|
Няспынны рост коштаў на вуглевадароды й пагроза зьмяненьня клімату вымушае
Эўропу ўсё болей думаць аб энергаэффектыўнасьці. У краінах Эўразьвязу
разгарнулася сапраўдная дыскусія аб неабходнасьці найхутчэйшага пераходу на
энэргазьберагальныя лямпы. Напрыклад, брытанцы абвясьцілі, што да 2010 года яны
адмовяцца ад звычайных лямпаў накальваньня і будуць карыстацца толькі
энергазьберагальнымі. Брытанцы сьпяшаюцца эканоміць - а Эўразьвяз
плянуе тое ж з 2011 года.
Да студзеня 2008 года брытанцы пазбавяцца лямпачак на 150 Ват, яшчэ праз год
–стоватных. А праз тры гады ў хатах
і на прадпрыемствах мусяць зьліквідаваць усе
энергазатратныя лямпачкі. Гэта ідэя базуецца на вылічэньнях дастаўцаў электраэнэргіі. Яе падтрымаў і урад, і энергетычная
прамысловасьць.
Рэалізацыя яе дазволіць англічанам ня толькі эканоміць грошы, але й на 60%
панізіць выкіды вуглякіслай газы да 2050 году. Нямецкі міністр экалёгіі Зігмар Габрыель катэгарычна заявіў, што Эўропа ня можа больш выкідваць грошы на малаэфэктыўныя лямпы накальваньня. І нагадаў, што адмова ад іх можа
зэканоміць Германіі ў бліжэйшыя гады
“1-2 атамныя станцыі”.
Аб эканоміі электрычнасьці шмат гавораць і ў Беларусі. Існуе нават Камітэт па энергаэфэктыўнасьці. Краіна штогод скарыстоўвае 34 мільярды кіляват, пятая частка (7,14 мльрд.
кВат) прыпадае на жыльлёва-камунальную гаспадарку. Да 2020 яна пачне
“спальваць” па 12,7 мльрд.
кВатт у год. Але мяняць хатнія лямпы накальваньня на энергазьберагаючыя чамусьці нас ніхто не заклікае.
Чаму ?
- Бо энергазберагальныя лямпы досыць дарагія і для большасьці семьяў
замена ўсіх у кватэры - гэта вялізныя грошы. – Адказвае спэцыяліст па інвэстыцыях
у энэргетыцы
Валянцін Мацкевіч. - І
тут дзяржава не дапаможа – у яе ня тыя фінансавыя магчымасьці. Дарэчы, людзі, якія добра зарабляюць,
умеюць лічыць грошы. Таму ў хаце без усялякай рэклямы карыстаюцца энергазьберагальнымі.
Насамрэч я таксама не разумею, чаму няма прапаганды і агітацыі за
энэргазьберагальныя лямпачкі, бо тыя ж рэклямныя ролікі не патрабуюць
непад’ёмных грошай – адрозна ад рэспубліканскай энергазьберагальнай праграмы.
Па словах экспэрта, увогуле праграмы па энэргаэфэктыўнасьці
для краіны праблемныя:
-- Раней энэргетыкі рабілі
адлічэньні, каб выканкамы рэалізоўвалі мерапрыемствы па энергаэфэктыўнасьці. Але
самім энергетыкам гэтыя грошы патрэбныя на новае абсталяваньне, новыя
тэхналёгіі – беларускія электрастанцыі выпрацавалі 60% свайго рэсурсу. У
краіны не стае грошай на мерапрыемствы, якія маглі б зрабіць эканоміку
сапраўды энергаэфэктыўнай. Дый
увогуле назіраюцца нейкія падвойныя стандарты. Напрыклад, у пляны
рэканструкцый будынкаў часьцей за ўсё ўлучаны абавязкі па
асьвятленьні фасадаў. Нават
тых, што ня маюць эстэтычнай каштоўнасьці. Хто-небудзь лічыў, колькі грошай
выкідваюць проста так? Канешне, там ставяцца малазатратныя лямпы, але ж гэта
таксама грошы. Дарэчы, па маіх назіраньнях, у Эўропе такога ўжо няма – там
разумна лічаць кожны цэнт, -- кажа Валянцін Мацкевіч .
Даведка:
Звыклая лямпа накальваньня
збольшага грэе навакольле – толькі 5% спажываемай энергіі яна ператварае ў
сьвятло. Энергазберагальныя лямпы трацяць на 80% меней электраэнергіі і даюць
большы светавыхад. У Беларусі энергазьберагальная лямпа каштуе 6-10 даляраў, але яе
гарантыйны тэрмін працы – год.
Натальля Шарай
Этот адрес e-mail защищен от спам-ботов. Чтобы увидеть его, у Вас должен быть включен Java-Script
|