BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Павел Сяркевіч: "Што піша еўрапейская прэса пра Саміт Усходняга партнёрства ў Варшаве"

11.10.2011
Павел Сяркевіч: "Што піша еўрапейская прэса пра Саміт Усходняга партнёрства ў Варшаве"

Што піша еўрапейская прэса пра Саміт Усходняга партнёрства ў Варшаве

Павел Сяркевіч, EaPCommunity


Саміт Усходняга партнёрства ў Варшаве, які прайшоў 29-30 верасня 2011 года, быў шырока адзначаны еўрапейскімі СМІ. Але наўрад ці можна сказаць, што гэтае мерапрыемства сталася гарачай навіной.

Габар Міклаш з венгерскай штодзённай газеты Népszabadság выкладае свой пункт гледжання на прычыну яго правалу ў артыкуле "Закрытая замежная дзяржава альбо дэмакратыя?" ад 30-га верасня: па-першае, вельмі нешматлікія лідэры буйных дзяржаў ЕС прынялі ўдзел у мерапрыемстве; па-другое, шэсць ўсходніх краін-партнёраў дагэтуль з’яўляюцца вельмі экзатычнымі дзяржавамі для большасці еўрапейцаў; па-трэцяе, падзеі Блізкага Усходу, арабскія рэвалюцыі і ўнутраныя еўрапейскія канфлікты амаль вычарпалі энергію краін Еўрасаюза і яго інстытуцый.

Аднак эканамічная нестабільнасць у краінах Паўднёвай Еўропы і дынамічныя змены ў краінах паўднёвых суседзей сталіся не адзінымі прычынамі абмежаванай цікавасці да Саміту Усходняга партнёрства і яшчэ больш сціплых яго рэзультатаў, гледзячы па большасці міжнародных ацэнак.

Стывен Касл з выдання International Herald Tribune (міжнароднае аддзяленне New York Times) разважае ў артыкуле ад 29-га верасня "ЕС на Саміце паглядзеў на Усход і ўбачыў хмары на гарызонце": замест таго, каб засяродзіцца на больш цесных гандлёвых сувязях і лібералізацыі візавага рэжыму, перамовы вышэйшага ўзроўня на Саміце былі засяроджаныя на "зніжэнні перспектыў развіцця дэмакратыі ва Украіне і адкату да аўтарытарызму ў Беларусі ".

У аналагічным тоне варшаўская сустрэча была апісаная ў францускай штодзённай газеце Le Figaro, у артыкуле ад 30-га верасня "Усходнія суседзі - галаўны боль Варшавы". Так, адмова ў запрашэнні беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі на Саміт, так сама як судовы працэс над былым прэм'ер-міністрам Украіны Юліяй Цімашэнка, азмрочылі парадак дня ў Варшаве і сталі галоўнай тэмай абмеркаванняў гэтага мерапрыемства.

У артыкуле "Саміт невялікай значнасці для Еўропы", апублікаваным у польскай штодзённай газеце Rzeczpospolita ад 30-га верасня, была падкрэсленая еўрапейская палітыка двайных стандартаў што да сваіх суседзяў: "Калі б Беларусь была нафтавай дзяржавай, то ЕС, верагодна, ставіўся бы да мінскага тырана больш паблажліва - гэтак, як Аб’яднаная Еўропа ставіцца да прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, у краіне якога праводзяцца фальсіфікаваныя выбары і пераследуюцца прадстаўнікі апазіцыі, нягледзячы на што Аліеў прыехаў у Варшаву. Бо ў яго краіне ёсць нафта і газ, у якіх Еўропа мае вялікую патрэбу".

І пакуль прэзідэнт Еўрасаюза Жазэ Мануэл Барозу называе мінулы Саміт Усходняга партнёрства "вельмі паспяховым", большасць еўрапейскіх СМІ трымаюцца стрыманых поглядаў на гэтую афіцыйную сустрэчу і яе дасягненні. Заключная Дэкларацыя Саміта засталася фактычна незаўважанай палітычнымі назіральнікамі; а тыя, хто апісаў прыняты дакумент, далі яму ў асноўным адмоўныя ацэнкі. Карын Тэр-Саакян з армянскага агенцтва навін PanArmenian.net піша, што прынятая ў Варшаве Дэкларацыя сталася "яшчэ адным дакументам, які нікога ні да чаго не абавязвае", паколькі ў ім змяшчаюцца "толькі добрыя намеры [яе падпісантаў]" (артыкул "Еўрапейскі крызіс і Усходняе партнёрства», 30-га верасня).

У некаторых артыкулах згадваецца высокі ўзровень дэлегацыі, якая прымала ўдзел у варшаўскім Саміце. Так, расійскі палітычны назіральнік з Берліна напісаў у "Коммерсанте", у артыкуле ад 30-га верасня "Усходняму партнёрству далёка да Захаду": Варшава прыняла кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, ад многіх дзяржаў ЕС і ўсходніх партнёраў да высокіх прадстаўнікоў інстытутаў ЕС. З іншага боку, была адзначаная адсутнасць некаторых еўрапейскіх лідэраў. У працытаваным вышэй артыкуле, польская газета Rzeczpospolita не без іроніі тлумачыць адсутнасць на Саміце Нікаля Сарказі: у гэты ж самы час прэзідэнт Францыі адкрываў першую высакахуткасную чыгуначную лінію ў Марока, якая злучае Танжэр і Касабланку. З іншага боку, большасць СМІ выдзяляюць удзел у Варшаўскім Саміце канцлера Германіі Ангелы Меркель, што, аднак, не дадало аптымізму нямецкім газетам у ацэнках вынікаў мерапрыемства.

Была таксама адзначаная адсутнасць агульных поглядаў у самім Еўрасаюзе на пытанне аб ролі Усходняга партнёрства. Ніку Папеску, аналітык Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах, у International Herald Tribune напісаў, што некаторыя дзяржавы ЕС "у канчатковым рахунку хочуць сяброўства для некаторых усходніх партнёраў, але астатнія - не".

Адсутнасць выразнай перспектывы еўрапейскай інтэграцыі была прызнаная ў некаторых каментарах як асноўны недахоп праграмы "Усходняе партнёрства". Віктар Кірыла, дырэктар вядучага аналітычнага цэнтра Малдовы па замежнай палітыцы APE, так пракаментаваў гэтае пытанне ў малдаўскай штодзённай газеце Timpul ад 6-га кастрычніка: "Саміт Усходняга партнёрства стаў поспехам для Малдовы". У той жа час, украінскія газеты цытуюць прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, які падкрэсліў у ходзе свайго візіту ў Варшаву, што Кіеў будзе настойваць на ўключэнні пункту аб інтэграцыі ў Пагадненне аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай.

Азербайджанскае інфармацыйнае агенцтва Turan адзначыла ў сваім артыкуле ад 1-га кастрычніка, што ўпершыню "Саміт Усходняга партнёрства прызнаў краіны Паўднёвага Каўказу еўрапейскімі краінамі". Азербайджанскі інфармацыйны бізнес-партал ABC.AZ 3-га кастрычніка пракаментаваў тую частку Варшаўскай Дэкларацыі Саміта, у якой былі па-рознаму прызнаныя еўрапейскія памкненні і еўрапейскі выбар некаторых усходнееўрапейскіх партнёраў. У артыкуле "ЕС уводзіць сегрэгацыю ўсходніх партнёраў" была дадзеная ацэнка раздзяленню чальцаў УП "у працэсе іх інтэграцыі ў Еўрапейскі Саюз".

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" - паводле EaPCommunity

Видео