Падтрымка развіцця патэнцыяла і сеткавага ўзаемадзеяння беларускіх недзяржаўных
арганізацый і мясцовай улады пры падтрымцы Еўрапейскай Камісіі.
Галоўны вэб-сайт
Беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва і партнёрства
In English
AdvertisementAdvertisementAdvertisement
Падзеi
Конкурсы і праграмы
Аналітычныя і даведкавыя матэрыялы
Кірмаш партнёрства
База дадзеных арганiзацый
Бібліятэка
Этнатурызм: унікальна негандлёвая прапанова?
14.05.2008

Сельскі турызм, агра-, эка-, этна- ці “зялёны” турызм – усё гэта часткі адзінага паняцьця. Папросту – адпачынак у вясковай сядзібе. Выглядае, беларускія чыноўнікі прыйшлі да высновы, што ад архітэктурна-гістарычнай спадчыны засталося ўжо нягуста. Але ж грошы з гасьцей краіны мець усё ж трэба. Чым прывабіць, апроч беларускай прыроды? Прынамсі, пакуль яна дзе-нідзе выглядае добра захаванай? І агратурызму далі зяленае сьвятло, – разам з падаткавымі льготамі і магчымасьцю браць крэдыты па даволі прымальных коштах.

Этнатурызм: унікальна негандлёвая прапанова?

Сельскі турызм, агра- турызм, эка-турызм, этна-турызм ці “зялёны” турызм – усё гэта часткі адзінага паняцця. Папросту ж гэта – адпачынак у вясковай сядзібе. Выглядае, беларускія чыноўнікі прыйшлі да высновы, што ад архітэктурна-гістарычнай спадчыны засталося ўжо нягуста. Але ж грошы з гасьцей краіны мець усё ж трэба. Чым прывабіць, апроч беларускай прыроды? Прынамсі, пакуль яна дзе-нідзе выглядае добра захаванай. І агратурызму далі зяленае сьвятло, – разам з падаткавымі льготамі і магчымасьцю браць крэдыты па даволі прымальных коштах. 

Калясальны крок у турызм, але пакуль – лякальны

Зараз толькі ў Менскай вобласьці зарэгістравана каля сотні прадпрымальнікаў,  якія выявілі жаданьне займацца агратурызмам. Адным з істотным рухавікоў рэгіянальнага турызму можна назваць Праграму ураду ФРГ па падтрымцы разьвіцьця Менскай вобласьці. Каардынатар Праграмы Зьміцер Карпіевіч распавядае:

– Праграма судзейнічае ўстойліваму разьвіцьцю вобласьці, у тым ліку праз разьвіццё агра і эка-турызму. Трэба адзначыць, што зараз дынаміка разьвіцьця турызма ў вобласьці проста шалёная. Яшчэ некалькі гадоў таму аб гэтай з’яве амаль ніхто не чуў, – а цяпер існуе 20 актыўна дзейных сядзіб і некалькі дзесяткаў сядзіб, чые гаспадары зарэгістраваныя як прадпрымальнікі ў сфэры агратурызму. Апошнія займаюцца, прыкладам, фэрмэрствам, і раз ад разу прымаюць турыстаў.  Функцыі праграмы ў гэтым дачыненьні – усталёўваць сувязі паміж уладамі, якія курыруюць турызм, кіраўнікамі дзяржаўных турыстычных аб’ектаў і грамадскасьцю: прадпрымальнікамі, аб’яднаньнямі. Адзін з інструмэнтаў усталяваньня сувязяў – правядзеньне  інфармацыйна-навучальных сэмінараў ды круглых сталоў для ўсіх зацікаўленых гульцоў турыстычнага рынку з мэтай выпрацоўкі канцэпцый разьвіцьця турызму. Гэты дыялёг сапраўды патрэбны для ўсіх – нават у Менскай вобласьці ня можа быць адзінай канцэпцыі для ўсіх раёнаў. Бо турызм у Лагойскім раёне адрозьніваецца ад турыстычных магчымасьцяў у Пухавіцкім. Разуменьне, што і каму неабходна, усьведамленьне агульнасьці мэтаў – гэта тое, што ўжо працуе на ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё мінскай вобласьці.

– Чаму ж, пры гэткай дынаміцы, чаму да нас прыязджае так няшмат замежных турыстаў?

– Сапраўды няшмат, але ў эўрапейскіх краінах 80% тых, хто выбірае экатурызм, – гэта свае ж грамадзяне. Экатурызм увогуле больш арыентаваны на ўнутраны попыт. Гэта нармалёва. А што тычыцца, напрыклад, немцаў, то нам пакуль складана іх прывабіць. Бо каб прыехаць у Беларусь, немцу трэба вельмі хацець гэта зрабіць і быць вельмі настойлівым. Атрымаць візу няцяжка, але за ёй трэба ці ехаць у Бонн ці Берлін, ці адсылаць пашпарт у консульства поштай, – што для немца псыхалягічна складана. Тое, што візы выдаюць у Менскім аэрапорце, не надта вырашае праблему. Шмат турыстаў аддаюць перавагу падарожжам на машыне.

Да таго, нажаль, у Беларусі не самы добры сэрвіс. І цяжка сабе ўявіць, як замежнік можа самастойна, без турагенцтва і веданьня расейскай ці беларускай мовы прыехаць у нашу краіну. Нават Менск не мае дастатковай колькасьці паліграфічнай прадукцыі, якая б тлумачыла, дзе і што можна паглядзець, дзе можна спыніцца. Няма шыльдаў на ангельскай мове, як, напрыклад, у эўрапейскіх турыстычных гарадах.  

