–
З абвяшчэньня ідэі Ўсходняга партнэрства ў траўні мінулага году да прыняцьця
праграмы прайшло даволі шмат часу. Чаму так доўга прымалася канчатковае
рашэньне?
– Сам праект “Усходняга партнэрства” яшчэ толькі выкрышталізоўваецца.
Як будзе выглядаць гэта новая праграма – дагэтуль, я думаю, не зусім зразумела
нават самім дзеячам Эўразьвязу. З аднаго боку, гэта новы крок, гэта спроба
ангажаваць постсавецкія краіны, якія зараз апынуліся ў сытуацыі няпэўнасьці
(таму што гэта былая зона ўплыву Расеі, на якую яна і зараз прэтэндуе). Зь
іншага боку, Эўразьвяз, напалоханы леташняй каўказскай вайной, зразумеў, што
калі ён ня возьме ініцыятыву ў свае рукі і не пачне на гэтым пляцдарме больш
актыўна гуляць, то ў пэрспэктыве ён можа мець вялікія непрыемнасьці: Расея зь
яе непрадказальнасьцю, зь яе імпэрскімі інстынктамі Эўропу палохае.
Таму
адзін бок пытаньня – жаданьне стымуляваць беларускае кіраўніцтва, каб рухалася
да рэформаў. А другі бок пытаньня – знайсьці адэкватную канцэпцыю самой гэтай
праграмы, праекту Ўсходняга партнэрства.
А пакуль агучаная толькі ідэя праграмы. Будуць
распрацоўвацца двухбаковыя індывідуальныя пляны для кожнай краіны. Эўразьвяз
будзе вылучаць свае патрабаваньні.
– Чаго Эўразьвяз чакае ад Беларусі?
– Праблемы на відавоку. Хоць і прыгожа
гучыць, што нам прапануюць зону вольнага гандлю з Эўропай, але пакуль нельга
састыкаваць гэтыя дзьве сыстэмы. Беларуская эканоміка яшчэ шмат у чым трымаецца
на адміністрацыйных мэтадах, рынкавыя рэформы непасьлядоўныя, крок наперад – два
назад. І пакуль Беларусь ня ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, ні
пра якую зону вольнага гандлю з Эўразьвязам гаворку весьці бессэнсоўна. Будуць
вылучацца ўмовы эканамічнага кшталту, у заканадаўчай сфэры.
– Вялікі масіў беларускага заканадаўства таксама трэба
падганяць пад стандарты Эўразьвязу. Гэта вялікі аб’ём працы. І не па ўсіх
пытаньнях беларускае кіраўніцтва будзе ахвотна ісьці насустрач. Таму, магчыма,
будзе абраны такі абмежаваны фармат удзелу ва Ўсходнім партнэрстве. З аднаго
боку, Брусэль ня зможа ўлучыць “сырую” яшчэ краіну. З другога боку, і
беларускае кіраўніцтва будзе вельмі выбарачна падыходзіць да праграмаў.
Яно хоча весьці прагматычнае партнэрства ў такіх сфэрах,
як інвэстыцыі, міграцыя, уладкаваньне межаў, энэргатранзіт – то бок, у тых сфэрах,
якія падаюцца больш нэўтральнымі, у тым сэнсе, што не вымагаюць нейкіх крокаў у
напрамку палітычнай лібэралізацыі. Хаця гэтыя працэсы ўзаемазьвязаныя, і само
эканамічнае рэгуляваньне, калі яго рабіць комплексна, падштурхоўвае да зьменаў
у надбудове палітычнай. Таму беларускі бок дастаткова насьцярожана ставіцца да
гэтых пэрспэктываў.
–
МЗС Беларусі пазытыўна ацаніў далучэньне Беларусі да Ўсходняга партнэрства .
Хто ў Беларусі можа выйграць: афіцыйныя ўлады, апазыцыя?.. Просты народ?
