Пятніца, 18 мая 2012 года

Алег Трусаў: За беларускую мову змагаюцца адзінкі

Алег Трусаў: За беларускую мову змагаюцца адзінкі

Паўліна Калтавічанка, ЕўраБеларусь

13.02.2012

Якія механізмы беларусы маюць для абароны свайго права на мову? Аб гэтым  распавёў Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

У Інтэрнэт патрапіў ліст першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі, дасланы 21 лістапада 1938 года асабіста Іосіфу Сталіну. У ім беларускамоўныя нацыяналісты названыя “ворагамі народа”, а пісьменнікі Янка Купала і Якуб Колас - “прафашысцкімі”.

Пользуясь полной свободой, не стесняемые ничем, эти писатели монополизировали за собой право толкователей языка, право создания новых слов, терминов, лозунгов и т.д. Они перед этим пытались и внешне отдалить язык от русского. Был проект перевода беларусской письменности на латинскую основу, когда это не прошло, предложили знаки для обозначения звуков "дз" и "дж", которые затрудняли бы русским чтение, и внешне делали бы письменность непохожей на русскую”, - пісаў Панцеляймон Панамарэнка.

Ён быў незадаволены тым, што беларусы пішуць “а”, там дзе яго чуюць, а іншыя правілы беларускай мовы, адрозныя ад рускай, разглядаў і наогул як “варожую працу”. Есть правила, доходящие до абсурда, хулигански искажающие язык, узаконившие, например, написание слов: "Эфиоп", "Ниоба", как "Эфiёп", "Нiёба", - публікуе тэкст ліста “Беларускі партызан”.

Асаблівым чынам не падабалася сакратару ЦК КП(б)Б уласна беларуская лексіка. Слово "подъем", заменено каким-то диким словом "уздым". Образование - адукацыя. Краски - фарбы. Борец - змагар. Отечественный - ойчынны (от польского ойчизна). Правительство - урад???”, - абураўся Панамарэнка.

Кіраўнік Таварыства беларускай мовы зазначыў, што ліст першага сакратара ЦК КП(б)Б нельга ўспрымаць адназначна. “Справа ў тым, што потым, пасля падпісання пакта Молатава -Рэбентропа, Панамарэнка казаў, што Гітлер з’яўляецца сябрам СССР”, - прывёў ён прыклад.

Аднак кіраўніцтва СССР сапраўды стварыла вельмі жорсткія ўмовы для сваіх грамадзян - куды больш складаныя, чым у сёняшняй Беларусі, дзе большасць людзей гаворыць па-руску.

“Панамарэнка прыехаў з Краснадарскага, здаецца, краю. І канешне, гэтая мова была для яго чужая, варожая. Іншаземцы бываюць двух тыпаў. Адзін прыедзе - мову вывучыць, на ёй гаворыць і радуецца. А другі, каб яе не вучыць, робіць усё, каб знішчыць яе носьбітаў. Вось Панамарэнка і адносіўся да шэрагу апошніх”, - адзначыў Алег Трусаў.

Беларускую мову любіў маршал Жукаў

“Але я магу і іншы прыклад прывесці: як любіў беларускую мову маршал Жукаў. У 1920-х гадах ён у Слуцку камандаваў палком, а тады, у канцы 1920-х, у некаторых частках Чырвонай арміі ўводзілі беларускую мову. І вось часткова на яе была пераведзеная частка Жукава. Дык ён з такім задавальненнем вучыў беларускую мову! У сваіх успамінах пра жыццё ён пахваліўся, што ведае аж дзве замежных мовы. Вы думаеце, якія? Беларускую і мангольскую! Вось прыклад: чалавек не толькі вывучыў беларускую мову, але ганарыўся гэтым, калі ўжо быў на пенсіі”, - распавёў кіраўнік ТБМ.

Такія ж людзі, як Панамарэнка, - гэта “перакаці-поле”, працягвае навуковец.

