|
Тураўская грамадзкая актывістка Іна Зеніна
атрымала ад дырэкцыі Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” патрабаваньне
вызваліць службовую кватэру.
“Кватэру я атрымала ў 1994 годзе. У 2005-м мне
разам з суседзямі — тут некалькі аналягічных кватэраў — прапанавалі яе
прыватызаваць. Быў дадзены дазвол Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта на
прыватызацыю ўсяго дому. Мы пагадзіліся, пачалі зьбіраць дакумэнты. За
свой кошт я, напрыклад, зрабіла тэхпашпарт кватэры, акт на зямлю.
Суседкі — яны ўжо прыватызавалі. Мне — цягнулі, цягнулі… Напрыканцы
мінулага году зноў тэлефаную ў дырэкцыю парка. Там адказвалі: “Ну
пачакайце, вось-вось”. Мне надакучыла, і я пісьмова зьвярнулася з
запытаньнем, калі скончаць маю прыватызацыю. На гэта генэральны
дырэктар Бамбіза прыслаў адказ: кватэра — службовая, і вы зь яе ўвогуле
высяляйцеся”.
Спадарыня Зеніна — прафэсійны біёляг, яна каардынуе некаторыя праекты грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
У
цяперашняй трохпакаёўцы ў доме катэджнага тыпу, які афіцыйна належыць
Нацыянальнаму парку, Іна Зеніна жыве з сынам і мужам чатырнаццаць
гадоў. З таго часу, калі яна як біёляг працавала ў парку навуковым
супрацоўнікам.
Кантракт са спадарыняй Зенінай дырэкцыя парку
спыніла ў 2002-м — неўзабаве пасьля таго, як жанчына сумесна зь іншымі
спэцыялістамі, грамадзкімі й палітычнымі дзеячамі Беларусі падпісала
зварот у Раду Эўропы пра масавыя высечкі дрэваў у Белавескай пушчы.
Пасьля
прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2006 году пазбавілася Зеніна сталай
працы і ў сыстэме адукацыі, бо зьбірала подпісы ў падтрымку
апазыцыйнага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча.
Старшыня прафкаму Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Рыгор Шостак кажа, што пытаньне з кватэрай Іны Зенінай надзвычай вострае:
“Яна
жыве ў службовым жытле. Яна хацела яго прыватызаваць. Але прыватызацыя
службовага жытла на аб’ектах Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта забароненая.
565 указ прэзыдэнта: працуеш — калі ласка, жыві, не працуеш — вызвалі.
Канечне, гэта бяда. Але ж хіба яна адна такая, у такім становішчы
апынулася?!”
Другі тураўскі актывіст руху “За Свабоду”, рэдактар
малафарматнай газэты “Вольныя навіны” Міхаіл Козел, хоць і жыве ў
прыватнай хаце, але таксама не пазьбегнуў шэрагу праблемаў.
Учора
ўвечары да яго дадому завіталі двое ў цывільным. Адзін зь іх называў
сябе начальнікам Петрыкаўскага аддзелу УКГБ. Ён патрабаваў адчыніць
дзьверы. Актывіст адмовіўся гэта зрабіць, бо ніякай пастановы на
надгляд жытла цывільныя асобы ня мелі. І позвы ў КДБ ён не атрымліваў.
Міхаіл палічыў за лепшае выклікаць праз тэлефон міліцыю.
Супрацоўнікі міліцыі й КДБ адвезьлі спадара Козела ў пастарунак:
“Яны
адвезьлі мяне ў пастарунак. І там я даў ім тлумачэньне на імя
начальніка абласной управы КДБ наконт таго, што мне растлумачаныя
артыкулы Крымінальнага кодэксу — 342 і 369. Першы датычны арганізацыі
масавых мерапрыемстваў супраць улады, наколькі я разумею, а другі —
супраць збору інфармацыі й перадачы яе розным замежным дзяржавам”.
Напрыканцы
траўня Міхаіла Козела затрымалі спэцслужбы ў Менску ля амэрыканскага
консульства. У яго забралі 1422 даляры, учынілі шматгадзінны допыт, а
пасьля паказалі фрагмэнты яго з адпаведным камэнтаром на беларускім
тэлебачаньні.
У хуткім часе спадар Козел зьвярнуўся да незалежных мэдыяў. Ягоны зварот зьмешчаны на сайце Аляксандра Мілінкевіча.
“Што
б ні паказвала так званае “беларускае” тэлебачаньне на дзяржаўных
каналах, варта ведаць, што сюжэты з маім удзелам ёсьць помстай
супрацоўнікаў КДБ РБ за адмову даць пісьмовую згоду на супрацоўніцтва
зь імі. Усё тое, што адбылося, ёсьць старанна падрыхтаваная беларускай
спэцслужбай правакацыя”, — гаворыцца ў заяве тураўскага актывіста.
Міхаіл
Козел сьцьвярджае, што правакацыйныя захады адносна яго з боку міліцыі
і КДБ пачаліся пасьля таго, як ён адмовіўся зь імі супрацоўнічаць.
Спасылка
|