|
Навукоўцы цвердзяць: Беларусь не ачуняла пасля катастрофы
на Чарнобыльскай АЭС. Але праз 22 гады пасля жудаснага выбуху ў красавіку 1986
года ўлады краіны прынялі рашэнне будаваць уласную атамную электрастанцыю. Гэты
крок выклікаў дыскусію ў грамадстве, аднак выглядае на тое, што ўлады будуць выконваць атамны
праект, не цікавячыся думкай грамадзян краіны.
Страх перад атамнай
энэргетыкай і па чвэрці стагоддзя пасьля выбуху на ЧАЭС у беларусаў вельмі моцны. Некалькі год таму, калі па краіне папаўзлі чуткі пра
аварыю на Ігналінскай АЭС (яна знаходзіца на тэрыторыі Літвы ўсяго ў некалькіх
кіламетрах ад беларускай мяжы), насельніцтва літаральна цягам аднаго дня вымела
з аптэкаў прэпараты ёду.
“Чарнобыльскі шлях”, які
праходзіць у Мінску ў кожную гадавіну катастрофы, застаецца адным з галоўных
масавых мерапрыемстваў апазіцыйных сілаў. Шмат хто з палітыкаў і навукоўцаў
сцвярджае, што ўлады замоўчваюць праблемы забруджвання тэрыторыяў на поўдні
краіны – яны найбольш пацярпелі ад выбуху ў 1986-ым. У прыватнасці, група
навукоўцаў пад кіраўніцтвам прафесара Юрыя Бандажэўскага вывучала ўздзеянне на
арганізм чалавека малых дозаў радыяцыі. Паводле вынікаў іх даследванняў,
радыёактыўны цэзій, які трапляе ў арганізм і назапашваецца там, у выніку
зьнішчае асноўныя сістэмы ўнутраных органаў. На думку Бандажэўскага,
насельніцтва Беларусі, асабліва дзеці, адчуваюць на сабе наступствы выбуху ў
Чарнобылі штодня. Гэтыя даследванні супярэчаць пункту гледжання ўлады і
"афіцыйных" навукоўцаў, якія кажуць, нібыта пры слабым радыяцыйным
фоне бяспечная жыццядзейнасць магчымая, і выступаюць за ўзнаўленне гаспадаркі
на забруджаных пасля катастрофы 1986 года землях.
Аспрэчваюць бяспечнасць
гэтых планаў даследванні прафесара Івана Нікітчанкі. Ён даказаў вялікі ўзровень
забруджанасці пацярпелых пасля Чарнобылю рэгіёнаў і кажа пра неабходнасць
рэфармавання аграрных тэхналогіяў.
У адказ кіраўнік беларускай
дзяржавы, галоўны ініцыятар будаўніцтва АЭС, абвінаваціў апанентаў у палітычных
гульнях. “Нашы апаненты спрабуюць зарабіць палітычныя дывідэнды, спекулюючы на
радыёфобіі часткі беларускіх грамадзянаў”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас
нядаўняй сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Паводле
беларускага прэзідэнта, будаўніцтва АЭС дазволіць на траціну знізіць патрэбу
Беларусі ў імпартных энэрганосьбітах і гэткім чынам пазбавіць краіну ад
жорсткай залежнасці ад паставак газа з Расіі.
Гістарычнае рашэнне
Канчатковае рашэнне аб
будаўніцтве АЭС было прынятае 15 студзеня на паседжанні Рады Бяспекі Рэспублікі
Беларусь пад старшынствам Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што
ўласны ядзерны праект – гэта стратэгічная задача, ад выканання якой Беларусь не
мае намеру адмаўляцца. Паведамленне прэсавай службы прэзідэнта было яшчэ больш
катэгарычным: “Гэтае рашэнне мае гістарычны характар, паколькі ад яго залежыць
эканамічная, энэргетычная і палітычная незалежнасць будучых пакаленняў
беларусаў”.
