітык заняў пасаду кіраўніка штаба адзінага кандыдата.

Анатоль Лябедзька - 44-гадовы старшыня АГП, вылучаны гэтай партыяй. Напэўна, вылучэнне кандыдатуры Лябедзькі было адным з найбольш прадказальных момантаў працэсу вылучэння адзінана кандыдата: лідэр адной з вядучых апазыцыйных партый даўно не хаваў сваяго намеру балатавацца ў прэзідэнты. І сам Лябедзька, і ўзначаленая ім партыя рыхтаваліся да вылучэння вельмі доўга і вельмі сур'ёзна. Таму іншым партыям кааліцыі, а асабліва ПБНФ, было лягчэй: ім была вядома пазіцыя АГП і тое, каго яна вылучыць. Лябедзька меў досвед працы ў Вярхоўным Савеце 12-га і 13-га скліканняў, а таксама мог пахваліцца поспехамі ў наладжванні кантактаў на замежнапалітычнай арэне. Ён быў адной з асноўных фігур палітычнай апазіцыі і шмат гадоў з'яўляўся галоўнай мішэнню для лукашэнкаўскай прапаганды. Адным з негатыўных аспектаў вылучэння яго кандыдатуры быў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 1994 года ў складзе каманды Лукашэнкі. На карысць гэтага прэтэндэнта працавала вялікая група палітолагаў і аналітыкаў, з'яднаных каля АГП. Апошні аспект дазволіў яму ў часе кампаніі і пасля яе ўзначаліць Нацыянальны камітэт апазіцыі, што павінны быў стаць правобразам ценявога ўраду, але насамрэч пераўтварыўся ў "суцяшальны прыз" у выглядзе канала фінансавання праектаў АГП.

Аляксандр Мілінкевіч - 57-гадовы беспартыйны кіраўнік праграм Фонда садзейнічання лакальнаму развіццю, вылучаны Беларускай партыяй "Залёныя", а пасля гэтага падтрыманы ПБНФ. У час прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Мілінкевіч кірваў штабам кампаніі Сямёна Домаша, вылучаўся ў парламент у 2004 годзе, таму добра ведаў кухню выбарчай гонкі. Будучы навукоўцам, ён таксама меў досвед працы ў дзяржапараце: быў намеснікам старшыні Гродненскага гарвыканкама па справах адукацыі, культуры, аховы здароўя, моладзі, спорту, рэлігіі і аховы гістарычнай спадчыны. За ім стаяла вялізарная сіла беларускіх няўрадавых арганізацый, з'яднаных сеткай Беларуская асацыяцыя рэсурсавых цэнтраў. У грамадскай свядомасці фігура Мілінкевіча амаль адсутнічала, ён меў нулявы рэйтынг вядомасці. Ідэялагічна яго кандыдатура была падтрымана прыхільнікамі беларускага нацыянальнага праекта. Але яго фігура паўстала знянацку, нечакана для знешніх назіральнікаў, да пачатку 2005 года пра яго кандыдатуру ніхто не разважаў. Шмат у чым яго вылучэнне ад ПБНФ сталася вынікам слабасці пазіцый старшыні гэтай партыі Вінцука Вячоркі. З іншага боку, вылучэнне беспартыйнага кандытата, ды яшчэ папярэдне вылучанага партыяй зялёных, можна было лічыць удалым крокам ПБНФ, які дазволіў абыйсці негатыўны фактар адмоўнага партыйнага рэйтынгу і адначасова заручыцца падтрымкай рэсурсавых цэнтраў.

Станіслаў Шушкевіч - 70-гадовы старшыня БСДГ, вылучаны гэтай партыяй. Аб'ектыўна лічыўся слабейшым сярод кола "прэтэндэнтаў-сенатараў", хоць валодаў вялікай палітычнай вагой і агромным аўтарытэтам на знешнепалітычнай арэне: асоба першага кіраўніка незалежнай Беларусі і аднаго з далакопаў Савецкага Саюза была добра вядома ўсім. І на ўнутраным палітычным полі Шушкевіч мог цягацца па рэйтынгу пазнавальнасці з Лукашэнкам, чым не мог пахваліцца ні адзін з іншых кандыдатаў, апроч Пазняка. Адзіны з патэнцыйных кааліцыйных кандыдатаў, хто меў досвед удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата (у 1994 годзе набраў каля 10% галасоў). Але гэтыя вялікія плюсы кампенсаваліся таксама вялікімі мінусамі, звязанымі са шматгадовай негатыўнай прапагандай супраць асобы Шушкевіча ў лукашэнкаўскіх медыях. Зрэшты, і сам Шушкевіч не дэманстраваў асаблівага імпэту справе ўласнага вылучэння. Хутчэй за ўсё, вылучэнне ў якасці прэтэндэнта на ролю адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі было для яго справай захавання ўласнага палітычнага статуса ў ролі палітыка першага шэрагу, а таксама сродкам захавання ўплыву БСДГ, якая займала ў межах АДС ролю падпарадкаванай сілы. Пазней менавіта такі падыход дазволіў Шушкевічу зняць сваю кандыдатуру на карысьць будучага адзінага кандыдата.

