|
У Беларусі зараз даволі складаная сытуацыя з
так званым трэцім сэктарам, грамадзкімі, недзяржаўнымі арганізацыямі, замежнымі
адукацыйнымі фондамі. Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў гэта сытуацыя яшчэ больш
абвастраецца. Кіраўнік Рэгіянальнага прадстаўніцтва Фонда імя Фрыдрыха Эберта
ва Ўкраіне і Беларусі доктар Штэфан Хробат выказаў свае меркаваньні наконт
супрацы і наладжваньня дыялёгу беларускіх уладаў зь няўрадавымі арганізацыямі.
“Я думаю, дзяржава павінна стварыць такія
рамкавая ўмовы, у якіх і дзяржава, урад, і грамадзянская супольнасьць маглі б
весьці раўнапраўны, паўнавартасны дыялёг, размаўляць адзін з адным. Неабходна
стварыць умовы для магчымасьці такога дыялёгу, каб Эўропа і Беларусь
цывілізавана, без бар’ераў і страху маглі размаўляць паміж сабой. Ёсьць першыя,
вельмі асьцярожныя крокі ў гэтым накірунку, і мы са свайго боку гэтыя крокі
будзем падтрымліваць. Але гэта таксама азначае, што урад, дзяржава павінны не
кіраваць гэтымі кантактамі, не накіроўваць людзей ў дыялёгі, а толькі ствараць
адпаведныя ўмовы. І мы будзем імкнуцца ствараць менавіта такія рамкавыя ўмовы,
каб грамадзянская супольнасьць, прафсаюзы, жаночыя арганізацыі, СМІ, іншыя
структуры маглі ўдзельнічаць у такім дыялёгу і наладжваць кантакты паміж сабою.
Гэта поўны абсурд, калі ў цэнтры Эўропы
ўзьнікае выспа, маленькая выспа, якая не ўдзельнічае ў такім дыялёгу. І гэтая
выспа – Беларусь. Мы хочам давесьці да Беларусі тое, як думаюць у Эўропе, бо Беларусь
– частка Эўропы. І мы хочам даць зразумець, якія шансы ёсьць для Беларусі ў
Эўропе. Фонд Эберта стараецца працаваць на гэтым полі, каб данесьці ў Беларусь,
што думаюць пра гэту краіну ў Эўропе і наадварот, а Эўропе паказаць, якія
праблемы ёсьць у Беларусі. І мы хочам быць такім мостам, мы хочам дапамагчы
абодвум бакам. Мы падкрэсьліваем, што ёсьць такія каштоўнасьці, як дэмакратыя,
грамадзянская супольнасьць. Я думаю, што і ў Нямеччыне, і ў Эўропе разумеюць,
што трэба шукаць новыя шляхі супрацоўніцтва зь Беларусьсю. І ад таго, ці
зразумеюць нас у Беларусі, будзе залежыць, ці адбудзецца наагул такое плённае
супрацоўніцтва.
Калі мы адчуем у гэтым падтрымку, нам будзе
лягчэй наладжваць гэтую супрацу. Калі ж, наадварот, нам будуць перашкаджаць на
гэтым шляху, калі нас ня будуць разумець, гэта будзе кепскім знакам для Эўропы.
Многія ў Эўропе за гэтым вельмі пільна і
ўважліва сочаць. Але я перакананы, што ў Беларусі ёсьць багата разумных людзей,
якія разумеюць важнасьць такога супрацоўніцтва і стараюцца спрыяць гэтаму
дыялёгу. І бліжэйшыя тыдні пакажуць, ці так гэта насамрэч.
Вельмі важна, каб грамадзкі сэктар,
грамадзянская супольнасьць і надалей прысутнічалі ў краіне, працавалі і
разьвіваліся. Па-другое, вельмі важна, каб беларуская ўлада зразумела, наколькі
важным зьяўляецца само існаваньне трэцяга сэктару ў яе інтарэсах, на яе
карысьць - як паказьнік дэмакратычнасьці краіны. Але мы ніяк ня можам на гэта
паўплываць, мы толькі можам выказваць свае меркаваньні. Мы ні ў якім разе ня
можам умешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі. Застаецца толькі спадзявацца, што
гэта будзе лепш разумецца і афіцыйным беларускім бокам. І дзеля гэтага мы
працуем.
Гутарыла Людміла Корсак
Этот адрес e-mail защищен от спам-ботов. Чтобы увидеть его, у Вас должен быть включен Java-Script
|