“Мы закладаем аснову
функцыянавання беларускай дзяржавы ва ўмовах, калі на Зямлі абвастраецца
глабальная праблема вычарпання запасаў вуглевадароднай сыравіны. Я думаю,
будучыя пакаленні ацэняць наша рашэнне”, – без залішняй сціпласці выказаўся А.
Лукашэнка.
Канкрэтнае месца Беларускай
атамнай электрастанцыі мусіць быць зацверджана да канца 2008 года. Сярод
найбольш верагодных называюцца – Кукшынаўская (Шклоўскі і Горацкі раёны) і
Чырвонапалянская (Быхаўскі раён) пляцоўкі. На апошняй, паводле Андрэя Рыкава,
дырэктара “БелНІПІэнэргапрам”, даследчыя работы ідуць ужо каля года.
Першы віцэ-прэм’ер
беларускага ўраду Уладзімір Сямашка заявіў, што будаўніцтва станцыі можа
пачацца ўжо напачатку наступнага году. “1 студзеня мы павінны забіць першы кол
на месцы будаўніцтва атамнай электрастанцыі”, – паабяцаў ён, выступаючы на
калегіі Міністэрства энэргетыкі Беларусі.
Паводле планаў беларускага
ўраду, першы энэргаблок БелАЭС мусіць быць уведзены ў 2016 годзе, а другі –
прыкладна праз два гады пасля гэтага. Кошт будаўніцтва станцыі ацэньваецца ў 4
мільярды долараў. Грошы мяркуюць здабыць у замежных банках - крэдытам.
“ Атам сённяшні – схемы
пазаўчорашнія”
Паводле планаў, да 2020 года
доля АЭС у вытворчасці электраэнэргіі ў Беларусі будзе скаладаць каля 30%.
“Будаўніцтва сучаснай,
надзейнай атамнай электрастанцыі дапаможа гарантавана забяспечыць краіну больш
таннай электраэнэргіяй”, – упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Міхаіл Малько, супрацоўнік
Аб’яднанага інстытута энэргетычных і ядзерных даследванняў “Сосны” Нацыянальнай
акадэміі навук, будаўніцтва атамнай станцыі наагул лічыць запасным выйсьцем:
“на той выпадак, калі будзе блакада” з боку краінаў – пастаўшчыкоў
энэрганосьбатаў, - “каб эканоміка не развалілася”.
"Будаўніцтва АЭС – нармальны
працэс для дзяржавы, улічваючы падаражэнне нафты і газа, а таксама вычарпанне
гэтых прыродных рэсурса, - мяркуе эканамічны аглядальнік газеты “Беларусы і
рынак” Таццяна Манёнак - Але заклапочанасць выклікае іншае, - атамны праект
рэалізуецца ва ўмовах эканамічнай мадэлі савецкіх часоў”.
Беларуская эканоміка не
рэструктарызаваная, – тлумачыць Таццяна Манёнак. “Попыт на энэргію дыктуюць
валавыя паказчыкі, якія навязваюцца адміністратыўным шляхам. У той жа час, у
Беларусі існуе магутная энэргасістэма, якая здольная забяспечыць краіну
энэргіяй. Толькі гэтая энэргасістэма пакутуе праз тое, што яна нерэфармаваная, як
і сама эканоміка цалкам”.
Так што атамную
электрастанцыю будуць інтэграваць у неэфектыўную мадэль энэргетыкі, якая
дагэтуль “сядзіць на наркотыку паставак сыравіны з Расіі”.
Залежнасць ад Расіі не паменшыцца. Проста зменіць форму і
механізм
Неспрыяльныя абставіны на
пералічаным толькі пачынаюцца. Апроч адсутнасьці эканамічнага падмурку для
будаўнітцва АЭС, у Беларусі няма ўласнай ядзернай сыравіны – яе прыдзецца
набываць за мяжой.