– Як ні парадаксальна, гэта выйгрыш для ўсёй Беларусі. І тут штучна нельга
падзяляць, што выйграе апазыцыя, а што – улады. Гэта працэс дыялектычны. З
аднаго боку (і на гэтым акцэнтуе ўвагу частка апазыцыі), гэта легітымацыя
рэжыму, ён атрымае інвэстыцыі, крэдыты. Але ж трэба разумець, што ў краіну
будуць ісьці грошы, новыя тэхналёгіі ў краіну, беларусы будуць атрымліваць
новыя працоўныя месцы, досьвед, больш высокія стандарты дысцыпліны. Самі па
сабе кантакты, магчымасьць езьдзіць па Эўропе, бачыць эўрапейскі лад жыцьця – гэта
таксама мае вялікае значэньне. Па вялікім рахунку, гэта гістарычная падзея для
Беларусі – я не пабаюся тут патэтыкі. Канечне, пакуль гэта патэнцыйнае вакно
для магчымасьцяў. Але гэта сапраўды пералом. Бо стагодзьдзі Беларусь
знаходзіцца на разломе паміж дзьвюма цывілізацыямі, і зараз яе цягнуць у два
бакі. З аднаго боку – Масква, з другога – Эўропа. Але, магчыма, гэта пачатак
вяртаньня ў рэчышча эўрапейскай цывілізацыі, да якой нашы землі гістарычна
належаць. Варта бачыць гэта гістарычнае значэньне для лёсу Беларусі. І
некаторым самым радыкальным апанэнтам рэжыму трэба разумець, што сваё адмоўнае
стаўленьне да пэўных пэрсаналіяў нельга пераносіць на праблему геапалітычнага і
гістарычнага выбару Беларусі. Таму што правадыры прыходзяць і сыходзяць, а калі
Беларусь уцягнецца ў агульнаэўрапейскі кантэкст, гэта ўжо будзе незваротна.
Эўрапейскае партнэрства можа тым якарам, які будзе трымаць Беларусь, і ў нейкі
вырашальны момант дапаможа ёй супрацьстаяць паўзучай расейскай экспансіі.
– Масква пачала моцную контргульню супраць праграмы Ўсходняга
партнэрства. Якія выгады і ў чым небясьпека гэтай гульні?
– Натуральна, Маскве не падабаецца Ўсходняе партнэрства, і
расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў у Брусэлі мякка, дыпляматычна
даў зразумець, што, маўляў, “гэта кананічная наша тэрыторыя, і з нашай зоны
ўплыву Эўразьвяз хоча забраць гэтыя краіны”. Канечне, загадаць Лукашэнку ня йсьці
ва Ўсходняе партнэрства Масква ня можа, ёсьць нейкія рамкі міжнароднага
палітэсу. Я думаю, Расея будзе старацца мінімізаваць удзел Беларусі. Таму што з
гэтых шасьці краінаў ёсьць, як мінімум, тры, на якія можна эфэктыўна ціснуць:
гэта Армэнія, Малдова і Беларусь. З розных прычынаў яны моцна залежаць ад
Масквы. Зь Беларусьсю тут усё зразумела: энэргетычная, эканамічная, цяпер і фінансавая
залежнасьць...
Адна з вудаў, якія закідае зараз Масква – гэта прызнаньне
мяцежных грузінскіх правінцыяў. Калі Беларусь прызнае Паўднёвую Асэтыю і
Абхазію, яна сапсуе стасункі з Брусэлем, а таксама з Грузіяй, якая запрошаная
ва Ўсходняе партнэрства. А прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі ўжо сказаў, што калі
Беларусь прызнае гэтыя аўтаноміі, ён ня паляціць у Прагу, калі туды будзе
запрошаны беларускі прэзыдэнт. Калізія ўжо закладаецца і, такім чынам, Масква
хоча сапсаваць усю абедню.
–
Кіраўнік Беларусі мае свае інтарэсы і ў Расеі, і ў Эўропе, і спрабуе гуляць,
супрацьпастаўляючы Маскву і Брусэль. Як доўга ён будзе манэўраваць,
балянсаваць?
–У Лукашэнкі няма іншага выйсьця, як толькі манэўраваць.
З аднаго боку, ён адчувае расейскую небясьпеку, і таму шукае апірышча ў Эўропе.
Зь іншага боку, ён разумее хітры плян Эўропы, якая крыху “прыглушыла” свае патрабаваньні
да дэмакратыі, да правоў чалавека. Але ён разумее, што Эўропа хоча яго ўзяць
“ціхай сапай”. Менавіта таму і былі рэзкія выказваньні, маўляў, “мы з Салянам
так добра пагутарылі, ніякіх умоваў не было. А тут зноў нас пачынаюць тузаць і
патрабаваць нейкіх незразумелых рэчаў...” Калі падсумоўваць, то, канечне,
Лукашэнка будзе манэўраваць...
