Пятніца, 18 мая 2012 года

КУЛЬТУРНАЯ ПАЛІТЫКА — ПРАГРАМА ДЗЕЙНАСЦІ МІЖНАРОДНАГА КАНСОРЦЫЮМА “ЕЎРАБЕЛАРУСЬ”

Міжнародны кансорцыюм "ЕўраБеларусь" у сваёй дзейнасці кіруецца ПРАГРАМАЙ КУЛЬТУРНАЙ ПАЛІТЫКІ.

Культурная палітыка — гэта не палітыка ў сферы культуры, гэта сучасная палітыка, якая выходзіць за межы дзяржаў і адносін паміж дзяржавамі, якая прыходзіць на змену сілавой палітыцы ваеннага, эканамічнага і ідэалагічнага дыктату.

Культурная палітыка — гэта ўзаемадзеянне і дыялог унікальных культур. Гэта дыялог і камунікацыя прынцыпова разнастайных суб'ектаў: асоб, дзяржаў, груп і супольнасцей, якія ўступаюць у адносіны адзін з адным і ўзаемадзейнічаюць на роўных. Дыялог у культурнай палітыцы — гэта праца з тымі культурнымі асновамі, якія фундуюць мысленне, лад жыцця і дзейнасць розных суб'ектаў.

Рэалізацыя праграмы Культурнай палітыкі ў Беларусі пачалася ў 1994 годзе з тэзіса Уладзіміра Мацкевіча "Думаць Беларусь" і праграмнага тэксту "Беларусь: насуперак відавочнасці" .  З гэтага часу яна прайшла шэраг этапаў, разгортвалася ў дзейнасці розных субъектаў і ў розных сферах (адукацыя, палітыка, СМІ, прафсаюзы і г.д.). У 2010 годзе Міжнародны кансорциюм "ЕўраБеларусь" прыняў Культурную палітыку як праграму сваёй дзейнасці.

Праграма Культурнай палітыкі ў Беларусі — гэта праграма пераўтварэння нашай краіны ад савецкай рэспублікі да сучаснай незалежнай еўрапейскай дзяржавы.

Актуальнымі накірункамі праграмы сёння з'яўляюцца: ДЭСАВЕТЫЗАЦЫЯ — БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ — ЕЎРАПЕІЗАЦЫЯ.

ДЭСАВЕТЫЗАЦЫЯ — пазбаўленне ад састарэлых савецкіх норм і ўзораў культуры, якія застаюцца ўсвядомленымі або неўсвядомленымі рэгулятарамі жыцця і дзейнасці сучасных беларусаў.

З моманту ўтварэння незалежнай Беларусі не былі падвергнуты аналізу, крытыцы і ацэнцы ўсе асноўныя нормы і ўзоры, з дапамогай якіх арганізавана дзяржаўнае кіраванне, палітычнае жыццё, гаспадаранне і эканоміка, а таксама лад жыцця людзей і культура. Не было праведзена пераацэньванне гісторыі, не было пакаяння і прызнання памылак. Не зрабіўшы такую крытыку і пераацэнку на нацыянальным узроўні, мы не можам прымаць разумныя рашэнні. У выніку, змены ў Беларусі адбываюцца хаатычна, рашэнні не асэнсаваныя, а іх выкананне неэфектыўнае. Таму неабходныя аналіз, крытыка і пераацэньванне ўсяго, што засталося ў спадчыну ад савецкага перыяду. І гэта не могуць выканаць толькі спецыялісты або асобныя групы, паколькі дэсаветызацыя патрабуе шырокага грамадскага абмеркавання і пераацэньвання мінулага.

БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ — фарміраванне падстаў і механізмаў для таго, каб рашэнні аб сучасным і будучым Беларусі прымаліся ў Беларусі, і суб'ектам гэтых рашэнняў быў толькі беларускі народ ва ўсёй разнастайнасці яго прадстаўнікоў.

