Падтрымка развіцця патэнцыяла і сеткавага ўзаемадзеяння беларускіх недзяржаўных
арганізацый і мясцовай улады пры падтрымцы Еўрапейскай Камісіі.
Галоўны вэб-сайт
Беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва і партнёрства
In English
Advertisement
Падзеi
Конкурсы і праграмы
Аналітычныя і даведкавыя матэрыялы
Кірмаш партнёрства
База дадзеных арганiзацый
Бібліятэка
Жнівень 2008 "Тэма месяца: малы і сярэдні бізнэс у Беларусі"
Дата Название
25.08.2008 Малый бизнес в Беларуси – дилемма между экономикой и политикой
25.08.2008 Малыя гарады Беларусі церпяць ад беспрацоўя
13.08.2008 Малы бізнэс = малыя магчымасьці?

У Беларусі 51 тысяча малых прадпрыемстваў усіх форм уласнасьці, зарэгістравана 217 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Найбольшая колькасьць малых прадпрыемстваў – у сфэры гандлю і грамадзкага харчаваньня (40,2%), у прамысловасьці – 20,9%, у будаўніцтве – 10,3%, у транспарце – 8,2%, у сельскай гаспадарцы – 4,3%. Большая частка малых прадпрыемстваў сканцэнтраваная ў Менску (44,1%) і Менскай вобласьці (12,8%).

У Беларусі колькасьць малых і сярэдніх прадпрыемстваў на тысячу чалавек насельніцтва застаецца вельмі нізкай – 3,3. Для параўнаньня: ва Ўкраіне іх 5, у Расеі – 6, у Польшчы – 22, у ЗША – 74, у краінах Эўразьвязу – 45.

Дзяржпадтрымку 0,05% малых прадпрыемстваў і ІП атрымалі

Доля малых прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія атрымалі дзяржаўную падтрымку ў 2006-2007 годзе, склала меней за 0,05% ад іх агульнай колькасьці. Фінансава-крэдытная падтрымка суб'ектаў малога прадпрымальніцтва не адпавядае сучасным запытам эканомікі Беларусі. Праблема – у адсутнасьці даступных рэсурсаў, працягласьці працэдур, недастатковай інфармаванасьці патэнцыйных заёмшчыкаў. Да такой высновы прыйшлі экспэрты сумеснага праекта Савета па разьвіцьцю прадпрымальніцтва і ПРААН «Фармаваньне спрыяльных адміністрацыйных, прававых і эканамічных умоваў для разьвіцьця прадпрымальніцтва шляхам актывізацыі дыялёга дзяржавы і прыватнага сэктара».

Урад гатовы фінансаваць малы бізнэс з інавацыйных фондаў

На пачатку жніўня прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі на нарадзе па пытаньнях падаткавай палітыкі заявіў, што ўрад гатовы фінансаваць малы бізнэс з інавацыйных фондаў: “Калі малыя і сярэднія прадпрыемствы будуць удзельнічаць ў рэалізацыі дзяржаўных праграм, мы гатовы фінансаваць іх з інавацыйнага фонду”. Ён таксама падкрэсьліў, што “урад павінен забясьпечыць роўны доступ да тэндэраў для прадпрыемстваў усіх форм уласнасьці і розных галін”.

Законаў шмат, яшчэ больш указаў і дэкрэтаў

І дзяржава, і прадпрымальніцкая супольнасьць пэрыядычна ажыцьцяўляюць захады па разьвіцьці малога і сярэдняга бізнэсу, распрацоўваюць дакумэнты.

Яшчэ ў 1991 годзе ў Беларусі быў прыняты Закон аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь, у які восем разоў з таго часу ўносіліся зьмяненьні і дапаўненьні. Кожны год Савет Міністраў прымае Праграму дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва. У 2006 годзе беларускі ўрад ухваліў Комплекс мерапрыемстваў па разьвіцьці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Згодна з гэтым дакумэнтам, доля малога і сярэдняга бізнэсу павінна ўзрасьці да 2010 года да 22%, колькасьць занятых у гэтай сфэры – да 25% эканамічна актыўнага насельніцтва.

Прыкладна ў той жа час бізнэс-супольнасьць паралельна распрацавала свой дакумэнт – “Нацыянальную плятформу бізнэсу Беларусі”, дзе вызначыла вострыя вуглы сваіх ўзаемаадносінаў з дзяржавай і выклала сваю праграму пераходу гэтых адносінаў у партнэрскія.

Яраслаў Раманчук: «Тое, што адбываеца ў Беларусі з малым бізнэсамбязьмежжа, некампэтэнтнасьць улады»

У сьнежні 2007 года актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі прапанавалі праект закону “Аб малым і сярэднім прадпрымальніцтве”. Над ім працавалі эканаміст, кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, экс-старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч, былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага Суду Валеры Фадзееў, актывісты “Руху за свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”.

