|
Доктар Бэрбэль Кофлер – дэпутат Бундэстагу ад зямлі Баварыя,
кіраўніца Нямецка-украінскай парлямэнцкай групы Бундэстагу.
Нарадзілася ў 1967 годзе ў Фрайласінгу.
Працавала банкаўскай служачай. Скончыла Зальцбурскі ўнівэрсытэт па
спэцыяльнасьці расейская і гішпанская мовы. У 1991 годзе ўступіла ў
сацыял-дэмакратычную партыю Нямеччыны. У 1998 годзе атрымала ступень доктара
філязофіі. Выкладала ў Маскве нямецкую мову. З 2004 году – дэпутатка Бундэстагу.
У самай вялікай па тэрыторыі і адной з
найбольш эканамічна магутных земляў Нямеччыны -- Баварыі – 28 верасьня 2008
года таксама адбудуцца выбары ў ландтаг. У Свабоднай дзяржаве Баварыя (менавіта
так яна завецца ў Канстытуцыі) амаль паўстагодзьдзя пануе
Хрысьціянска-сацыяльны саюз (рэгіянальная, кансэрватыўная, вядомая вельмі
правымі тэндэнцыямі партыя). Сацыял-дэмакратка Бэрбэль Кофлер вельмі хоча
перамен у роднай Баварыі. Яна зь вялікай сымпатыяй ставіцца да Беларусі і
вельмі цікавіцца беларускай сытуацыяй.
–
Спадарыня Кофлер, чаму вы такое вялікую ўвагу надаеце выбарам, якіх выбараў вы
чакаеце? І якія паралелі можна правесьці паміж выбарамі ў ландтаг Баварыі і
парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі?
– Я мяркую, што наагул выбары
павінны быць спаборніцтвам найлепшых ідэяў. І ў выніку выбарчай барацьбы
павінна стаць зразумелым, якія ідэі народ лічыць за лепшыя. Таму павінна быць
магчымасьць параўноўваць плятформы самых розных кандыдатаў, партыяў, каб
ведаць, што яны прапануюць выбарцам. Я пераканана, што ў дэмакратычных краінах
павінны адбывацца перамены, улада павінна мяняцца. Таму што дэмакратыя існуе
менавіта дзякуючы пераменам, зьменам, – калі новыя ідэі маюць шанец на
рэалізацыю праз парлямэнт.
– Эўразьвяз
вылучыў 12 вядомых патрабаваньняў для Беларусі. І адно з важнейшых –
празрыстыя, чэсныя, дэмакратычныя выбары. На выбары ў Беларусі прыедуць
назіральнікі ўплывовых эўрапейскіх структур – Бюро па дэмакратычных інстытутах
і правах чалавека АБСЭ. Ці ёсьць у вас спадзяваньне, што гэтыя выбары будуць
прызнаныя дэмакратычнымі і празрыстымі?
– Спадзяваньні на дэмакратыю ёсьць заўсёды.
Надзея ёсьць і зараз. І мы ў недалёкай мінуўшчыне бачылі, як шмат людзей ў
Беларусі былі заангажаваныя ў барацьбу за дэмакратыю. Тое, ці будуць выбары
будуць прызнаныя дэмакратычнымі з боку АБСЭ, цалкам будзе залежыць ад самога
выбарчага працэсу, ад таго, як гэты працэс будзе адбывацца ў самой Беларусі. Да
дэмакратычных выбараў, як мы іх разумеем ў Эўропе, належыць, у першую чаргу, і
перадвыбарчая кампанія, шырокае і аб’ектыўнае асьвятленьне гэтай кампаніі ў мэдыях,
роўны доступ дэмакратычных кандыдатаў да СМІ, каб усе, хто змагаецца за
дэпутацкі мандат, мелі магчымасьць
данесьці свой пункт гледжаньня да выбарцаў. Гэта ўсё ёсьць крытэры свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў. І
гэта залежыць ад самой Беларусі.
– Здавалася б,
дэмакратычная Эўропа такая вялікая, а Беларусь – даволі маленькая дзяржава.
Чаму такая цікавасьць у эўрапейцаў да гэтай маленькай дзяржавы, дзе ўжо 14
гадоў амаль не адбываецца ніякіх палітычных пераменаў, дзе сытуацыя з выбарамі,
са СМІ, з правамі чалавека толькі пагаршаецца?
– Натуральна, з эўрапейскага боку цікавасьць
да Беларусі вельмі вялікая, таму што працэсы, якія зараз адбываюцца ў Эўропе,
вельмі шчыльна пераплеценыя. З тых часоў, калі скончылася халодная вайна, мы
вельмі добра засвоілі, што ўся Эўропа значна шырэйшая, чым Заходняя Эўропа.
Натуральна, трэба мець інтарэс да суседзяў, бо сытуацыя, якая складваецца ў
суседзяў, даволі істотна ўплывае і на наша жыцьцё, усё ўзаемазьвязана і ў
грамадзка-палітычнай, і ў гуманітарнай сфэрах. Таму і ў Эўропе ў цэлым, і ў
Нямеччыне ў прыватнасьці існуе цікавасьць да нашай эўрапейскай суседкі
Беларусі.
– На Вашу думку, якой інфармацыі не хапае эўрапейцам пра Беларусь, пра працэсы, якія
адбываюцца ў Беларусі?
– Я думаю, гаворка ідзе не пра недахоп
інфармацыі – інфармацыі дастаткова. Нас больш хвалюе іншае: невыкананьне
краінай элемэнтарных абавязацельстваў, якія беларускія ўлады мусяць выконваць.
Напрыклад, невыкананьне пунктаў канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы аб
дзейнасьці свабодных прафсаюзаў. Беларусь падпісвае гэтыя канвэнцыі, а далейшых
зрухаў няма. Але важна ня тое, што напісана на паперы, а як гэтыя
абавязацельствы ажыцьцяўляюцца насамрэч. Менавіта не інфармацыя на паперы, а
рэалізацыя на практыцы. Выкананьня не хапае.
Гутарыла Людміла Корсак
info@eurobelarus.info
|