Гэтымі днямі ў грамадзка-палітычным
жыцьці Польшчы дамінуе пытаньне: быў легендарны лідэр “Салідарнасьці”
Лех Валэнса агентам па мянушцы “Болек” ці не?
“Гэта
была адна з буйнейшых апэрацыяў службы бясьпекі ПНР – фальсіфікацыя
тэчкі з матар’яламі супраць Леха Валэнсы. Гэта рабілася ва ўмовах
надзвычайнай сакрэтнасьці, пры ўдзеле высокакваліфікаваных, найлепшых
адмыслоўцаў у падробках. Захаваўся дакумэнт, у адным экзэмпляры, дзе
паведамляецца, што спэцслужбы прыцягнулі да гэтай справы найлепшага
спэцыяліста ў фальшаваньні почырку”, – кажа аўтарытэтны польскі
гісторык, прафэсар Анджэй Фрышке.
Між тым ягоны калега з Інстытуту нацыянальнай памяці Пётр Гантарчык–
суаўтар кнігі “Служба бясьпекі і Лех Валэнса. Дадатковыя зьвесткі да
біяграфіі”, заяўляе, што высновы аб супрацоўніцтве былога прэзідэнта са
спэцслужбамі зробленыя на падставе дакладных дасьледаваньняў архіўных
матар’ялаў:
“Служба бясьпекі ў 80-х гадах
мінулага стагодзьдзя рабіла ўсё магчымае, каб дыскрэдытаваць Валэнсу,
сярод іншага, спрабуючы давесьці, што ён супрацоўнічаў з рэжымам і
пасьля 1974 году. А паводле дакумэнтаў, менавіта тады Лех Валэнса
адмовіўся ад супрацоўніцтва”.
Сваіх калегаў абараняе таксама кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Януш Куртыка:
“Інстытут
нацыянальнай памяці ня выдаў бы гэтую працу, калі б мы не лічылі, што
яна мае каштоўнасьць і падрыхтавана сумленна, пры выкарыстаньні ўсіх
правілаў навуковага падыходу”.
Паводле
спадара Куртыкі, у свабоднай краіне ніхто ня можа абмежаваць права
гісторыкаў да выкананьня сваёй прафэсійнай дзейнасьці.
З
кнігі вынікае, што ў першай палове 70-х, Лех Валэнса, які працаваў на
суднаверфі электрыкам, даносіў на сваіх калегаў і атрымліваў за гэта
грошы ад Службы бясьпекі. А потым, калі быў прэзыдэнтам, зьнішчаў
адпаведныя дакумэнты з уласнай тэчкі.
Сам Лех Валэнса
катэгарычна адкідае меркаваньні аб ягоным супрацоўніцтве з
камуністычным рэжымам, заяўляючы, што ў дакумэнтах у гэтай справе няма
ніводнага ягонага подпісу:
“У мяне не было
і няма ніякай прычыны, каб зьнішчаць дакумэнты. Калі б быў подпіс
недзе: “Валэнса” ці яшчэ што, тады зразумела. А так – які ў гэтым сэнс
для мяне?”
Ляўрэат Нобэлеўскай узнагароды
міру заявіў, што будзе судзіцца з усімі, хто абвінавачвае яго ў
супрацоўніцтве са спэцслужбамі, у тым ліку і з аўтарамі кнігі Інстытуту
нацыянальнай памяці.
За Леха Валэнсу заступіўся прэм’ер-міністар Польчшы Дональд Туск. “Кожны,
хто ведаў тады Валэнсу, памятае ягоны пакой у шматпавярховым доме –
невялікі пакой, дзе жыў ён з жонкай і шасьцёра дзяцей. І кожнага, каму
б прышло тады ў галаву сказаць, што Валэнса – агент, які за грошы
прадае Польшчу, палічылі б за гнюса ці вар’ята”, – кажа прэм’ер.
Цікава,
што паводле зробленых напярэдадні выхаду кнігі дасьледаваньняў, 60%
палякаў кажуць, што нават калі будзе даведзена, што Лех Валэнса
супрацоўнічаў са спэцслужбамі ў 1970-74 гадах, гэта не паўплывае на
іхнае стаўленьне да былога прэзідэнта, як чалавека, які адыграў
ключавую ролю ў разбурэньні камуністычнай сыстэмы.
Спасылка