Ужо ўвесну 2005 года , на момант зацвярджэння парадку вылучэння адзінага кандыдата, самымі моцнымі сярод гэтай чацвёркі прэтэндэнтаў лічыліся Мілінкевіч і Лябедзька. Пры гэтым напачатку кампаніі відавочную перавагу меў Мілінкевіч, што выразна праявілася падчас абласных канферэнцый у красавіку-траўні 2005 года. З гэтай прычыны яго група падтрымкі, і ПБНФ у тым ліку, выступалі за хутчэйшае скліканне Кангрэса дэмакратычных сіл, няхай сабе на шкоду дэмакратычнасці і прадстаўнічасці гэтага органа. Але пазней у выніку працяглай барацьбы на раённых сходах, мабілізацыі ўласных сімпатызуючых, шэрагу ўдалых палітытчных інстрыг і наладжвання сувязей з незаангажаванымі сіламі Лябедзька адыграў балы. Напярэдадні Кангрэса ўжо ніхто не мог прадказаць вынікі галасавання, хоць большасць экспертаў казала, што шалі схіляюцца на бок вылучэнца ад АГП.

Сярэдні клас патэнцыйных прэтэндэнтаў складалі незалежныя, пазапартыйныя кандыдаты і патэнцыйныя самавылучэнцы, якія па-рознаму ставіліся да прапанаванай працэдуры абрання адзінага дэмакратычнага кандыдата. Сюды таксама мусім далучыць "слабога" прэтэндэнта ад кааліцыйнага суб'екта Міколу Статкевіча, шанцы якога рэзка паменшыліся ў выніку перавароту ў БСДП(НГ), крымінальнай справы і наступнага зняволення. Гэты прэтэндэнт падпісаў заяву аб далучэнні да грамадзянскай кампаніі вылучэння і фігураваў у спісе апошняй абласной канферэнцыі ў Віцебску. Усе астатнія незалежныя прэтэндэнты не далучыліся да агульнага працэсу на этапе абласных канферэнцый, але збольшага прысутнічалі на гэтых мерапрыемствах альбо дасылалі на іх сваіх прадстаўнікоў. У выніку, частка з іх падтрымала падчас Кангрэса таго альбо іншага з моцных кандыдатаў. Са сваяго боку кааліцыя рабіла ўсё магчымае, каб далучыць да працэсу максімальную колькасць кандыдатаў другога шэрагу - былога сябра ПБНФ, кінарэжысёра і кіраўніка дэлегалізаванага Беларускага гуманітарнага ліцэя, лідэра Рады інтэлегенцыі Уладзіміра Коласа, беспартыйнага былога спікера Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, акадэміка Уладзіміра Вайтовіча, сябра БСДП(НГ), генерала Уладзіміра Фралова, беспартыйнага былога міністра сельскай гаспадаркі, кіраўніка Беларуска-расійскага фонда "За новую Беларусь" Васіля Лявонава, лідэра Кангрэса незалежных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, тройчы алімпійскага чэмпіёна, былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімера Парфяновіча. Пэўны час гэтая група прэтэндэнтаў стварыла нешта накшталт прэтэндэнцкага клуба для супольнай артыкуляцыі пазіцыі адносна неабходнасці перафарматаваць парадак вызначэння адзінага кандыдата ад АДС. Аднак ў верасні 2005 года, напярэдадні Кангрэса дэмакратычных сіл, усе з пералічаных асоб разам з кандыдатамі першага шэрагу падпісалі адмысловую Дэкларацыю аб гатоўнасці працаваць адзінай камандай: "Мы прыкладзем усе высілкі, каб падчас выбарчай кампаніі быў адзіны кандыдат у прэзідэнты ад дэмакратычных сіл. Для перамогі гэтага кандыдата спатрэбіцца падтрымка ўсіх выбаршчыкаў, якія выступаюць за перамены, і высокапрафэсійная каманда аднадумцаў, якія маюць досвед у розных галінах палітыкі, эканомікі і культуры. Кангрэс дэмакратычных сіл стане па-сапраўднаму народным сходам тых, хто хоча ў краіне перамен". Пры гэтым Аляксандр Мілінкевіч і Мікола Статкевіч падпісалі дакумэнт з уласным дадаткам: "Падтрымліваю дэкларацыю пры ўмове, што адзіны кандыдат ад дэмакратычных сіл будзе абраны ў адпаведнасці з рашэннем кааліцыі на Кангрэсе 1-2 кастрычніка". Пазней у часе прэзідэнцкай кампаніі Уладзімір Фралоў і Аляксандр Вайтовіч адыйшлі ад духу гэтага пагаднення і зарэгістравалі свае ўласныя ініцыятыўныя групы для зборуподпісаў.

