Падтрымка развіцця патэнцыяла і сеткавага ўзаемадзеяння беларускіх недзяржаўных
арганізацый і мясцовай улады пры падтрымцы Еўрапейскай Камісіі.
Галоўны вэб-сайт
Беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва і партнёрства
In English
Advertisement
Падзеi
Конкурсы і праграмы
Аналітычныя і даведкавыя матэрыялы
Кірмаш партнёрства
База дадзеных арганiзацый
Бібліятэка
Да брытанскіх і чэскага дадаўся францускі патрон
06.06.2008

Пачаліся гастролі беларускага “Свабоднага тэатру” ў Францыі. На сцэне парыскага “Théâtre-Studio Alfortville” гледачам будзе паказаны спэктакль «Пакаленьне Джынс» – своеасаблівая храналёгія барацьбы беларускай моладзі за свабоду ў аўтарытарнай краіне.

Кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін па тэлефоне з Парыжу расказаў, чым “Свабодны тэатар” будзе займацца цягам бліжэйшага тыдня: “Гэта ўжо традыцыйныя гастролі, якія праходзяць у нас тут увесну і напачатку лета. Трэці год запар мы паказваем свае спэктаклі. Гэтым разам пакажам “Пакаленьне Джынс”, які неаднойчы ўжо паказваўся ў Францыі, але ён тут вельмі папулярны. Таму ён і запрашаецца сюды амаль кожны год”.

 
Карэспандэнт: “Толькі “Пакаленьне Джынс” будзеце паказваць?”
 
“Так, зараз толькі “Пакаленьне Джынс”. Асноўнымі былі сэты перамоваў, і мы не вывозілі ўсю трупу. Артысты рыхтуюцца да працы над двума новымі спэктаклямі”.  
Мікалай Халезін удакладняе, што ідзе вельмі актыўнае пазасцэнічнае кантактаваньне з калегамі – напрацоўваюцца новыя знаёмствы, плянуюцца новыя гастрольныя маршруты: “Прайшло вельмі шмат перамоваў, шмат сустрэчаў, якія ўплываюць на нашу сытуацыю. Так, Арыяна Мнушкіна (Ariane Mnouchkine) – выдатны дзеяч францускага і ўсясьветнага тэатру – увайшла ў склад апякунскай рады нашага тэатру. Таксама яна запісалася на відэа, выказала свае спачуваньні, сваю падтрымку беларусам. Гэтае відэа, калі мы вернемся ў Беларусь, перавядзём у лічбавы фармат і выкладзем у інтэрнэт. Таксама прайшлі перамовы зь некалькімі тэатрамі аб наступных гастролях “Свабоднага тэатру”, уключна з кіраўніцтвам тэатральнага фэстывалю “Пасаж” у Нансі – ён адбудзецца ў траўні наступнага году, куды мы ўжо запрошаныя з нашай трылёгіяй “Зона маўчаньня”.
 
Дадам, што, апроч Арыяны Мнушкінай, у апякунскую раду тэатра ўжо ўваходзяць брытанскія драматургі Том Стопард і Марк Равэнхіл, а таксама драматург, экс-прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл.Паказальна, што Арыяна Мнушкіна была першай уладальніцай міжнароднай прэміі «Эўропа – тэатру», якую сёлета ў Грэцыі атрымаў «Свабодны тэатар».
 
Чаму альтэрнатыўныя тэатры даюць фору дзяржаўным? Чаму выбітныя тэатральныя дзеячы і замежная публіка маюць падвышаны інтарэс да таго, што робяць экспэрымэнтальныя беларускія трупы? Адной з прычынаў культуроляг Максім Жбанкоў лічыць напаўпадпольнае існаваньне альтэрнатыўных пляцовак у Беларусі. Дарэчы, менавіта з гэтай прычыны такія праекты можна пралічыць на пальцах адной рукі:
 
“Справа ў тым, што ў іх няма магчымасьці нармалёва працаваць у нашых умовах. Таму яны зьбіваюцца альбо на сталыя пошукі замежнага фінансаваньня, альбо на спробу зарабляць па-за межамі краіны. З гледзішча ўладаў, усе гэтыя тэатры, яны занадта “вумныя”, яны нон-канфармісцкія, крытычна ставяцца да нашай рэчаіснасьці ўва ўсіх яе ўвасабленьнях. Таму гэта нязручна, таму гэтага ў нас ня можа быць на афіцыйным узроўні”.
 
Карэспандэнт: “Ад існуючых традыцыйных тэатраў – ад Горкага да Купалаўскага – можна чакаць экспэрымэнтаў, цікавых ня толькі беларускім гледачам?”
 
“У свой час Уладзімер Шчэрбань (цяпер рэжысэр “Свабоднага тэатру” – Р.С.) казаў мне: калі яго выціскалі з Купалаўскага, на ягоныя прапановы чагосьці іншага, больш экспэрымэнтальнага, быў адказ просты: гэта не купалаўскі фармат. То бок, у тэатральным асяродзьдзі на дзяржузроўні існуе пэўная культурніцкая інэрцыя. Яны спазьняюцца з агульных пазыцый усясьветных тэатральных тэндэнцый гадоў на 10, ня менш. Яны інэрцыйныя, традыцыйныя, вельмі асьцярожныя і яны, у рэшце рэшт, заадміністраваныя. А там, дзе ёсьць татальнае адміністраваньне, ня можа быць тэатральнага экспэрымэнту”.
 
“Свабодны тэатар”, экспэрымэнты якога ўжо на “ўра” прынятыя ў многіх краінах сьвету, вяртаецца з Францыі ў сярэдзіне чэрвеня і адразу пачынае працу над двума новымі праектамі. Адзін зь іх мы ўжо анансавалі – гэта спэктакль “Спасьцігаючы каханьне”, у якім у напаўдакумэнтальным фармаце расказваецца гісторыя каханьня Ірыны і Анатоля Красоўскіх. 

Апроч таго, заплянаваны прыезд у Менск дзеля правядзеньня майстар-клясаў вядучых актораў парыскага «ThéâtreduSoleil», у якім працуе рэжысэрам Арыяна Мнушкіна.

Спасылка

 
Калі Вы заўважылі недакладнасць ці памылку ў пададзенай інфармацыі, паведамляйце пра гэта тут
Support to the capacity building and networking of Belarusian Non Governmental Organizations and Local Authorities. All rights reserved.
The content of this site is the sole responsibility of Website Consortium members and can in no way be taken to reflect the views of the European Union.