|
Ратыфікацыя Энэргетычнай Хартыі набыла асаблівую актуальнасць у звязку з павышэннем
коштаў на расійскія энэрганосьбіты для Беларусі. Афіцыйна беларускі ўрад выказвае зацікаўленасць у
супрацы з еўрапейскімі структурамі ў гэтай галіне. Аднак насамрэч Беларусь не
збіраецца ратыфікаваць пагадненне, мяркуюць эксперты. Бо ўсё яшчэ спадзяецца на
“усходні вектар”.
Гісторыя з геаграфіяй
Энэргетычная Хартыя – гэта сістэма міжнародных пагадненняў, якія тычацца
энэргетычных рынкаў. Яны ўсталёўваўюць адзіныя празрыстыя правілы
функцыянавання міжнароднага энэргетычнага рынку ў сферы гандлю
энэрганосьбітамі, інвестыцыяў, транзіта і энэргаэфектыўнасці.
Ідэя Еўрапейскай энэргетычнай хартыі была выказана былым прэм’ер-міністрам
Галандыі Люберсам у 1990 годзе. У снежні 1991 года Еўрапейскую
энэргетычную хартыю падпісалі краіны
Заходняй Еўропы, Аўстралія, Канада, Турцыя, ЗША і Японія.
Наступным крокам было замацаванне дэкларацыяў у Дамове Энэргетычнай Хартыі.
Яна была адкрытая да падпісання ў 1994 годзе. На гэты момант яе падпісала 51
дзяржава, а таксама Еўрапейскі Звяз як асобны бок. Шэраг краінаў, у тым ліку
Аўстралія, Нарвегія, Ісландыя, Расія і Беларусь, падпісалі дамову, але не
ратыфікавалі яе. Што тычыцца Расіі і Беларусі, то наўрад ці яны зробяць гэта ў
бліжэйшы час.
“Беларусь іграе вялікую ролю ў сферы энергетыкі”
Афіцыйны Мінск выказаўся наконт перспектывы ратыфікацыі Энэргетычнай Хартыі
летась у верасні, калі ў Беларусь прыяжджаў генеральны сакратар Энэргетычнай
Хартыі Андрэ Мэрнье. Ён адзначыў, што “Беларусь іграе вялікую ролю ў сферы
энергетыкі, у першую чаргу ў пытаннях транзіту”, а ратыфікацыю Хартыі Расіяй і
Беларуссю генсек назваў для сябе “вялікай праблемай”.
У адказ віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Уладзімір Сямашка назваў супрацоўніцтва
з Хартыяй надзвычай важным для Беларусі, спаслаўшыся на “вядомыя падзеі”
2006-га і першай паловы 2007-га года. Відавочна, меўся на ўвазе “энергетічны
канфлікт” з Расіяй, якая падвысіла кошты на газ для “саюзнай” Беларусі.
“Мы гатовыя знаходзіць узаемапрыймальныя рашэнні з улікам таго, што
Беларусь імкнецца ў сусветную эканоміку, у Сусветную гандлёвую арганізацыю”, – падвынікаваў
Уладзімір Сямашка.
Тэарэтычныя выгады
І сапраўды: далучэнне да Энэргетычнай Хартыі насамрэч было б эканамічна
выгадным Беларусі, - лічыць эксперт, журналіст газеты “Беларусы і рынак” Таццяна
Манёнак: “Раней ва ўмовах паставак газу з Расіі на ільготным умовах, сэнсу
ратыфікаваць Энэргетычную Хартыю не было. Але калі Расія прадэкларавала пераход на
рынкавыя ўмовы фармавання коштаў на газ, для Беларусі было б цалкам лагічна
падключыцца да еўрапейскай Хартыі”, – сказала Таццяна Манёнак у інтэрвію еurobelarus.info.
З гэтым пагаджаецца і іншы беларускі эксперт, эканаміст Яраслаў Раманчук:
“Беларусі выгадна працаваць у адзінай энергетычнай прасторы з Еўропай. Гэта
дасць магчымасць развіваць наш энэргасектар пры дапамозу прыватных замежных
капіталаў. А гэта, у сваю чаргу, будзе развіваць і іншыя сектары эканомікі”.