Да гэтай групы прэтэндэнтаў таксама дадучаецца група самавылучэнцаў з зусім невялікімі шанцамі заняць месца адзінага кандыдата: беспартыйны Валеры Грыцук, сябра АГП Мікола Бусьнюк, сября БСДГ Валеры Арцішэўскі. Тры гэтыя асобы спрабавалі вылучацца на абласных канферэнцыях дэмакратычных сіл, аднак практычнай падтрымкі не атрымалі. Сваім удзелам яны адно што засведчылі адкрытасць і дэмакратычнасць грамадзянскай кампаніі па вылучэнні адзінгага кандыдата ад АДС.

Трэцюю групу складалі патэнцыйныя прэтэндэнты, якія не мелі рэальнай зацікаўленасці ў далучэнні да працэсу вызначэння супольнай дэмакратычнай альтэрнатывы Лукашэнку, але фігуравалі ў прэсе. Гэта былы сябра АГП, палітзняволены Андрэй Клімаў, які з лютага 2004 года прыпыніў сяброўства ў партыі і абвнесціў пра пачатак уласнай кампаніі; пазней ён выступіў у падтрымку кандыдатуры Анатоля Лябедзькі і рэальных памкненняў вылучацца не дэманстраваў. Сябра былой дэпутацкай групы "Рэспубліка" Сяргей Скрабец таксама імкнуўся выставіць сваю кандыдатуру, што было звязана не з яго прэзідэнцкімі амбіцыямі, а з пагрозай крымінальнага пераследу. Лідэр КХП-БНФ Зянон Пазняк, які меў досвед удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, знаходзіўся ў эміграцыі на працягу амаль дзесяці гадоў і таксама не мог рэальна разглядацца ў якасці альтэрнатыўнага дэмакратычнага кандыдата, хоць і заяўляў пра адназначны намер балатавацца. Такія кандыдаты, як былы міністр замежных спраў Пётр Краўчанка, дачка былога савецкага кіраўніка Беларусі Наталля Машэрава, традыцыйны спарынг-партнёр Лукашэнкі, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч ніколі не дэманстравалі жадання атрымаць статус адзінага кандыдата ад апазіцыі. Большасць гэтых і іншых асоб пераследвавала свае мэты, слаба звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі ўвогуле.

Асобна ад усіх трымаўся Аляксадр Казулін, чыя пазіцыя адносна плана АДС і прэзідэнцкія амбіцыі штурхалі яго да рэальнага самастойнага ўдзелу у выбарах. Толькі Аляксандр Казулін прынцыпова адмовіўся ўдзельнічаць у прапанаваным механізме абрання адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі, хоць у яго і былі досыць неблагія шанцы. Пазней гандль з ім працягваўся ўжо на глебе магчымага аб'яднання груп на ўзроўні роўных суб'ектаў. Але гэтыя перамовы не скончыліся аніякім вынікам нават ужо тады, калі народ стаяў на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

На этапе планавання кампаніі і вызначэння стратэгіі перамогі апазыцыя была сканцэнтравана на пытанні "хто", замест пытання "якім чынам".

Чытайце таксама:

"Наше мнение"

Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25.05.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: "Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть".

Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
22.05.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: "Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть".

Андрей Егоров. Системный кризис: Беларусь-2020 (Видео)
Андрей Егоров. Системный кризис: Беларусь-2020 (Видео)
25.04.2020 Андрей Егоров, Центр европейской трансформации

Представляем вашему вниманию видеолекцию политолога Андрея Егорова, посвященную процессам, которые разворачиваются в Беларуси в 2020 году.

Владимир Мацкевич: Беларусь должна стать уважаемой, процветающей и современной страной (Видео)
Владимир Мацкевич: Беларусь должна стать уважаемой, процветающей и современной страной (Видео)
31.12.2019 Канстытуцыя.бел

Новогоднее поздравление от беларусского философа и методолога Владимира Мацкевича.

Калькулятор национального суверенитета. Сколько его осталось у Беларуси?
Калькулятор национального суверенитета. Сколько его осталось у Беларуси?
04.10.2019 Андрей Егоров, Центр европейской трансформации — специально для "Беларусского Журнала"

Механика полной интеграции Республики Беларусь в состав Российской Федерации набирает обороты.

Видео