“Ад іх дабра чакаць не прыходзілася! У параўнанні з тым, што было ў часы Панамарэнкі, зараз у нас поўны рай і свабода. Размаўляйце сабе хоць 25 гадзін у суткі па-беларуску - ніхто гэтага не забароніць! Наадварот, абсалютная большасць людзей будуць за гэта дзякаваць. Я пераходзіў на беларускую мову два гады: з восені 1980-га па 1982-гі. Тады, у росквіт брэжнеўскай фальсіфікатарскай плыні, было вельмі цяжка размаўляць па-беларуску: абзывалі нацыяналістам, маглі плюнуць - што заўгодна. І я вытрымаў!” - распавядае Алег Трусаў.

Навуковец лічыць мэтазгодным размаўляць на мове таго краю, на тэрыторыі якога знаходзіцца.

“Зараз у Рэспубліцы Беларусь размаўляю па-руску толькі з замежнікамі: з неграм, скажам, ці з арабам. А так, па-руску размаўляю прынцыпова ў Расіі. Гэтай мовай я валодаю добра, ведаю маскоўскі дыялект і піцерскі, бо абараняў там дысертацыю (у 1981 годзе ў Ленінградзе - “ЕўраБеларусь”). У Расіі мяне як навукоўца ведаюць лепей, чым у Беларусі! Тое самае і ў Польшчы: праз дзень пасля прыезда пераходжу на нармальную польскую мову”, - кажа ён.

На думку кіраўніка ТБМ, у Беларусі кожны грамадзянін мае мажлівасць адстойваць сваё права размаўляць на роднай мове.

“Тое, што некага прымушаюць гаварыць па-руску, - гэта ўсё хлусня. Калі вы хочаце гаварыць па-беларуску - гаварыце! І большасць людзей яшчэ і скажуць за гэта “дзякуй!”, і ў аўтобусе, і ў тралейбусе. Проста трэба быць чалавекам, паважаць сябе, сваю гісторыю, і вас будуць паважаць! У мяне прынцып такі: я ніколі нікому нічога не навязваю. Калі са мной размаўляе хто па-руску - няважна, але я з ім па-руску ніколі не буду гаварыць. Размаўляйце са мной па-польску, па-руску - я разумею гэтыя мовы. Але калі мяне прымушаюць адмаўляцца ад сваёй мовы, тады ўжо магу на месца паставіць. Прычым так пастаўлю, што чалавек на ўсё жыццё будзе памятаць”, - давёў ён.

Трусаў: беларускамоўныя не змагаюцца за права на мову

У тых выпадках, калі дзяржаўныя арганізацыі адмаўляюцца абслугоўваць беларускамоўнага кліента, трэба падаваць на іх скаргу, тлумачыць Алег Трусаў.

“Тады робіцца вельмі проста! У мяне такое пару разоў было: напрыклад, касірка не хацела білет да Вільні прадаць. Я сказаў: “Вільня”, а яна - што трэба “Вільнюс”... Напісаў я скаргу кіраўніку Беларускай чыгункі - назаўтра яе звольнілі! Наша мова бароніцца многімі законамі, проста трэба з іх карыстацца”, - зазначыў ён.

“Вось яшчэ прыклад: аднойчы, гады тры таму, зайшоў у маленькую кнігарню на праспекце Незалежнасці, набыць беларускамоўных паштовак да нейкага свята. А мне гэтак нахабна заяўляюць: “У нас іх ніколі не было і не будзе!” Кажу: “Будуць. Давайце кнігу скаргаў!” Дык мінут 15 перада мною танцавалі, каб туды нічога не запісваў! Але я ўсё ж напісаў усё, што хацеў. І праз 10 дзён атрымаў адказ, што паштоўкі завезеныя, а вінаватыя пазбаўленыя прэміі. Зараз у гэтай кнігарні беларускія паштоўкі стаяць на бачным мейсцы”, - дадаў Алег Трусаў.

Старшыня Таварыства беларускай мовы таксама распавёў, што арганізацыя клапоціцца пра абароненасць беларускамоўных грамадзянаў на дзяржаўным узроўні. А таму Алег Трусаў прапагандуе змаганне за права размаўляць па-беларуску.

