Падтрымка развіцця патэнцыяла і сеткавага ўзаемадзеяння беларускіх недзяржаўных
арганізацый і мясцовай улады пры падтрымцы Еўрапейскай Камісіі.
Галоўны вэб-сайт
Беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва і партнёрства
In English
Advertisement
Падзеi
Конкурсы і праграмы
Аналітычныя і даведкавыя матэрыялы
Кірмаш партнёрства
База дадзеных арганiзацый
Бібліятэка
Мясцовыя Павесткі ХХІ: першыя крокі ў Беларусі
03.03.2008

Напрыканцы лютага група беларускіх школьнікаў і настаўнікаў наведала Нямеччыну. Гэты візіт адбыўся ў межах праекта “Мясцовая павестка ХХІ у школах”, які ажыцяўляеца ў межах Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўраду Нямеччыны. 

“Дзейнічай лакальна, мыслі глабальна” 

Ідэю “Павесткі ХХІ” упершыню агучылі ў 1992 годзе на канферэнцыі Арганізацыі аб’яднаных нацый па навакольным асяроддзі ў Рыа-дэ-Жанэйра. Павестка ХХІ – гэта своеасаблівы план шляху да ўстойлівага развіцця сусветнай супольнасці на ХХІ стагоддзе. Гэтую праграму ўхвалілі 170 краінаў свету, у тым ліку і Беларусь. 

Устойлівым завецца развіццё, пры якім задавальненне асноўных патрэбаў цяперашняга пакалення адбываецца без прыцяснення магчымасцяў будучых пакаленняў задавальняць свае патрэбы ў той жа ступені. Да асноўных патрэбаў адносяць жыллё, пітную ваду, ежу, якасная медыцынскае абслугоўванне, удзел у прыняцці рашэнняў, сацыяльную адаптацыю, культурнае і духоўнае самавыяўленне і інш. 

“Дзейнічай лакальна, мыслі глабальна”, – асноўны прынцып Мясцовых Павестак ХХІ, уласных планаў па дасягненні ўстойлівага развіцця асобных тэрыторыяў. Да іх вызначэння падключыліся і беларускія школы. 

Першая ў Беларусі Мясцовая Павестка ХХІ з’явілася ў наваполацкай сярэдняй школе №12 у 2002 годзе. Пачалі са сватрэння экалагічнага клуба ў пачатковай школе, арганізацыі збора макулатуры і іншай другаснай сыравіны, абсталявання кампутарнага класа, рамонту школьнай цяпліцы. 

Да працы над сваімі ўласнымі Мясцовымі Павесткамі далучыліся і іншыя школы Беларусі. Прадстаўнікі дзесяці з іх і наведалі Нямеччыну, каб пазнаёміцца з нямецкім вопытам рэалізацыі Мясцовых Павестак 21. 

Маса бюракратычных прыступак? 

У немцаў шмат чаму ёсць павучыцца, распавядаюць беларусы. 

“У адной са школ у горадзе Дортмундзе мы пабачылі “Экалагічную краму”, – распавядае Наталля Сянягіна, намеснік дырэктара сярэдняй школы з вёскі Грэбёнка Чэрвеньскага раёна. – Гэта невялічкая крама, якая арганізаваная самімі школьнікамі. Яны прадаюць там тавары, якія зробленыя альбо ўласнымі рукамі, альбо з выкарыстаннем экалагічных тэхналогій. Напрыклад, гэта сшыткі, якія вырабленыя з макулатуры. Грошы, якія зарабляюць дзеці такім чынам, яны адпраўляюць у якасці гуманітарнай дапамогі ў Замбію. Вельмі цікава, што дзеці самі цалкам кіруюць сваёй школьнай крамай – вызначаюць, чым гандляваць, дзе набываць тавар, усталёўваюць кошты”. 

Актуальнае для Беларусі параўнанне: у нямецкай школы не было ніякіх праблем з арганізацыяй гэткага гандлю. Рашэнне аб адкрыцці “Экалагічнай крамы” прыняла школьная канферэнцыя, яго ўхваліла адміністрацыя школы, а гарадскія ўлады адразу ж далі свой дазвол. І ніякіх падаткаў школьная крама не плаціць. 

“ Калі б мы ў сябе вырашылі распачаць такі самы праект, мусілі б прайсці праз масу бюракратычных прыступак. Думаю, гэта было б складана і невядома, ці магчыма наагул”, – мяркуе Наталля Сянягіна. 

Вывучаць жыццё ва ўсіх яго выяўленнях  

Сярод іншых “цудаў” у нямецкай школе моцна ўразіў нібыта “дзікі” школьны сад. 

