|
Амбасадар Вялікабрытаніі пра адносіны ЕЗ з Беларуссю |
|
13.06.2008 |
|
Толькі ў выпадку правядзення адкрытых і празрыстых парламенцкіх выбараў
Беларусь можа разлічваць на паляпшэнне адносінаў з Еўрапейскім звязам,
заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі
Найджэл Гулд-Дэвіс.
"Ёсць падставы для аптымізму. Усе краіны сябры-ЕЗ глядзяць на працэс
парламенцкіх выбараў вельмі ўважліва. Калі будзе прагрэс, Беларусь можа
чакаць паляпшэння адносінаў з Еўразвязам", - сказаў амбасадар
Вялікабрытаніі.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што
ўсе краіны сябры ЕЗ "спадзяюцца, што гэтыя выбары будуць праведзеныя
нармалёва, будуць адпавядаць міжнародным нормам".
Дыпламат
таксама заўважыў, што ў Беларусь прыбыла місія БДІПЧ АБСЕ, каб
абгаварыць пытанні назірання за выбарамі, паведамляе "Інтэрфакс".
Найджэл
Гулд-Дэвіс на гэтым тыдні быў прызначаны амбасадарам Злучанага
Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі.
Да
гэтага ён быў часовым павераным у справах Вялікабрытаніі ў Менску, а
раней працаваў першым сакратаром па эканамічных пытаннях у амбасадзе
Вялікабрытаніі ў Расеі. У Менск прыбыў у канцы жніўня 2007 года.
Выконваў абавязкі старшыні дыпмісіі, паколькі прызначаны летась новы
амбасадар Вялікабрытаніі Майкл Хэддак так і не змог прыступіць да
выканання сваіх абавязкаў па прычыне хваробы.
Спасылка |