|
53-е месца з 60 недзеяздольных дзяржаваў сьвету займае Беларусі ў
адмысловым рэйтынгу, які ўжо чацьверты год складаюць Цэнтар Карнэгі і
незалежная дасьледная арганізацыя Фонд міру.
Паводле дасьледчыкаў, недзеяздольная дзяржава – гэта дзяржава, якую можа абрынуць сур'ёзны крызыс.
Чыньнікі недзеяздольнасьці – страта фізычнага кантролю над сваёй
тэрыторыяй і дзяржаўнай манаполіі на ўжываньне сілы, няздольнасьць
уладаў забясьпечыць нармальнае функцыянаваньне грамадзтва, а таксама
няздольнасьць узаемадзейнічаць зь іншымі краінамі як паўнацэнны член
міжнароднай супольнасьці. Гэта не азначае, што дзяржава ўжо абрынулася,
што яе няма, але гэта – паказчык яе крохкасьці, датклівасьць да любога
сур'ёзнага ўнутранага шоку.
Экспэрты двух амэрыканскіх дасьледных цэнтраў прааналізавалі
сытуацыю ў 177 краінах сьвету паводле 12 індыкатараў. 60 краінаў, якія
замыкаюць сьпіс – якраз тыя, якія паводле аўтараў дакладу можна
ахарактарызаваць як недзеяздольныя.
Пачынаюць сьпіс афрыканскія краіны Самалі, Судан і Зімбабвэ. У
Самалі працягваецца шматгадовая грамадзянская вайна з удзелам арміі
суседняй Этыёпіі, толькі летась і толькі сталіцу Магадыша пакінулі 700
тысяч уцекачоў. Судан вядомы ва ўсім сьвеце сапраўдным генацыдам, які
адбываецца ў правінцыі Дарфур. У Зімбабвэ акрамя жахлівых парушэньняў
правоў чалавека і нахабных фальсыфікацый выбараў - інфляцыя 150 000(!)
працэнтаў за год.
Таксама вельмі нізка экспэрты ацэньваюць ірацкую дзяржаву.
Зразумела, не ва ўсіх дзяржавах, што патрапілі ў шасьцідзясятку
найгоршых, сытуацыя такая, як у Самалі ці Судане, скажам, на 58-м месцы
апынуўся Ізраіль з прычыны няздольнасьці інтэграваць арабскую меншасьць
і глыбокага расколу эліты.
Пераважную большасьць краінаў недзеяздольнай шасьцідзясяткі
складаюць краіны Афрыкі (і амаль усе краіны гэтага кантынэнту ў гэты
“чорны” сьпіс трапляюць). З постсавецкіх краінаў у сьпісе – дзяржавы
Цэнтральнай Азіі Узбэкістан (26), Таджыкістан (38), Кіргістан (39),
Туркмэністан (46) , Малдова (49), Грузія (56) і Беларусь – 53-е месца.
Паводле якіх паказчыкаў Беларусь патрапіла ў сьпіс
недзеяздольных дзяржаваў? Найбольш кепскія адзнакі краіна атрымала
паводле паказчыкаў нелегітымнасьць улады, правы чалавека і раскол у
элітах. Таксама ня надта высока былі ацэненыя стан эканомікі,
дэмаграфічная сытуацыя і характар зьнешніх уплываў. Варта адзначыць,
што за апошні год Беларусь адсунулася на два радкі далей ад
небясьпечнай вяршыні сьпісу - летась у аналягічным рэйтынгу яна была
51-ай.
Ня ўсе недзеяздольныя краіны характарызуюцца адкрытымі забурэньнямі і канфліктамі, іх можа і ня быць, справа ў патэнцыяле нестабільнасьці,
у рызыцы, што нечаканы штуршок можа раптам абрынуць усю дзяржаўную
канструкцыю. На думку аўтараў дакладу шмат для якіх недзеяздольных
дзяржаў такім штуршком можа стаць цяперашні харчовы крызыс.
Cпасылка |