На думку экспертаў, ратыфікацыя Энергетычнай Хартыі дадала б козыраў
Беларусі як транзітнай дзяржаве і стала бы пэўным сігналам для еўрапейскіх
кампаній, інвестыцыі якіх вельмі патрэбныя беларускай эканоміцы.
“Вельмі знакавым у гэтым рэчышчы стаў візіт генеральнага сакратара
Энэргетычнай Хартыі спадара Мэрнье. І з беларускага боку прагучалі вельмі
добрыя дэкларацыі, але яны так і не ўвасобіліся ў канкрэтныя рашэнні”, – кажа Таццяна
Манёнак.
Сінхронна з Расіяй
Словы пра цікаўнасць Беларусі да супрацоўніцтва з Энэргетычнай Хартыяй
апынуліся не болей чым дыпламатычнымі рэверансамі. Гэта пацвердзілі ў тым ліку
і афіцыйныя асобы з беларускага боку.Сяргей Забалоцец, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў
беларускага парламенту, падчас сустрэчы з
Андрэ Мэрнье выказаў гэткі намер: “Беларусь звязаная з Расіяй дамовамі па
энэргетыцы. Мы хочам весці працу па ратыфікацыі дамовы сінхронна”.
“Гэта можа азначаць толькі адзінае – у бліжэйшы час Беларусь не ратыфікуе
дамову да Энэргетычнай Хартыі, як гэтага не зробіць і Расія”, – лічыць Таццяна
Манёнак.
Насамрэч, пазіцыя Расіі па гэтым пытанні даволі добра азначаная. Яе, у
прыватнасці, агучваў старшыня камітэта Дзярждумы па энэргетыцы, транспарту і
сувязі Валеры Язеў: “Прыняцце Расіяй Энэргетычнай Хартыі ў яе цяпершанім
выглядзе катэгарычна немагчыма, бо Расію не задавальняе некалькі базавых
палажэнняў”. У першую чаргу, Расія катэгарчына не жадае дапускаць прыватныя кампаніі да
транзіту газа – у той час, як Хартыя прадугледжвае фармаванне транзітных тарыфаў
з дапамогай аукцыёнаў.
"Беларусь не праводзіць самастойную палітыку"
Еўропа зараз шукае шляхі, каб усё ж пераканаць Расію ратыфікаваць Хартыю. У
прыватнасці, гэты пункт можа стаць адным з асноўных у перамовах пра ўваход
Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Шмат хто з экспертаў упэўнены, што зрухі
ў гэтым кірунку цалкам магчымыя.
У прыватнасці, сябра рады па знешняй палітыцы Германіі, палітолаг Аляксандр
Рар, адзначыў нядаўна, што “Расіі трэба клапаціцца пра рынкі збыту, таму яна не
будзе надта давіць на сваіх кліентаў”. А Беларусь, якая прызнае ўласную залежнасць ад усходняга суседа, у кожным
разе застаецца ў баку ад прыняцця рашэнняў. “Гэта ёсць вельмі паказальным момантам, – лічыць Таццяна Манёнак. – Сітуацыя
яскрава сведчыць пра тое, што Беларусь не праводзіць самастойную палітыку. Усё
робіцца, каб не сатць раздражняльнікам у вачах асноўнага пастаўшчыка
энерганосьбітаў. Нягледзячы на тое, што Расія выказалася наконт падвышэння
коштаў на газ для Беларусі, беларускі урад нібыта ўсё яшчэ імкнеца вытаргаваць
іншыя варыянты з “Газпрамам” і атрымаць усё ж нейкія льготы ад расійскага
пастаўшчыка стратэгічных энэргарэсурсаў”.
“Прыняцце стратэгічных рашэнняў наконт развіцця энэргетыкі – гэта на сто
адсоткаў палітыка”, – упэўнены Яраслаў Раманчук.
Андрэй Аляксандраў
Этот адрес e-mail защищен от спам-ботов. Чтобы увидеть его, у Вас должен быть включен Java-Script
(з выкарыстаннем інфармацыі http://www.encharter.org/index.php?id=1&L=1) |