|
12 чэрвеня ў Ірляндыі адбудзецца рэфэрэндум па Лісабонскай дамове, якая ўсталёўвае новыя прынцыпы кіраваньня Эўразьвязам.
Калі
ірляндцы выкажуцца адмоўна, рэформа Зьвязу можа быць спыненая. Ужо
зараз у Эўропе разважаюць над тым, як працягваць далейшую інтэграцыю ў
аб'яднанай Эўропе, калі ірляндцы скажуць дамове «не».
На
сёньняшні дзень дамову ўжо ратыфікавалі 17 з 27 дзяржаваў Зьвязу, у тым
ліку Нямеччына, Францыі і Польшча. Парлямэнт Эстоніі ўхваліў дамову 11
чэрвеня.
Аднак у Ірляндыі паводле закону такое пытаньне павінна быць абавязкова вынесенае на рэфэрэндум.
Лісабонская
дамова стала кампраміснай спробай працягнуць эўрапейскую інтэграцыю
пасьля таго, як ў 2005 годзе на рэфэрэндумах ў Францыі і Нідэрляндах
быў адхілены праект Канстытуцыі Эўропы. Лісабонскае пагадненьне крыху
карацей праекту, пахаванага францускімі і галяндзкімі выбаршчыкамі
(хаця гэта ўсё роўна 350 старонак складанага тэксту), яно крыху інакш
сфармулявана, але прынцыпы адхіленага канстытуцыйнага праекту ў ёй
захаваліся: гэта абмежаваньне права вета асобнай краіны, умацаваньне і
пашырэньне паўнамоцтваў наднацыянальных органаў Зьвязу, увядзеньне
пасады прэзыдэнта і міністра замежных спраў Зьвязу.
Аднак
дамова, у адрозьненьне ад праекту Канстытуцыі, сфармулявана такім
чынам, што яна амаль ва ўсіх краінах Зьвязу можа быць ратыфікаваная
парлямэнтамі і не патрабуе рэфэрэндумаў для яе зацьвяржэньня. А
паколькі эліты, ў тым ліку і парлямэнтары, зацікаўленыя ў працягу
эўраінтэграцыі, ў набыцьці Эўропай выразнага палітычнага твару, то
праблемаў у ратыфікацыі дамовы парлямэнтамі дагэтуль не было. Але
Ірляндыя – выключэньне, там закон патрабуе рэфэрэндуму.
І шанцы на
тое, што ірляндцы прагаласуюць “за” , ня надта вялікія. Гаворыць
палітычны аглядальнік газэты “Irish Time” Марк Хэннэсі.
Хэнэссі:
“Кампанія “Скажы дамове “не” была праведзеная вельмі разумна, яны
вылучылі шэраг абвінавачваньняў на адрас дакумэнту, часам супярэчлівых,
і ўрад губляў час, каб абвергнуць гэтая абвінавачваньні, замест таго,
каб гаварыць пра станоўчыя бакі дамовы”.
Праціўнікі дамовы
працавалі з грамадзкай думкай з канца мінулага году. У той жа час ўрад
быў заняты іншымі праблемамі, толькі ў мінулым месяцы кабінэт Брайна
Коўэна зьмяніў ўрад прэм'ера Бэрці Ахэрна. Паводле апытаньняў, долі
прыхільнікаў і праціўнікаў дамовы вельмі блізкія, адно апытаньне
прадказвае перамогу праціўнікаў дамовы.
Між тым дамова набудзе
сілу з 1студзеня 2009 году, калі да гэтага часу яе ратыфікуюць усе 27
краін, што ўваходзяць у Зьвяз, у тым ліку і Ірляндыя.
Насельніцтва
Ірляндыі складае 1% ад агульнай колькасьці людзей, што жывуць у краінах
Зьвязу. Але калі яны 12 чэрвеня скажуць на рэфэрэндуме Лісабонскай
дамове “не”, то 2005 год можа паўтарыцца – няма згоды Ірляндыі, няма
дамовы.
Ужо зараз у Эўропе ідуць размовы, што ж рабіць, калі
вынік ірляндзкага рэфэрэндуму будзе адмоўным і ці можа будзе неяк
працягнуць эўраінтэграцыю і ў гэтым выпадку. Адзін з францускіх
міністраў заявіў, што любой краіне, якая адхіліць Лісабонскую дамову,
варта падумаць аб выхадзе з Эўразьвязу.
Аднак іншыя спасылаюцца на
тое, што калі ў 2005 годзе Францыя і Галяндыя на рэфэрэндумах адкінулі
праект Канстытуцыі Эўропы, то ніхто не прапаноўваў выключаць іх са
Зьвязу, замест гэтага быў спынены працэс ратыфікацыі. Гэтак і зараз
неяк недарэчна было б караць Ірляндыю за дэмакратычны спосаб прыняцьця
рашэньняў – кажуць прыхільнікі гэтага меркаваньня.
Гавораць пра
яшчэ адзін сродак абысьці магчымае ірляндзкае “не” – даволі папулярную
ў Эўразьвязе ідэю “паглыбленай інтэграцыі”. Яе сутнасьць у тым, што
некалькі (ня ўсе) краіны Зьвязу могуць дамовіцца пра больш шчыльнае
супрацоўніцтва ў пэўных галінах. Аднак у дадзеным выпадку размова ідзе
пра такую “галіну”, як базавыя прынцыпы пабудовы саюзу. Так што ў
дадзеным выпадку “паглыбленае супрацоўніцтва” – ня што іншае, як
сынонім расколу.
Варта таксама ўлічыць, што і ў іншых краінах
Зьвязу, у тым ліку і ў тых 9, якія яшчэ не ратыфікавалі Лісабонскую
дамову, нямала яе апанэнтаў. І калі ірляндцы скажуць “не”, гэта можа
натхніць праціўнікаў дамовы па ўсёй Эўропе і прывесьці да правалу
ратыфікацыі яшчэ ў некалькіх краінах.
У любым выпадку рэфэрэндум у Ірляндыі – момант ісьціны для Эўрапейскага Зьвязу.
Cпасылка
|