|
З 2002 года дзейнічае Праграма падтрымкі Беларусі Федэральнага ўраду Нямеччыны. У яе межах ужо было падтрымана каля 120 праектаў, якія маюць на мэце вырашэнне самых розных сацыяльных праблем. Гэтая праграма – адзін з удалых прыкладаў супрацоўніцтва Беларусі і Нямеччыны, лічаць субяседнікі еurobelarus.info – доктар Астрыд Зам, дырэктарка Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Раў, кіраўніца Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўраду Нямеччыны, і Галіна Верамейчык, супрацоўніца Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Раў.
– Калі пачалася рэалізацыя Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўраду Нямеччыны і што паспрыяла яе пачатку?
Галіна Верамейчык: Гэта ўнікальная праграма падтрымкі Беларусі. Яна ўзнікла як ініцыятыва нямецкай грамадзянскай супольнасці, то бок грамадскіх аб’яднанняў, розных саюзаў і таварыстваў, якія ад пачатку 90-х гадоў працавалі на недзяржаўным узроўні з партнёрамі ў Беларусі. У 2000 годзе прадстаўнікі гэтых нямецкіх арганізацый сабраліся на сваю чарговую канферэнцыю, падчас якой было адзначана: узровень партнёрства паміж Беларуссю і Нямеччынай перарос узровень проста гуманітарнай дапамогі ці нейкіх разавых праектаў і акцый. Таму нямецкія арганізацыі пачалі казаць аб тым, што супрацоўніцтва з Беларуссю мусіць выйсці на новы ўзровень – сталых партнёрскіх стасункаў і сумеснай дзейнасці. У выніку ў Нямеччыне была арганізаваная вялікая грамадская кампанія, у межах якой былі ініцыяваныя звароты ў сродкі масавай інфармацыі, а таксама да дэпутатаў мясцовых і федэральнага парламента Нямеччыны. У тых зваротах нямецкая грамадзянская супольнасць прасіла выдаткаваць адмысловыя сродкі на сумесныя праекты з Беларуссю. І ў 2002 годзе Праграма падтрымкі Беларусі Федэральнага ўраду Нямеччыны была распачатая. Але гэта была ініцыятыва не ўрада, а менавіта грамадзянскай супольнасці Нямеччыны.
– Якія асноўныя накірункі Праграмы?
Астрыд Зам: Агулам іх чатыры.
Па-першае, гэта адукацыя. Прычым асаблівую ўвагу мы надаем адукацыі для дарослых і моладзі.
Па-другое, гэта сацыяльныя праекты. У першую чаргу – праца з людзьмі, якія маюць абмежаваныя магчымасці.
Па-трэцяе, гэта экалогія, энэргазберажэнне і ўзнаўляемыя крыніцы энэргіі. У гэтым плане зараз шмат цікавых праектаў па стварэнні кансультацыйных пунктаў па ўсталяванні сістэмы экалагічнага мэнэджмента ў адпаведнасці з сусветнымі стандартамі.
І, нарэшце, чацверты накірунак нашай Праграмы, – гэта малы і сярэдні бізнэс. У гэтай галіне асаблівая ўвага надаецца развіццю сельскіх тэрыторый, агра- і экатурызму, а таксама стварэнню так званых мясцовых павестак.
– Адкуль ідзе фінансаванне праектаў?
Астрыд Зам: Праграму фінансуе нямецкі ўрад праз Міністэрства эканамічнага развіцця і супрацоўніцтва.
Зараз ідзе ўжо чацверты этап нашай Праграмы. У кожны з этапаў уваходзіць каля 30 розных праектаў. Такім чынам, агульная колькасць праектаў у межах Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўраду Нямеччыны зараз дасягае 120. Прычым рэалізуюцца яны не цэнтралаізавана. Заяўкі на праекты падаюць партнёрскія арганізацыі з Беларусі і Нямеччыны. Пры гэтым Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр можа дапамагчы з пошукам партнёраў ці аказаць кансультацыйную падтрымку праекту. Да таго ж, значную колькасць праектаў выконваюць партнёрскія арганізацыі ў нашых краінах, якія супрацоўнічаюць ужо не першы год.
Адзначу яшчэ адну важную дэталь: акрамя беларуска-нямецкага партнёрства нам вельмі важна развіваць міжсектарныя сувязі. Таму перавагу атрымліваюць праекты, у рэалізацыі якіх і з беларускага, і з нямецкага боку ўдзельнічаюць прадстаўнікі дзяржавы, грамадскіх структур, царквы, бізнэса.
