|
Ці могуць простыя
грамадзяне сябе абараніць, адстаяць свае правы? Донары Магілёўшчыны даказалі,
што могуць!
У
Беларусі больш за 40 тысяч ганаровых донараў
Больш
за 2 мільёны беларусаў хаця б раз у жыцьці здавалі кроў. Кожны трэці жыхар
краіны прынамсі аднойчы меў патрэбу ў донарскай крыві. Колькасьць крыва- і
плязмаздач у Беларусі складае 40,4 на тысячу насельніцтва. Гэта
сярэднеэўрапейскі паказчык, які адпавядае ўзроўню Францыі ці Эстоніі. Беларускі
паказчык вышэйшы за расейскі і польскі, але ніжэйшы за ўзровень Нямеччыны і
Даніі (там 60 – 70 крываздач на тысячу насельніцтва). Колькасьць донараў за
апошнія 10 гадоў у Беларусі зьнізілася на 50%, пры гэтым аб’ём нарыхтаванай
крыві павялічыўся на 15% і склаў ў 2007 годзе 18,1 мл цэльнай крыві на жыхара
краіны. Ганаровых донараў у краіне крыху больш за 40 тысяч чалавек. Такія лічбы
прывёў дырэктар НДІ гематалёгіі і трансфузіялёгіі Міхаіл Патапнёў.
У
Рэспубліцы Беларусь дзейнічаў закон "Аб донарстве крыві і яе
кампанэнтаў". Згодна з 13 і 14 артыкуламі гэтага закону, ганаровыя донары
мелі права на бясплатнае зубапратэзаваньне (за выключэньнем фарфору, каштоўных
мэталаў і мэталакерамікі); на бясплатнае санаторна-курортнае аздараўленьне раз
у год; 50%-ю зьніжку на лекі; 40% прыбаўку да пэнсіі па дасягненьні пэнсійнага
ўзросту. У некаторых рэгіёнах донары мелі так званыя мясцовыя льготы (да прыкладу,
магілёўскія донары ў 1998 годзе дамагліся права на бясплатны праезд на
грамадзкім транспарце).
Перамовы
вынікаў не далі
Год
таму донары Беларусі пачалі актыўную кампанію па абароне сваіх льгот, якія меркавалася
скасаваць. Тады ў грамадзтве пачалося шырокае абмеркаваньне праекта Закону аб
упарадкаваньні льгот асобным катэгорыям грамадзян, згодна зь якім донары
пазбавіліся б усіх ільготаў.
Спачатку
донары спрабавалі весьці перамовы з урадам, дэпутатамі, чыноўнікамі Міністэрства
аховы здароўя. Чыноўнікі пастаянна нагадвалі сэмантыку слова “донар”, - маўляў,
слова паходзіць ад “дарыць”. Яны спасылаліся на рэкамэндацыі Ўсясьветнай
арганізацыі аховы здароўя — гэтая міжнародная структура вітае дабрачынную й
бязвыплатную здачу крыві. А ў беларускіх донараў, маўляў, было найбольш у
сьвеце льготаў і сацыяльных гарантыяў. Намесьніца дырэктара НДІ гематалёгіі і трансфузіялёгіі
Эсьфір Сьвірноўская падкрэсьліла, што ў донараў, маўляў, застанецца бясплатнае
харчаваньне ў дзень здачы крыві, аплата двух працоўных дзён. Скасаваньне
льготаў, на яе думку, не закранае штодзённага донарства. Донары задавалі
пытаньне: ці палічылі чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя, наколькі істотная
для дзяржавы агульная сума паступіць у бюджэт пасьля скасаваньня льготаў 40
тысячам ганаровых донараў? Прадстаўніца Ўпраўленьня арганізацыі мэдыцынскай
дапамогі Мінздраву Тацяна Мігаль адказала, што не лічылі, — але прызнала, што
сума ня надта вялікая, эканоміку яна не ўратуе…
Ад
папераджальнага страйку -- да зваротаў ў Раду Эўропы
Зразумеўшы,
што перамовы плёну ня маюць, донары Магілёўшчыны 20 чэрвеня 2007 года
абвесьцілі папераджальны страйк, які доўжыўся тыдзень. У
ім удзельнічалі больш як 200 чалавек з Магілёву. Іх падтрымалі донары зь іншых
рэгіёнаў Беларусі.