“У нас бы адразу арганізавалі школьнікаў з граблямі, каб апалае лісце прыбраць, парадак навесці, прыгладзіць усё. А той сад адмыслова ніхто не прыбірае. Каб школьнікі мелі магчымасць назіраюць, як адбываюцца розныя цыклы насамрэч, - у  жывой прыродзе. Як растуць дрэвы, як ападае лістота, як яна потым перагнівае і ператвараецца ў натуральнае ўгнаенне...” 

З зайздрасцю ўдзельнікі беларускай групы ўзгадваюць і “чароўны куфэрак”, які мае амаль кожная нямецкая школа. Там захоўваюць рэактывы, з дапамогай якіх кожны навучэнец здольны зрабіць практычнае даследванне, - прыкладам, імгненны хімічны аналіз вады. 

“Звычайныя нямецкія школьнікі робяць даследванні і адразу ж заносяць іх вынікі на адмысловы сайт у Інтэрнэце. На гэтым сайце назапашваецца цэлая база дадзеных, якую збіраюць школы. А ўжо навукоўцы, карыстаючыся інфармацыяй, якую сабіраюць дзеці, робяць свае высновы, напрыклад, аб зменах клімату ў рэгіёне альбо аб стане навакольнага асяроддзя. І ў нас у некаторых школах робіцца тое ж самае! Чаму ж нашы беларускія навукоўцы нашымі дадзенымі не цікавяцца?”, – уздыхаюць беларускія настаўнікі.

Ідэі бяз грошаў – думкі на вецер

І ўсё ж галоўная розніца палягае не ў асобных справах і праектах кожнай установы адукацыі. У беларускіх школах таксама распрацаваныя Мясцовыя Павесткі, пводле якіх дзеці ў Барысаве ці Наваполацку збіраюць макулатуру, усталёўваюць адмысловыя сметніцы для асобнага збору смецця, азеленяюць школьныя падворкі альбо прапагандуюць энэргазберажэнне. Але...

“У Нямеччыне працу па ўвядзенні Мясцовых Павестак узгадняць на федэральным, рэгіянальным і лакальным узроўнях, – гаворыць адна з каардынатарак праекту Анжаліка Байко. – Напрыклад, улады зямлі праводзяць уласныя конкурсы на лепшыя Мясцовыя Павесткі ў сваім рэгіёне і выдаткоўваюць грошы на іх рэалізацыю. У нас усё інакш.

У Беларусі ёсць Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця. З’яўляюцца Мясцовыя Павесткі ў асобных школах. Але ні вобласці, ні раёны ўласных Павестак не маюць, таму школа не можа ўзгадніць сваю Павестку на раённым роўні і атрымаць дапамогу. У адным з раёнаў Беларусі ёсць населены пункт, які распрацаваў сваю Павестку. Дык райвыканкам ужо два гады не жадае ўносіць яе ў план сацыяльна-эканамічнага развіццця”.

Без падтрымкі з боку мясцовых уладаў выканаць шмат якія з пунктаў школьнай Павесткі амаль немагчыма – набыццё кампутараў, замена старых вокнаў альбо рэканструкцыя цяпліцы патрабуюць вялікіх выдаткаў. 

“Усё таму, - мяркуе спн. Анжаліка, - што ў краіне няма ніякіх нарматыўных актаў ці іншых дакументаў, якія б прымушалі чыноўнікаў з райвыканкамаў уключаць гэтыя Мясцовыя Павесткі ў свае праграмы і распрацоўваць свае ўласныя ў межах раёну”. 

Так што ў Беларусі Мясцовыя Павесткі – гэта ініцыятывы асобных людей. Але надзея на паляпшэнне сітуацыі ёсць, - лічыць прафесар Беларускага дзяржаўнага універсітэту культуры і мастацтваў Надзея Самерсава. “Тое, што мы пачалі гэтую працу менавіта са школаў, вельмі важна. Мы рыхтуем будучых мэнэджэраў і ўпраўленцаў, якія ў хуткім часе будуць прымаць рашэнні па ўстойлівым развіцці сваіх раёнаў. Новае пакаленне, якое будуць выдатна разумець, што такое Мясцовая Павестка, каму і для чаго патрэбная і як працуе”. 

Андрэй Аляксандраў

Этот адрес e-mail защищен от спам-ботов. Чтобы увидеть его, у Вас должен быть включен Java-Script

 

 
Калі Вы заўважылі недакладнасць ці памылку ў пададзенай інфармацыі, паведамляйце пра гэта тут
Support to the capacity building and networking of Belarusian Non Governmental Organizations and Local Authorities. All rights reserved.
The content of this site is the sole responsibility of Website Consortium members and can in no way be taken to reflect the views of the European Union.