|
  Нашаму скутаму грамадству, дзе СМІ і гуманістычная сфэра
манапалізаваліся дзяржавай, а недзяржаўныя, так і не дасягнуўшы якасна
высокага ўзроўню, маргіналізаваліся, пагражае непазьбежная
прымітывізацыя. Наш розум палітызуецца, зьявы і факты штодзённага
быцьця мы ўсё часьцей трактуем на ўзроўні гатовых стэрэатыпаў, што
склаліся пад уплывам часам ужо неактуальных ведаў і некрытычна
ўспрынятага чужога досьведу.
Водгукі ў сеціве ды інтэрвію зь беларусамі на вуліцах з нагоды
ўвядзеньня ўрадам Польшчы польскай карты для этнічных палякаў за мяжой,
заява нашага МЗС, якое спадзяецца на “сатысфакцыю” аж праз Вэнэцыянскі
суд, сьведчаць, што гэта падзея разглядаецца выключна ў палітычнай
плоскасьці. Дапускаю, што я нешта не пачуў і нешта не прачытаў. Аднак,
калі мне пазваніў журналіст зь Беларускай рэдакцыі Польскага радыё і
запытаўся пра маю ацэнку гэтай падзеі як колішняга дыплямата, я адчуў,
што для некаторых празаічных простых рэчаў у гэтай гісторыі людзі “ня
маюць вушэй”, а шукаюць вялікую геапалітыку. Выступ Лукашэнкі перад
студэнтамі журфаку БДУ, а таксама ягоны камэнтар падчас наведаньня
віцебскага “Віцязя” сьведчаць пра тое самае.
Нават калі шукаць
вялікую палітыку ў тым, што гэтая “польская карта” скіраваная перш за
ўсё на польскую дыяспару на Ўсходзе, усё роўна, як кажуць, у “сухой
рэшце” застанецца жыцьцёвая проза, у якой няма нічога новага.
Незалежна
ад таго, дзе і якія разумныя галовы ў Польшчы плянавалі гэты праект,
нічога надзвычайнага з пункту гледжаньня фэномэну нацыянальных
дзяржаваў і міжнароднага права ў ім няма. Кожны народ, дафармоўваючы
сваю нацыю – асабліва ў найноўшай гісторыі – абапіраецца на свае
гістарычныя (гераічныя і пакутніцкія) міты, актуалізуе нацыянальныя
інтарэсы (якія могуць трактавацца суседзямі або хаўрусьнікамі як
эгаізмы) час ад часу апэлюе да этнічнага і рэлігійнага патрыятызму,
вырашаючы бягучыя жыцьцёвыя праблемы.
У маім уяўленьні Польшча
і сёньня – больш чым нацыя ў традыцыйным эўрапейскім разуменьні. Яна
чымсьці нагадвае габрэйскую супольнасьць. Хто знаёмы з
патрыятычна-рэлігійнымі захапленьнямі Адама Міцкевіча ў апошнія гады
ягонага жыцьця і спробы стварыць габрэйскі легіён на грошы Ротшыльда на
расейска-турэцкім фронце, зразумее, пра што я гавару. Польшча, краіна з
глыбокімі каталіцкімі традыцыямі, хаця і зьяўляецца чальцом ЭЗ, але не
падзяляе пакуль афіцыйных мультыкультуральных “постнацыянальных”
настрояў тыпу галяндзкіх ці нямецкіх, не сьпісала ў архіў гістарычны
патрыятызм. Яшчэ адзін імпульс да мацаваньня патрыятызму і абароны
нацыянальных інтарэсаў, хаця і не зьяўляецца цалкам паліткарэктным з
гледзішча эўраінтэграцыі, аднак для Польшчы будзе карысны. Тысячы
палякаў зьехалі на заробкі ў Скандынавію, Вялікую Брытанію, Нямеччыну.
