|
Кіраўнік Эўрапарлямэнту Ганс-Герт Пэтэрынг
“настойліва заклікаў” афіцыйны Менск “вызваліць усіх палітвязьняў, у
тым ліку Аляксандра Казуліна”.
Ён адзначыў, што “асноўныя свабоды грамадзянаў
гэтай краіны не выконваюцца”. Непасрэднай падставай для гэтай заявы
сталі 50 тысячаў подпісаў беларускіх грамадзянаў ў падтрымку свабоды
сумленьня ў Беларусі. Іх перадалі ў Эўрапарлямэнт апазыцыйныя палітыкі
Аляксандар Мілінкевіч і Павал Севярынец.
Спадар Мілінкевіч так распавядае пра сустрэчу з кіраўніком Эўрапейскага парлямэнту:
“Асабіста
Пэтэрынг сказаў, што яго гэта вельмі ўражвае. Ён разумее, што людзі,
якія ставілі подпісы, рызыкуюць. Сапраўды, там былі і штрафы, і арышты
людзей, і перасьлед. Безумоўна, гэта і мужнасьць, і грамадзянская
пазыцыя. І ён сказаў такія добрыя словы: “Мы заўсёды былі салідарныя з
вамі. Але як важна, каб людзі ўнутры Беларусі былі салідарныя, калі яны
змагаюцца за волю”.
Спадар Пэтэрынг настойліва заклікаў
беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязьняў, у тым ліку Аляксандра
Казуліна. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Сьвірыд з такім
падыходам ня згодны:
“Я лічу, што ў нас няма палітвязьняў.
Паўтараю: няма ў нас палітвязьняў. Калі нехта хуліганіць, дык ён
мусіць, як і ва ўсякай краіне, несьці за гэта адказнасьць, а не за тое,
што яго палітычныя погляды разыходзяцца з палітычнымі поглядамі
беларускай улады”.
У заяве Пэтэрынга згадваецца і тое, што
беларускія ўлады парушаюць правы беларусаў на свабоду веравызнаньня.
Сьвятар Аляксандар Шрамко так камэнтуе гэту сытуацыю:
“Самае
галоўнае, парушаецца такі прынцып, што чалавек згодна са сваім
сумленьнем можа вераваць. І гэта ў розных такіх аспэктах праяўляецца.
Прыкладам, абмяжоўваюцца магчымасьці распаўсюджваньня сваёй веры.
Зьмяншаюцца магчымасьці маліцца, бо калі менш за 20 чалавек зьбяруцца ў
царкоўную супольнасьць, дык немагчыма стварыць абшчыну. І
зарэгістраваць немагчыма, таму што трэба мець памяшканьне, якое
адпавядае ўмовам. І гэта не павінна быць жылым памяшканьнем, як
дазвалялася раней. А зараз трэба мець культавую пабудову. А яе можа
пабудаваць толькі юрыдычная асоба. І атрымліваецца такое зачараванае
кола”.
Вяртаючыся да сустрэчаў у Эўрапарлямэнце, Аляксандар
Мілінкевіч адзначае, што Эўразьвяз, хаця Беларусь і не ўваходзіць у
гэтую арганізацыю, будзе “вельмі сур’ёзна разглядаць гэтыя скаргі”.
Аднак толькі нэгатывам размова не абмежавалася, цьвердзіць палітык:
“І
былі таксама вельмі важныя размовы наконт таго, што Эўразьвяз зараз
распрацоўвае спэцыяльную праграму Усходняга партнэрства. У іх ёсьць
праграма партнэрства для Міжземнамор’я. А зараз палякі і швэды
прапанавалі гэтую праграму зрабіць – для Украіны, Азэрбайджану, Грузіі
і пад пэўнымі ўмовамі для Беларусі. І гэта для Беларусі вялікі шанец.
Спэцыяльная праграма – гэта шмат лепш за праграму добрасуседзтва. Тут
значна большыя магчымасьці. Але пэўныя ўмовы трэба выканаць”.
У
камэнтары, які распаўсюдзіла пасьля сустрэчы прэсавая служба кіраўніка
Эўрапарлямэнту, адзначаецца, што “толькі выкананьне асноўных
дэмакратычных умоваў дазволіць Эўрапейскаму Зьвязу нармалізаваць
адносіны зь Беларусьсю”.
Спасылка |