|
“Выспа надзеі” – гэта дзённы
пансіён для інвалідаў 1-й групы з сындромам Дауна, ДЦП, аутызмам, эпілепсіяй і
шызафрэніяй. Цэнтар існуе ад 1996 году і мае статус грамадзкага аб’яднаньня
адаптацыйна-аздараўленчага профілю. Дзякуючы цэнтру, маці дзяцей-інвалідаў
маюць магчымасьць працаваць. “Выспе надзеі” дапамагаюць дабрачынныя арганізацыі
і простыя грамадзяне, але гэтай дапамогі – не хапае.
Калі цэнтар засноўваўся,
ягоныя выхаванцы сапраўды былі дзецьмі. Цяпер бальшыня зь іх – поўнагадовыя,
але фактычна яны застаюцца дзецьмі. Нехта ня можа рухацца без дапамогі іншага
чалавека, нехта няздольны да простых пабытовых рэчаў – самастойна апрануцца, прыкладам.
Пакідаць без дагляду іх нельга. А ў бальшыні зь іх – толькі маці, распавядае
кіраўніца цэнтру Людміла Гуцько:
“39 з 45 нашых пацыентаў
жывуць у няпоўных сем’ях, - з маці. У 90% выпадкаў пасьля нараджэньня псыхічна
хворага дзіцяці муж сыходзіць з сям’і. Але знаходзіцца з дзіцём увесь дзень у
хаце – значыць ня мець магчымасьці працаваць. А пэнсіі па інваліднасьці – да
слёз мізэрныя, выжыць на іх немагчыма. Да таго ж - калясальная псыхалягічная і
фізычная нагрузка, - знаходзіцца з такім дзіцём у хаце днямі. Таму гэткая
дапамога, як наша, - жыцьцёва неабходная гэтым людзям. У наш Цэнтар яны
прывозяць дзяцей раніцай і забіраюць увечары. Тут ім
аказваюць мэдычную і псыхалягічную дапамогу. Сыходзячы з магчымасьцяў і
здольнасьцяў, з выхаванцамі займаюцца рознымі рамёствамі і разьвіваючымі
гульнямі”.
Да 2001
года гэты сацыяльны праект меў гарантыі фінансаваньня з дзяржбюджэту праз
Рэспубліканскае таварыства інвалідаў. Затым Указам прэзыдэнта дапамога
грамадзкім арганізацыям з дзяржбюджэту была скасаваная. Не зважаючы на
спэцыфіку дзейнасьці. І з часам само існаваньне Цэнтра аказалася пад пагрозай –
з прычыны фінансавых праблемаў.
З аднаго боку, пазыка перад дзяржавай сягнула памеру ў 16 мільёнаў. Зь
іншага, – паўсталі праблемы фінансавай дапамогі з боку даўняга швэдзкага
партнэра – дабрачыннай арганізацыі “Зорка надзеі”. Паводле статуту арганізацыі,
“Зорка надзеі” мела права аказваць дапамогу дзецям-інвалідам. Калі іх супраца
пачыналася, пацыенты менскага Цэнтру “Выспа надзеі” былі сапраўды дзецьмі. А
цяпер фактычна сталі дарослымі, – і юрыдычна швэдзкая арганізацыя ня мела права
фінансава дапамагаць інвалідам-дарослым.
На сёньняшні дзень справы Цэнтру выправіліся. Швэдзкі партнэр зрабіў
выключэньне з правілаў і працягнуў дамову аб дапамозе. Рэспубліканскае
таварыства інвалідаў заплаціла пазыку перад дзяржавай. І ўсё ж матэрыяльныя
праблемы застаюцца. Дзяржава вызваліла цэнтар ад плацяжоў арэнды, але “Выспа
надзеі” мусіць плаціць шэсьць відаў іншых плацяжоў: амартызацыйныя, плату за
зямлю і падатак на нерухомасьць, расходы па эксплюатацыі, капітальнаму і
чарговаму рамонту памяшканьняў, затраты на камунальныя паслугі, у тым ліку
ацяпленьне і электраэнергію. У сярэднім – каля трох мільёнаў на месяц.
З-за неплацяжаздольнасьці “Выспа” вымушаная была адмовіцца ад арэндаваньня
падвальнага памяшканьня, дзе раней разьмяшчаліся майстэрні па кераміцы,
пляценьні з лазы, трэнажорная заля, склад цэнтру. На сёньняшні дзень Цэнтар
спадзяецца вярнуць гэтыя памяшканьні разам з магчымасьцю заняткаў з
пацыентамі.
Зарабіць на плаце бацькоў немагчыма. Сумы, якія яны плацяць цэнтру за
дагляд над дзецьмі, сымбалічныя, хаця і вельмі істотныя для бацькоў
дзяцей-інвалідаў.
Распаўсюджваньне інфармацыі пра Цэнтар і іх праблемы паспрыяла знаходжаньню
новага, беларускага партнэра – курсаў замежных моваў «Streamline». Дый простыя
грамадзяне дапамагаюць хто чым можа, пералічваючы на рахунак арганізацыі
грашовую дапамогу. Але ў гэткім выпадку, як з цэнтрам “Выспа надзеі”, дапамогі
не бывае шмат. Цэнтар будзе ўдзячны любой дапамозе. У тым ліку гэта вопратка і
пампэрсы. Вопратка патрэбная вялікіх памераў, ня меншых за 52, найперш –
мужчынская. Дапамогі чакаюць.
Каардынаты “Выспы надзеі”:
Менск, вул. Сердзіча, 9; тэл. 255-27-87.
Грашовую дапамогу можна накіраваць на рахунак:
3015004058003 у Менскім
аддзяленьні «Цэнтральнае» ОАО «Белвнешэкономбанк», код 728.
УНН 101127909, ОКПО 37413079
Ірына Осіпава
Этот адрес e-mail защищен от спам-ботов. Чтобы увидеть его, у Вас должен быть включен Java-Script
|