|
Экс-прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл зьвярнуўся з пасланьнем да ўдзельнікаў
канфэрэнцыі “Мінуласьць, сучаснасьць і будучыня беларускай
дзяржаўнасьці” ў Празе.
Канфэрэнцыя праходзіць пад патранажам міністра замежных справаў Чэхіі
Карла Шварцэнбэрга. У ёй бяруць удзел старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла,
старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк, адзін зь
лідэраў "Маладога фронту" Павал Севярынец, іншыя палітыкі, навукоўцы,
прадстаўнікі грамадзкасьці зь Беларусі і замежжа.
Зварот Вацлава
Гаўла да ўдзельнікаў канфэрэнцыі зачытаў кіраўнік ініцыятывы
“Грамадзянская Беларусь” Ян Румл — былы дысыдэнт, а потым сэнатар
і міністар унутраных спраў Чэхіі:
“Гэтымі днямі, дакладней, 25
сакавіка, спаўняецца дзевяноста гадоў з дня абвяшчэньня ў 1918 годзе
незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Лёс не спрыяў яе жыцьцю і
судзіў ёй яшчэ нашмат меней часу, чым міжваеннай Чэхаславаччыне.
Але
я рады, што вы сустракаецеся цяпер менавіта ў Празе, дзе некалі
знаходзілася ў эміграцыі Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.
Драматычная доля нашай краіны дазваляе нам больш чуйна, чым іншым,
асягнуць важнасьць гэтай даты для ўсіх дэмакратычна настроеных
беларусаў як у самой Беларусі, так і за яе межамі.
Вось жа,
адзнача́ныя ўгодкі – гэта магчымасьць ізноў усьвядоміць шчыльную повязь
паміж Беларусьсю і Эўропаю. Зь віны сучаснага рэпрэсіўнага рэжыму
Аляксандра Лукашэнкі абодва бакі гэтай зьвязкі ў значнай меры
ізаляваныя. Вядома, не безь віны тут і мы, краіны Эўрапейскага Зьвязу,
занураныя ў шматлікія блізкія і далёкія, сапраўдныя ці ўяўныя праблемы
і пагрозы. Напрыклад, зачаста мы паддаемся – і не адно ў дачыненьні да
Беларусі – спакусе зводзіць праблему парушэньня людзкіх і грамадзянскіх
правоў да ўсяго толькі бюракратычнай працэдуры. Я маю на ўвазе
эўрапейскую візавую палітыку. Свабодамысныя беларусы павінны былі б тут
мець нашмат большыя магчымасьці для вывучэньня і разьвіцьця сваёй
культуры і нацыянальных традыцыяў – калі немагчыма дасягнуць гэтага
дома. Гэта ўсё зь цягам часу ў вялікай ступені апраўдае сябе і
акупіцца. Дык жа веру, што будучыня Беларусі эўрапейская, веру, што
раней ці пазьней мы павітаем свабодную Беларусь у Эўрапейскім Зьвязе.
Зычу вам усім, прысутным тут беларусам і беларусам ува ўсім сьвеце, усяго добрага на вашыя ўгодкі”.
Cпасылка
|