|
1
верасьня на ўрачыстасьцях з нагоды адкрыцьця чарговай новай школы ў сталічным
мікрараёне Лошыца прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Мы вярнуліся да
нармальнай 11-гадовай школы”.
“Этапы вялікага шляху”
Магчыма, ня ўсе памятаюць, што менавіта спадар Лукашэнка
ініцыяваў павелічэньне працягласьці сярэдняй адукацыі. Менавіта кіраўнік
дзяржавы 4 студзеня 1996 года падпісаў адпаведнае распараджэньне. А ў
лістападзе 2004 года, выступаючы на П зьезьдзе настаўнікаў, прэзыдэнт
пацьвердзіў правільнасьць абранага шляху: «Жыцьцё паказала, што прынятае
рашэньне аб рэфармаваньні агульнаадукацыйнай школы было правільным і
своечасовым. Мы ўступаем ў ХХІ стагодзьдзе з разьвітай сыстэмай адукацыі,
якая захавала ўсё лепшае, што было ў савецкай школе».
У тым жа
2004 годзе, выступаючы ў парлямэнце з пасланьнем да беларускага народу
Нацыянальнага сходу, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Вы ж ведаеце, што было на
пачатку 90-х, калі нацыяналісты прыйшлі да ўлады. Яны перш за ўсё «улезьлі» ў
сфэру адукацыі і пачалі ўсё ламаць і крышыць. Мы 10 гадоў ня можам пераадолець
наступствы тых двух – трох гадоў ломкі. Таму тут трэба дзейнічаць вельмі ахайна і тонка».
Тады ж, у 2004 годзе, з ініцыятывы прэзыдэнта была
створана адмысловая міжведамасная камісія для вывучэньня мэтазгоднасьці
пераходу сярэдняй школы на 12-гадовы тэрмін навучаньня. Камісія цалкам ухваліла
12-годку і вынесла вэрдыкт: прызнаць неабходным павелічэньне тэрмінаў
навучаньня ў школе для атрыманьня якаснай агульнай сярэдняй адукацыі. Да таго
ж, так мы наблізімся да цывілізаванага сьвету – шмат у якіх краінах
шматроўневая сыстэма адукацыі. «Беларуская агульнаадукацыйная школа знаходзіцца
на маршы буйных пераўтварэньняў» - падсумаваў тады Аляксандар Лукашэнка.
“Закон аб сярэдняй адукацыі”
дзейнічаў усяго паўтара гады
І
яшчэ адзін дакумэнт фактычна канчаткова зацьвердзіў 12-годку – “Закон аб
сярэдняй адукацыі”. Натуральна, ён быў падпісаны кіраўніком дзяржавы. А ўступіў
у дзеяньне ў студзені 2007 года. Але роўна праз год высьветлілася, што пераход
на 12-гадовую сярэднюю адукацыю быў … “памылкай”.
У
красавіку 2008 года Аляксандар Лукашэнка заявіў літаральна наступнае: “Што гэта
за размовы ў пэдагогаў, калі яны гавораць, з аднаго боку, аб паскораным
разьвіцьці, аксэлерацыі, а з другога боку, трымаюць за партай 17
-18-гадовых маладых людзей? Магчыма, я ўтрырую, але гэтым 18 – 19-гадовым
дзяўчатам ўжо час нараджаць, што яны і робяць у вас у школах?”.
У
выніку ствараецца іншая міжведамасная камісія пад кіраўніцтвам першага
намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Анатоля Рубінава. Вынік працы
гэтай камісіі прадказальны: у аўральным парадку школа вяртаецца да 11-годкі.