“Прычым для гэтага ў нас ёсць маса законаў! Вось нядаўна ТБМ дабілася, што ў новы закон аб зваротах грамадзян унесены артыкул 18. Там дакладна прапісана: “Пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты выкладаюцца на мове звароту”. Калі вы напісалі скаргу па-беларуску, вам абавязаныя даць адказ не “як хачу, так і гавару”, а па-беларуску. А калі не даюць - такога чыноўніка можна прыцягнуць да адказнасці, бо парушае беларускае заканадаўства. Трэба проста быць больш настойлівым і не даваць абражаць сябе”, - перакананы ён.

Ёсць больш складаныя сітуацыі: прыкладам, калі немажліва знайсці беларускамоўны дзіцячы садок альбо школу.

“Можаце да мяне прыйсці ў ТБМ, я ў такіх выпадках дапамагаю: знойдзем беларускамоўны садок! Трэба проста пісаць. Бо нашы беларусы - людзі савецкія: яны баяцца пісаць лісты. Можа, у сталінскія часы іх так навучылі? Ці не любяць пісаць? Чалавек можа абурацца, што беларускіх паштовак няма, але скаргі ні ў жыцці не напіша. Калі напіша - іх завязуць, а яму пісьмовы адказ дадуць. Але пішуць адзінкі. Астатнія - паплакалі, слёзы выцерлі і пайшлі, як кажуць, хвост паджаўшы. З такімі адносінамі, калі сябе не паважаеш, дык іншыя ніколі не будуць паважаць. У Бельгіі кожны чыноўнік павінен ведаць дзве мовы, прычым вельмі розныя. Таму калі мы хочам, каб у нас была не развязанасць, а свая мова, трэба проста адстойваць свае правы - спакойна, без лаянкі, з усмешкай. Гэтаму я вучу моладзь, якая зараз пачкамі ўступае ў ТБМ. І ў іх атрымоўваецца”, - кажа Алег Трусаў.

Трусаў: Не лезь у палітыку - ніхто цябе чапаць не будзе

Разам з тым ён не згодны, што ў краіне часта арыштоўваюць і штрафуюць менавіта за ўжыванне беларускуй мовы. Гэтыя выпадкі старшыня ТБМ ставіць у адзін шэраг з кур’ёзнымі.

“У нас арыштоўвалі нават нямых - нібы за тое, што “лаяўся матам”. Я скажу так: калі вы будзеце займацца палітыкай, вас арыштуюць і дадуць штраф, хоць ты па-кітайску гавары! У дадзеным выпадку беларуская мова, як кажуць, за вушы прыцягнутая. Калі вы не пойдзеце на Плошчу і на нейкі пікет, ніхто вас нікуды зацягваць не будзе. Аднак асноўная маса тых, каго саджалі за Плошчу, размаўлялі па-руску, я адмыслова адсочваў. Толькі адзінкі патрабавалі, каб іх судзілі па-беларуску, астатнія - простыя хлопцы. Ну, прыйшлі... Тут як у показцы: б’юць не па пашпарту, а па твары. Таму гэта часта перабольшана: го, ён па-беларуску размаўляе, яго за гэта... Нічога падобнага! Не лезь у палітыку - ніхто цябе чапаць не будзе. А палезеш - увогуле размаўляць не будзеш”, - сказаў ён.

У штодзённым жыцці рэакцыя на беларускую гаворку людзей побач залежыць у тым ліку і ад паводзінаў аматараў роднай мовы.

“Людзі вельмі выразна адчуваюць, хто перад імі: герой альбо ахвяра. Не трэба быць ахвярай! Калі вы будзеце па-беларуску размаўляць упэўнена, з усмешкай, дабразычліва, варожых адносінаў да вас будзе вельмі мала. А калі гаварыць няўпэўнена альбо з пагардай да чалавека - ты, маўляў, маскаль, - дык атрымаеце негатыўную рэакцыю. Трэба паважаць таксама таго, з кім маеш стасункі”, - нагадвае Алег Трусаў.

“Можна ж па-рознаму сітуацыю павярнуць. Напрыклад, прашу я ў краме шкарпэткі. Бачу па вачах, што прадавачка не разумее. Кажу: “Вы, мабыць, даўно ў школе вучыліся, а па беларускай мове “двойка” была? Хачу нагадаць, што шкарпэткі - гэта "носки”. Яна пасмяецца - і ўсё. А можна ж і да бойкі дайсці!” - даводзіць ён.