Няма і ўласных спецыялістаў
для эфектыўнага кіраўніцтва будоўляй АЭС. “У нас няма цяпер гэткіх
кваліфікаваных адмыслоўцаў, як галоўны інжынер АЭС альбо вядучы інжынер па
рэактарнаму ці турбіннаму цэху”, – сказаў у інтэрвію БелаПАН Мікалай Груша,
намеснік генеральнага дырэктара Аб’яднанага інстытута энэргетычных і ядзерных
даследванняў “Сосны”. Адмыслоўцаў прыдзецца запрашаць з Расіі, Украіны, Літвы.
А будаваць станцыю будзе
амерыкана-ангельска-японская “Westinghouse–Toshiba”, франка-нямецкая “Areva”
альбо расійскі “Атомстройэкспорт”. На думку беларускага эканаміста Яраслава
Раманчука, палітычныя матывы шмат шанцаў дадаюць расійскай кампаніі.
“Беларусь гаворыць пра
энэргабяспеку, бо яна амаль на 100% залежыць ад Расіі, – кажа Я. Раманчук. –
Але калі яна зробіць выбар на карысьць расійскай АЭС, то ступень залежнасці не
паменшыцца, - залежнасць зменіць формы і механізмы”.
За выняткам чалавечых
выдаткаў?
Юры Варонежцаў, былы адказны сакратар чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савету СССР, звяртае ўвагу на неўлічаныя выдаткі:
“Методыка вызначэння кошту
электраэнэргіі, прадукаванай атамнымі станцыямі – хітраватая. Яна не ўлічвае
кошту дэмантажу станцыі, тым часам як ужо зараз гэта – ледзь не палова кошту
ўсяго будаўніцтва. Калі ЦЭЦ можна проста разбурыць і з гэтых парэшткаў дарогі
будаваць, то пасля АЭС кожную цагліну трэба хаваць”, – сказаў ён у інтэрвію
Радыё Свабода.
Так што таннай атамную
энергію можна лічыць толькі за выняткам чалавечых выдаткаў.
“Нам было б лагічна далучыцца да праекта па будаўніцтву новай АЭС ў Літве разам з прыбалтамі і
палякамі, – кажа Таццяна Манёнак. – Той праект абсалютна зразумелы і празрысты,
там ёсць і пляцоўка, і вопытныя адмыслоўцы, так што для Беларусі гэта было б
прасцей і эфектыўней”.
“Чарнобыль мусіць стаць для
ўсіх урокам”
Пытанні бяспекі –здароўя
людзей і навакольнага асяроддзя –галоўныя аргументы праціўнікаў будаўніцтва
АЭС. Беларусь мусіць памятаць вынікі Чарнобыля, - кажа эколаг Валеры Дранчук.
“Мы – краіна, якая найбольш
пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, – нагадвае ён. – І Чарнобыль мусіў
стаць для ўсіх нас урокам, які паказвае: з атамнай энэргіяй нельга жартаваць.
Дарэчы, нездарма Еўропа дагэтуль не ўнесла атамную энэргію ў лік бяспечных для
навакольнага асяроддзя на афіцыйным узроўні ”.
Не верыць у бяспеку атамнай
энэргетыкі і Ягор Фядзюшын, фізік-ядзершчык з 35-гадовым стажам: “Праграма
будаўніцтва АЭС у Беларусі забярэ мільярды долараў і, хутчэй за ўсё, не будзе
выканана. А ядзернае лоббі пасля будзе шантажаваць урад магчымасцю аварый і
патрабаваць новых інвестыцый. І ўсё гэта - за кошт шматпакутнага беларускага
народа, які дагэтуль перажывае Чарнобыль. Міфічная выгода ад будаўніцтва АЭС
хутка рассеецца пры ўдакладненні разлікаў”.
Меркаванне Ягора Фядзюшына
сярод іншых з’явілася на сайце atomby.net
– рэсурсе новаўтворанай “антыядзернай кампаніі Рэспублікі Беларусь”. Гэта адна
з грамадскіх ініцыятываў, якая ставіць на мэце спыніць вытворчасць ядзернай
энэргіі.
Андрэй Аляксандраў
Этот адрес e-mail защищен от спам-ботов. Чтобы увидеть его, у Вас должен быть включен Java-Script
|