|
Дэпутаты беларускага «парламента» выступаюць з пагрозамі ў адрас краін
Еўразвяза, на тэрыторыі якіх будуць размешчаныя радыёлакацыйныя станцыі
амерыканскай сістэмы СРА.
8 ліпеня Злучаныя Штаты і Чэшская Рэспубліка падпісалі дамову аб
размяшчэнні на тэрыторыі апошняй радыёлакацыйнай станцыі, якая
ўваходзіць у сістэму трэцяга пазіцыйнага раёна амерыканскай глабальнай
СРА. Расейскі МЗС зрабіў заяву, у якой прыстрашыў рэакцыяй "не
дыпламатычнымі, а ваенна-тэхнічнымі метадамі". Ці магчымае размяшчэнне
расейскіх ракет на тэрыторыі Беларусі, разважаюць эксперты «Завтра твоей страны».
--
З ваеннага пункту гледжання такой неабходнасці няма, таму што ракеты
нічога не вырашаюць, - лічыць аналітык Раман Якаўлеўскі. – Гэта проста
прапагандысцкая завеса, якая выкарыстоўваецца, як ім здаецца, у якасці
адказу на размяшчэнне трэцяга пазіцыйнага раёна. І ў Беларусі гэтая
інфармацыя ідзе больш з самой Беларусі, чым з Масквы. А з Масквы –
толькі з вызначаных мілітарысцкіх, я падкрэсліваю, колаў, але не ад
вышэйшага кіраўніцтва.
-- Вяртанне расейскіх
ракет не толькі магчымае, але абавязкова патрэбнае, каб ведалі тыя, хто
дае магчымасць размяшчаць амерыканскія ракеты на тэрыторыі Чэхіі,
Польшчы і Літвы, што зваротны ўдар яны атрымаюць, не чакаючы, -
сцвярджае дэпутат «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Беларусі
Сяргей Касцян. – А расейскія ракеты мы абавязкова паставім у сябе і ў
Калінінградзе.
Па меркаванні «дэпутата», такі
крок не супярэчыў бы беларускаму заканадаўству. «Беларускае
заканадаўства дазваляе ўвесці і забяспечваць абараназдольнасць сваёй
краіны», - упэўнены Сяргей Касцян.
-- Пытанне
вельмі складанае. Ёсць мноства розных кампанентаў як «за», так і
«супраць», - кажа палітолаг Валерый Карбалевіч. – Першым чынам, пакуль
няясна, наколькі моцная будзе рэакцыя расейскага кіраўніцтва на гэтую
новую, як яны лічаць, пагрозу. З выступу Мядведзева на G-8 вынікае, што
«мы не будзем на гэтай падставе ствараць істэрыку. Судзячы па ўсім,
палітычнае кіраўніцтва паставілася да гэтага досыць спакойна, хаця
расейскія вайскоўцы глядзяць на гэтае пытанне па-іншаму.
Яшчэ адной праблемай, па меркаванні эксперта, з'яўляецца ўступленне Украіны ў НАТА.
--
Гэта вельмі моцна ўзрушыла расейскую палітычную эліту. У псіхалагічным
плане гэта, можа быць, нават больш хворая праблема, чым гэтыя
амерыканскія элементы супрацьракетнай абароны, - адзначае Валерый
Карбалевіч. – Калі жа размяшчаць ракету, то гэта лепш рабіць у
Калінінградскай вобласці, а не ў Беларусі, таму што Калінінградская
вобласць свая, а Беларусь – чужая тэрыторыя. І нягледзячы на тое, што
існуе «саюзная дзяржава», ваенна-палітычны саюз, расейскія вайсковыя
аб'екты, за апошнія гады склалася сітуацыя, калі Лукашэнка перастаў
быць партнёрам, якому давяраюць. Расея перастала давяраць Лукашэнку.
Усе канфлікты, якія ў апошні час узнікалі, нафтагазавая вайна кажуць аб
гэтым.
Для таго жа, каб уводзіць расейскія
ракеты на тэрыторыю Беларусі, па меркаванні аналітыка, неабходна
абсалютны давер да партнёра.
-- А калі такога
даверу няма, а калі вядома, што Лукашэнка – саюзнік некіравальны, а
калі потым гэтыя ракеты будзе немагчыма забраць абратна або жа
Лукашэнка пачне гэтымі ракетамі шантажаваць? – запытвае Валерый
Карбалевіч. -- Бо ён жа быў супраць вываду ядзернай зброі з Беларусі,
але быў змушаны пагадзіцца, паколькі рашэнне было ўжо прынятае і
зафіксаванае ўсімі вялікімі дзяржавамі.
Валерый
Карбалевіч нагадаў гісторыю Карыбскага крызісу 1962 года, калі савецкія
ракеты былі ўведзеныя на тэрыторыю Кубы, а калі СССР і ЗША дамовіліся
аб кампрамісе, і Савецкі Саюз жадаў гэтыя ракеты вывесці, то Фідэль
Кастра не хацеў іх аддаваць.
-- Тады паўстаў
вялікі канфлікт, і Мікаян сядзеў на Кубе цэлы месяц і ўгаворваў Фідэля,
- кажа палітолаг. – Не выключана, што падобная сітуацыя можа паўстаць і
тут. Гэта значыць, уводзіць расейскія ракеты ў Беларусь, з пункту
гледжання Крамля даволі рызыкоўная гульня, ужо толькі таму, што гэтымі
ракетамі Расея не заўсёды зможа кіраваць так, як яна захоча. З іншага
боку, навошта Беларусі ўмешвацца ў гэтак небяспечную гульню? Толькі
адзін сэнс, калі Расея гарантуе ўнутраныя расейскія кошты на
энергарэсурсы. Толькі ў такім радыкальным выпадку Лукашэнка мог бы
пагадзіцца. А інакш навошта? Асабліва цяпер, калі Лукашэнка спрабуе
разыгрываць раман з Захадам, робіць нейкія рэверансы, запрашае Папу
рымскага і абяцае праводзіць дэмакратычныя выбары, і заяўляць пры
гэтым, што тут будуць расейскія ракеты? Які ў гэтым сэнс? Выснова:
верагоднасць такога развіцця падзей у сённяшніх умовах не вельмі
вялікая, але яна можа з'явіцца ў выніку нейкага вельмі рэзкага
абвастрэння міжнароднай сітуацыі.
Спасылка
|