«Улада разглядае прадпрымальніцтва як дойную карову. Малое прадпрымальніцтва – гэта перш за ўсё не крыніца падаткавых паступленьняў, а форма самазанятасьці насельніцтва, гэтыя люді самі сябе забясьпечваюць і не становяцца нахлебнікамі ў дзяржавы», – кажа кіраўнік працоўнай групы па распрацоўцы Закону Леў Марголін.

«Тое, што адбываецца ў Беларусі з малым бізнэсам – бязьмежжа, некампэтэнтнасьць улады, поўнае неразуменьне ролі малога бізнэса ў эканоміцы», лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук.

Пры канцы 2006 года «у мэтах ўдасканаленьня дзяржаўнага рэгуляваньня ў сфэры індывідуальнага прадпрымальніцтва» Аляксандар Лукашэнка падпісаў Указ №760 «Аб унясеньні дапаўненьняў і зьмяненьняў ва Указ №285». Індывідуальных прадпрымальнікаў прымушалі перарэгістравацца ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Згодна з 760-м Указам, з 1 студзеня 2008 года індывідуальным прадпрымальнікам забаронена мець наёмных работнікаў, акрамя членаў сям'і і блізкіх сваякоў, у колькасьці ня больш трох чалавек.

Прадпрымальнікі і грамадзкасьць пратэстуюць...

Указ №760 выклікаў хвалю пратэстаў у грамадзтве. У студзені і лютым 2008 года прапрымальнікі, грамадзкія актывісты спрабавалі дамагчыся ад уладаў дазволу на санкцыянаваныя мітынгі, выйшлі на вуліцу. Былі затрыманы дзесяткі грамадзкіх актывістаў і прадпрымальнікаў, многія атрымалі па 10 – 15 сутак арышту (Віктар Крываль з Узды, Анатоль Шумчанка, Віктар Гарбачоў, Аляксандар Макаеў, Уладзімер Шыла, Віктар Калей, Леанід Невар, Аляксандар Таўстыка ды іншыя). За ўдзел у прадпрымальніцкіх мітынгах адседзелі і лідар АГП Анатоль Лябедзька, намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч. Былі заведзеныя і крымінальныя справы (нашумелая «справа 14-ці»). Прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч і грамадзкі актывіст Андрэй Кім адбываюць зараз пакараньне па крымінальнай справе (Парсюкевіч асуджаны на 2,5 гады, Кім – на 1,5 гады зьняволеньня).

Прафэсар Аляксандар Патупа: «Існуе вялікая колькасьць неабгрунтаваных эканамічных актаў»

На думку старшыні Беларускага саюзу прадпрымальнікаў прафэсара Аляксандра Патупы, у дачыненьні прадпрымальнікаў дзяржава трымае антырынкавую палітыку. Ён дакладна вызначыў і пачатак «наезду» на прадпрымальнікаў – 1996 год.  «Посьпехі сьціпыя.

Антырынкавыя настроі пануюць наверсе. Уладам зьмірыцца з дастаткова высокім узроўнем свабоды для прадпрымальніка вельмі цяжка. У нас прынята вялікая колькасьць неапраўданых, неабгрунтаваных эканамічных актаў, да прыкладу, знакаміты Указ прэзыдэнта №760, які страсануў індывідуальных прадпрымальнікаў пры канцы мінулага года. І такіх непрадуманых дакумэнтаў маса. Вельмі сьціплыя магчымасьці атрыманьня сур'ёзных інвэстыцыяў, таму што нізкі ўзровень гарантыяў для разьвіцьця бізнэсу ў дзяржаве».

Прафэсар Аляксандар Патупа прапанаваў і канкрэтныя стратэгічныя захады, якія могуць зьмяніць сытуацыю. У першую чаргу, павышэньне дзяржаўных гарантыяў, прыняцьце абаронных законаў. Неабходна праводзіць нармальныя аналітычныя абгрунтаваньні эканамічных актаў, абмяркоўваць іх з бізнэс-асацыяцыямі. У дзяржаўных чыноўнікаў павінна панаваць філязофія канкурэтнасьці. На думку спадара Патупы, калі ў парлямэнце можна яшчэ штосьці вырашыць, то існаваньне «указна-дэкрэтнага» заканадаўства (у інтарэсах груповак, якія падсоўваюць фармулёўкі), перакрыжоўвае ўсе рацыянальныя прапановы і ідэі, – з-за шматлікіх дэкрэтаў і указаў зьбіты нармальны кантрольна-карэктыровачны мэханізм. 

Людміла Корсак

info@eurobelarus.info
 

Калі Вы заўважылі недакладнасць ці памылку ў пададзенай інфармацыі, паведамляйце пра гэта тут
Support to the capacity building and networking of Belarusian Non Governmental Organizations and Local Authorities. All rights reserved.
The content of this site is the sole responsibility of Website Consortium members and can in no way be taken to reflect the views of the European Union.