“Што можа прапанаваць Беларусь са знакамітага? Шагала і шлях Напалеона

З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да дырэктара турыстычнай фірмы “Дудуткі-тур" і музэйнага комплексу “Дудуткі” Валерыі Клецуновай. Стваральнікамі музэю старажытных народных тэхналёгіяў і промыслаў сталі калісьці мастак Барыс Цітовіч і бізнэсовец Яўген Будзінас. Сёньня Дудуткі – хіба што самы вядомы ў Беларусі музэй пад адкрытым небам. Валерыя Клецунова падкрэсьлівае: каб быць запатрабаванымі, трэба прапанаваць турыстам тое, што цікава і выгодна ім. Замест гэтага, па сутнасьці, мы прапаноўваем тое, што ёсьць. Ці тое, што цікава нам. Іншымі словамі, аснова асноў маркетынгу – унікальная гандлёвая прапанова (то бок, уласьцівая толькі тваёй прапанове выгода для пакупніка) не вытрымлівае ў нашым выпадку аніякай канкурэнцыі.

– Пра масавы наплыў турыстаў у Беларусь зараз казаць немагчыма. Для яго патрэбна нармалёвая інфраструктура, якой пакуль няма – дарогі, гатэлі, адпаведнае харчаваньне і сам турыстычны прадукт, які варта паказваць. Замінаюць і праблемы з атрыманьнем візаў – нават не кошт візаў, а менавіта бюракратычныя працэдуры. Калі краіна зацікаўленая ў масавым прытоку турыстаў, замежнікі павінны мець магчымасьць атрымаць візу па прыезьдзе ў краіну – ня толькі ў аэрапорце, але й на межах.

Увогуле зараз у Беларусі няма ўцямнай турыстычнай прапановы. Няма разуменьня, што патрэбна менавіта эўрапейскаму турысту, няма адпаведных турыстычных маршрутаў. Што можа прапанаваць Беларусь са знакамітага? Шагала і шлях Напалеона. А мы чамусьці лічым, што замежнікі павінны ведаць нашых Купалу, Коласа і марыць наведаць іх радзіму.

Калі мы кажам пра адпачынак у вёсцы, мы мусім аргумэнтаваць: чым мы цікавыя эўрапейцам. Бо этнатурызм ёсьць і ў Італіі, і ў Лаосе, і ў Камбоджы – чаму менавіта да нас трэба ехаць? Што ёсьць такога ў нас, каб паміж Італіяй і Беларусьсю выбралі Беларусь? Тэарэтычна зараз можна падаваць сабе для эўрапейцаў як невядомую краіну Эўропы. У вёсках захавалася самабытнасьць і ўнікальнасьць ладу жыцьця – гэта цікава “зялёным” турыстам, для якіх важныя непасрэдныя кантакты з мясцовымі жыхарамі. Можна акцэнт рабіць на савецкім мінулым краіны, дзе шмат яшчэ захавалася ад гэтага мінулага, але дзе бясьпечна зь ім знаёміцца. Можна прапанаваць суседзям зь Літвы маршруты, зьвязаныя з агульнай гісторыяй – з ВКЛ. Палякам – з Рэччу Паспалітай, расейцам – Белавежскую Пушчу, Віскулі ды Менск.  

Дадатковыя цяжкасьці нашага турызму

Унутраны попыт на агратурызм залежыць і ад агульнага эканамічнага становішча ў краіне. Каб зрабіць добрую сядзібу, патрэбныя немалыя грошы.

– З “нуля” хата з цёплай вадой й каналізацыяй, з добрым комінам і печкай, банькай, альтанкай і рэкрэацыйнымі тэрыторыямі пацягне як мінімум на 30-40 тысяч даляраў. Калі рабіць па-багатаму, каб бойлер вялікі, басэйн з нармалёвай сыстэмай ачысткі, зімні садзік і г.д.,– то на ўсё і 100 тысяч не хопіць, – распавядае Сяргей Крыловіч, прадпрымальнік. – Я ездзіў у просьценькі гатэльчык пад Менск – знаёміцца з коштамі і ўмовамі. Там гасьцявы дамок на пяць пакояў, ванная ў ім, печка на першым паверсе ў гасьцінай ды маленькая банька. А бяруць з чалавека па 50 даляраў за суткі. Праўда, зь ежай. Думаю, мой грандыёзны плян будзе каштаваць маім гасьцям прынамсі 70 даляраў за суткі. Ну, і хто паедзе? Калі пад Менск на выходныя для двух чалавек з’ездзіць пацягне амаль 300 даляраў? Буду яшчэ лічыць, як гэта акупаецца. Але ужо цяпер разумею, што цяпер нармалёвы экатурызм – справа нятанная. Менавіта сучасны, спакойны,  камфортны турызм. Бо пажыць у вёсцы на сенавале, з камарамі і клазетам без “ватэра” – гэта адпачынак, даступны ўсім. Толькі ён – для экстрэмалаў…

Натальля Шарай

Этот адрес e-mail защищен от спам-ботов. Чтобы увидеть его, у Вас должен быть включен Java-Script

 
Калі Вы заўважылі недакладнасць ці памылку ў пададзенай інфармацыі, паведамляйце пра гэта тут
Support to the capacity building and networking of Belarusian Non Governmental Organizations and Local Authorities. All rights reserved.
The content of this site is the sole responsibility of Website Consortium members and can in no way be taken to reflect the views of the European Union.