Трусаў: Мова будуецца зараз

На сённяшні дзень у беларускай мове няма адзіных правілаў, напрыклад, у галіне лексікі. Аднак гэта з’ява якраз станоўчая, перакананы Алег Трусаў.

“Гэта залежыць менавіта ад таго, хто кажа. Як скажаце, так і прагучыць. Больш за тое: зараз у беларускай мове існуе, так бы мовіць, шматслоўе, чаго не было ў савецкі час. Адныя кажуць “карта”, другія - “мапа”, адныя - “зямная куля”, другія - “шар”... Што пераможа гадоў праз 50, я не ведаю. Але тое, што адну і тую ж рэч называюць па-рознаму, дык гэта вельмі добра! Значыць, мова жывая. Розныя носьбіты ўносяць у яе свае вырыянты. Напрыклад, паэт Леанід Дранько-Майсюк прыдумаў беларускую назву мабільніка, навывае яго “далькажык”. Можа, гэты далькажык і прыжывецца, а можа, і не. Маса словаў з’явілася ў беларускай мове за апошнія 50 год! Раней “спадара” баяліся, а зараз і чыноўнікі, і на беларускім тэлебачанні так кажуць. Як з ім раней не змагаліся, а цяпер усе гэтае слова ўжываюць. Бо “гаспадар” неяк не гучыць”, - тлумачыць навуковец.

У афіцыйных жа ўстановах грамадзяне мусяць карыстацца афіцыйна прызнанай лексікай.

“Канешне, ёсць нейкая афіцыйная версія, і калі ты ідзеш да афіцыйных асоб, мусіш яе прытрымлівацца. Гэта не толькі ў нас. І ў ангельскай, і ў нямецкай мовах ёсць безліч дыялектаў. Напрыклад, жыхар Баварыі можа не зразумець жыхара Саксоніі - настолькі рознае маўленне. Але пішуць яны па стандартах нямецкай афіцыйнай мовы. Калі ў нас сітуацыя зменіцца і большасць людзей будзе казаць “мапа”, гэтая “мапа” ўвойдзе ў слоўнік, а слова “карта” будзе пазначана як састарэлае. Тады ўжо мова мяняецца”, - лічыць Алег Трусаў.

Трусаў: Чыноўнікі думаюць на трасянцы

Самі ж чыноўнікі не змогуць штучна замацоўваць у мове тыя ці іншыя лексічныя адзінкі.

“Нічога ў іх не атрымаецца! А ведаеце, чаму? Бо яны самі на гэтай мове казённай не размаўляюць! Таму не здолеюць яны нам нічога навязаць. Каб чыноўнікі размаўлялі на сваёй казённай мове - дык змаглі бы. Але ж не! А ўсё таму, што яны на ёй не думаюць, а думаюць на трасянцы. Вось і выходзіць, што размаўляць добра не ўмеюць ні на адной з дзяржаўных моў. Як чытаю “Советскую Белоруссию” - ажно кладуся ад смеху. Ну не кажуць так у Расеі, не будуюць так сказ”, - дзеліцца сваімі думкамі кіраўнік ТБМ.

У прынцыпе ж навучыць беларускай мове можна нават жыхароў Кітая.

“Я нядаўна навучаў кітайцаў - яны мне авацыі зладзлілі! Бо сказаў ім, што беларуская мова - адна з еўрапейскіх, якая мае гукі “дз” і “дж”, вельмі характэрныя для кітайскай. Вось калі з Кітая журналісты прыезалі і рабілі інтэрв’ю з прэзідэнтам - памятаеце, калі ён казаў, што будзе пераймаць кітайскі досвед? - кітайскі журналіст звяртаўся да Лукашэнкі па-беларуску, той - па-руску. Як скажа нешта, перапытвае: “Вы меня понимаете? ” А журналіст адказвае: “Я Вас разумею”, - распавёў Алег Трусаў.

 


Меркаванні

Centre For European Transformation Belarusian Institute for Strategic Studies
free counters