Навошта палякам прымаць у вызваленыя нішы імігрантаў з Бангладэш, калі
можна атрымаць працавітых, дастаткова кваліфікаваных, блізкіх па мове і
культуры грамадзян суседняй краіны, дзе іх, мякка кажучы, ня вельмі
песьцяць? Ці не пра тое ж марыць і Расея, заклікаючы сваіх суродзічаў
вяртацца на Радзіму з абшараў былога СССР, аднак ня можа па-жыцьцёваму
іх прывабіць?
Ня трэба забывацца і на дэмаграфію. Узгадайце
спрэчкі Польшчы і Брусэлю пра квоты, працэнты і лічэбнасьць
насельніцтва краінаў-чальцоў ЭЗ. Гожыя для Польшчы беларусы хутка
інтэгруюцца і з “картачных” палякаў стануць грамадзянамі. Нікога ў
Беларусі указам прэзыдэнта не прывяжаш. Гэта ж трэба быць абсалютным
ненавісьнікам свайго народу і ня вельмі разумным чалавекам , каб
выцясьняць нацыянальных патрыётаў за мяжу і публічна ганарыцца тым, што
да нас прыяжджаюць на жыхарства людзі з далёкіх краёў, часта выпадковыя
асобы, не заўсёды з самай лепшай біяграфіяй, адукацыяй і намерамі!
У
свой час немцы, пасьля аб’яднаньня краіны, на выключна льготных умовах
дазволілі перасяленьне “савецкіх немцаў” на этнічную радзіму, што,
дарэчы, адпавядала спэцыяльнаму дадатку да артыкулу аб грамадзянстве ў
Канстытуцыі ФРГ, дзе генэтычныя немцы мелі прыярытэтнае права на
атрыманьне грамадзянства. Праўда, скалечаная працоўная мэнтальнасьць
“савецкіх” немцаў перашкаджала ім інтэгравацца і рабіць кар’еру. І ня
ўсе немцы ўхвалялі палітыку дзяржавы ў падтрымцы “родных” этнічных
рэпатрыянтаў. І ня ўсе палякі падтрымліваюць сёньня ідэю “карты
паляка”: бясплатных месцаў ва ўнівэрсітэтах ды сацыяльных ільготаў у
сёньняшняй Польшчы і “карэнным” грамадзянам не хапае. А Эўразьвяз на
такую “нацыяналістычную” праграму грошай можа і ня даць. Прыйдзецца
польскаму ўраду хітрыць ды закрытыя балянсы гарбузаваць. Аднак, думаю,
што касьцельныя беларусы-палякі будуць удзячнымі і пасьпяховымі
“картачнымі” студэнтамі і гастарбайтэрамі, а потым, можа, і
грамадзянамі Польшчы.
Ці ўзгадайце тых жа прыбалтаў, што
заклікалі сваіх суайчыньнікаў вярнуцца на радзіму пасьля здабытай
незалежнасьці. Падобныя крокі рабілі ў свой час і вугорцы. А што
амэрыканская грын-карта – ня тое самае? Краіна імігрантаў адбірае
лепшых. Тут яшчэ не-постнацыянальная Польшча “зьбірае” на свае тэрэны
рухавых, па-добраму авантурных, па-нэафіцку патрыятычных асобаў, якія
былі часта пасынкамі на сваёй беларускай Радзіме.
Лепш бы наш
МЗС заахвочваў амбасадараў за мяжой зь беларускай дыяспарай хаця б у
тэлеінтэрвію па-беларуску гаварыць, чым ноты пратэсту на палякаў
пасылаць. І горка, і сьмешна, і зайздросна. Палякі – разумная нацыя.
Калі ж ужо ў нас хопіць розуму аб’явіць пра сваю “карту беларуса”?
Пакуль што наш кіраўнік дзяржавы абяцае суседзям, што, прыехаўшы да
нас, яны будуць “чувствовать себя лучше, чем дома”.
Пятро Садоўскі
http://www.svaboda.org/content/Article/992149.html
|