Увечары 10 кастрычніка ў
Варшаве адбылася ўсясьветная прэм’ера польска-амэрыканска-нарвэскага
дакумэнтальнага фільму выбітнага польскага рэжысэра Анджэя Фідыка “Беларускі
Вальс”. Галоўны герой стужкі – вядомы мастак Алесь Пушкін, праз асобу якога
рэжысэр паказвае сучаснае жыцьцё перадусім у беларускай правінцыі.
У фільме Анджэя Фідыка мы бачым Алеся Пушкіна ня толькі як
мастака і аўтара шырокавядомых пэрфомансаў, але таксама заглядаем у ягонае
асабістае жыцьцё, жыцьцё ягонай сям’і.
Анджэй Фідык кажа, што яму пашчасьціла з героем:
“Я заўсёды прыхільнік таго, каб дакумэнтальнае кіно было ня
менш цікавым, чым кіно мастацкае, і за гэта мяне часта крытыкавалі клясыкі
польскай дакумэнталістыкі. Але я свайго падыходу не зьмяняю і кіруючыся ім
шукаў ідэю, як зрабіць фільм пра Беларусь. А каб фільм добра глядзеўся, каб яго
хацелася гладзець, патрэбны выразны герой”.
Пасьля таго, як прэм’ерны паказ скончыўся, гледачы віталі
рэжысэра аплядысмэнтамі.Некаторыя з прысутных, аднак, зьвярталі ўвагу на тое,
што фільм “Беларускі вальс” паказвае Беларусь у стэрэатыпны спосаб – зь п’янымі
правінцыйнымі мужыкамі ды парадам на Дзень перамогі. Між тым сам рэжысэр з
такой думкай ня згодны.
“Ведаеце, для мяне гэта зусім не стэрэатып, бо я такіх рэчаў
ніколі ў жыцьці ня бачыў. Для мяне стэрэатыпны фільм ці матар’ял пра Беларусь –
гэта такі, дзе паказваюць, як міліцыянты зьбіваюць людзей дубінкамі. Тое, што
мы зьнялі ў Бабры, дзе жыве Алесь Пушкін, само ішло ў камэру, мы ня бегалі па
мястэчку ў пошуку п’яных людзей. Але факт ёсьць фактам, і я сьмела магу пра
гэта казаць, бо быў шмат у якіх краінах сьвету: Беларусь – гэта адзіная такая
краіна, дзе калі на правінцыі пабачыш больш чым аднаго мужчыну, калі разам
ідуць двое ці трое, дык абавязкова з пляшкай. Няма іншага варыянту. У Беларусі
зусім іншы маштаб гэтай зьявы, чым у іншых краінах”.
На прэм’еры “Беларускага вальсу” не было Алеся Пушкіна.
Фільм Анджэя Фідыка “Беларускі вальс” намінаваны да адной з
найбольш прэстыжных узнагародаў для дакумэнтальнага кіно – Узнагароды
Эўрапейскай кінаакадэміі. Пераможцы будуць абвешчаныя 1 сьнежная ў Бэрліне.