– Ці можаце прывесці нейкія прыклады ўдалых, на ваш погляд, праектаў, рэалізаваных у межах праграмы?
Галіна Верамейчык: Праекты, якія атрымліваюць падтрымку, вельмі розныя. І кожны з іх удалы па-свойму. Вельмі цікавы праект быў рэалізаваны ў дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Надзея”. Ён сам па сабе з’яўляецца сумесным беларуска-нямецкім прадпрыемствам, немцы дапамаглі распрацаваць канцэпцыю цэнтра і вельмі шмат уклалі ў яго стварэнне і будаўніцтва. У межах мінулага этапа праграмы тут быў рэалізаваны праект па падвышэнні энэргаэфектыўнасці цэнтра. Некаторыя з новаўвядзенняў, якія былі зробленыя ў межах праекта, адначасова з’яўляюцца дэманстрацыйнымі пляцоўкамі, дзе можна ўбачыць, напрыклад, як выкарыстоўваюцца мясцовыя энэргарэсурсы (гэта кацёл на драўляным паліве) альбо альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі (гэта сонечная батарэя, якая дае гарачую ваду сталоўцы цэнтра).
Век жыві – век вучыся
Можна ўзгадаць паспяховыя і цікавыя праекты ў галіне адукацыі, якія былі накіраваныя на развіццё ўзаемадзеяння ў сферы дадатковай адукацыі для дарослых і моладзі. У межах аднаго з такіх праектаў мы аказалі судзеянне выдавецтву часопіса “Адукатар”, які прысвечаны нефармальнай адукацыі. У 2006 годзе быў таксама праведзены першы ў Беларусі фестываль нефармальнай адукацыі, які сапраўды стаў знакавай падзеяй. Ён сабраў каля 150 ўдзельнікаў з розных рэгіёнаў краіны, якія абмеркавалі праблемы ў гэтай галіне. Сёлета мы плануем правесці другі такі фестываль. Беларусь мае неблагую сістэму адукацыі. Але ў жыцці людзей з’яўляецца шмат пытанняў, якія выходзяць за рамкі прафесійнай адукацыі, якую даюць адпаведныя ўстановы. Існуе таксама нефармальная грамадзянская адукацыя. І тут вялікую ролю могуць адыгрываць грамадскія арганізацыі, прыватныя навучальныя цэнтры і іншыя ўстановы. Фактычна размова ідзе аб развіцці асветніцкай дзейнасці дзеля розных сацыяльных груп, у першую чаргу – для дарослага насельніцтва.
– Ці адбіваюцца на праграме і праектах у яе межах палітычныя аспекты, у тым ліку пэўныя супярэчнасці паміж дзяржавамі?
Астрыд Зам: На мой погляд, наша праграма ёсць адным з доказаў таго, што цікавасць да супрацоўніцтва - двухбаковая. Калі б гэткай цікавасці не існавала, то не было б і нашай праграмы. Да таго ж, мы бачым і патэнцыял да паляпшэння ўзаемных стасункаў.
Галіна Верамейчык: Безумоўна, мы не знаходзімся ў нейкім вакууме, так што пэўныя палітычныя аспекты ўплываюць на нашу дзейнасць. Але, на мой погляд, праграма мае вельмі збалансаваны характар. І, хаця яна рэалізуецца на недзяржаўным узроўні, праграма знаходзіць падтрымку як нямецкага, так і беларускага ўраду. Напрыклад, з беларускага боку праграму курыруе Міністэрства замежных спраў. І агулам гэтае супрацоўніцтва ў Беларусі ўспрымаецца станоўча. Так, зараз рэалізуецца сумесны беларуска-нямецкі праект па выпрацоўцы мясцовай стратэгіі ўстойлівага развіцця ў Магілёве, у мікрараёне Казіміраўка. І ў гэтым праекце Магілёўскі гарвыканкам з’яўляецца актыўным удзельнікам і партнёрам.
Нягледзячы на нейкія бар’еры на самым высокім палітычным узроўні, кантакты паміж грамадзянамі нашых краінаў і паміж няўрадавымі арганізацыямі працягваюць развівацца. Таму наша праграма з’яўляецца прыкладам таго, як будуюцца адносіны паміж Беларуссю і Еўропай.
Андрэй Аляксандраў
Этот адрес e-mail защищен от спам-ботов. Чтобы увидеть его, у Вас должен быть включен Java-Script
|