BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Магілёўскія НДА далучаюцца да Нацыянальнай платформы

28.11.2011
Магілёўскія НДА далучаюцца да Нацыянальнай платформы

 

На сустрэчы ў Магілёве са старшынёй Часовага каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы, кіраўніком Рады Міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь" Уладзімірам Мацкевічам прысутнічалі прадстаўнікі 11-ці розных мясцовых аб'яднанняў.

Спадар Мацкевіч растлумачыў, што дасць НДА падпісанне Мемарандума, прынятага 29-га кастрычніка бягучага года на Канферэнцыі Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, а таксама прапанаваў магілёўскім грамадскім арганізацыям стварыць сваю абласную платформу. 

- Абласная платформа патрэбна для рэгулярных сустрэч і абмеркавання рэгіянальных праблем і выражэння сваіх меркаванняў. Гэта магчымасць выпрацоўваць агульную пазіцыю, з якой можна будзе прэзентаваць рэгіянальныя інтарэсы. Бо часта можна пачуць прэтэнзіі рэгіянальных грамадскіх арганізацый, маўляў, усё вырашаецца ў Мінску. Адзіная магчымасць паўплываць на прыняцце рашэнняў - уключыцца ў гэты працэс, - патлумачыў Уладзімір Мацкевіч.

Усходняе партнёрства - гэта тое, вакол чаго можна збірацца і кансалідавацца. Але не варта прывязваць Нацыянальную платформу да Усходняга партнёрства (на той выпадак, калі апошняе вычарпая сябе). Агульная мэта - еўрапеізацыя Беларусі, і Усходняе партнёрства можа ў гэтым істотна дапамагчы.

Уладзімір Мацкевіч зазначыў, што павінна быць утвораная ініцыятыўная група з тых, каму, як кажуць, больша за ўсях патрэбна. І на гэтую прапанову адгукнуліся.

- Мы ўдзельнічалі ў Канферэнцыі Нацыянальнай платформы, апошняя бачыцца нам дзейсным інструментам, - кажа Валадар Цурпанаў (Рушэнне "Магілёўская лучнасць"). - Таму мы можам стаць ініцыятарамі стварэння мясцовай пляцоўкі камунікацыі, на першапачатковым этапе - гарадской, а калі будзе поспех, то і абласной. "Магілёўская лучнасць" пачыналася з філасофскага гуртка, потым уключыла ў сферу сваіх інтарэсаў стварэнне палітычнай партыі. Але зараз галоўнае - будаваць публічную прастору. І абласная платформа - сродак, метад, інструмент для гэтай работы.

Іншыя ўдзельнікі сустрэчы таксама выказалі свае меркаванні.

- Сферы дзейнасці нашай не так даўно створанай ініцыятывы - адукацыя і кантакты паміж людзьмі. Таксама адна з нашых галоўных задач - садзейнічанне кантактам з Еўропай, удзел ва Усходнім партнёрстве і Нацыянальнай платформе, - гаворыць Яўген Бойка, лідэр Магілёўскай адукацыйнай ініцыятывы. - Мы плануем прэзентацыі, семінары, прысвечаныя тэме Нацыянальнай платформы ў Магілёве.

- Падпісанне Мемарандума - слушная прапанова. Магілёўская грамадзянская арганізацыя ТБМ зацікаўленая ў тым, каб заняць пачэснае месца ў Нацыянальнай платформе, - кажа Сяргей Дымкоў, намеснік старшыні Магілёўскай грамадзянскай арганізацыі ТБМ. - Яшчэ хацелася б атрымліваць інфармацыйную падтрымку ад калег са сталіцы.

На гэта Уладзімір Мацкевіч адзначыў, што тыя аргіназацыі, якія падпішуць Мемарандум, стануць сталымі ўдзельнікамі Нацыянальнай платформы і будуць уключаныя ў спіс рассылкі, такім чынам аператыўна атрымліваючы самыя апошнія абвесткі і навіны Нацыянальнай платформы.

 

Юлія Інышава, ЕўраБеларусь 
Видео