Тут варта адзначыць і яшчэ адзін важны момант. Гэта
праграма мае даволі сьціплае фінансаваньне – 600 мільёнаў эўра на 6 краінаў. А
Масква можа адным махам даць крэдыт на некалькі мільярдаў даляраў. Хаця тут усё
ня так адназначна, таму што расейскія крэдыты – гэта ўзмацненьне фінансавай
залежнасьці. Што да эўрапейскіх грошай, гэта ж ня тыя грошы, якія па кішэнях
будуць раздавацца. Гэта вакно магчымасьцяў, найперш. Гэта ў пэрспэктыве –
далучэньне да эўрапейскага рынку, да перадавых тэхналёгіяў, да інвэстыцыяў.
Гэта дае непараўнальна большыя магчымасьці і будзе вымярацца значна большымі
сумамі ў выніку, чым гэтыя 600 мільёнаў эўра. Таму будзе працягвацца гэта
балянсаваньне.
Я праглядаю кожны дзень загалоўкі: “Лукашэнка паміж
молатам і кавадлам”, “Лукашэнка ў шпагаце”, “Лукашэнка між двух агнёў” і гэтак
далей... Тут ёсьць момант штучнай драматызацыі, таму што насамрэч, як ні
парадаксальна, ні Расея, ні Эўропа ня маюць моцнай палітыкі ў беларускім
пытаньні.
Старая Эўропа глядзіць з насьцярогай на непрадказальную і
імпульсіўную Расею, якая можа адмачыць любы нумар: то напасьці на Грузію, то
Ўкраіне газ перакрыць... Такая Расея, канечне, непакоіць Эўропу.
Зь іншага боку, Масква будзе заўсёды глядзець з
насьцярогай на дзеяньні Захаду і бачыць нейкі падвох, замах на яе кананічныя,
як ёй здаецца, тэрыторыі. А паколькі гэтыя супярэчнасьці запраграмаваныя на
даволі доўгі час, на цэлую гістарычную эпоху, то заўжды будзе магчымасьць
балянсаваць, гуляць на супярэчнасьцях паміж двума цэнтрамі сілы і атрымліваць
нейкія дывідэнды.
Канечне, тут ёсьць рызыка пасьлізнуцца, таму што балянсаваньне
заўжды рызыкоўна. Але, па-першае, Лукашэнка мае вялікі досьлед: ён ужо 15 гадоў
балянсуе. І па-другое, тут няма іншага выйсьця, таму што гэтая ўлада адважыцца
на рэзкі адрыў ад Масквы і на фарсіраванае вяртаньне ў Эўропу, у кантэкст
эўрапейскай цывілізацыі, на жаль, ня можа. Гэта, відаць, задача наступнага
ўраду. Але калі Ўсходняе партнэрства закладзе нейкі падмурак пад гэты магчымы ў
пэрспэктыве трэнд Беларусі, то гэта будзе станоўчай зьявай.
– Ваш прагноз: ці запросяць Лукашэнку на інаўгурацыйны саміт Усходняга
партнэрства ў Прагу?
– Болей шанцаў, што запросяць. Іншая рэч,
што гэта можа быць зроблена ў такой форме, запрашэньне будзе сфармулявана так,
каб беларускі кіраўнік ад яго адмовіўся і паслаў замест сябе міністра замежных
спраў. Магчыма, самому Лукашэнку тактычна выгадней не паляцець ў Прагу, каб не
раздражняць Маскву. Тады ён перад Масквой выглядае чысьценькім: маўляў, я сам
нічога не падпісваў ... А разам з тым гэты цягнік Усходняга партнэрства пакрысе
кранецца і будзе набіраць ход. Магчыма, гэта быў бы сапраўды аптымальны
варыянт. І ваўкі сытыя, і козы цэлыя.
Людміла Корсак
Этот адрес e-mail защищен от спам-ботов. Чтобы увидеть его, у Вас должен быть включен Java-Script
Калі Вы заўважылі недакладнасць ці памылку ў пададзенай інфармацыі, паведамляйце пра гэта тут
Support to the capacity building and networking of Belarusian Non Governmental Organizations and Local Authorities. All rights reserved.
The content of this site is the sole responsibility of Website Consortium members and can in no way be taken to reflect the views of the European Union.