Сёння ў беларускім грамадстве не закладзена падстаў і неабходных механізмаў для ўсведамлення сябе гаспадарамі свайго лёсу, суб'ектамі для прыняцця рашэння аб сваёй будучыне. Мы прымаем рашэнні, альбо нерэфлексіўна транслюючы старыя савецкія стэрэатыпы і каштоўнасці, альбо бяздумна прымаючы заходнія ўзоры і прататыпы. У Беларусі да гэтага часу не працуюць механізмы і інстытуты агульнанацыянальнага дыялогу, у рамках якога магчыма ўсведамленне і вызначэнне нацыянальных інтарэсаў і прыярытэтаў, узгадненне розных стратэгій і ідэй і прыняцце рашэння пра шлях ўласнага развіцця. Мы павінны прызнаць, што ў Беларусі ёсць розныя погляды на сучаснасць і будучыню краіны, мы павінны навучыцца знаходзіць кампраміс і выбудоўваць агульную будучыню. Усталяванне такіх механізмаў дыялогу і ўзгаднення і ёсць змест задачы беларусізацыі.

ЕЎРАПЕІЗАЦЫЯ азначае ўключэнне Беларусі і беларускай нацыі ў сістэму агульнаеўрапейскага мыслення і дзейнасці.

Мы, беларусы, адзін з еўрапейскіх народаў. Усе еўрапейцы розныя, але ўсе ўзаемадзейнічаюць і маюць зносіны адзін з адным на роўных. Еўрапейскае прастора вызначаецца не геаграфічна і не палітычна, яна вызначаецца прасторай дыялогу розных культур. Еўрапейскае культурная прастора — гэта прастора, дзе былі сфармуляваны, рэалізуюцца і да гэтага часу развіваюцца ідэі свабоды, права, дэмакратыі, розуму і Асветы. Вяртанне ў гэту прастору азначае ўключэнне Беларусі ў рашэнне агульнаеўрапейскіх праблем і задач у якасці раўнапраўнага партнёра. Гэта магчыма праз афармленне і развіццё сумеснай дзейнасці з еўрапейскімі краінамі і народамі — палітычнай, эканамічнай, інтэлектуальнай, экалагічнай і г.д. Тут задачай з'яўляецца ўключэнне Беларусі і асобных суб'ектаў у самыя разнастайныя палітычныя, эканамічныя і іншыя адносіны — праекты, праграмы, саюзы і г.д. — з тым, каб сумесна вызначаць нашу агульную еўрапейскую будучыню.

Рашэнне задач у гэтых трох накірунках, відавочна, мае паслядоўны характар. Нельга займацца еўрапеізацыяй не "ачысціўшы" культуру ад савецкіх норм і ідэалаў, не ўсвядоміўшы сябе беларусамі. З іншага боку, этапнасць тычыцца інтэнсіўнасці дзеянняў, але не іх пачатку. Толькі ўступаючы ва ўзаемадзеянне на роўных з еўрапейцамі, мы ясней будзем усведамляць і вырашаць праблемы дэсаветызацыі і беларусізацыі.

Падставай для дзеянняў у гэтых напрамках з'яўляецца ўстаноўка: "МЫ — АДЗІН НАРОД".

Мы — адзін народ, таму нам і толькі нам вырашаць якой будзе Беларусь заўтра і паслязаўтра. Лёс Беларусі — гэта наша справа, і яна ў нашых руках. Нам нельга навязваць свае меркаванні адзін аднаму: ні большасці, ні меншасці. Нам трэба шукаць кампрамісы і ўзгадняць усе меркаванні адзін з адным. Толькі прыняўшы ўстаноўку "Мы — адзін народ", мы можам рухацца да дыялогу і згодзы.

На базе гэтай устаноўкі, і арыентуючыся на пастаўленыя задачы, Міжнародны кансорцыюм "ЕўраБеларусь" будуе сваю дзейнасць і ў Беларусі, і ў Еўропе.

У рамках праграмы Культурнай палітыкі Міжнародны кансорцыюм "ЕўраБеларусь" засяроджвае свае дзеянні:

  • на развіцці грамадзянскай супольнасці Беларусі, яе здольнасці як да камунікацыі і ўзаемадзеяння ўнутры, так і да фарміравання ўзгодненай пазіцыі па найважнейшых праблемах развіцця краіны для дыялогу з палітычнымі, уладнымі і іншымі суб'ектамі
  • на развіцці ўзаемадзеяння з рознымі еўрапейскімі партнёрамі (грамадзянскай супольнасцю, палітыкамі і кіраўнікамі структурамі), перш за ўсё ў пытаннях адносін паміж Беларуссю і еўрапейскімі краінамі.

 


Меркаванні

Centre For European Transformation Belarusian Institute for Strategic Studies
free counters