«Пэдагагічны
сьверб рэфарматарства»
Тут так
і просіцца маленькая рэмарка. У сакавіку 2008 года газэта «Советская Белоруссия» апублікавала
артыкул Анатоля Рубінава «Пэдагагічны сьверб рэфарматарства». Тут без цытаты не
абыдзешся: «Час ад часу ў нас то тут, то там ўзьнікае сьверб
рэфарматарства, вылучаюцца прапановы радыкальных зьменаў. Асабліва гэта тычыцца
сыстэмы адукацыі… Мы памятаем, што было на пачатку 90-х. Краіна – у развале,
заробкі ў настаўнікаў мізэрныя, многія сыходзяць у камэрцыйныя сфэры. Грошай на
школьнае абсталяваньне няма, школы ў заняпадзе, піянэрская і камсамольская арганізацыі
разваліліся, выхаваўчы працэс падарваны. Нашы «сьвядомыя» энэргічна ўлазяць ў
падручнікі па гісторыі і замяняюць адну гісторыю на другую. Здавалася б, трэба
перш за ўсё ўзяцца за вырашэньне надзённых праблем. Але – не, нашы «пэдагогі»
на першы плян вылучаюць іншую задачу – трэба пераходзіць ад 10-гадовай на
12-гадовую школьную адукацыю. Навошта, чаму? Маўляў, так даўно ўжо
зрабілі ў заходніх краінах…»
Такім чынам, па
вэрсіі ўдадаў, школу на 12-годку перавялі «нацыяналісты і пэдагогі» на пачатку
90-х.
Чаму такая
сьпешка?
Самае цікавае,
што экспэрымэнт з 12-годкай не даведзены да канца. Першы паўнавартасны выпуск
школьнікаў, якія пачалі вучыцца па 12-гадовай праграме, павінен адбыцца ў 2010
годзе.
А вяртаньне да
11-годкі ажыцьцяўлялася ў аўральным парадку. Пры канцы траўня
быў кінуты «пробны шар» – артыкулы ў прэсе пра магчымае вяртаньне да 11-годкі.
Настаўнікі – у няведаньні, а ад гэтага – у шоку: незразумела, як будзе
адбывацца пераход, па якіх праграмах і плянах давядзецца выкладаць, па якіх
падручніках?
Дэкрэт прэзыдэнта
№15 “Аб асобных пытаньнях агульнай сярэдняй адукацыі” быў падпісаны
17 ліпеня, а навучальны год па новых правілах пачынаецца як звычайна, 1
верасьня.
Што
чакае нашых дзяцей?
Самыя агульныя зьмены:
старшаклясьнікам давядзецца засвоіць школьную праграму, разьлічаную на два
гады, за адзін год. У новым навучальным годзе будуць два выпускі сярэдняй школы
(11 кляса – якая і павінна была ў 2009 годзе скончыць сярэднюю школу па
11-гадовай праграме, і так званая адзінадцатая «штрых» – тыя дзеці, якія
павінны былі вучыцца 12 гадоў). Да таго ж, будуць і два выпускі базавай школы
(дзявятая кляса і дзявятая «штрых»). Натуральна, узьнік дэфіцыт падручнікаў,
таму што новыя, натуральна, не пасьпелі скласьці і надрукаваць, а па
старым давядзецца вучыцца, да прыкладу, і 11 клясе, і 11-«штрых».
Скарочаная колькасьць гадзінаў
па многіх прадметах (да прыкладу, у старэйшых клясах застаецца па адной гадзіне
беларускай і рускай мовы на тыдзень). Значна скарацілі колькасьць ўрокаў
замежных моваў, вывучэньне замежнай мовы цяпер пачынаецца з трэцяй клясы.
Скасаваныя цэлыя курсы (да прыкладу, «Усясьветная мастацкая культура»,
«Сьпевы»). Як дэкляруюць улады, усё робіцца ў інтарэсах дзяцей, каб зьнізіць
вучэбную нагрузку. Субота цяпер будзе выходным днём. Усе школы будуць вучыцца
цяпер паводле адзінай вучэбнай праграмы. Ня будзе профільных клясаў з
паглыбленым вывучэньнем асобных прадметаў. Калі хочаш вывучаць нейкую
дысцыпліну на больш сур'ёзным роўні – запісвайся на факультатыў, які будзе
праводзіцца пасьля ўрокаў. Натуральна, многіх настаўнікаў чакаюць скарачэньні.
У шоку настаўнікі, у шоку
вучні, у шоку іх бацькі. Магчыма, многія лічаць, што сапраўды ў сярэдняй школе
досыць вучыцца і 11 гадоў – насамрэч, школьніцы ў 18-19 гадоў ужо нараджаюць, а
юнакам са школьнай парты прыйдзецца ісьці ў войска. Але наступствы такой
пасьпешлівай і непрадуманай рэформы школы улада не пралічыла. Таму і вучняў, і
іх бацькоў, і настаўнікаў чакае невядомасьць.
Людміла Корсак
eurobelarus.info
|