|
Паводле статыстыкі, штогод іх
более на 100 чалавек. Але вонкава – на вуліцах – іх вельмі мала. Па-першае, часьцей
за ўсё яны не здольныя пакінуць сьцены кватэры з-за непрыстасаванасьці
пад’езду. Па-другое, і на вуліцах ім
няма чаго рабіць, бо і гарадзкая архітэктура не дазваляе пачуваць сябе
вазочніку зручна. На погляд людзей, якія сутыкаюцца з праблемамі
інвалідаў-вазочнікаў штодня, стаўленьне да іх з боку дзяржавы і грамадзтва
мяняецца ў горшы бок. Дзяржава зьмяншае і зьмяншае дапамогу
інвалідам-вазочнікам. Тым часам, чалавек, аказаўшыся раптам бездапаможным, у
новых умовах жыцьця-выжываньня, застанецца сам на сам са сваімі праблемамі,
зачынены ў кватэры, без магчымасьці хаця б гуляць у парку.
Ёсьць такі тэрмін у лексіцы інвалідаў-вазочнікаў –
“зламаўся”. Гэтым словам азначаюць той трагічны момант, калі па нейкіх прычынах
чалавек атрымаў траўму пазваночніка, якая перасадзіла яго ў інвалідны вазок.
“Пакуль ты здаровы, мала задумваешся аб тым, як выглядае
жыцьцё інваліда ў нашым грамадзтве. Але інвалідам, на жаль, можа аказацца
кожны. Хаця ніхто не плянуе. А жыцьцё інваліда-вазочніка – проста цалкам новае
для чалавека, які дагэтуль мог хадзіць. І вучыцца ў гэтым новым жыцьці складана
так жа, як дзіцяці – вучыцца ўсяму ў жыцьці, пачынаючы ад першых крокаў”,- кажа
старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргей Драздоўскі.
Манаполія – вораг якасьці
Самае страшнае, з чым сутыкаецца інвалід-вазочнік – гэта абыякавасьць тых
людзей, якія паводле службовых абавязкаў мусяць вырашаць праблемы, а не
ствараць іх.
Прыкладам, адна з галоўных праблем інваліда-вазочніка – набыць зручны
вазок. Намінальна ў гэтым дзяржава
дапамагае. Але якасьць тых вазкоў – жахлівая. Карыстацца імі амаль
немагчыма. Але Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Беларускі
пратэзна-артапэдычны аднаўляльны цэнтар” – манапаліст на беларускім рынку
вазкоў, апавядае Сяргей Драздоўскі: “90 адсоткаў вазкоў на нашым рынку – гэта
іх. Атрымліваецца, менавіта гэтаму прадпрыемству даручыла Міністэрства закупку
рэабілітацыйных сродкаў, і яны ж іх і вырабляюць. Плюс да гэтага на тэрыторыі
заводу лябараторыя, якая ацэньвае тэхнічныя сродкі рэабілітацыі. Меркаваньні
інвалідаў ім цалкам нецікавыя. Я прыяжджаю на завод, мне кажуць – ну, паглядзі,
які цудоўны вазок. Пачынаю тлумачыць, чаму ён нязручны, нязграбны, чым ён
дрэнны – але мяне ніхто ўжо ня слухае”.
Правы на льготы
Вольга Корсак і Барыс Бачкоўскі – чэмпіёны сьвету па танцах на інвалідных вазках. Цяпер
яны працуюць інструктарамі ў Цэнтры рэабілітацыі і сацыяльнай падтрымкі
інвалідаў грамадзкага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў".
Праца вельмі шматбаковая: гэта і заняткі для людзей з самымі рознымі праблемамі
са здароўем, і заняткі для хворых ДЦП.
Становішча
інвалідаў стала яшчэ больш цяжкім з-за скасаваньня ільгот. “Раней была зьніжка
і на паліва для аўтамабіля, і на абслугоўваньне аўтамабіля, і на транспарт, і
на тэлефонную сувязь. Цяпер гэтыя льготы скасаваныя. Інваліды 1-2 груп
пазбавіліся нават права на устаноўку тэлефона па-за чаргі. Няўжо не відавочна,
што тэлефонная сувязь для чалавека, адрэзанага ад сьвету межамі кватэры тэлефон
– адзіны сродак стасункаў са зьнешнім сьветам і надзея на тое, што ў цяжкую
хвіліну можна будзе паклікаць дапамогу? Усё гэта – жыцьцёва неабходна для
інваліда-вазочніка. Пакуль нармалёва запрацуе адрасная дапамога – невядома. А
людзям з гэтым прыходзіцца жыць штодня”.
“Матэрыяльнае
становішча інвалідаў – адзіная балючая праблема. Быў выпадак, калі маладая
дзяўчына скончыла жыцьцё самагубствам з-за таго, што не хапала грошай на
пампэрсы. Хіба гэта дапушчальна ў цывілізаваным грамадзтве?”, - распавядае
Сяргей Драздоўскі.
Важна ведаць свае правы
Тым часам,
пакуль людзі зачыненыя ў сваіх дамох са сваімі праблемамі сам насам, паводле сёньняшняга заканадаўства ЖЭСы
абавязаны абсталяваць дамы, крамы, офісныя будынкі, пераходы неабходнымі
сродкамі.
Барыс Бачкоўскі пэўны, што вельмі важна ведаць и адстойваць свае правы.
“Указ адпаведны ёсьць. Няхай ён позна
быў прыняты ў нашай краіне, але ён ёсьць – папросту трэба прымушаць ЖЭС рабіць
гэтыя пандусы ў тых дамах, дзе яны патрэбныя. Яны пачынаюць казаць, што дамы не
прыстасаваныя, – і гэта праўда. Але ж яны ня хочуць разумець, што пандусы
бываюць розныя – адкідныя, стацыянарныя, якія хочаш... трэба проста
прыстасаваць. У нас ёсьць пандус – мы прымусілі яго зрабіць. Я ў 1984 годзе
атрымаў нажавое раненьне і стаў інвалідам. Я зь першай групай інваліднасьці
прымусіў дазволіць мне працаваць. Праз два гады пасьля траўмы атрымаў правы і
аўтамабіль ад Сабесу – за палову кошту. З таго часу я пастаянна за рулём…”
Ёсьць сьвятло у канцы тунэля?
Адзіная
станоўчая перамена апошняга часу, адзначаюць мае суразмоўцы – гэта адкрыцьцё раённых
рэабілітацыйных цэнтраў. То бок, яны ёсьць у кожным раёне Менску. “Гэтыя цэнтры
- вялікае дасягненьне, - кажа Барыс Бачкоўскі. З аднаго боку, гэта вялікая
палёгка для бацькоў такіх людзей, - аддаўшы дзіця на дзённы побыт у гэткі
Цэнтар, яны маюць магчымасьць працаваць. А для саміх выхаванцаў – найперш гэта магчымасьць
кантактаў, стасункаў, разьвіцьця. Таму я лічу гэты праект вельмі плённым. І яго
трэба разьвіваць, бо людзей, якім патрэбная дапамога, значна болей, чым гэтыя
цэнтры могуць ахапіць пакуль што”.
Ірына Осіпава
Этот адрес e-mail защищен от спам-ботов. Чтобы увидеть его, у Вас должен быть включен Java-Script
|