Удзельнікі
папераджальнага страйку накіравалі лісты ў Палату прадстаўнікоў, урад і
Міністэрства аховы здароўя з патрабаваньнем захаваць льготы. Накіравалі ліст і
ў Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы, у якім прасілі патлумачыць беларускім
донарам палітыку рады Эўропы ў дачыненьні донарства крыві і плязмы. Яны
атрымалі і адказ: Эўразьвяз не рэкамэндуе дзяржаўным чыноўнікам адмаўляцца ад падтрымкі
донараў, а таксама пакет дакумэнтаў: рэкамэндацыі Эўразьвязу па падтрымцы
донараў, стандарты ў галіне донарства ды іншыя.
А
нефармальны лідэр магілёўскіх донараў Ігар Каваленка распачаў кампанію па
стварэньню грамадзкай арганізацыі “Кропля жыцьця”.
Кропля
камень точыць…
Працяглая
барацьба – больш за паўгады магілёўскія донары дамагаліся ад уладаў вяртаньня
льгот – дала нарэшце вынікі.
21 сьнежня дэпутаты Магілёўскага гарсавета прынялі
рашэньне аб захаваньні для донараў бясплатнага праезду ў грамадзкім транспарце.
“Вельмі
цяжкім было змаганьне. Мы правялі шырокую кампанію, якая ўключала ў сябе
шматлікія інфармацыйныя, прэзентацыйныя і страйкавыя акцыі з мэтай
паінфармаваць грамадзтва, наколькі рызыкоўна застацца без дапамогі донараў", -
распавёў нефармальны лідэр магілёўскіх донараў Ігар Каваленка. Дэпутаты
Магілёва вярнулі донарам права на бясплатны праезд у гарадзкім транспарце.
Наступны крок – увесну 2008 года магілёўскія донары
дамагліся рэгістрацыі дабрачыннага
грамадзкага аб'яднаньня «Кропля жыцьця».
І літаральна днямі, 21 ліпеня Магілёўскі абласны савет
дэпутатаў у сваім лісьце паведаміў, што гарадзкія і раённыя адміністрацыі
павінны прадставіць ганаровым донарам бясплатны праезд. Апроч таго, донарам
вернуць права сыходзіць у адпачынак у зручны для іх час, атрымліваць льготныя
пуцёўкі, мець два дадатковыя дні да адпачынку. Прадпрыемствы абавязаныя ў Дзень
донара матэрыяльна заахвочваць сваіх супрацоўнікаў-донараў.
«Гэта цудоўны прыклад таго, што трэба не апускаць рукі, а змагацца.
Магілёўскія донары не проста адваявалі сабе бясплатны праезд, яны адстаялі сваю
годнасьць такім учынкам», - адзначыў лідэр незарэгістраванага Руху “За Свабоду”
Аляксандар Мілінкевіч.
Зараз магілёўскія донары працягваюць змагацца за бясплатнае зубапратэзаваньне
і 50%-ю скідку на лекі.
Эўропа
– за добраахвотнае донарства
На
практыцы ў эўрапейскім рэгіёне толькі ў 26 з 52 краінаў дзейнічаюць
нацыянальныя праграмы добраахвотнага донарства. Усясьветная арганізацыя аховы
здароўя зьвяртаецца да грамадзкасьці на сваім афіцыйным сайце: “Здача крыві за
ўзнагароду часьцяком прыцягвае да донарства маргінальныя слаі, якія
выкарыстоўваюць гэты працэс ў якасьці крыніцы даходу… Асноўным стратэгічным
накірункам Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя зьяўляецца збор крыві ад
здаровых донараў на добраахвотнай
аснове, якія сьвядома і рэгулярна здаюць кроў”.
Людміла Корсак
Этот адрес e-mail защищен от спам-ботов. Чтобы увидеть его, у Вас должен быть включен Java-Script
|